Апісанне Літвы з "Касмаграфіі" Себасцьяна Мюнстэра

Апісанне Літвы з "Касмаграфіі" Себасцьяна Мюнстэра

 BY | RU

munster-littaw title

 

Пераклад тэкстаў пра старадаўнія Літву, Русь, Жамойць (рэгіёны Вялікага Княства Літоўскага), а таксама Масковію зроблены Давідам Алегам Лісоўскім паводле выдання 1545 года (Базель).

У якасці крыніцы быў выкарыстаны асобнік з бібліятэкі Універсітэта Генрыха Гайнэ ў Дзюсельдорфе (urn:nbn:de:hbz:061:1-4685). Правапіс аўтара перакладу захаваны.

Біяграфіі нямецкага гуманіста Себасьцяна Мюнстара прысвечаны асобны артыкул >>

Касмаграфія, альбо апісаньне Зямлі

Себасьцяна Мюнстэра
(1545 г., Базэль)

Кніга Чацьвёртая

[с. 640]

Літва.

munster-littaw1Літва прымыкае да Польшчы і большай часткай пакрытая балотамі і лясамі, і таму не так проста туды дабрацца, асабліва на конях, акрамя як у зімовы час, калі балоты і азёры пакрытыя крыгой, і сьнег ляжыць у краіне. Бо звычайна там гандляры рухаюцца па вадзе як па мору і арыентуюцца толькі па зорах альбо па компасе, таму што іншай ніякай дарогі там няма. Літва мае мала гарадоў і вёсак.
Яе багацьце складае быдла.

[с. 641]

і футра разнастайных жывёл. Воск і мёд маюць яны звыш меры. Яны не карыстаюцца грошамі. Мужчыны дазваляюць, каб іх жонкі мелі палюбоўнікаў, якіх яны завуць памагатымі шлюбу. Аднак калі мужчына мае яшчэ адну жанчыну акрамя сваёй законнай жонкі, гэта лічыцца заганным. Яны вельмі проста разрываюць шлюб пры згодзе абодвух і бяруцца шлюбам з іншымі. У гэтай краіне рэдка можна знайсьці віно. Хлеб чорны, зроблены з грубай мукі. Яны карыстаюцца ячменем і пшаніцай і выпякаюць іх разам з канюшынай. Аднак паны карыстаюцца белым хлебам. Іх заробак складаецца амаль толькі з быдла. Адносна мовы яны падобныя да палякаў. Паводле рэлігіі ў Літве ёсьць шмат тых, што вядуць багаслужэньне на грэцкі манер. Таксама сярод іх там яшчэ можна знайсьці некаторую колькасьць паганцаў, якія пакланяюцца ідалам. Сталіца гэтай краіны – Вільня, і там таксама маецца біскупства, і горад гэты такі самы вялікі, як Кракаў з яго прадмесьцямі. Аднак ніводны дом не стаіць паблізу ад іншых, але ўсе дамы маюць паміж сабой сад і двор, як у вёсках. Там жыве таксама некаторая колькасьць татараў, пад Вільняй у пэўных вёсках, і яны працуюць на зямлі і перавозяць тавары гандляроў з аднаго гораду ў другі, карыстаюцца татарскай мовай і вызнаюць магаметанскую веру.

munster-littaw2Літва гэта вялікае і шырокае герцагства, якое раскідваецца далёка на поўнач, бо ў Вільні Полюс падымаецца на 54 градусы [Касмаграфія 1598: ... на 54 градусы. А некаторыя кажуць, 57 градусаў]. Гэты народ у мінулым [Касмаграфія 1598: некалькі стагодзьдзяў таму] быў у вялікай пагардзе з боку русінаў, што князь кіеўскі з-за іх жабрацтва патрабаваў ад іх толькі вяроўку-пояс і некалькі садовых слупоў, што яны павінны былі даць на знак свайго падпарадкаваньня яму. Аднак паўстаў у Літве герцаг, якога звалі Віцень, ён быў непакорлівы русінам і сам сябе прызначыў герцагам сярод простых людзей, і таксама пачаў вайну супраць русінаў і ў гэтым паводзіўся настолькі мужна і асьцярожна, што ўтрымаў поле1  і такім чынам атрымаў перавагу ва ўладзе, што да яго адышла нават некаторая частка Русі, якая мусіла плаціць яму даніну. Яго нашчадкі часта нападалі на русінаў, як таксама і на прусаў, маскавітаў і палякаў, і рабавалі іх, пакуль герцаг Конрад, які валадарыў над Масковіяй2, не заклікаў нямецкіх братоў крыжа з Прусіі і не папрасіў абараніць ад літвінаў і іх набегаў. Такім чынам нямецкія браты падпарадкавалі сабе літвінаў да часоў двух братоў Альгерда і Кейстута. Кейстут быў вялікім перасьледчыкам хрысьціян, які ў адным баі тройчы трапіў у палон да братоў крыжа з Прусіі і кожны раз супраць іх волі хітрасьцю выбіраўся з вязьніцы. Аднак нарэшце ён быў забіты сынам свайго брата, Ягайлам, які хутка пасьля таго хрысьціўся і быў названы Ўладзіславам у 1386-м годзе хрыстовым, і пабраўся шлюбам з дачкой польскага караля, атрымаўшы таксама і яе дзяржаву. Калі гэта адбылося, ён накіраваў шмат намаганьняў на тое, каб яго народ, літвіны, таксама сталі хрысьціянамі, таму ён узяў біскупа і іншых духоўнікаў і разам з некаторымі землеўласьнікамі ў годзе, які лічаць 1387-м, уварваўся ў Літву і дасягнуў таго, каб літвіны прынялі сьвятое хрышчэньне, а да таго яны пакланяліся

