Віктар Астроўскі, "The ancient names and early cartography of Byelorussia"

Віктар Астроўскі, "The ancient names and early cartography of Byelorussia"

Віктар Астроўскі (28.08.1912 – 31.08.1975) нарадзіўся ў вёсцы Засімавічы, сёння гэта вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Бацька Віктара Астроўскага, Радаслаў Астроўскі, быў прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады пад нямецкай адміністрацыяй у 1943–1944 гадах і на эміграцыі з 1948 па 1976 гады. Паходзілі Астроўскія, верагодна, з беззямельнай шляхты.

Атрымліваў адукацыю Віктар Астроўскі ў Віленскім універсітэце на факультэце права. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу, арганізацыі «Скарынія». Пазней скончыў агранамічны факультэт Пазнаньскага ўніверсітэта. У кастрычніку 1939 года арыштаваны ў Вільні і асуджаны на восем гадоў лагераў. Уцёк з лагера і прайшоў пешшу 300 км. Ад канца 1941 знаходзіўся ў Арміі Андэрса (2-гі Польскі корпус), у складзе якой прымаў удзел у штурме Монтэ-Касіна (Італія, травень 1944). З 1946 года жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у вугальных шахтах, потым на працягу 20 гадоў – у друкарні.

Аўтар шэрагу картаграфічных выданняў і кніг, у сваіх даследаваннях у якасці крыніц актыўна выкарыстоўваў даўнія карты. У 1960-х займаўся выданнем часопісу «Аб’еднаньне».

Віктар Астроўскі сабраў адметную калекцыю карт, месца пражывання вельмі спрыяла гэтаму, Лондан і ў тыя часы быў буйным цэнтрам антыкварнага гандлю. Картаграфічны збор, які налічвае больш за сотню асобнікаў, пасля смерці быў перададзены ў Скарынаўскую бібліятэку на Холдэн Роад. У гэтай калекцыі прысутнічаюць вядомая карта ВКЛ Герарда Меркатара, "радзівілаўская" карта з выдавецтва Блаў 1647(?) года, атлас Рыцы-Дзаноні і іншае.

Асаблівую цікавасць да збору Віктара Астроўскага выклікаюць карты XX стагоддзя, датычныя  станаўлення сучаснай Беларусі, якія важкай часткай прысутнічаюць у калекцыі, а таксама ў яго публікацыях. На жаль, да сёння гэты дастаткова комплексны картаграфічны збор падрабязна не апісаны і не ўведзены ў шырокі ўжытак. Некаторыя з гэтых карт можна акрэсліць як "маніфестныя".

    Асобныя карты з калекцыі Віктара Астроўскага, што захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы:
  • Этнографическая карта Белорусскаго племени", Яўхім Карскі. 1917 год (першае выданне).
  • Карта Беларускай Народнай Рэспублікі. 1919 год (другі варыянт, Типография Вильгельма Гартмана)
  • ETNAGEFIČNAJA KARTA BIELARUSI, Васіль Русак. Прага, 1940 год. (маштаб: 1:2000000, V.Rusak, каляровая, датавана "1939 h.")
  • La carte de la ...Bielorussienne, 1942 год. (маштаб: 1:2000000, у левым верхнім куце Пагоня, каляровая)
  • Whiteruthenia... / Беларусь. Этнографічныя й гісторычныя граніцы. Нью-Ёрк, 1953 год. (маштаб: 1:4000000, чорна-белая)
  • BYELORUSSIA, В. Астроўскі. 1950 год. (маштаб: 1:3000000)
  • BYELORUSSIA, В. Астроўскі. 1970 год. (зменшанае перавыданне па карце БНР, чорна-белая)

The ancient names and early cartography of Byelorussia

Папулярнае выданне "The Ancient Names and Early Cartography of Byelorussia" выходзіла ў Лондане ў 1969, 1970, 1971 гадах.

Яшчэ ў 1958 Віктар Астроўскі выдаў на англійскай мове артыкул-тлумачэнне адрознення паміж англійскім адпаведнікам тэрмінаў "беларусы" і "белагвардзейцы" на дзве старонкі. На працягу наступных год гэты артыкул пераўтварыўся ў паўнавартаснае выданне, дзе акрамя пытанняў папулярызацыі Беларусі ў свеце разглядалася гістарычная традыцыя беларускай дзяржаўнасці, этнаграфічныя асаблівасці і культурныя дасягненні краю. Даследванне актыўна апелюе да даўніх і новачасных карт. "The ancient names..." па сваіх мэтах падобна да папулярных выданняў 1910-1920-х гадоў Мітрафана Доўнара-Запольскага, Вальтара Егера, Вацлава Ластоўскага і іншых.

Прапануем пачатковыя фрагменты выдання "The ancient names and early cartography of Byelorussia" (London, 1970) у вольным перакладзе для азнаямлення.

В. Астроўскі. Старажытныя назвы... (.pdf)

Крыніцы >>