Картаграфічная спадчына Маціаса Цюнта, выканаўцы гравюры Горадні 1568 года

Картаграфічная спадчына Маціаса Цюнта, выканаўцы гравюры Горадні 1568 года

Панарама Горадні 1568 года створана і падпісана імёнамі дзвюх асоб: Ганса Адэльгаўзера і Маціаса Цюнта. Пра Ганса Адэльгаўзера, мастака панарамы, не вядома амаль нічога, мы можам толькі выказваць гіпотэзы і паводле ўскосных звестак казаць, што ён быў парыжскім ювелірам і трапіў у ВКЛ дзякуючы сваёй высокамастацкай зброі ў неспакойныя часы супрацьстаяння каталікоў і пратэстантаў у Францыі. Маціас Цюнт пакінуў у гісторыі больш заўважны след, аднак для нас быў гэткай жа таямнічай фігурай.

MATTHES ZINCK Sculptor Noribergae.

 

Маціас Цюнт (Matthias Zündt, каля 1498?–1572) – гравёр і ювелір з Нюрнберга. Біяграфічных звестак пра яго жыццё захавалася мала, вядома, што ён прайшоў навучанне ў нюрнбергскай майстэрні ювеліра Венцэля Ямніцэра (Wenzel Jamnitzer), нейкі час працаваў ў Празе. Ніводнага ювелірнага выраба Цюнта не захавалася. Некаторыя высновы пра яго дзейнасць былі зроблены з яго графічных работ, звычайна падпісаных і датаваных. Таксама захаваўся партрэт гравёра “MATTHES ZINCK Sculptor Noribergae.” з прыведзенымі гадамі жыцця 1498–1581.

Прамежак часу, у які Маціас Цюнт працаваў як гравёр, вызначаны па яго работах прыблізна ад 1565 па 1571 год. У гэтым часе майстар вырабіў каля сямі дзясяткаў гравюр, пераважна ў тэхніцы траўлення. У адрозненне ад разцовай гравюры, траўленне дазваляла працаваць хучэй і ў больш свабоднай манеры – такі накідавы характар і маюць большасць гравюр Маціаса Цюнта. Але дзве яго галоўныя працы: карта Венгрыі і гравюра Горадні – створаны на высокім мастацкім узроўні і, падобна, разцом і траўленнем.

У некаторых крыніцах прыводзяцца больш раннія гады пачатку працы Маціаса Цюнта як гравёра, бо захавалася кніга “Insigne ac planè novum opus…” з выявамі ювелірных вырабаў (вазы, падсвечнікі, паўміскі і інш.), якая была выдадзена ў 1551 годзе. Гравюры для кнігі прыпісваюцца Цюнту, хоць па стылю яны адрозніваюцца ад яго вядомых твораў. Уся графічная спадчына мастака з 1565 года выразна падпісаная, большасць твораў датаваныя. Выявы з кнігі 1551 года не падпісаныя, у адзінкавых выпадках прысутнічае манаграма MZ, што дало падставы даследчыкам далучыць гэтыя графічныя аркушы да іглы Цюнта.

Зрэшты, мэтай гэтага агляду з’яўляецца не напісанне біяграфіі мастака, а хутчэй спроба рэканструкцыі творчых цікавасцяў Маціаса Цюнта і месца гравюры Горадні 1568 года ў шэрагу яго замоў.

Першым картаграфічным творам Цюнта можна назваць гравюру з выявай аблогі Мальты 1565 года, якая ўтрымлівае таксама карту Еўропы. Гравюра распачала серыю прысвечаных вайне еўрапейскіх дзяржаў з Асманскай імперыяй. Памер гравюры каля 32 х 48 см; большасць аркушаў гэтай серыі маюць памер блізкі да in folio і выкананы ў стылі “хуткага малюнка”.

