Гравюра «Vera Designatio Urbis in Littavia Grodnæ»: новыя акцэнты. Частка ІІ

Гравюра «Vera Designatio Urbis in Littavia Grodnæ»: новыя акцэнты. Частка ІІ

Частка першая тут >>

Наклад і рэплікацыі

Параўнанне захаваных асобнікаў дазваляе казаць аб мінімум двух накладах медзярыта, не залежачых ад мовы тлумачальных тэкстаў, якія, як ужо пісалася вышэй, дадрукоўваліся асобна ў пустыя картушы.

Адметнай рысай другога наклада служаць праўкі арла Польскага каралеўства, выкананыя адразу ў двух месцах: на гербе Жыгімонта Аўгуста і штандарце вершніка з каралеўскай світы, – вакол арла была дададзена літара S. Літара, якая віецца стужкай вакол яго, выразана штыхелем ці «сухой» іголкай паверх ранейшай гравіроўкі. «Свяжэйшая» баразна літары ярчэйшая па тоне, паколькі глыбейшая і прыняла больш друкарскай фарбы за далікатныя, са сцертымі ад шматлікіх адціскаў мікразавусенцамі, «старэйшыя» барозны. Такім чынам гравёр мог удасканаліць герб Жыгімонта Аўгуста, дадаўшы да арла манаграму бацькі Жыгімонта Старога S – Sigismundus (гл. дадатак 3)50. Большасць захаваных асобнікаў (6 з 9) адносяцца да першага накладу. Вядома аб нямецкамоўных (1) і лацінскамоўных (5) асобніках першага наклада, тым часам як другі наклад прадстаўлены выключна з нямецкімі тэкстамі (3+1 страчаны).

grodno1568

Наклад гравюры застаецца невядомым, але гравюры, выкананыя ў тэхніцы афорта з тонкімі неглыбокімі лініямі, маглі мець невялікі наклад з гарантаванай якасцю каля 500 экзэмпляраў51. Не выключана, што медныя плыты захаваліся і была дадрукавана гравюра ў пазнейшыя часы, напрыклад, у пачатку XVII стагоддзя. На сёння дакладна вядома аб 8 захаваных асобніках, яшчэ 1 экзэмпляр лічыцца страчаным, што адносна шмат для гравюры XVI стагоддзя такога памеру.

Дадзены твор мастацтва стаў дастаткова запатрабаваным і неаднаразова перадрукоўваўся ў еўрапейскіх кнігазборах са шматлікімі спрашчэннямі і скажэннямі на працягу амаль 150 гадоў. Даследчыкам вядомы варыяцыі 157552, 159553, 162554, 165955, 168756, 170957 гадоў, якія моцна саступаюць арыгіналу па якасці і дэталях, дэманструюць толькі фрагмент першакрыніцы альбо перадаюць выяву ў творчай інтэрпрэтацыі58. Панарама Гродна з гравюры Цюнта выкарыстоўваецца ў якасці фона для генеалагічнага дрэва Жыгімонта Вазы на гравюры «Reges Poloniae Potentiss. Poloniae et Sveciae, etc. Regni Sigismundo III», надрукаванай у пачатку 1600-х гадоў59.

Grodna Custos Albizzi 1601

Самай вядомай рэплікацыяй з пададзеных стаўся медзярыт «Grodna» Франца Хогенберга, упершыню выдадзены ў 2-м томе энцыклапедыі Георга Браўна «De Praecipues Totius Urbibus. Liber Secundus»60 у 1575 годзе61. Першы атлас гарадоў у гісторыі сусветнай картаграфіі стаў надзвычай папулярным і меў некалькі перавыданняў62, зрабіўшы выяву Гродна пазнавальнай для еўрапейскага чытача63. Вельмі верагодна, што менавіта медзярыт Хогенберга стаў узорам для пазнейшых рэплікацый панарамы Гродна, усё больш пакідаючы ў цені першакрыніцу. Да гэтай гравюры, некаторыя наклады якой расфарбоўваліся ўручную, дадаецца тэкст64, які змяшчае апісанне краіны і горада, зробленае на падставе тэкстаў медзярыта 1567 года і трактаванні яго выяў, а таксама аповед пра паганства ў Літве і барацьбу Гераніма Пражскага з ім65. Гэты тэкст таксама стаў крыніцай для капіявання еўрапейскімі энцыклапедыстамі ў шэрагу геаграфічных і гістарычных даведнікаў66.

