Інвентар спецыяльных пазнак на гравюры

Інвентар спецыяльных пазнак на гравюры

BY | RU

На абсалютнай большасці гравюр прысутнічаюць тыя ці іншыя спецыяльныя надпісы, якія могуць указваць імёны мастака, гравёра, друкара, выдаўца альбо назву выдавецтва і інш. Гэтыя надпісы складаюцца з прозвішча альбо ініцыялаў і спецыяльнай тлумачальнай пазнакі, якая часцей пішацца ў скарочаным выглядзе і лацінскай мовай. Таксама распаўсюджана напісанне гэтых пазнак французскай, нямецкай, англійскай, рускай і іншымі мовамі. Гэтыя спецыяльныя пазнакі дапамагаюць правесці атрыбуцыю гравюры.

З-за большай бібліяграфічнай арыентаванасці матэрыялаў, прадстаўленых на сайце, мы не закранаем складаную тэму атрыбуцыі і аўтарскіх пазнак гравюр вялікіх майстроў. Бо гэта, як правіла, маладаступныя адзінкавыя аркушы, і казаць аб сур’ёзнай цікавасці да гэтай тэмы ў нашых краях, на жаль, не выпадае. У тым ліку і таму, што звязаных з нашай гісторыяй мастацкіх гравюр XVI–XVIII стагоддзяў адносна мала.

Для абазначэння мастака альбо аўтара малюнка, з якога зроблена гравюра, распаўсюджаны наступныя пазнакі:

pinxit (pinx, pinxt, pin, pt); peint – пісаў фарбамі

invenit (inv, invt); inventor – вынайшаў

delineavit (delin, del, delt; dessiné – маляваў

disegnare, dis – маляваў

dessiné d’apries nature; rys. z. natury – маляваў з натуры

gezeichnet, gez – падпісана, маляваў

Імя мастака часам можна сустрэць у самім полі выявы гравюры, імя гравёра і іншыя выдавецкія звесткі звычайна знаходзяцца па-за полем выявы. Адсутнасць аднаго са спецыяльных скаротаў ускосна можа сведчыць пра нязначнасць выканаўцы адпаведнай часткі работы. Калі гравюра знізу падпісана двума прозвішчамі без тлумачальных пазнак, то злева звычайна прыведзена імя аўтара, а справа імя гравёра альбо выдаўца.

Перад імем гравера выкарыстоўваюць наступныя спецыяльныя скароты:

fecit (fec, fe, f) – гравіраваў, рабіў

sculpsit (sculps), sculptum (sculp, sculpt, sc) – рэзчык

incidit (inc, in) – рэзчык

grave (grave par, grav, gr); engraved – гравіраваў

sticheln (stich, st) – рэзчык

scrip (scr) - рэзчык надпісаў

bis – паўтарыў

Пазнака выдаўца альбо друкара:

impressit (imp, impe) – адціснуў, надрукаваў

imprimeur (imp, impr, impr) – друкар альбо выдавецтва

excudit (excud, exc, ex) – надрукаваў, выдаў

direxit (dir) – кіраўнік выдання

formis (form) – выдавец

publié, pablished – выдавец, выдавецтва

Літаграфія, як узгадвалася вышэй, у строгім сэнсе не з'яўляецца гравюрай. Таму і пазнакі, што выкарыстоўваюцца на літаграфічных аркушах, крыху адрозніваюцца:

lith. de, dessine sur pierre par – маляваў на камені

lith., lit., imp. lith. de – аўтар літаграфіі альбо ўласнік літаграфічнай майстэрні

Часам усе гэтыя пазнакі могуць камбінавацца паміж сабой у дачыненні да адной асобы, якая сумяшчала розныя функцыі, напрыклад: fec. et ex. Таксама некаторыя пазнакі могуць адсутнічаць з тых ці іншых прычын, напрыклад, калі выдавец выконваў таксама друкаванне альбо гравіроўку, то каля яго прозвішча можа быць толькі пазнака выдаўца.

Акрамя гэтага на гравюры могуць прысутнічаць іншыя надпісы: назва і недаўгое тлумачэнне (легенда), прысвячэнне, павучальнае настаўленне, месцазнаходжанне альбо прыналежнасць выяўленага арыгінала, адрас выдавецтва альбо літаграфскай майстэрні і іншыя. Можа быць указаны год яе выдання, а дакладней год стварэння формы, з якой надрукавана гравюра. Кніжная гравюра можа мець нумар, на які спасылаецца тэкставае апісанне гэтай выявы, серыйная гравюра з альбома можа мець парадкавы нумар.

На антыкварных картах выдавецкіх звестак значна болей, але яны звычайна падаваліся разгорнута. Можна вылучыць пазнаку гравёра sculptum, якая сустракаецца досыць часта. Выдавец часам пазначаўся як той, хто выдаткаваў сродкі на выданне: sumptibus альбо excudebat (надрукаваў).

Яшчэ на картах, асабліва XVIII стагоддзя, можна сустрэць указанне наяўнасці прывілея на выданне. Нярэдка гэтае права надаваў сам манарх. Напрыклад: cum privilegio, cum privilegio potentis, cum priv, CPSCMG, Cum Priv. Sac. Coes Maj, Cum Gratia Privil. Sac. Coes Maj, Cum Privil. Regis і іншыя варыянты.

Рукапісныя пазнакі альбо пячаткі ўласніка могуць дапамагчы атрыбуцыі гравюры. На практыцы часцей ад іх мала карысці, але, калі маецца сапраўдная пазнака нейкага вядомага збору альбо надпіс, здольны паведаміць цікавыя дэталі паходжання гравюры, гэта можа істотна ўзняць каштоўнасць аркуша.