Азартная геаграфія Вялікага Княства Літоўскага

Азартная геаграфія Вялікага Княства Літоўскага

 BY | RU

Эпоха Асветніцтва асацыюецца не толькі з развіццём навукі і мастацтваў, але і з пашырэннем забаўляльнай сферы. Еўрапейскае грамадства пачало актыўней, чым у папярэднія часы, шукаць задавальнення ў разнастайных гульнях. Сярод іх адно са значных месцаў займалі картачныя гульні. Безумоўна, у карты гулялі і да гэтага, але цікавасць да іх у XVIII ст. пераўзышла ўсе ранейшыя межы. У Францыі каралём Людовікам XV на гульню ў карты нават быў уведзены адмысловы падатак, каб прафінансаваць будаўніцтва Ваеннай школы ў Парыжы*.

Адзначым, што ў гэты час шырока распаўсюджваюцца адукацыйныя гульні. У 1711 г. выходзіць кніга "Уводзіны ва ўсеагульную геаграфію", якая, па вызначэнні яе аўтара Гіёмам Дэлілем (Guillaume Delisle), была "больш гульня, чым вучоба"1. Папулярным стала выданне "Акадэмія гістарычнай гульні" (1718 г.), а ў 1740-я гг. у гульнявым фармаце выкладалі нават лацінскую граматыку. На агульнай хвалі папулярнасці картачных гульняў ды іншых настольных забаў у Францыі ў XVIII ст. пачынаюць стварацца і адукацыйныя гульні на іх аснове. Праз адаптаваныя картачныя гульні спрабавалі вывучаць геральдыку, музыку, мову, гісторыю, геаграфію2.

Спынімся на адным артэфакце той эпохі3 — ідэальным спалучэнні павеваў Асветніцтва з наймаднейшымі забавамі тагачаснага вышэйшага свету — картачнай гульні з геаграфічным зместам, якая наўпрост тычыцца Беларусі!

"Гэта спосаб ужыць на карысць іх розуму страту іх грошай"4

Карты для гэтай гульні былі створаны вядомым парыжскім гравёрам і выдаўцом эстампаў Мікалаем Жанам-Батыстам дэ Пайі (Poilly) (1707–1780) і прадпрымальнікам Жанам-Батыстам Мітуарам (Mitoire). Апошні актыўна працаваў у 1746–1770 гг. на французскім рынку гульнявых карт і меў добрую рэпутацыю за мастацкі густ і высокую якасць прадукцыі. Картачная гульня, якую мы разглядаем, была выдадзена ў выглядзе адмысловага камплекта з інструкцыяй пад назвай "Карты для вывучэння геаграфіі". Яе аўтарам з’яўляўся інжынер-географ Луі-Нікаля Дэлэстр5. Ён задумаў гэты праект, калі служыў у замку Ісі (Issy), што знаходзіўся ў прыгарадзе Парыжа і належаў Луі-Франсуа дэ Бурбону Канці (1717–1776). Абавязкамі інжынера, відаць, быў не толькі догляд за тамтэйшымі фартыфікацыямі, але і выхаванне адзінага сына патрона — Луі-Франсуа-Жазэфа дэ Бурбона (1734–1814). Відавочна, што якраз у канцы 1740-х гг. апошні пачаў вывучаць геаграфію, што супала са з’яўленнем у Дэлэстра намеру распрацаваць адмысловую гульню. Пра яе выданне ўпершыню паведаміў парыжскі часопіс "Suite de la Clef, ou Journal historique…" у кастрычніку 1748 г.: "Вопыт сведчыць, што ўсё, што даецца моладзі пад выглядам забавы і адпачынку, прагна ёй паглынаецца, а ўсё, што ёй прапаноўваецца пад маркай навукі, груба ёй адштурхоўваецца"6. У артыкуле, прысвечаным гульні Дэлэстра, прапаноўвалася жадаючым яе набыць звяртацца непасрэдна да аўтара, які жыў у Версалі на рагу вуліцы Дафіна, альбо ў кнігарні Парыжа, Люксембурга, Руана і іншых гарадоў. На той момант кошт поўнага камплекта гульні складаў 18 ліўраў7. Паводле інфармацыі рэкламных абвестак, літаральна праз два гады ён падняўся на чвэрць, а аўтар пераехаў у цэнтр Парыжа на вуліцу Галанд8.