GRODNA VERA DESIGNATIO, 1575

У 1882 годзе Дзмітры Равінскі выканаў геліаграфічным шляхам паводле спосабу Г.Н. Скамоні 67 поўнафарматную копію гравюры з нямецкамоўнага асобніка 2-га накладу з калекцыі П. Я. Дашкава. Копія была надрукавана ў складзе кнігі «Достоверные портреты московских государей Ивана III, Василия Ивановича, Ивана IV и посольства их времени»68 у колькасці 250 асобнікаў69. Выява з выдання Равінскага перадрукоўвалася пазней у паменшаным варыянце ў выданнях Тэадора Шымана70, Оскара Егера71, Марціна Філіпсона72 і іншых. Томаш Неваднічанскі ў 1983 годзе ўвёў у навуковы зварот лацінскамоўны варыянт медзярыта з уласных збораў, змясціўшы ў артыкуле, прысвечаным гравюры, даволі якасную паменшаную копію асобніка73.

Лёс асобнікаў

Даследчыкі ў сваіх працах толькі ўскосна закраналі пытанне колькасці і лёсу вядомых на сёння асобнікаў74, між тым гэтае пытанне заслугоўвае большай увагі. Стварэнне падобнага спісу дазволіць даследчыкам сістэматызаваць усе наяўныя веды па дадзеным аб’екце і пры неабходнасці спрасціць працэдуру замовы арыгінала.

Статус «надзвычай рэдкага» медзярыту надалі публікацыі расійскіх даследчыкаў75 пасля набыцця аднаго нямецкамоўнага экзэмпляра Імператарскай публічнай бібліятэкай ў 1879 годзе, калі навуковаму колу было вядома ўсяго некалькі існуючых асобнікаў. Між тым, на сёння вядома мінімум 8 захаваных асобнікаў, што не змяншае ўнікальнасці гравюры, аднак дазваляе казаць аб мінімальна задавальняючай захаванасці (поўны спіс захаваных асобнікаў змешчаны ў дадатку 4).

У 1798 годзе асобнік гравюры быў змешчаны ў каталозе аўкцыёна ў Нюрнбергу76, з гэтага часу гравюра перыядычна з’яўлялася на аўкцыёнах. Так, у 1855 годзе лацінскамоўны медзярыт выстаўляўся на продаж у Вене ў складзе вялікай бібліятэкі апостальскага пратанарыя Жана-Батыста дэ Беарзі77, у 1932 годзе гравюра прадавалася ў складзе вялікага збору мап і гравюр XVI–XVII стагоддзяў на аўкцыёне «Karl&Faber»78. На жаль, прасачыць лёс і сучаснае месцазнаходжанне гэтых асобнікаў не ўяўляецца магчымым.

У 1883 годзе нямецкамоўны медзярыт са збораў калекцыянера і ўладара аўкцыйнага дома ў Штутгарце Генрыха Георга Гутэнкуста набыў Брытанскі музей у Лондане79. Аднак сапраўднасць дадзенага медзярыта выклікае пэўны сумніў з-за шэрагу асаблівасцяў асобніка, уласцівых высокаму друку80.

