ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Дрэварыт

ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Дрэварыт

BY | RU

Што такое гравюра?

Звычайна веды пра гравюру абмяжоўваюцца тым, што гэта чорна-белая выява на паперы. Не дзіва, што пры такіх павярхоўных ведах удакладненне тэхнікі гравюры ўносіць больш блытаніны. Напрыклад, калі тэхніка пазначана як металагравюра, што значыць друк з металічнай плыты (формы) на папяровым аркушы, не вельмі абазнаны аматар, разглядаючы адбітак, часам перапытвае: чаму гэта яна не на метале?

Дык вось, гравюрай завецца выява, атрыманая на паперы пасля механічнага пераносу фарбы з друкаванай формы (дрэва, метал, камень і інш.).

Прынцыповая адметнасць гравюры ад іншых відаў мастацтва – тыраж.

Іншая асаблівасць  –  адбітак на паперы "адлюстраваны"
да малюнка на плыце.

Часта працу па пераносе малюнка з арыгінальнага эскіза альбо нават жывапіснага твора даручалі рэзчыкам, якія не былі мастакамі. Таму з усемагчымых адбіткаў розных часоў і тэхнік найбольш акрэсленую мастацкую каштоўнасць уяўляюць тыя, што надрукаваны альбо самім мастаком, альбо пры яго асабістым удзеле; называюцца такія адбіткі эстампамі.

Гравюры прыкладнога альбо ілюстратыўнага характару ўяўляюць меншую каштоўнасць і больш даступныя. Цікавасць да калекцыянавання такіх адбіткаў звычайна вынікае з гістарычнай каштоўнасці самой выявы. Вялікая колькасць такіх выяў паходзіць са старых альбомаў, атласаў, кніг і нават перыядычных выданняў, таму можна казаць пра бібліяграфічны характар такіх збораў.

Мяжа паміж мастацкай і рэпрадукцыйнай гравюрай не заўжды відавочная. Часам цяжка вызначыць ступень удзелу мастака ў стварэнні гравюры, а бывае так, што ўнікальны і прывабны матэрыял даступны толькі ў кніжных выданнях.

Гісторыя гравюры

Звернемся да гісторыі развіцця гэтага прыўкраснага і параўнальна маладога віда мастацтва. У старыя часы друкаванай формай мастаку-гравёру служылі плыты з дрэва, металу, а пазней літаграфскі камень. У ХХ стагоддзі з развіццём прамысловасці для мастацкай гравюры актыўна прымянялі новыя матэрыялы: лінолеўм, аргаліт, кардон, шкло і некаторыя іншыя.

Дрэварыт

Самая даўняя гравюрная тэхніка – гэта гравюра на дрэве, пашыраны назвы дрэварыт альбо ксілаграфія. Гравёр-рэзчык з дапамогай вострых нажэй і стамескі вымаў вялікія плоскасці дрэва (на гравюры гэта белае поле) і пакідаў тонкія лініі, на якія накатвалася фарба. Пасля прыціскання фарба заставалася на паперы. Такі від друку адносіцца да высокага (рэльефнага) друку. Дошкі для форм рыхтаваліся з мяккіх парод дрэва прадольнага распілу (уздоўж валокнаў). Гэта прынцыпова важна, таму што ў канцы ХVIIIІ стагоддзя быў вынайдзены тарцовы дрэварыт (упоперак валокнаў).

Першыя ўзоры дрэварыта з’явіліся на Усходзе каля VI–VII стагоддзя, у Еўропе першыя адбіткі маглі быць зроблены ў канцы XIV стагоддзя. Гэты спосаб друку адразу стаў запатрабаваным: кніжныя ілюстрацыі, асобныя выявы рэлігійнага характару, ігральныя карты, лубочныя карцінкі друкаваліся з дрэва ў вялікай колькасці.