игральные карты

Гэты набор геаграфічных гульнявых карт быў надрукаваны ў Парыжы з адмысловым прысвячэннем дому дэ Канці. Па іх "прынц крыві" мог вандраваць па ўсім свеце, не пакідаючы палаца ў французскай сталіцы. Дарэчы, адначасова гэта быў і досыць удалы камерцыйны праект, бо попыт на карты існаваў некалькі дзесяцігоддзяў. У 1772 гг. быў зроблены дадатковы наклад, які прадаваўся ў Парыжы, Бардо, Авіньёне, Лазане, Жэневе, Амстэрдаме і Брусэлі9. У навуковых выданнях таго часу з’яўляліся станоўчыя водгукі на гэтую гульню, бо яе лічылі добра адаптаванай для пачатковага ўзроўню вывучэння геаграфіі10. А французскія газеты рэгулярна друкавалі рэкламу і абвесткі аб месцах продажу карт у розных гарадах11. Выдавец Ж.-Б.Мітуар дзякуючы гэтаму і іншым наватарскім праектам набыў яшчэ большую вядомасць у інтэлектуальным асяродку Парыжа12.

У рэкламным артыкуле, надрукаваным у "Газеце вучоных" (выданні Французскай акадэміі навук) у 1752 г., сцвярджалася, што карты зробленыя ў той жа паслядоўнасці і логіцы, "як настаўнік геаграфіі ажыццяўляе яе выкладанне", а таксама была акрэслена мэтавая аўдыторыя патэнцыйных пакупнікоў: "бацькі, настаўнікі пансіянатаў і ўсе, хто вучыць геаграфію".

Існавала два варыянты набору картачных калод: першы — больш танны, уключаў толькі французскія тэрыторыі, а другі, даражэйшы, быў разлічаны на аматараў еўрапейскай палітычнай геаграфіі. Поўная версія гульні складалася з набору ў адмысловай скрыні з вечкам, якая ўключала ў сябе тры камплекты па шэсць калод карт з інструкцыяй на трыццаці старонках. У ёй аўтар тлумачыў сэнс задумы, педагагічны эфект, магчымыя варыянты гульні для найлепшага авалодання геаграфіяй і пашырэння кругагляду моладзі13.

Дэлэстр апеляваў да педагагічнага досведу, кажучы, што "усё, што вабіць задавальненнямі, мае сілу прыцягваць увагу маладых людзей". Таму ідэя выкарыстаць гульнявыя карты для авалодання геаграфіяй мусіла, на яго думку, даваць гарантаваны вынік.

Кожная калода карт Дэлэстра мела чатыры колеры: чырвоны, жоўты, зялёны і сіні14. Кожная масць складалася з 13 карт, як і мусіла быць у традыцыйнай калодзе. Каралі і дамы мелі кароны, а валеты — каўпакі ці шапкі, у адпаведнасці са звычаямі той ці іншай краіны. Памер карт быў невялікі (8,4x6,1 cм), але дазваляў змясціць шмат інфармацыі.

На карце туза змяшчалася выява герба краіны і дадатковыя звесткі пра ўрадлівасць і камерцыю краю. На карце караля друкаваліся звесткі пра краіну (ці правінцыю), называлася яе сталіца. Карта дамы ўтрымлівала звесткі пра адміністрацыйны падзел тэрыторыі. Карта валета — назвы галоўных рэк. На картах 10, 9, 8, 7, 6, 5, 4, 3, 2 кожнай масці змяшчалася адпаведная колькасць графічных элементаў (гарады з інфармацыяй пра адлегласць паміж імі і сталіцай, пра рэкі, на якіх яны знаходзяцца). Дэлэстр у інструкцыі да гульні выбачаўся, што з-за фармату карт яны змяшчаюць далёка не ўсю інфармацыю, але, бадай, дастатковую для пачатку навучання геаграфіі.

Як трэба было выкарыстоўваць гэтыя карты? Самы просты варыянт — гуляць ва ўсе звычайныя гульні. Але стваральнік прадугледзеў, каб яны лепш служылі адукацыйнай мэце. Ён увёў дадатковую карту з сапраўднай геаграфічнай мапай дзяржаў (ці правінцый) у адпаведнасці з агульнай колькасцю калод. У пачатку гульні яе ўдзельнікам раздавалі гэтыя чатыры карты, якія вызначалі іх месца за сталом (што супадала з правіламі гульні ў папулярную ў той час кадрыль). Гулец, які глядзеў на карту з мапай падчас гульні, вывучаў абрысы краю, які рэпрэзентаваў. З гэтымі картамі можна было іграць у іншыя гульні, пашыраныя ў Францыі ў XVIII ст.: пікет, медыятар, віст.

игральные карты

Каб азарт не замінаў педагагічным мэтам, Дэлэстр палічыў магчымым увесці пэўныя дадатковыя правілы. Так, падчас гульні яе ўдзельнікі маглі запытваць адзін у аднаго назвы сталіц дзяржаў, звесткі пра кліматычныя ўмовы і геаграфічныя тэрміны ("Што такое выспа? Выспа — гэта тэрыторыя меншая за кантынент, абкружаная вадой"). А атрымаўшы карту дамы ці караля, удзельнік гульні мусіў услых пераказаць яе змест. Да карт прадугледжваўся таксама адмысловы дадатак у выглядзе жэтонаў і асобных картак з геаграфічнымі азначэннямі, якія павінны былі выконваць ролю стаўкі падчас гульні. З іх дапамогай можна было канструяваць на стале цэлыя кантыненты. Цікава, што Дэлэстр прадбачыў, што "тэхніка гульні надта мудрагелістая і занадта складаная для некаторых дзяцей"15. Але тое яго не дужа засмучала, бо ён верыў, што нават пры самай простай гульні элементы ведаў міжволі мусяць закладацца ў галовы юнакоў, дзякуючы іх учэпістай памяці.

