Язэп Драздовіч і яго "Нябесныя бегі"

Язэп Драздовіч і яго "Нябесныя бегі"

 BY | RU

Пазнай Нябесныя бегі

Яму было амаль 30, калі ў Мінску абвяшчалі БНР. Яму было 40, калі пачалі згортваць беларусізацыю і пераследаваць патрыётаў. Яму мінула 50, калі пачалася Другая сусветная вайна. І яму было 65 год, калі ён памёр. У гэтым годзе, 13 кастрычніка, споўніцца 130 год з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.

65 год Язэп Драздовіч пражыў і яшчэ 65 год прайшло, а не пакідае адчуванне, што яму ўсё жыццё было каля 30. Ён лёгка ўпісаўся б у цяперашнюю культуру даўншыфтараў. Уявіце: спачатку ён атрымаў мастацкую адукацыю. Потым – медычную (і працаваў як вайсковы фельчар). Вяртаецца з вайны і арандуе гаспадарку ў родных Германавічах, дзе арганізоўвае кааператыў “Беларус”.

Далей было настаўніцтва ў розных мястэчках Беларусі. Але не проста настаўніцтва: Драздовіч арганізоўвае мастацкія выставы і майстроўні, едзіць у вандроўкі па Беларусі і пастаўляе навукоўцам слоўнікі, замалёўкі адзення, драўлянай архітэктуры, краю, памяткі з гісторыі. І яшчэ 4 гады бізнэс-арандатарства паміж гэтым.

Пасля 1930 года Драздовіч у Вільні. Беспрацоўны (тунеядзец?), але выдае кнігу сваіх разважанняў пра космас “Нябесныя бегі”. На кнізе – надпіс: “Працу маю гэту, – афярнапрацуючым дзеля навук – на добрае карыстаньне, а бацьком маім, – Нарцызу, што пры жыцьці сваім любіў гутаркі а планэтах і матцы Юзэфе, ад каторай ніраз даводзілася чуць: “Вучыся і пазнай Нябесныя бегі”, – на сьветлую памятку ім, – заафяроўваю”.

Гэтая кніга стала пачаткам. Дзядзька Язэп стварыў арыгінальную дэталёва распрацаваную сістэму касмалагічных уяўленняў, праўда, ужо і на той момант фантастычных. Ён верыў, што ўсе планеты “Соўнечнай” сістэмы населеныя. Што на Месяцы ёсць жыццё – і гэтае жыццё ён падрабязна апісаў у сваіх дзённіках як убачанае ў “самнамбулічных падарожжах”. Драздовіч не ведаў матэматыкі, але разлічваў графічна ўзаемаадносіны планет. Там, дзе не хапала тэрмінаў, ён прыдумляў уласныя азначэнні. І зараз яго лексіка ў каго заўгодна здольная выклікаць “касмавізію”.

Язэп Драздовіч

Што азначала гэтая кніга? Мы не знайшлі адказу. Можна шукаць першапрычыны ў студэнцкіх часах. Драздовіч вучыўся маляванню ў Вільні і шмат часу бавіў у Віленскай публічнай бібліятэцы, чацвёрты паверх якой на той час быў чытальнай залай, але будаваўся як ніжні ўзровень абсерваторыі, дзе захоўваліся інструменты і запісы, экспанаваліся калекцыі. Але яшчэ да нараджэння мастака, у 1883 годзе, абсерваторыя была зачынена, начынне і матэрыялы высланы ў Пецярбург, Варшаву і Пулкава, і засталіся хіба роспісы на сценах і невынішчальны дух сакральнага для навукоўцаў месца.

Сёння кніга “Нябесныя бегі" – гэта ўнікальны графічны аб’ект, у якім творчы складнік мае і тэкст, і ілюстрацыі. Яна ўяўляецца сімвалам апантанасці ведамі і ўпартасці ў дасягненні мэты. Паміж Казімірам Семяновічам і Барысам Кітам у асобе Язэпа Драздовіча чарговы раз увасобілася імкненне беларусаў пазнаць нябесны бегі.

На сайце imago.by можна спампаваць кнігу “Нябесныя бегі”. Некаторыя лінарыты з кнігі вылучаны ў асобныя матэрыялы, каб падкрэсліць іх мастацкую значнасць у якасці твораў графікі.

“Мяне яшчэ пашукаюць”, – казаў так Язэп Драздовіч калісь. Мы выйшлі на след.