З XVII стагоддзя лацінскамоўная гравюра ўваходзіць у склад бібліятэкі шведскага графа і рыксканцлера Магнуса Габрыэля Дэлагардзі, якая да сёння захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Швецыі ў Стакгольме81. Вядома, што лацінскамоўны асобнік гравюры ў сярэдзіне XIX стагоддзя набыў у сваю калекцыю старажытнасцяў, якая захоўвалася ў Львове, галіцыйскі памешчык і калекцыянер Гвалберт Паўлікоўскі82. Пасля аднаўлення незалежнасці Польскай дзяржавы калекцыя была перададзена Нацыянальнаму інстытуту імя Асалінскіх, а пасля Другой Сусветнай вайны медзярыт трапіў у бібліятэку Акадэміі навук Украіны ў Львове, дзе захоўваецца дагэтуль83. З канца XIX стагоддзя паходзіць лацінскамоўны экзэмпляр у зборы музея Чартарыйскіх у Кракаве84.

У Расійскай імперыі першы вядомы нямецкамоўны асобнік з’явіўся ў 1879 годзе. Ён быў набыты ў кнігагандляра Кона з Берліна за 200 марак «по телеграфу, при первом известии о поступлении его в продажу»85 дырэктарам Імператарскай публічнай бібліятэкі графам Мадэстам Корфам86 (лёс экзэмпляра пасля 1917 года невядомы). За наступнае дзесяцігоддзе, па звестках Дзмітрыя Равінскага, медзярыт з панарамай Гродна два разы з’яўляўся на антыкварным рынку з вызначаным коштам у 300 марак87. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны медзярыт меўся ў калекцыях графа Эмерыка Карлавіча Чапскага88 (у 1979 годзе нямецкі і лацінскі асобнікі з калекцыі Чапскага былі набыты ў Рыме ў нашчадкаў графа калекцыянерам Томашам Неваднічанскім89), Паўла Якаўлевіча Дашкава90 (быў набыты паміж 1879-1882 гг., менавіта з яго нямецкага асобніка Дз. Равінскі выканаў поўнафарматную копію ў 1882 годзе), Аляксея Вікулавіча Марозава91 (быў набыты паміж 1895-1913 гг., мог паходзіць з калекцыі П. Я. Дашкава; верагодна, пасля рэвалюцыі нямецкі асобнік трапіў у Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна).

У 2003 годзе калекцыянер Томаш Неваднічанскі перадаў у дар лацінскі медзярыт Мастацкаму музею Літвы для будучай экспазіцыі ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх у Вільні, дзе медзярыт экспануецца з 2009 года92. Другі лацінскі і нямецкі, часткова пашкоджаны, асобнікі былі перададзены ў складзе калекцыі Т. Неваднічанскага на вечнае захоўванне ў Каралеўскі палац у Варшаве93. У 2008 годзе на аукцыёне «Lamus»94 быў выстаўлены ўнікальны нямецкамоўны асобнік першага накладу, вядомы ў адзіным экзэмпляры і знойдзены ў Швецыі95. Гэта гравюра, якую набыла PocztaPolska, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы96.

Даследчыкам невядомы факт знаходжання медзярыта Цюнта 1568 года ў гарадзенскіх бібліятэках і калекцыях. Аднак гравюра Хогенберга 1575 года, надрукаваная вялікім накладам, у Гродна прысутнічае здаўна. Гісторык Міхаіл Каяловіч падчас вандроўкі ў Гродна ў 1889 годзе адзначаў, што «карта города Гродны 1568 года» (пад якой варта разумець рэплікацыю гравюры Хогенберга альбо поўнафарматную копію Дз. Равінскага) змяшчалася ў кабінеце тагачаснага губернатара Пацёмкіна Аляксандра Аляксандравіча97. У пачатку XX стагоддзя адзін асобнік гравюры Хогенберга захоўваўся ў параднай залі Гродзенскага гарадскога грамадскага ўпраўлення98. У міжваенны час гарадзенскі магістрат набыў гравюру «Grodna. in Lieflandt. Longinquitas Regardui Non Potest» 1623 года99, лёс якой пасля вайны невядомы100. Па стане на 2018 год у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца 5 асобнікаў гравюры Хогенберга розных накладаў, некалькі экзэмпляраў знаходзяцца ў прыватных зборах.