Сёння ў некаторых еўрапейскіх кнігазборах захоўваюцца поўныя камплекты "Карт для вывучэння геаграфіі" Дэлэстра. У прыватнасці, у Музеі французскіх гульнявых карт зберагаецца скрынка значных памераў з арэхавага дрэва, абклееная мармуровай паперай, у адмысловых ячэйках якой месцяцца калоды карт, гравіраваныя Мікалаем Жанам-Батыстам дэ Пайі і размаляваныя ў колеры масці16. Зазірнём у гэтую скрынку і пабачым наступныя наборы для гульні.

Адна калода прызначалася для частак свету; шэсць — для Францыі; тры — для Германскай Імперыі; адна — для Англіі, Шатландыі, Ірландыі і Галандыі; адна — для Швецыі, Даніі, Нарвегіі і Прусіі; дзве — для Італіі; дзве — для Іспаніі і Партугаліі… Дзе шукаць Беларусь? У калодзе "Вялікая Польшча, Малая Польшча, Чырвоная Русь і Літва", згодна з рэаліямі геапалітыкі сярэдзіны XVIII ст.

Дэлэстр зрабіў адмысловы камплект карт, які ўключаў усю тагачасную Рэч Паспалітую. Калоды для Вялікай і Малой Польшчы мелі адпаведна жоўты і чырвоны колер, калода для Чырвонай Русі — сіні, а для Літвы — зялёны. У Рэчы Паспалітай у гэты час правіў Аўгуст ІІІ Сас, які стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1733 г. пры дапамозе Расійскай Імперыі. У час вайны за польскую спадчыну (1733–1735 гг.) Францыя падтрымлівала іншага кандыдата, цесця французскага караля Людовіка XV, Станіслава Ляшчынскага. Дарэчы, Луі-Франсуа дэ Бурбон Канці (якому была прысвечаная гэтая геаграфічная забава) пачынаў сваю вайсковую кар’еру якраз з удзелу ў дадзеным канфлікце ў складзе войска Францыі. Магчыма, такая пільная ўвага Дэлэстра да Рэчы Паспалітай тлумачыцца і тым, што яго патрон пэўны час разглядаўся як кандыдат на трон Рэчы Паспалітай. Каб дагадзіць Луі-Франсуа дэ Бурбон Канці ён выпусціў для яе асобную гульнявую калоду. Пра гэта можа сведчыць і той факт, што пасля пэўнага ўздыму зацікаўленасці ў Францыі да Рэчы Паспалітай ў канцы XVI–XVII ст. у час стварэння карт Дэлэстра гэты інтарэс зніжаецца, што было, відаць, "вынікам значнага аслаблення ўплыву польска-ліцвінскае федэрацыі ў Эўропе ды пашырэння анархіі ўнутры краіны"17. (Для параўнання: часам буйнейшыя краіны траплялі ў адну калоду. Так, толькі адна калода была прадугледжаная для "Вугоршчыны, Трансільваніі, Турцыі і Масковіі")18.

А цяпер пазнаёмімся з тым, якая інфармацыя пра Вялікае Княства Літоўскае была змешчаная на гэтых картах. Адзначым, што ў артыкуле мы прыводзім тэкст на кожнай карце без выпраўленняў.

 Карта з мапай ВКЛ

LITHUANIE carte

Тэрыторыя ВКЛ на мапе пафарбаваная ў зялёны колер і арыентаваная не на поўнач, а на ўсход. Моцная дэфармацыя канфігурацыі дзяржавы, відаць, выкліканая неабходнасцю ўпісаць вялікую тэрыторыю ў спецыфічны фармат ігральных карт. Сустракаюцца і відавочныя памылкі ў напісанні назваў асобных аб’ектаў на мапе (напрыклад, Браслаў пазначаны як Брэслаў і г. д.).
Зверху на кожнай карце пададзеная назва краіны. У нашым выпадку — ЛІТВА (LITHUANIE).

 Туз

LITHUANIE carte

У цэнтры гэтай карты змешчана выява герба ВКЛ — "Пагоні".
На карце пададзены наступны тэкст:
"Вялікае Княства Літоўскае вельмі ўрадлівае на зерне ўсіх гатункаў. Пашы выдатныя; тут знаходзіцца шмат лясоў, поўных усімі відамі дзічыны, дзікіх жывёл і раёў дзікіх пчол, што робяць свае вуллі ў ствалах дрэваў, а іх мёд белы з вытанчаным цудоўным смакам; у рэках шмат рыбы.
Камерцыя Літвы канцэнтруецца ў Вільні, дзе знойдзеш усе віды тавараў.
Жамойць гэта край лясоў і вельмі высокіх пагоркаў, дзе шмат ласёў. Яна багатая на мёд, тамтэйшыя коні ў вялікай павазе".