Malat Zundt 1565

Падобныя адасобленыя гравюры і рэгіянальныя карты актыўна ствараліся ў друкарскіх цэнтрах Еўропы ў 16 стагоддзі. Малыя і простыя ў выкананні, гравюры мелі характар навіннай улёткі, большыя прапаноўваліся як насценныя аркушы, таксама выдавецкія майстэрні маглі ўключаць такую прадукцыю ў атласы і кнігі. Найбольшага развіцця гэтая з’ява дасягнула ў Італіі ў атласах Антоніа Лафрэры – так званых камплектах IATO [Italian, Assembled To Order], якія збіраліся пад канкрэтную замову пад агульным тытульным аркушам з выявай атланта (атласа) і маглі ўключаць акрамя ўласна італьянскіх таксама нямецкія, нідэрландскія і французскія карты. Такія камплекты збіраліся і іншымі вытворцамі і прадаўцамі карт. Усе падобныя атласы значна адрозніваюцца паміж сабой і адлюстроўваюць тыя ці іншыя цікавасці замоўцы. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя было адшукана і даследавана не нашмат болей за 50 асобнікаў.

Менавіта такім чынам выкарыстоўваліся малыя гравюры Маціаса Цюнта, у тым ліку малая карта Венгрыі 1566 года (памер каля 27х38 см), якая была падрыхтоўчым этапам да стварэння новай вялікай карты Венгрыі.

"NOVA TOTIUS UNGARIAE DESCRIPTIO..." – рэдкая карта Венгрыі, якая вызначыла наступны этап картаграфавання рэгіёна. Карта датаваная 1567 годам, мае дастаткова вялікі памер – 52х86 см – і склеена з шасці аркушаў. Пагроза з боку Асманскай імперыі займае значнае месца ў графічнай спадчыне Цюнта, і мы бачым на карце Венгрыі 1567 года шмат вайсковых падзей 15–16 стагоддзя; каля траціны паказанай на карце тэрыторыі на той час ужо знаходзілася пад уладай туркаў.

NOVA TOTIUS UNGARIAE DESCRIPTIO 1567

Некаторыя дэкаратыўныя вобразы і прыёмы з вялікай карты Венгрыі былі скарыстаныя для гравюры Горадні “VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE”, датаванай наступным 1568 годам. Гэта і вобраз анёлаў, і падобная візуалізацыя ружы вятроў (арыентацыя карты Венгрыі блізкая да ўсходне-паўночнай арыентацыі гравюры Горадні), аднолькавы курсіў дробнага шрыфта, заўважаецца падабенства паміж чалавечымі постацямі, выявамі жывёл, дрэў і інш.

Zundt 1567

Картаграфаванне Венгрыі мае старую традыцыю, першай друкаванай картай рэгіёна была карта Лазара 1528 года “Tabula Hungariae” (сусветны помнік картаграфіі), якая легла ў аснову пазнейшых шматлікіх перавыданняў у 16 стагоддзі. Новая карта Венгрыі Цюнта якраз і мела на мэце паказаць змены тэрытарыяльнага падзелу з-за экспансіі Асманскай імперыі.

У 1594 Балтазар Цаймакс (Balthasar Caimox) перавыдаваў карту Венгрыі Маціаса Цюнта пад назвай “Regni Hungariae delineatio…”, былі выкарыстаныя тыя самыя друкарскія формы, але з наноў выгравіраванымі картушамі, нязначнымі зменамі і дадаткамі ў полі карты.

Caimox-Zundt 1594

Акрамя гравюры Горадні ў 1568 годзе Маціас Цюнт падрыхтаваў карту звычайнага фармату in folio (каля 32х49 см) для Ёгана Бусэмахера “Tabula complectens totam Belgicam, Flandriam, Brabantiam, Selandiam, Holandiam, Frisiam, Hannoniam, Gelriam, etc.”. Цікавая асаблівасць гэтай карты ў тым, што па выкананні яна больш блізкая да галандскай картаграфічнай школы, якая толькі распачала свой слаўны шлях.