Сімволіка медзярыта

Гравюра з’яўляецца багатай крыніцай па сімволіцы, геральдыцы і вексілалогіі – на ёй змешчана больш за 25 выяў на тарчах вершнікаў і сцягах. Згодна з правіламі геральдыкі, адзін з галоўных элементаў герба – геральдычная тарча. На гравюры яна часам адсутнічае, таму ў такіх выпадках размова ідзе пра эмблемы. На тарчах вайскоўцаў можна разгледзець выявы польскага арла, ільва, сонца, рака, дзвюхгаловага арла, а таксама арнаменты (гл. дадатак 3). Некаторыя сімвалы шматкротна паўтараюцца, так, напрыклад, выява рака прысутнічае на тарчах татарскіх і маскоўскіх вайскоўцаў, а самая ужываная – антрапаморфнага сонца – адлюстравана на тарчах маскавітаў, татараў і ліцвінаў.

У верхняй частцы медзярыта знаходзіцца герб дзяржаўцы Жыгімонта Аўгуста, які прытрымліваюць два анёлы. Гэты герб дакладна супадае з гербам, размешчаным на шэрагу манет Віленскага манетнага двара: чвэрцькопцы (паўталеры) 1564 г., паўкопцы (талеры) 1564 г., дукаце 1548–1571 гг., з якіх, верагодна, і быў перамаляваны. У гістарыяграфіі доўгі час гэты герб памылкова называўся гербам горада Гродна101. Гэты герб няможна ўважаць і за герб ВКЛ, як гэта падаў польскі даследчык Мар’ян Гумоўскі102, карэктней казаць пра герб уладанняў Жыгімонта Аўгуста103. Герб, увенчаны вялікакняскай мітрай, складаецца з шасці палёў і ўтрымлівае дынастычна-зямельныя гербы. У сярэдзіне на малым ангельскім шчыце размешчаны змей, які трымае ў пашчы чалавека – радавы герб Сфорцаў «Вуж», з якога паходзіла маці Жыгімонта Аўгуста Бона Сфорца104. У другім полі змешчаны «Арол» Польскага каралеўства (дынастычна-дзяржаўны герб Ягелонаў, а ў варыянце з пераплёткай S – бацькоўскі герб), у трэцім – дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня», у чацвёртым знаходзіцца герб Кіеўскага ваяводства «Арханёл Міхаіл», у пятым – герб Смаленшчыны «Мядзведзь»105, у шостым – «Крыж» Валынскага ваяводства.

grodno1568

Герб мае падабенства з вялікай пячаткай ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. Гэты тып пячаткі, які ўтрымлівае дынастычна-зямельныя гербы на тарчах вакол «Пагоні» і надпісы на стужках, быў уведзены ўпершыню вялікім князем Аляксандрам106. Герб на манетах і медзярыце мае падобную кампазіцыю, але з шэрагам зменаў: адсутнічаюць стужкі з подпісамі, асобную тарчу мае толькі цэнтральны герб, «Пагоня» і «Вуж»107 паменены месцамі – у такім варыянце на цэнтральнай тарчы размешчаны герб Сфорцаў «Вуж» . На думку гісторыка Аляксея Шаланды, тры гербы «рускіх» выяводстваў – кіеўскага, смаленскага і валынскага – абгрунтоўвалі тытул вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага. Пасля страты Смаленска ў 1514 годзе яго герб набыў характар герба-прэтэнзіі108.