 Кароль

LITHUANIE carte

Уверсе карты змешчана выява караля і стылізаваная выява Вільні.
Тэкст:
"Вільня — сталіца ВКЛ. Рака Вілля. Адлегласць ад Кракава 158 лье.
ВКЛ на поўначы мяжуе з Курляндскім княствам, Лівоніяй і Маскоўскай дзяржавай, на ўсходзе з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні з Валынню і Чырвонай Руссю, на захадзе з Польшчай і Прускім княствам. Злучана з ВКЛ Курляндыя, абмежаваная на поўначы Балтыйскім морам і Лівоніяй, на поўдні і ўсходзе ВКЛ, на захадзе — Балтыйскім морам".

 Дама

LITHUANIE carte

Уверсе карты змешчана выява каралевы і стылізаваная выява Мінска.
Тэкст:
"Мінскі (так на карце. — А.С.), цэнтр аднайменнага ваяводства на рацэ Свіслач.
Адлегласць ад Кракава 176 лье.
ВКЛ дзеліцца на тры часткі: уласна сама Літва, малая Белая Русь і Жамойць. Сама Літва мае два ваяводствы: Віленскае і Троцкае. Малая Белая Русь уключае ў сябе шэсць ваяводстваў: Навагрудскае, Берасцейскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае.
Жамойць не мае ўнутранага падзелу. Курляндскае Герцагства дзеліцца на ўласна Курляндыю і Семігалію".

 Валет

LITHUANIE carte

Уверсе карты змешчана выява валета і стылізаваная выява Мсціслава.
Тэкст:
"Мсціслаў, цэнтр аднайменнага ваяводства на рацэ Сож19.
Адлегласць ад Кракава 257 лье.
Найбольш значныя рэкі, што арашаюць ВКЛ, Жамойць і Герцагства Курляндскае ёсць Нёман, Дзвіна, Днепр, альбо Барысфен, і Прыпяць.
Менш значныя Вета, Муша, Дзісна, Вілля, Шчара, Беразіна, Одрваць (Друць. — А.С.), Сож, Гарынь, Стыр".

Далей ідзе восем карт, на якіх прадстаўлены розныя гарады ВКЛ, пазначана іх прыналежнасць да пэўнага ваяводства і адлегласць паміж горадам і Кракавам20. Але тут прысутнічае пэўная блытаніна. Напрыклад, Орша, Друцк, Шклоў, Быхаў і Магілёў нечакана трапілі ў Мсціслаўскае ваяводства.

Х."Віленскае ваяводства ВКЛ: Ашмяна, Вязынь (на Віллі), Мядзел, Браслаў, Вялікамір.
Троцкае21 ваяводства ВКЛ: Трокі (сталіца ваяводства), Коўна, Аліта, Ліда, Беліца".

ІХ."Троцкае ваяводства ВКЛ: Гродна, Луна22, Ваўкавыск.
Ваяводства Навагрудскае ў малой Русі Белай: Наваградак (сталіца ваяводства), Масты, Любань, Нясвіж, Петрыкавічы, Парычы".

LITHUANIE carte

 

VIII."Ваяводства Берасцейскае ў малой Русі Белай: Бярэсце сталіца, Сяльцо (на Ясельдзе), Пінск, Кольна на Прыпяці.
Ваяводства Мінскае ў малой Русі Белай: Барысаў, Пухавічы, Свіслач, Бабруйск".

VII."Ваяводства Мінскае ў малой Русі Белай: Рэчыца, Горваль, Чачэрск, Рагачоў.
Ваяводства Мсціслаўскае ў малой Русі Белай: Крычаў, Быхаў, Магілёў".

VI. "Ваяводства Мсціслаўскае ў малой Русі Белай: Орша, Одручко (Друцк. — А.С.), Шклоў23.
Ваяводства Віцебскае ў малой Русі Белай: Віцебск (сталіца ваяводства), Сураж, Гарадзецк (Гарадок)".

V."Ваяводства Віцебскае ў малой Русі Белай: Ула, Лукомль.
Ваяводства Полацкае ў малой Русі Белай: Полацк (сталіца ваяводства), Туроўля, Суша".

IV."Ваяводства Полацкае ў малой Русі Белай: Ушачы, Дрыса.
Княства Жамойць: Расіены, Меднікі".

ІІІ."Біржы ў Жамойці.
У Курляндыі: Віндаў, Голдынген".

