Карта і мапа. Як правільна?

Карта і мапа. Як правільна?

Мы прааналізавалі слоўнікі і энцыклапедыі, каб разабрацца, які варыянт больш уласцівы беларускай мове. Пашыраны два словы: карта і мапа. Але так было не заўжды. Пачнем размотваць клубок ад сучаснасці.

Карта

У апошнім "Граматычным слоўніку назоўніка" (2013) варыянтаў няма: толькі "карта", тое ж у "Беларуска-рускім слоўніку ў 3 тамах" (Беларуская энцыклапедыя, 2012), "Слоўніку беларускай мовы" (Беларуская навука, 2012).

"Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4 т." (з 2009) падае варыянт "карта", выдадзены ў Польшчы альтэрнатыўны "Гістарычны атлас Беларусі" (т. 1, 2008) – таксама "карта". У "Беларускай энцыклапедыі ў 18 т." (1996–2004), "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі ў 6 т." (1993–2003) і "Энцыклапедыі ВКЛ" (2007–2010) – "карта".

У 1920-я слова "карта" зафіксавана ў "Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку" Вацлава Ластоўскага (1924, с. 251); чытаем: "КАРТА ж. нарыс часьці зямлі, мора, неба; кáрта". А таксама ў спецыяльным слоўніку "Географічныя й космографічныя тэрміны і назовы нябесных цел" (Менск: Інбелкульт, 1923): "карта географiчная", "карта полiтычная" і пад.

У слоўніку "Нашай Нівы" (2001) "карта" і "мапа". Як і ў слоўніку мовы "Нашай Нівы" (т. 2, 2007): "Чэрнігаўскі губэрнатар апратэставаў пастанову… аб арганізаціі лекцій аб вайне, а такжэ аб пашырэньні сярод населеньня і раненых, знаходзячыхся ў земскіх лазарэтах, географічных карт (мап)…" (1915, №1, с. 4).

На першай карце, падпісанай па-беларуску,карце Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у канцы 1918 - пачатку 1919 гадоў, – выкарыстоўваецца слова "карта".

У "Слоўніку беларускай гаворкі" Івана Насовіча (1870) слова "мапа" не фіксуецца, слова "карта" прыведзена толькі ў значэнні "письмо".

І нарэшце, у "Гістарычным слоўніку беларускай мовы" прыведзена толькі слова "карта", у канкрэтным значэнні "геаграфічная карта" не зафіксавана.

Мапа

З апошніх выданняў па гісторыі картаграфіі неабходна згадаць кнігу "Калекцыйная спадчына Вялікага Княства: Мапы. Гравюры. Манеты. Пячаткі" пад рэдакцыяй Дзмітрыя Гулецкага (Логвінаў, 2008), у якой паслядоўна выкарыстоўваецца слова "мапа".

Слова "мапа" актыўна выкарыстоўвалася ў друку ў 1990-я гады. "Старая мапа Гродзенскай губерніі таксама ўтрымлівае ў гэтым месцы шуканую назву ўрочышча Краснасток" (Ігар Жук. Сустрэчны рух: Літаратуразнаўчыя эцюды. Гродна, 1998). Таксама ў "Расейска-беларускім вайсковым слоўніку" С.Судніка і С.Чыслава (1997): "Карта – карта, мапа, аркуш".

І. Шкраба ў кнізе "Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні)" (1994) змяшчае слова "мапа" і цытуе класікаў 20 стагоддзя: "мапа, -ы, ж. Географическая карта. Пан Студніцкі кроіць мапу, крэмзае задачы... Колас. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі... Караткевіч".

"Беларуска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1925): "Мапа ж. – карта (географическая)".

Высновы

Апошняе слова дамо звесткам з "Этымалагічнага слоўніку беларускай мовы". "Карта [у розных значэннях, у т.л. геаграфічная] – старое запазычанне (1539) з польск. karta, якое з італ. carta ‹ лац. charta ‘папера’ ‹ ст.-грэц." (т. 4, 1988, с. 279). "Мапа – ‘геаграфічная карта’ (Др.-Падб.), з польск. mapa, якое з ням. Mappe ‹ франц. mappe-monde ‘выява зямной паверхні’ ‹ с.-лац. mappa mundi ‹ лац. mappa ‘сурвэтка, хустка’ ‹ пуніцк. ‘хустка’" (т. 6, 1990, с. 223). Пад скарачэннем Др.-Падб. тут хаваецца "Падручны беларуска-польскі слоўнік" Б. Друцкага-Падбярэзскага (Вільня, 1929), у якім слова "мапа" перакладаецца на польскую мову менавіта як "мапа геаграфічная", а "карта" – як "карта, ліст, паштоўка".

Такім чынам, атрымліваецца, што абодва словы запазычаныя з польскай мовы, "карта" раней, але ў больш шырокім сэнсе, "мапа" як графічная выява мясцовасці, відаць, пазней. Для пачатку 20-га стагоддзя, а таксама для 90-х гадоў заўважна некаторае лобі варыянта "мапа", верагодна, з-за яго больш дакладнага вызначэння. Такая ж дыскусія характэрная і для ўкраінскай картаграфічнай навукі.

У сусветнай картаграфічнай традыцыі пачынаючы з 16 стагоддзя называць картай было прынята дастаткова падрабязную і дакладную схему мясцовасці (carte, karte), а мапай – агульную выяву будовы свету (Mappe, mappa). Абодва гэтыя словы мірна суіснавалі ў адным атласе.

Спадзяемся, што ім не будзе зацесна і ў беларускай мове.