князья ВКЛ Жыгімонт І князь ВКЛ кароль Польшчы
Партрэт Жыгімонта І Старога.
Дрэварыт з "Касмаграфіі" Себасцьяна Мюнстара, 1570-я гады.
Мы бачым жорсткія непластычныя штрыхі, край кожнай лініі пры павелічэнні не роўны, гэта ўзнікае з-за некаторага прадаўлівання паперы і выціскання фарбы. Цёмныя плямы неаднастайныя з-за шурпатасці паперы, можна заўважыць фактуры, уласцівыя драўлянай плыце. Дрэварыт магчыма друкаваць на звычайнай тонкай паперы, для глыбокага друку (афорт, разцовая гравюра) больш падыходзіла тоўстая папера, але гэтая прыкмета не вызначальная, сустракаюцца малафарматныя карты і гравюры, надрукаваныя з металу на тонкай паперы.

Такім самым спосабам да вынаходніцтва Гутэнберга друкаваліся кнігі: кожная старонка выразалася цалкам з тэкстам і ілюстрацыямі.

Да гэтай тэхнікі належаць непераўзыдзеныя дрэварыты Альбрэхта Дзюрэра (1471–1528) з вядомай серыі «Апакаліпсіс»:

Архангел Міхаіл Апакаліпсіс Дзюрэр

Таксама прыкладам падоўжанага дрэварыта з'яўляюцца ілюстрацыі з выданняў Францыска Скарыны:

кивот гравюра Францішак Скарына ангелы

У наступныя стагоддзі развіцце гравюры было цесна звязана з кнігадрукаваннем. У пачатку XVII стагоддзя гравюра з дрэва была выцеснена металагравюрай, якая дазваляла большую дэталізацыю і, адпаведна, мела большую інфарматыўную шчыльнасць.

Як мы ўзгадвалі вышэй, у канцы XVIII стагоддзя была вынайдзена тарцовая гравюра. Гэтая тэхніка, дзякуючы сваім магчымасцям, вярнула дрэварыту пануючае месца ў тагачаснай паліграфічнай вытворчасці. Тэхніка дрэварыта была надзвычай папулярнай сярод мастакоў першай паловы ХХ стагоддзя.

Понятовский Станислав Панятоўскі король Понятовский

Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Тарцовая гравюра.
Рэпрадукцыйная тарцовая гравюра 1883 года, выкананая па медзярыце 1798 года Ёгана Себасцьяна Клаўбера (Jgn. S. Klauber). Медзярыт, у сваю чаргу, быў створаны па арыгінальнай жывапіснай рабоце 1797 года  французскай мастачкі Елізабет Віже-Леброн. На гэтым прыкладзе мы бачым, як удала тарцовы дрэварыт імітуе медзярыт. Ад сапраўднага медзярыта гэты аркуш
адрозніваецца тонкай шчыльнай паперай, адсутнасцю фасетаў і іншымі прыкметамі (шчыльнасць і форма ліній, таўшчыня слоя фарбы, характэрнае адценне фарбы і г.д.).

 

паўстанне 1863

Падзеі ў Польшчы: бітва пад Рахавам.
Тарцовая гравюра. Фрагмент.
Гэтая тарцовая гравюра з французскага перыядычнага выдання "Le Monde illustré" 1864 года выканана ў чыстай манеры без перайманняў.

 

Калекцыянаванне гравюры

Гравюра – адносна даступны від выяўленчага мастацтва. Старадаўнія лубкі, англійскія класічныя меца-тынта, японскія гравюры XVIII-XIX стагоддзяў служылі добрым аздабленнем інтэр’ераў. Раней іх можна было бачыць на сценах любога дома, яны былі неад’емнай часткай побыту, яго упрыгожаннем.

Зараз гравюра ў інтэр’еры – гэта спосаб стварыць спрыяльную атмасферу, надаць памяшканню пэўную стылістыку, а яго ўласніку шарм.

Правільна падабраны збор графікі можа не толькі захаваць укладзеныя грошы, але і забяспечыць пэўныя дывідэнды.

Не заўжды ёсць магчымасць сабраць старадаўнія аўтарскія гравюры, не ўсім яны даступныя. Але трэба памятаць, што гравюра ўзнікла ў рамесніцкім асяроддзі і ёй уласцівы прыкладны элемент, таму ўсе графічныя творы, і ілюстратыўнага прызначэння таксама, маюць права на ўважлівае стаўленне, вывучэнне і захаванне. І тым больш калі яны могуць прыўнесці новыя станоўчыя вобразы альбо вярнуць страчаныя і забытыя.

Металагравюра. Гравюра разцом, афорт >>

Літаграфія >>