ІІ. "У Семігаліі, у герцагстве Курляндскім: Мітава (сталіца Семігаліі і Курляндыі), Egypten24".

Адметна, што ў першай і галоўнай калодзе гульні "Азія, Афрыка, Амерыка і Еўропа" Рэч Паспалітая таксама няблага рэпрэзентаваная. Сярод галоўных рэк кантынента ёсць: "Вісла, Нёман, Дзвіна, Днепр, альбо Барысфен, Днестр у Польшчы".

А на тройку і чацвёрку трапілі некаторыя гарады Рэчы Паспалітай:

ІІІ."Еўропа: Кракаў, сталіца Польшчы; Кіеў, сталіца Валыні; Брацлаў, сталіца Падолля (Польшча)".

IV."Еўропа: Масква (Масковія), Расіены (Жамойць), Мітаў (Курляндыя), Вільня (Вялікае Княства Літоўскае)".

 Крыніцы інфармацыі Дэлэстра

Цікава высветліць, якімі ж крыніцамі мог карыстацца Дэлэстр, апісваючы Вялікае Княства Літоўскае? Чаму менавіта такая інфармацыя трапіла на яго карты? Біяграфія Дэлэстра, фактычна, не вывучаная. Таму будзем зыходзіць з таго, што пры падрыхтоўцы свайго праекта ён браў звесткі з найбольш аўтарытэтных тагачасных крыніц па геаграфіі Рэчы Паспалітай. Безумоўна, прааналізаваць усе выданні той эпохі цалкам нерэальна. Абмяжуемся некалькімі пазіцыямі, якія найперш звяртаюць на сябе ўвагу з-за відавочнага падабенства тэкстаў (бо на картах ёсць пэўныя падказкі).

Nicolas Lenglet Du Fresnoy

Найперш адзначым чатырохтомнае выданне эрудыта і энцыклапедыста Мікалая Лэнгле (Nicolas Lenglet Du Fresnoy) пад тытулам "Метад для вывучэння геаграфіі, у якім даецца дакладнае апісанне Свету, узятае з лепшых аўтараў" (Парыж, 1716)25. Яно некалькі разоў перавыдавалася і было ў той час найбольш актуальным, аўтарытэтным і папулярным. Пры апісанні Рэчы Паспалітай Лэнгле цешыў самалюбства французаў заўвагай, што "Польшча адносіць да сваіх найлепшых дзён тыя, што прайшлі пад уладай Прынца з дынастыі Анжу (Генрыха Валуа)". У параграфе гэтай кнігі, што змяшчае апісанне ВКЛ, тлумачыцца нечаканае далучэнне да "малой Белай Русі" Берасцейшчыны, што раней стала адносілася да рэгіёна Літвы. "Уласна Літва, паводле Starovolscius26, за якім паўтарае большасць географаў, уключае Віленскае, Троцкае і Берасцейскае ваяводствы, але гэта апошняе перанёс у малую Белую Русь27 вучоны Hartnock28, якому мы верым і за ім паўтараем" 29. Згодна з гэтым тлумачэннем, параграф "Малая Белая Русь" сапраўды апісвае згаданыя ваяводствы. Пра Берасцейскае ваяводства дадаецца, што яно з’яўляецца цэнтрам рэгіёна, званага Палессе. А Мінск паўстае як "вельмі моцны замак сярод балот". (Магчыма, таму для сваёй дамы Дэлэстр абраў з усіх магчымых варыянтаў менавіта Мінск.)

Нарыс пра ВКЛ заслугоўвае асобнага аналізу, бо ў ім шмат вартых дэталяў пра "дастаткова ветлівы і жыццярадасны" народ шляхецкі. А візітнай карткай ВКЛ, паводле аўтара, з’яўляліся лясы, воск, мёд і "такая славутая медавуха".

У некаторых фрагментах тэксты карт Дэлэстра наўпрост цытуюць нарыс Лэнгле. Напрыклад, возьмем тэкст з карты Туз: "Жамойць… тамтэйшыя коні ў вялікай павазе", а ў Лэнгле знаходзім такі сказ: "…тамтэйшыя коні ў вялікай павазе за іх лёгкасць і хуткасць"30.

Аднак памылкова сцвярджаць, што Дэлэстр карыстаўся толькі гэтым выданнем. Так, спецыфіка напісання некаторых беларускіх геаграфічных назваў адсылае нас да яшчэ аднаго грунтоўнага выдання (1700 г.), на гэты раз нямецкага (напрыклад: напісанне назвы Гарадок на Віцебшчыне Horodeck / Budowies ці Друцка як Odruczko / Odrwac)31. Карты Дэлэстра маюць супадзенні і са шматлікімі іншымі геаграфічнымі даследаваннямі і мапамі эпохі32.

