Себасцьян Мюнстар. Сярэднявечная энцыклапедыя Сусвету

Себасцьян Мюнстар. Сярэднявечная энцыклапедыя Сусвету

BY | RU

Себасцьян Мюнстар (Sebastian Münster, 1489–1552) – нямецкі гуманіст-касмограф. Прафесар Гайдэльбергскага (з 1524) і Базельскага (з 1565) універсітэтаў.

Себасцьян Мюнстар, як і большасць тагачасных вучоных, меў шырокія веды і цікавасці. У Гайдэльбергскім універсітэце працаваў прафесарам іўрыту, чытаў лекцыі па матэматыцы і касмаграфіі. У 1529 годзе перасяліўся ў старажытны Базель, дзе пазней таксама займеў пасаду прафесара.

У навуковай спадчыне Мюнстара немагчыма абысці ўвагай яго картаграфічныя дасягненні. Узнікае пытанне: як чалавек, знаходзячыся ў адным горадзе, мог складаць новыя карты? На той час асноўным спосабам збору геаграфічных звестак было ліставанне з іншымі навукоўцамі, а таксама з правіцелямі і ўладнымі асобамі. Карэспандэнты дасылалі звесткі і, магчыма, чарцяжы сваіх рэгіёнаў, дзяліліся наяўнымі картамі. Заўважым, што да 1520–1530-х гадоў ва ўжытку ўжо было дастаткова новых карт нечуванага датуль узроўню, гэта партугальскія, іспанскія і італьянскія марскія карты, карты Вальдзеемюлера, шматлікія перапрацоўкі Мікалая Кузанскага і іншыя падобныя рэгіянальныя карты. Таму работы Себасцьяна Мюнстара шмат у чым мелі кампілятыўны характар, што ніяк не змяншае годнасці вялікага вучонага, бо асноўнай яго задачай было стварэнне энцыклапедыі Сусвету, завершаным вобразам якой павінна была стаць дакладная карта свету.

Распачаў Себасцьян Мюнстар са збору звестак аб рэгіёнах Германіі, але ўжо ў 1530 годзе інфармацыі было дастаткова, каб суправадзіць карту Мікалая Кузанскага, якая ахоплівае значна шырэйшыя тэрыторыі, ёмістым тэкставым апісаннем у 80 старонак.

У 1532 годзе была складзена карта свету для выдання Novus orbis regionum ac insularum veteribus incognitarum Джона Хуціча (Johann Huttich, каля 1480 – 1544) і Сымона Грынеўса (Simon Grynaeus, 1493–1541). Даследчыкі схіляюцца да аўтарскай прыналежнасці карты Себасцьяну Мюнстару, часам можна сустрэць адсылку да самога Грынеўса альбо Ганса Гальбейна, які хутчэй быў рэзчыкам гэтай і іншых карт Себасцьяна Мюнстара. Карта, відавочна, базуецца на карце свету Вальдзеемюлера 1507 года альбо на яе перапрацоўках. Карта мае прывабныя вобразы херувімаў на поўначы і поўдні, якія круцяць зямную кулю "ў адпаведнасці" з тэорыяй Каперніка. Адна з самых запатрабаваных і дарагіх карт свету 16 стагоддзя.

Huttich-Munster map, 1532

Назапашваліся веды і рыхтаваліся "новыя" карты (не пталемееўскай традыцыі). У 1538 годзе ў выданні De mirabilibus Mundi (Цуды свету) Гая Юлія Салінуса (Caius Julius Solinus, III ст.), старажытнарымскага пісьменніка-антыквара і граматыка часоў позняй Рымскай імперыі, з'явіліся новыя карты некаторых рэгіёнаў, аўтарства якіх належыць Мюнстару. Кніга таксама вядома пад назвай Collectanea rerum memorabilium (Калекцыя рэчаў вартых згадкі). Гэтая работа, заснаваная на Натуральнай гісторыі Плінія і Апісальнай геаграфіі Пампонія Мелá (Pomponius Mela), каротка і займальна распавядае аб старажытным свеце. У Салінуса ўпершыню з'яўляецца тэрмін Міжземнае мора (Mare Mediterraneum).