grodno1568

Заўважым, што на спрошчанай вольнай копіі ведуты, гравюры Браўна-Хогенберга 1575 года, і пазнейшых працах герб дзяржаўцы Жыгімонта Аўгуста быў падвергнуты зменам. Падобна, што мастак працаваў з арыгінальным медзярытам Цюнта першага накладу, паколькі арол на гербе не ўтрымлівае пераплётку S, характэрную для другога наклада. Узняты мядзведзь, скіраваны першапачаткова ў правы «геральдычны» бок, быў звернуты ўлева. Гэтая змена звязана з пераробкай старога смаленскага герба «Мядзведзь» у герб Жамойці, якая адбылася пасля 1569 і да 1575 гг109. Парадокс палягае ў тым, што візуальна падобныя выявы маюць розны сэнс і мусяць чытацца адпаведна як герб Смаленшчыны (на гравюры Цюнта 1567 года) і герб Жамойці (на гравюры Хогенберга 1575 года). Гэтая карэкціроўка прысутнічае на большасці гравюр, зробленых па матывах медзярыта Цюнта. Герб Сфорцаў «Вуж» быў заменены на чатырохпалёвы герб дафіна Францыі (тытул спадчынніка французскага прастола). Пад дафінам выдаўцы разумелі Генрыка Валезыя, караля польскага і вялікага князя літоўскага ў 1573–1574 гадах, які ў Рэчы Паспалітай меў іншы дынастычна-сямейны герб110. На гербе дафіна ў першым і чацвертым палях знаходзілісь тры каралеўскія лілеі – герб Францыі пры дынастыях Капетынгаў і Бурбонаў, у другім і трэцім – дэльфін. Змена герба была звязана з палітычнымі зменамі ў Рэчы Паспалітай, якія адбываліся, аднак, хутчэй за рэагаванне на іх выдаўцамі. Выданне было ажыццёўлена ў 1575 годзе, калі Генрык Валезы ўжо стаў каралём Францыі. Дадатковы «кур’ёз» крыецца ў тым, што Генрык Валезы насамрэч быў прэтэндэнтам на французскі прастол, аднак не меў тытула дафіна Францыі, паколькі з’яўляўся не прамым нашчадкам дзеючага караля, а ягоным братам111. Усе пазнейшыя варыяцыі гравюры XVII–XVIII стст., нягледзячы на палітычныя змены ў краіне, ўтрымліваюць менавіта гэты варыянт герба з тарчай дафіна, часам адлюстраванай з яшчэ большай недакладнасцю.

герб герберштайн

Цікавай знаходкай апынуўся люстэркава адлюстраваны асабісты герб дыпламата Свяшчэннай Рымскай імперыі барона Сігізмунда Герберштайна112, змешчаны на адным з вазоў маскоўскага пасольства ў правым ніжнім куце гравюры113. Гербавая тарча падзелена на пяць частак. У першай частцы цэнтральны шчыт разбіты на два полі: у правым – пас, у левым – выява, якая нагадвае калюмну, якая мае падножак, слуп і наверша; гэты ж двухчастковы герб паўтараецца ў другой і пятай частках, у трэцяй і чацвертай частках – кроква вяршыняй дагары. Імаверна, гравёр, змясціўшы герб, зашыфраваў такім чынам спасылку на дзённік дыпламата «Запіскі аб маскоўскіх справах»114, які быў выдадзены напярэдадні на падставе двух візітаў у Масковію ў 1517 і 1526 гадах і ўключаў падрабязныя апісанні звычаяў, мовы, вопраткі, узбраення, ежы і пітва яе жыхароў. Акрамя таго, аўтар змясціў шэраг ілюстрацый і мапу Масковіі. Твор быў перакладзены на асноўныя еўрапейскія мовы і добра вядомы сучаснікамі гравёра, лічыўся адным з лепшых апісанняў Вялікага княства Маскоўскага, таму мог быць выкарыстаны зацікаўленымі (у тым ліку і выдаўцам падчас стварэння працы) як дадатковая крыніца інфармацыі. Люстэркавае адлюстраванне герба можа сведчыць аб яго штучным і невыпадковым з’яўленні на ведуце.


У заключнай частцы артыкула: невядомыя дакументы з жыцця аўтара гравюры – Ганса Адэльгаўзера.


Крыніцы і заўвагі >>

Дадатак 3.pdf – Геральдыка і сімволіка медзярыта

Дадатак 4.pdf – Месцы захоўвання гравюры «Vera Designatio Urbis in Littavia Grodnæ»