Пэўнае падабенства картачнай гульні прасочваецца са згаданай у пачатку артыкула кнігай "Увядзенне ў геаграфію" Г.Дэліля, дзе ў якасці сталіцы ўсёй Рэчы Паспалітай абвяшчаецца Кракаў, а Мінск неадменна пісаўся як "Minski"33. Падзел на параграфы па краінах, які выкарыстаны ў гэтым выданні, выдатна пасаваў для іх пераносу на карты для гульні. Не кажучы ўжо пра славутую мапу Польшчы, выдадзеную Дэлілем ў Парыжы ў 1702 г.34. Аднак, наўрад ці гэтая мапа была адзіным узорам для Дэлэстра. Параўнанне з іншымі вядомымі мапамі эпохі паказалі, што, хутчэй за ўсё, ён аддаў перавагу больш падрабязнай мапе ВКЛ езуіта Яна Няпрэцкага, перавыдадзенай у Нюрнбергу ў 1749 г. Ці мапе 1739 г. Шымана Старавольскага "Regni Poloniae magnique ducat. Lithuaniae"35. Безумоўна, у распараджэнні Дэлэстра было і выдатнае парыжскае выданне мапы паводле Старавольскага і Hartnock, рэалізаванае Тылемонам (Tillemont) у 1697 г., дзе фактычна ўся сённяшняя Беларусь трапіла пад вызначэнне "Літоўская Русь або Белая" ("Russie Lithanique ou Blanche"). Гэта асобна занатавана на змястоўнай легендзе да мапы36. Дарэчы, такая тэрміналогія цалкам укладалася ў французскі акадэмічны падыход сярэдзіны XVIII ст.37. У вялікім геаграфічным слоўніку 1750 г., складзеным "паводле сведчанняў славутых вандроўнікаў і па самых надзейных мапах", ёсць артыкул "Русь літоўская… Яна з’яўляецца часткай Белай Русі і ўключае ўсю ўсходнюю частку Літвы"38.

Нават такая легкадумная крыніца, як гэтыя геаграфічныя гульнявыя карты, дае нам цікавы прыклад уяўленняў замежнікаў пра нашу Бацькаўшчыну трыста–трыста пяцьдзясят гадоў таму. Відавочна, што звесткі пра гарады ВКЛ састарэлі, іначай не патлумачыш згадкі Друцка, Вязыні, Улы, Сушы як значных цэнтраў ВКЛ, што хутчэй мела дачыненне да гістарычных рэалій ХVII ст., чым да сярэдзіны ХVIІI ст.

Паводле Дэлэстра, ВКЛ мела выразныя асаблівасці і выглядала як досыць урадлівы, прыдатны да жыцця край са шматлікімі гарадамі. Не выглядае ВКЛ і простай польскай правінцыяй, што пазней, ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, пераважала ва ўяўленнях еўрапейцаў дзякуючы уплывам польскіх эмігрантаў.

Карты Дэлэстра сведчаць яшчэ і аб тым, што, прынамсі, адукаваная частка дваранства Францыі добра ведала аб стане і адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ВКЛ. Для яго гэтыя далёкія абшары не былі таямнічымі і незразумелымі, пра іх ім станавілася вядома яшчэ з падлеткавага ўзросту.

 

Артыкул упершыню апублікаваны ў "Беларускім гістарычным часопісе". №4, 2018
Спампаваць у фармаце .pdf >>