Caimox-Zundt 1594

Гэтыя дзве карты Маціаса Цюнта былі дастаткова самастойнымі картаграфічнымі творамі і найбольш дакладнымі з існуючых, таму былі выкарыстаны аўтарытэтнымі картографамі Абрахамам Артэліўсам і Герардам дэ Ёдэ, для якіх у 1578 годзе галандскія гравёры Ян і Лукас Дэўтэкумы (Jan Deutecum, Lucas Deutecum) выдалі дзве адпаведныя карты з удакладненнямі і са спасылкамі на важнасць карт Маціаса Цюнта: “HUNGARIÆ TOTIUS… a Matthia Zinthio Norico delineata est recens editio” і “GERMANIÆ INFERIORIS… occidentalis luculentißima descriptio elaborata per Mathiani Zindi Noricum”.

paris-Zundt 1565

1568 годам датуецца гравюра Маціаса Цюнта “Paris In Franckreich…” – год на гравюры чытаецца кепска, у некаторых крыніцах план датуецца 1565 годам. Гравюра ёсць планам-выявай горада, але не панарамнай (ведутай), як гравюра Горадні 1568 года, а з вышыні птушынага палёту. На гравюры Парыжа зноўку прысутнічаюць анёлы, у руках якіх гербы; можна таксама заўважыць падабенства некаторых элементаў, такіх як чалавечыя постаці, выявы дрэў, некаторая ўмоўнасць памераў у суадносінах, наяўнасць побытавых сцэн.

Гравюра нямецкага горада Гота не датаваная, выканана, верагодна, у 1567 годзе. (GOTTA. Памер аркуша каля 250х350. Heller S.127, Andresen №35). Гэтак сама, як і на гравюры з выявай Парыжа, паказаны лакальныя вайсковыя падзеі ў ваколіцах горада.

Як адзначалася, адносна кароткі перыяд працы гравёрам быў надзвычай плённым: захавалася каля 70 работ Маціаса Цюнта (аўтарства некаторых работ спрэчнае і да яго іглы адносіцца ўмоўна). Работы, якія былі выгравіраваны ў гады, блізкія да 1568 года – года выдання гравюры Горадні, важна вылучыць у асобны спіс.

У першую чаргу пералічым гравюры серыі, прысвечанай барацьбе хрысціянскай Еўропы з туркамі за панаванне на Міжземнамор’і. Гэтыя аркушы на сёння надзвычай рэдкія і каштоўныя (аркуш з выявай Кіпра 1570 года быў прададзены ў 2006 годзе на аўкцыёне Sotheby's за фантастычныя для графікі 200 тысяч еўра).
– Мальта, 1565 (узгадвалася вышэй; памер каля 320х480. Andresen №28);
– Кіпр, не датаваная (на карце паказана заваёва туркамі Кіпра ў 1570–71 гадах, наступныя тры стагоддзі выспа знаходзілася пад іх уладай; гравюра ўтрымлівае невялікую карту Міжземнамор’я; памер каля 290х390. Andresen №26);
– Vera designatio Insulae Corsyrae…, 1570 (паказана аблога туркамі венецыянскай на той час выспы Керкіра (Корфу – італ.); памер каля 310х450. Andresen №27);
– ZYGETH, не датаваная (штурм Сігетвара ў 1566 годзе туркамі, Венгрыя; памер аркуша каля 220х300. Andresen №32);
– GYVLA, не датаваная (Дзью́ла – горад у Венгрыі, быў заваяваны туркамі ў 1566 годзе, заставаўся часткай Асманскай імперыі да 1694 года; памер аркуша каля 220х300. Andresen №33);
– марская бітва пры Лепанто, 1571 (карта адлюстроўвае  адну з найбуйнейшых марскіх бітваў у гісторыі, якая адбылася ў Патраскім заліве ля мыса Скрофы паміж флотамі Свяшчэннай лігі і Асманскай імперыі, якая пацярпела поўную паразу; складаецца з двух аркушаў; памер, падобна, большага аркуша каля 250х350. Andresen №25).