Себасцьян Мюнстар аздобіў выданне Салінуса, які быў папулярны ў антычныя часы і ў сярэднявеччы, некалькімі картамі. Карта Русі – адна з першых друкаваных карт усходняй Еўропы не пталемеўскай традыцыі. Для свайго часу выява надзіва бедная геаграфічнымі звесткамі, затое схема рэк – важных тагачасных транспартных шляхоў – паказана дастаткова выразна. Адзначаны тры старадаўнія цэнтры рускай культуры: Вялікі Ноўгарад, Кіеў, Полацак, а разам з імі іншыя ўплывовыя гарады: памежны Смаленск; у Літве (Lithuania) Вільня і Гродна; Рыга ў Лівоніі; у Масковіі ўласна Масква, Твер, Разань і іншыя.

Solinus map, 1538

Для ўласнага выдання Геаграфіі Пталемея 1540 года Мюнстар падрыхтаваў 48 карт (кожная на двух аркушах), з іх 27 – класічныя. Сярод "новых" карт важнай для нас ёсць POLONIA ET VNGARIA. XV. NOVA TABVLA, створаная па карце Бернарда Вапоўскага 1526 года. У выданні прысутнічае і класічная Еўрапейская Сарматыя TABVLA EVROPAE VIII.

У 1544 годзе выйшла першае выданне Касмаграфіі. Пасля Бібліі Касмаграфія Мюнстэра была найбольш чытэльнай кнігай 16-га стагоддзя ў Германіі. Гэтая манументальная праца спалучала ў сабе інфармацыю па гісторыі і геаграфіі, астраноміі і натуральных навуках, а таксама культурныя, палітычныя і побытавыя звесткі. На яе падрыхтоўку сышло каля 20 год.

Sebastian MÜNSTER, COSMOGRAPHIA

У Касмаграфіі друкаваліся дзве вышэй згаданыя карты (TABULA EVROPAE VIII і POLONIA ET VNGARIA. XV. NOVA TABVLA) і яшчэ дзве новыя карты. Акрамя карт у выданні сустракаецца некалькі іншых выяў, датычных нашай гісторыі: партрэт Жыгімонта І Старога, герб Вялікага Княства Літоўскага, выява зубра, сцэна збору мёду, пачвара з Літвы; усё гэта суправаджаецца займальным тэкстам. Увесь час кніга ўдасканальвалася, мяняліся колькасць і склад карт і ілюстрацый, павялічваўся апісальны тэкст, у выніку аднолькавыя дрэварыты маюць шмат варыяцый размяшчэння на аркушы паміж тэкстам у залежнасці ад года перавыдання. Па смерці Мюнстара ў 1552 годзе яго Касмаграфію працягвалі дапаўняць і перавыдаваць, выходзіла кніга да 1650 года. Дзякуючы такой папулярнасці і высокім накладам калекцыянеру даступныя як асобныя аркушы, так і цэлыя выданні.

Munster, 1556

Уплыў вялікага нямецкага гуманіста на картаграфічную справу цяжка пераацаніць, а высокія яго дасягенні былі прызнаныя яшчэ сучаснікамі. Важнай адметнасцю дзейнасці Мюнстара была выкарыстанне рэгіянальнай картаграфіі праз супрацоўніцтва паміж вучонымі. Гэтыя ідэі ўвасобіліся паўсюднай рэгіянальнай вытворчасцю лакальных карт. Гэты працэс, уласцівы і для Рэчы Паспалітай, запаволіўся толькі пасля пэўнай цэнтралізацыі гэтай вытворчасці і з'яўлення атласаў Артэліўса і Меркатара.

 

Крыніцы:
A.E.Nordenskiöld. Facsimile-atlas to the early history of cartography with reproductions of the most important maps printed in the XV and XVI centuries. 1973
Katalog dawnych map Rzeczypospolitej Polskiej w kolekcji Emeryka Hutten Czapskiego i innych zbiorach, T. 1. 1978
Багров, Л. История карторафии. 2004
Вялікае Княства Літоўскае, том 2. 2006
Україна на стародавніх картах. Кінець XV – перша половина XVII ст. 2013

 

 

 Sebastian MÜNSTER, warriors