Крыніцы і заўвагі
* Падатак ("Une taxe sur les cartes a jouer") на гульнявыя карты ў Францыі ў XVIII ст. уводзіўся і адмяняўся некалькі разоў (дзейнічаў у 1701–1719 і 1745–1791 гг.). Chronologie des cartes a jouer // http://cartes.over-blog.org/article-4103444.html
1. Delisle G. Introduction a la geographie. Vol. І. Paris, 1746.
2. Sanchez C. Les livres de jeux aux XVII e et XVIII e siecles: une typologie des lecteurs-joueurs. Diplome national de master. Universite Lumiere Lyon II/2014.
3. Cartes pour apprendre la géographie; № 10. Grande Pologne, Petite Pologne, Russie rouge, Lithuanie : [jeu de cartes, estampe] / Delaistre. 1751 (48?). 1 jeu de 56 cartes, 1 enveloppe: gravure à l’eau-forte avec rehauts de couleur; 8,7 x 6,3 cm.
4. Jeu de cartes géographique // Journal historique sur les matieres du tems (Suite de la clef). Volume 111. Paris, 1772. P. 420–423.
5. Louis Nicolas Delaistre (1720(?) – канец 1760-х гг.(?)).
6. Jeu pour apprendre la géographie // Suite de la Clef, ou Journal historique sur les matieres du tems. Paris. Octobre 1748. P. 249.
7. 1 ліўр складаўся з 20 су і з’яўляўся асновай грашовай сістэмы Францыі пры старым рэжыме. То бок на той момант гэта рахункавая адзінка, а не канкрэтная манета. У сярэдзіне XVIII ст. карова каштавала 30—40 ліўраў, 150 літраў збожжа — каля 10 ліўраў, пакаёўка атрымлівала 12 ліўраў у месяц, а рамізнік мог зарабіць 30 ліўраў.
8. Nouvelles cartes à jouer // Suite de la Clef, ou Journal historique sur les matieres du tems. Paris. Sеptembre 1751. P. 181.
9. Le Journal des sçavans de l’Académie des inscriptions et belles-lettres (France). Paris, 1773. P. 457–458.
10. Cartes pour apprendre la géographie ... par Mr. de Laistre, ingénieur du Roi. A Paris 1772 // La clef du cabinet des princes de l’Europe ou recueil historique et politique sur les matières du tems, № CXXXVI. Luxembourg, 1773. P. 94-95.
11. Annonces et avis divers // Affi ches, annonces, et avis divers : ... feuille hebdomadaire. (Paris). № 50. 12.12.1753. Р. 197.
12. Depaulis Т. Des "fi gures maussades & révoltantes": Diderot et les cartes à jouer (Troisième partie) // Le Vieux Papier. Fasc. 414, octobre 2014. Р. 342.
13. Delaistre L. Cartes pour apprendre la géographie // par L.Delaistre. Paris, 1751.
14. Традыцыйныя колеры для вызначэння масці: трэфа (жолудзь) – зялёны, бубны – сіні, віна (піка) – чорны, чырвы – чырвоны. ВКЛ, згодна з гэтай логікай, — масць трэфа. Дэлэстр, відавочна, замяніў чорны на больш зручны для афарбоўкі геаграфічных карт жоўты колер.
15. Nouvelles cartes à jouer // Suite de la Clef, ou Journal historique sur les matieres du tems. Paris. Séptmbre 1751. P. 185.
16. Музей "Мusée de la carte à jouer d’Issy-les-Moulineaux" набыў камплект з 18 калод карт на аўкцыёне Гатэля Друо за 25 тыс. еўра // Les cartes. La gazette de Drouot https://is.gd/DkVLXQ
17. Лялькоў I. Рукапісныя крыніцы Нацыянальнай бібліятэкі Францыі па гісторыі зносінаў паміж Францыяй і Вялікім Княствам Літоўскім у новы час (XVI–XVIII стагоддзі) // Athenaeum. Т. І. Менск, 1998. С. 32.
18. Прапанаванае бачанне нашай усходняй суседкі адпавядае звычайным стэрыятыпным уяўленням пра Масковію (Mascovie), што з’явіліся яшчэ ў Сярэднія вякі. Бязмежная паўпустая паўночная краіна з вялізнымі лясамі, поўнымі каштоўнай дзічыны. Але галоўнае — гэта снег! "Расія пераважна паўсюль зусім неўрадлівая з-за таго, што большасць яе тэрыторый ляжыць у надзвычай халодным клімаце". Для перасоўвання па гэтых арктычных абшарах мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць аленяў і г. д. З відавочнай сімпатыяй узгадваецца Пётр І, які змяніў да лепшага "найбуйнейшую краіну Еўропы, якая была да яго зусім не цывілізаванай", і заснаваў найпрыгажэйшы горад Еўропы — Пецярбург, дзе "знаходзіцца рускі двор у найпякнейшым і найбагацейшым палацы".
19. Мсціслаў знаходзіцца на рацэ Віхры, прытоку Сажа. Але на карце пазначаны Сож, відаць, як буйнейшая бліжэйшая рака. Хаця ў іншых выпадках такога спрашчэння не дапускаецца. (Напрыклад: "Навагрудак на ручаіне, Ашмяны на ручаіне, Браслаў на возеры".) Такі выпадак з Мсціславам адпавядае галандскаму выданню 1740-х гг. "Мастацтва вывучыць геаграфію без настаўніка, альбо Новы метад лёгкага і хуткага навучання" (L’art d’apprendre la géographie sans maître: ou nouvelle methode d’étudier facilment et un peu de tems. Utrecht, 1742. P. 87).
