Атлас Кленке (Klencke Atlas). Апошняе выданне карты ВКЛ 1613 года Вільяма Блаў

Атлас Кленке (Klencke Atlas). Апошняе выданне карты ВКЛ 1613 года Вільяма Блаў

BY | RU

Атлас Кленке быў падрыхтаваны ў 1660 годзе і з'яўляецца адным з найбуйнейшых атласаў у свеце. Уключае 41 насценную карту галандскага "залатога стагоддзя", і большасць з іх вельмі рэдкія. Памер, маштаб і канцэпцыя атласа Кленке ўражваюць і сёння, ён ахопліваў усе геаграфічныя веды сярэдзіны 17 стагоддзя. Захоўваецца кніга ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане.

Гісторыя стварэння атласа добра вывучана. Група галандскіх гандляроў цукрам з плантацый у Бразіліі замовіла атлас для англійскага караля Карла ІІ Сцюарта ў гонар яго вяртання на сталец (рэстаўрацыя Сцюартаў). Падарунак паднёс Ёган Кленке (Joannes Klencke, 1620–1672) – прафесар філасофіі, па імені якога і вядомы атлас. Паднашэнне павінна было здабыць прыхільнасць англійскага караля ў надзеі атрымаць выгадныя гандлёвыя дамовы. Карл ІІ, які быў аматарам карт, падарунак ацаніў. Ён захоўваў атлас з найбольш каштоўнымі рэчамі ў сваім кабінеце рэдкасцяў ва Уайтхолскім палацы, а Ёган Кленке быў пасвячоны ў рыцары.

Сам атлас без асаблівых прыгод захаваўся да нашых дзён. У 1828 кароль Георг IV перадаў яго ў Брытанскі музей. Атлас быў "рэстаўраваны": яго расшылі, свабодныя палі карт абрэзалі, а самі карты былі наклеены на паперу 19 стагоддзя, што зрабіла немагчымым вывучэнне іх адваротаў і філіграней. У 1961 годзе атлас пасля рэстаўрацыі быў ізноў пераплецены ў арыгінальную вокладку.

Klencke Atlas, 1961

Большая частка атласа складаецца з карт галандскіх афіцын Блаў і Гондзі, але прысутнічаюць асобныя галандскія карты іншых выдаўцоў: Аларда (Hugo Allard), Данкертса (Cornelis Danckerts) і Колама (Jacob Colom), а таксама французскія карты Сансона (Nicolas Sanson de Abbeville), Жубрэна (Jean Jubrien) і інш.

Распачынае атлас карта свету Яна Блаў 1648 года ў выглядзе двух зямных паўкуль, пасля ідуць карты Еўропы (Блаў, 1649) і Азіі, Усходняй Азіі з Новай Галандыяй (сучасная Аўстралія), надзеі на выгоды ад каланізацыі якой галандцы яшчэ не згубілі. Далей ідуць карты Афрыкі, Паўночнай Амерыкі, Паўднёвай Амерыкі.

Блок рэгіянальных карт распачынаецца дзвюма картамі Брытанскіх выспаў (адзіны выжылы асобнік карты Аларда і Regni Angliae Tabulam Данкертса 1644 года); даследчыкі заўважылі, што гэтыя карты мелі найбольшыя сляды выкарыстання. Прысутнічаюць карты Гішпаніі, старажытнай Францыі (1627, Melchior Tavernier паводле Сансона), "сучаснай" Францыі (Жубрэн), Італіі (Блаў, 1614–1617 паводле Маджыні), Германіі, Швецыі, Вялікага Княства Літоўскага ("радзівілаўка" 1613 года), Спецыяльная карта Украіны Баплана (датавана 1650 годам, выдавец Вільгельм Гондзі) і іншых еўрапейскіх рэгіёнаў. Падрабязная карта Нідэрландаў Колама прадстаўлена на 8 аркушах. Прысутнічаюць таксама асобныя карты Усходняй Індыі (Алард), Кітая (Блаў, 1658).

Klencke Atlas, Спецыяльная карта Украіны Баплана

У цэнтры ўвагі заўжды карта Галандскай Бразіліі – калоніі, адваяванай у Партугаліі і ўжо згубленай да часу падрыхтоўкі атласа. Адцягнутыя Першай вайной з Англіяй (1652–1654), галандцы ў 1654 годзе былі канчаткова выціснутыя з Бразіліі. Уключэнне гэтай карты ў атлас мела пэўны палітычны сэнс, але далейшае развіццё падзей (Гаагскі дагавор 1661 года, пасля якога Галандыя адмовілася ад Бразільскіх калоній, а ў шырокім сэнсе прамая канкурэнцыя з Англіяй за марское панаванне) паказала марнасць гэтых спадзяванняў. Дарэчы, чынны ўдзел у заваёвах партугальскіх калоній браў выхаванец Радзівілаў – Крыштоф Арцішэўскі. У канцы атласа былі уключаны карта Святой зямлі (1655) і карты антычнай Еўропы і антычнай Грэцыі.

Klencke Atlas, Brasilia qua parte paret Belgis

Прынята меркаваць, што карта MAGNI DVCATVS LITHVANIAE Вільяма Блаў, прадстаўленая ў атласе, друкавалася з 1613 года. Адразу як насценная з цечай Дняпра і дадатковым апісальным тэкстам, падклееным знізу. Захаваліся два такія асобнікі (адзін у Швецыі ва Упсальскім універсітэце, другі ў Германіі ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары). А з 1631 па 1647 год гэтая карта ў сфальцаваным выглядзе ўкладвалася ў атласы "Appendix Theatri...", "Theatrum Orbis Terrarum..." і "Novus Atlas..." (з падклеенай альбо адасобленай картай Дняпра, але без (!) тэкставага апісання знізу). Дзякуючы гэтаму карта ВКЛ 1613 года, мабыць, найбольш даступная з усіх прадстаўленых у атласе Кленке. У 1648 годзе карта была зменена на меншую, заходняй арыентацыі.

Klencke Atlas, MAGNI DVCATVS LITHVANIAE

Калі супаставіць год стварэння атласа Кленке (1660) і апошні год выдання карты ў атласах Блаў (1647), то можна выказаць здагадку, што ў Брытанскай бібліятэцы захоўваецца апошні асобнік "радзівілаўкі", выява якога адпавядае апошняму стану медных плыт.