Таксама пералічым некалькі графічных партрэтаў, праца над якімі вялася ў прамежак часу, блізкі да года выдання гравюры Горадні: Жан Парызо́ дэ ла Вале́т – магістр мальтыйскага ордэна, які ўзначальваў паспяховую абарону Мальты ад туркаў (1566); Нікалас Зрынскі – вайсковы кіраўнік гераічнай абароны Сегітвара 1566 года (1566); Вільгельм Грумбах (1567); кароль Францыі Карл ІХ Валуа (1568); Людовіг дэ Бурбон (1568); Вільгельм І Аранскі (1569); Ёган Фрыдрых ІІ – герцаг Саксонскі (н/д); Георг Гартман – нямецкі інжынер і матэматык (н/д) і інш.

Агляд спадчыны Маціаса Цюнта дае разуменне аб’ёмаў работы і мажлівасцяў гравёра, дазваляе скласці пэўнае ўражанне аб магчымых накладах і верагоднасці захавання асобнікаў.

Ва ўсіх адносінах гравюра “VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE” можа лічыцца найлепшым творам нюрнбергскага майстра. Менавіта ў гэтай гравюры знайшлі сваё канчатковае ўвасабленне ранейшыя напрацоўкі, у тэхнічным выкананні гравюра з’яўляецца адметным прыкладам нямецкай друкаванай графікі 16 стагоддзя. Высокі ўзровень выканання сведчыць аб адказнасці перад замоўцамі. Аўтарам значнай візуальнай часткі гравюры варта прызнаць Цюнта. Як мінімум гэта агульная кампазіцыя гравюры, дэкаратыўныя формы, а таксама іншыя адметныя для Цюнта мастацкія рашэнні, якія надаюць некаторы пастаральны настрой яго працам, а менавіта чалавечыя постаці, хатняя жывёла, расліннасць, побытавыя дробязі і іншае. Асноўныя ж дакументальныя звесткі былі выкананыя Гансам Адэльгаўзерам, іх можна падзяліць на тры групы: тапаграфічныя малюнкі панарамы горада, сцэнкі з гарадзенскага штодзённага жыцця і ўласна замалёўкі падзей 1567 года.

У гісторыі картаграфіі існуе шмат прыкладаў, калі карты дайшлі да нас толькі ў згадках альбо пазнейшых спрошчаных перавыданнях (як Радзівілаўская карта ВКЛ 1603 года) ці ў адным асобніку (карта свету Вальдзеемюлера 1507 года захавалася дзівам з-за таго, што была пераплецена ў кнігу; з больш чым васьмі соцень асобнікаў насценнай карты Еўропы Меркатара 1554 года захаваўся адзін і інш.). Таксама была пашырана практыка друку з пласцін у значна пазнейшы час, з унесенымі зменамі альбо без іх. Безліч фактараў, у тым ліку выпадковых, уплывае на захаванне друкарскіх плыт і абставіны іх чарговага выкарыстання, а таксама на колькасць і стан саміх адбіткаў, якія з цяжкасцю дайшлі да нас праз стагоддзі, асабліва калі гэта насценныя асобнікі вялікага фармату.

На прыкладах дзвюх адасобленых карт (адна з іх, карта Венгрыі, выкарыстоўвалася і як насценная) мы можам сцвярджаць, што асобнікі гравюры Горадні, якія захаваліся да нашага часу, цалкам маглі быць надрукаваны ў канцы 16 стагоддзя.

Пакідаем адкрытым пытанне верагоднасці ўключэння гравюры Горадні ў нейкі камплект кшталту IATO альбо як неабавязковага дадатку да нейкага іншага выдання, дзякуючы чаму гравюра здолела захавацца ў незвычайна вялікай колькасці (на сёння ідэнтыфікавана не менш за 10 асобнікаў).

 


Крыніцы >>