20. Адлегласць падаецца ў лье. Адно паштовае лье ў 1737–1793 гг. было роўнае 2200 туазаў, ці 4,288 км. Выглядае, што адлегласць беларускіх гарадоў да Кракава падлічана дастаткова карэктна.
21. Трокі напісаныя на картах з памылкай – як "Krokі".
22. Luna (Лунна) – сёння аграгарадок у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці.
23. Одручко – варыянт назвы Друцк. Гл.: Топоров В.Н., Трубачев О.Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 172. У сярэдзіне XVII ст. горад быў разбураны і канчаткова прыйшоў у заняпад. Аднак на картах Дэлэстра "беларуская Троя" яшчэ выступае як адно са значных паселішчаў Мсціслаўскага ваяводства.
24. Egypten – "Егіпет". Такі дзіўны тапонім сапраўды існуе і лакалізуецца недалёка ад Даўгаўпілса (Ēģipte – Medumu pagasts). Вось яго апісанне ў нямецкім выданні той эпохі: "Іншае месца завецца Егіпет і знаходзіцца недалёка ад Дынабурга на самым далёкім канцы Семігаліі". Гл.: Kosmographische Nachrichten und Sammlungen auf das Jahr 1748 / T.Mayer. Homännischen Handlung druckts Ioh. Ioseph Fleischmann, 1750. P. 102. Паводле меркавання А.І.Яўстрацьева, гэты тапонім можа быць адсылкай да біблейскай гісторыі альбо сведчыць пра захапленне тагачасных баронаў Сямігаліі каланіяльнымі назвамі.
25. Лэнгле адаптаваў у 1730-х гг. свой твор па геаграфіі для выхавання дзяцей (Lenglet Du Fresnoy N. Geographie des enfans, ou Methode abregée de la geographie. Divisée par leçons. Paris, 1736). Гэтая кніга была выдадзеная ў перакладзе ў Віленскай друкарні ў 1780 гг. (Lenglet du Fresnoy N. Geografi a Krotka na Lekcye Podzielona dla Nauki Młodzi Przez J. P. Lenglet du Fresnoy po Francusku Napisana a przez J. P. Kajetana Nagurskiego Podkomorzyca Księstwa Żmudzkiego. Wilnа, 1782.) А кніга па гісторыі Лэнгле дае разгорнуты нарыс развіцця ВКЛ і Польшчы да канца XVII ст. (Lenglet Du Fresnoy N. Supplement de la methode pour etudier l’histoire. Avec un supplément au catalogue des historiens. Paris, 1739. Vol 2. P. 490–520).
26. Старавольскі Шыман (1588–1654) – вядомы гісторык і пісьменнік ВКЛ.
27. Тут выкарыстоўваецца дэфініцыя не проста "Белая Русь", а "малая Белая Русь" без асобнага тлумачэння неабходнасці дадатку "малая".
28. Hartknoch Christopher (1644–1687) – прускі гісторык і выкладчык. Аўтар кнігі "De republica Polonica libri duo: quorum prior historiae Polonicae memorabiliora, posterior autem ius publicum reipubl. Polonicae, Lithuanicae provinciarumque annexarum comprehendit. 1687".
29. Lenglet Du Fresnoy N. Supplement de la methode pour etudier l’histoire. Avec un supplément au catalogue des historiens. Vol 2. Paris, 1739. P. 288.
30. Там жа. P. 257.
31. Provinciarum Regni Poloniae Geographica Descriptio: Denen Staats- Kriegs- und Gelehrten Personen Auch Handels und Reisenden Leuten zu sonderbahr bequemen Gebrauch in XXXII. auf einander zutreffenden Tabellen vorgestellet... Stridbeck, 1700. P. 25.
32. Казлоў Л.Р. Старажытная картаграфія Беларусі [Карты]: атлас: [у 3 вып.]. Вып. 2. Мінск, 2006. і Вялікі гістарычны атлас Беларусі [Карты]: у 3 т. Т. 2. Мінск, 2012.
33. Introduction a la geographie. Géographie... / Delisle G. Vol. І. Paris. 1746. P. 153.
34. La Pologne dressée sur ce qu’en ont donné Starovolsk, Beauplan, Hartnoch at eutres auteur rectifi ée par les observations d’Hevelius / Delisle G. (1675–1726). Paris, 1702. 1 carte 48 x 63 см.
35. Regni Poloniae magnique ducat. Lithuaniae nova et exacta tabula ad mentem Starovolcii descripta / à Iohanne Bapt. Homanno Auteur: Homann Johann Baptist (1663–1724). Cartographe Auteur: Starovolski S.: Norimbergae, 1739; Magn. ducatus Lituaniae in suos palatinatus et districtus divisus / delineatus a rever. patre Ioanne Nieprecki; c. Cartographe Auteur: Mayer Johann Tobias (1723–1762). Cartographe Éditeur: Homannianorum heredum Norimbergae. 1749.
36. Le royaume de Pologne comprenant les états de Pologne et de Lithuanie, divisez en provinces et subdivisez en Palatinats, selon les mémoires de Starovolse, de Hartknoch et de plusieurs autres augmenté et reveu par le Sr. de Tillemont / Starovolski, Simon; Hartknoch, Christopher. Paris, 1697.
37. На вядомай амстэрдамскай мапе 1718 г. фігуруе крыху іншы падзел ВКЛ на "Уласна Літву" і "Русь Белую альбо Польскую" ("Russie Blanche ou Polonoise"). [Carte de Pologne avec la chronologie des Rois et des Ducs de Lithuanie. Amsterdam, 1718.]
38. Dictionnaire geographique universel, tire du Dictionaire geographique latin de Baudrand, des meilleures relations des plus fameux voyages, et des plus fi deles cartes. 1750. P. 820.