Рэпрынт, факсіміле ці навадзел: шэсць спецыяльных тэрмінаў для рэканструктараў матэрыяльнай спадчыны

Рэпрынт, факсіміле ці навадзел: шэсць спецыяльных тэрмінаў для рэканструктараў матэрыяльнай спадчыны

 BY | RU

Ува ўсе часы для розных мэтаў людзі рабілі копіі каштоўных выяў і дакументаў. Разлічаныя на шырокага спажыўца, копіі маглі быць максімальна спрошчанымі. Для патрэб эстэтаў ствараліся шэдэўры капіявання.

Такі разброс у мэтах і падыходах прымушаў людзей шукаць адпаведныя назвы для копій. Ніжэй – шэсць тэрмінаў, без якіх не абысціся рупліўцам матэрыяльнай культуры.

bookpage

Рэпрынтам называюць узнаўленне выявы, публікацыі, якое захоўвае яе агульны арыгінальны выгляд, але дапускае выпраўленні (пашкоджанняў, памылак, замену тэксту і пад.). 

Факсíміле – паўтор або аднаўленне любога графічнага матэрыяла (малюнка, гравюры і пад.), што перадае дастаткова дакладна менавіта той асобнік, з якога факсіміле зроблена. Стваральнікі факсіміле ў розныя часы карысталіся любымі сродкамі (ад перамалёўвання праз празрысты матэрыял да фатаграфавання), каб атрымаць максімальна дакладную выяву. 

Звярніце ўвагу: пра матэрыяльны носьбіт рэпрынта і факсіміле гаворка не вядзецца. Напрыклад, на выставе "Беларусь і Біблія" (Мінск, 2018) былі прадастаўленыя факсіміле ранніх тэкстаў, выкананыя на пластыку, які імітаваў пергамент (галоўная мэта – максімальнае падабенства на вока).

Па прынцыпе факсіміле створаны копіі лінарытаў Язэпа Драздовіча. Выявы дакладна паўтараюць адбіткі з кнігі "Нябесныя бегі" (1932). Факсіміле надрукавана ўручную, аднак папера абрана больш шчыльная і якасная за арыгінальную.

part radz

У 1980-х з’явіўся тэрмін жыкле – гэта Fine Art print, або адбітак, надрукаваны з лічбавай копіі выявы на струмянёвым прынтары з высокай колераперадачай (не менш за 16 мільёнаў колераў). Для жыкле вырабляюць адмысловыя паперу і атрамант – усё для таго, каб атрымаць максімальна дакладную выяву: з насычанымі колерамі і гранічнай дэталізацыяй. Часам яго называюць архіўным друкам, бо ён гарантавана захоўваецца болей за 100 год.

Па сутнасці, кожнае жыкле – гэта факсіміле, але не кожнае факсіміле - гэта жыкле. 

giklelarge

Ёсць яшчэ два цікавыя тэрміны, якія можна прымяніць да капіявання карт і гравюр: рэканструкцыя і рэпліка.

Калі кажуць пра гістарычную рэканструкцыю, маюць на ўвазе працэс аднаўлення матэрыяльнай або духоўнай культуры пэўнага гістарычнага перыяду. У двух словах, неабходна вывучыць апісанне аб’екта/працэсу ў крыніцах і перастварыць яго наноў. Для гістарычнай рэканструкцыі важна паўтарэнне працэсаў стварэння. Калі мы гаворым пра рэканструкцыю гравюры, дык адбітак павінен быць атрыманы ў той жа спосаб, што і арыгінал.

Прыклад – карта свету Джавані Андрэа Вавасорэ, падрыхтаваная ў майстэрні imago.by да 500-годдзя беларускага кнігадруку. У свеце захавалася толькі 6 арыгінальных асобнікаў гэтай карты, і ці не ўсе з іх маюць страты. Каб атрымаць пачатковую выяву, была рэканструявана форма. Карта была надрукавана паводле старой тэхналогіі на паперы ручной адліўкі.

paliam

Сутнасць тэрміна рэпліка крыху розніцца залежна ад сферы ўжытку: для мастацтва ў рэпліцы твора могуць быць зменены памеры і нават асобныя дэталі, для матэрыяльных аб’ектаў гаворка ідзе звычайна пра поўнамаштабную функцыянальную мадэль-копію, прычым дапускаецца выкарыстанне сучасных матэрыялаў і тэхналогій. Асноўная мэта – знешняе падабенства, стварэнне аб’ёмнай ілюзіі. 

І абсалютна несправядліва грэблівую канатацыю атрымаў тэрмін навадзел (магчыма, менавіта таму ён не мае адпаведніка ў беларускай мове). У шырокім сэнсе так называюць сучасныя копіі старых рэчаў. Тым часам навадзелы пачалі ствараць яшчэ ў эліністычную эпоху (больш за 2000 год таму), калі капіявалі творы папярэднікаў.

Значэнне копіі ў мастацтве сёння, як і даўней, – у захаванні рэдкіх аб’ектаў, а таксама ў папулярызацыі іх. Нягледзячы на распрацаванасць тэрмінаў, часта немагчыма строга разнесці копіі па катэгорыях. У залежнасці ад задач, якія стаяць перад рэканструктарам, копія можа быць адначасова факсіміле і рэканструкцыяй.