Джавані Андрэа Вавасорэ і венецыянская школа картаграфіі

Джавані Андрэа Вавасорэ і венецыянская школа картаграфіі

BY | RU

Джавані Андрэа Вавасорэ, званы Ваданьіна (Giovanni Andrea Vavassore ditto Vadagnino, ? – да 1572), – венецыянскі гравёр па дрэве, выдавец і друкар.

Ужо ў часы Крыжовых паходаў Венецыянская рэспубліка дасягнула эканамічнага дабрабыту. У канцы 15 – пачатку 16 стагоддзя невялікая па плошчы краіна валодала вялікім флотам і развітай гандлёвай сеткай, якія забяспечвалі яе магутнасць. Усплёск навукі і мастацтва ў такіх варунках быў заканамерны. Венецыянскія караблі курсіравалі па Міжземным і Чорным морах, даходзілі да гаваней Паўночнага мора, дзякуючы чаму Венецыя зрабіла заўважны ўнёсак у картаграфічную навуку.

Марка Беневентана ў Венецыі падрыхтаваў новыя карты для выдання Пталемея, надрукаванага ў Рыме ў 1507 годзе. У 1511 годзе ў Венецыі таксама была надрукавана "Геаграфія" Пталемея, адметная прыгожай картай свету Бернарда Сільвануса (Bernard Sylvanus). Наступны этап развіцця венецыянскай картаграфіі вызначаны двума майстрамі – Джавані Андрэа Вавасорэ і Матэа Пагана (Matteo Pagano).

Год нараджэння Вавасорэ невядомы, працаваць як гравёр па дрэве пачаў у 1510-х гадах. Адна з першых яго буйных работ – від Канстанцінопаля 1520 (?) года – пазней была выкарыстана Браўнам і Хогенбергам у Civitates Orbis Terrarum.

Vavassore 1520, Constantinopolis

З 1530 года Вавасорэ ўзгадваецца як член гільдыі мастакоў. У тым жа годзе пачалася паспяховая выдавецкая дзейнасць Вавасорэ, была апублікавана блочная кніга рэлігійнага зместу Opera nova contemplativa per ogni fidel christiano. Блочная кніга (block book) – гэта кніга, у якой выразаны не толькі ілюстрацыі, але і тэкст.

У 1530 годзе Джавані Андрэа Вавасорэ апублікаваў кнігу ўзораў для вышыўкі і карункапляцення Opera Noua Uniuersal intitulata corona di racammi... Гэтая нічым не адметная на першы погляд кніга была адным з самых ранніх выданняў для жаночай аўдыторыі, спасылкі на яе можна сустрэць на тэматычных форумах і сёння.

У 1553 Вавасорэ падаваў прашэнне ў Сенат адносна калекцыі "фігур, распрацаваных выдатнымі майстрамі" ("figure designate da Maestri eccelenti"), якія ён выгравіраваў для новых выданняў Арыёста, Петраркі і Бакача. У 1550–1560-я працягваў выдавецкую дзейнасць.

З імем Джавані Андрэа Вавасорэ звязаны шэраг ключавых карт. Звычайна яны не былі багатымі на найноўшыя геаграфічныя звесткі, але якасна адрозніваліся ў эстэтычным плане. Можна сказаць, што карты з-пад разца Вавасорэ пазнавальныя. З дзевятнаццаці яго карт дзевяць не датаваныя. І ўсе яны вельмі рэдкія, некаторыя дасяжны толькі ў копіях.

La vera descrittione del Mare Adriatico

Пералічым вядомыя карты, выдадзеныя венецыянскім майстрам:
1532 – Гішпанія;
1536 – Францыя (4 аркушы);
1539 – Карта Усходняга Міжземнамор'я (першая марская карта апублікавана ў 1539 годзе; захавалася толькі другое выданне 1542 года ў адным асобніку – у Нацыянальным марскім музеі ў Грынвічы; была перавыдадзена Матэа Пагана ў паменшаным выглядзе ў 1558 годзе);
1545 – Грэцыя (на чатырох аркушах);
1556 – Брытанія;
1553 – Венгрыя (па першай друкаванай карце Венгрыі Tabula Hungariae Лазара, выходзіла да 1528 года);
1558 – карта свету Каспара Вопеля (на дванаццаці аркушах; першае выданне 1545 года захавалася часткова, другое выданне 1558 года не захавалася);
1557 – Фрыўлі;
1559 – Таскана (па карце Джыролама Белармата 1536 года).

А таксама недатаваныя карты: свету, Італіі, Грэцыі (другая, меншая), Цэнтральнай Еўропы (перавыдавалася Матэа Пагана ў 1546 годзе), карта Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Quot picta est parva Germania, па Айхштэцкай карце).

Vavassore, Quot picta est parva Germania

Майстэрня Вавасорэ мела цесныя сувязі з іншым венецыянскім картографам – Матэа Пагана, карты і гравюры якога таксама захаваліся ў адзінкавых асобніках. Вядома, што Матэа Пагана нязначна перарабляў і перавыдаваў некаторыя карты Вавасорэ, але, дзякуючы супрацоўніцтву Пагана з вядучым італьянскім касмографам 16 стагоддзя Джакома Гашталдзі (Giacomo Gastaldi), ім былі выкананыя і шэраг самастойных карт.

Vavassore, world map

Вядомая карта свету Opera di Giouãni andrea Vauassore ditto Vadagnino была выдадзена ў 1520-х альбо ў 1530-х гадах. Яна магла быць падрыхтавана раней, яшчэ ў 1522 годзе, і грунтавалася на карце Бернарда Сільвануса, якая была ўключана ў венецыянскае выданне паводле Пталемея 1511 года. Ва ўсім свеце вядома пра пяць альбо шэсць асобнікаў. Карта выканана ў авальнай праекцыі. Землі між Балтыкай і Чорным морам пазначаны як SARMATIA DEVROPA, выяўлены рэкі Дняпро (boristene f.), Заходняя Дзвіна і Дон (Tanai fiu), якія выцякаюць з міфічных гор Ripher monte. Дняпро прысутнічае і як назва аднаго з кліматычных паясоў per boristene, гэты красамоўны факт сведчыць пра ўдзел прылеглых да яго абшараў у жыцці старажытнага свету. Вартасць геаграфічнай карты свету першай паловы 16 стагоддзя часта ацэньваецца па тым, як намаляваны Новы свет. На Opera di Giouãni andrea Vauassore можам бачыць mundus nouus, terra sanctae crucis, terra cube, isu ispaniarum.

У графічнай майстэрні imago.by рыхтуецца факсімільнае перавыданне гэтай унікальнай карты.

 

Крыніцы:
Bagrow, L., Giovanni Andrea Vavassore. A Venetian cartographer of the 16th Century, a descriptive list of his maps, 1939
Shirley, R.W. Mapping of the world, 2001
Witcombe, L.C.E., Copyright in the Renaissance: Prints and Privilegio in 16th Century Venice and Rome, 2004
Багров, Л. История карторафии, 2004