[с. 642]

агню, лясам і зьмеям. Агонь іх сьвятары падтрымлівалі ўвесь час нязгасным, зьмей і вужакаў яны трымалі ў сваіх хатах таксама як і сваіх хатніх ідалаў. Аднак кароль Уладзіслаў пагасіў агонь у Вільні, разьбіў храм і алтар, высек лес, якому яны пакланяліся, і загадаў, каб людзі забілі зьмяю. Калі гэта адбылося, яны перайшлі ў хрысьціянскую веру і хрысьціліся.

Потым у Вільні таксама была фундаваная саборная царква, і яе алтар быў пастаўлены на тое месца, дзе дагэтуль гарэў вечны агонь.

Жамайція.

Зямля Жамайція ляжыць на поўначы, прымыкае да Літвы, Прусіі і Ліфляндыі, яна аточаная лясамі і рэкамі і зьяўляецца халодным краем.

Людзі там – ладныя і высокія, аднак грубага і лютага нораву. Яны сілкуюцца малай колькасьцю ежы, пьюць ваду, зрэдку піва ці таксама медавуху. Некаторы час таму яны ня ведалі ані золата, ані срэбра, ані жалеза ці нават віна. Мужчына можа мець шмат жонак, і калі бацька памірае, то сын можа ўзяць сабе сваіх сводных маці, альбо жонку свайго брата. Яны маюць бедныя, нікчэмныя хаты, зробленыя з дрэва, саломы і гною, у форме жалезнай гуты, і ў іх маецца зьверху адно вялікае, шырокае акно, якое дае сьвятло ўсёй хаце. Там знаходзіцца бацька сямейства, яго жонка, дзеці, слугі, прыслужніцы, быдла, збожжа і ўсе хатнія прылады. Там яны таксама падтрымліваюць вечны агонь, вакол яго яны сядзяць і не толькі вараць на ім, але таксама і бароняцца ад лютага холаду, які амаль увесь год пануе ў іх. Народ там схільны да чарадзейства [Касмаграфія 1598: да рабаўніцтва], і акрамя іншага яны пакланяюцца агню. Бо яны мяркуюць, што ён ёсьць сьвятой і вечнай рэччу. Ён быў закладзены на высокай гары адным сьвятаром, які ўвесь час падкідвае дровы. Кароль Уладзіслаў паскакаў да вежы, у якой быў агонь, і загасіў яго, і загадаў высекчы тыя дрэвы ў лясох, якім яны пакланяліся. Таму што яны меркавалі, што лясныя птушкі і дзікія зьвяры там зьяўляюцца сьвятарнымі. І калі нехта ішоў у лес і нешта там псаваў, то яму чорт перакручваў рукі і ногі, таму яны былі вельмі зьдзіўленыя, што польскія слугі не мелі нічога супраць таго, каб пасекчы дрэвы. Яны таксама мелі вогненныя печы ў лясах, для кожнага полу асобна, на якіх яны спальвалі памерлых з конямі, сёдламі і з лепшай вопраткай. Яны таксама ставілі там крэслы і клалі на іх выпечку ў выглядзе сыра і вылівалі медавуху на печ, мяркуючы паводле сваёй веры і глупства, што душы памерлых прыходзяць ноччу і харчуюцца там. Калі ж кароль Уладзіслаў падпарадкаваў жамайтаў адносна веры, ён загадаў хрысьціць іх усіх і заснаваў біскупства ў Медніках. Потым ён перадаў вялікае герцагства Літоўскае і Жамайцію сыну свайго брата, якога звалі Вітольд і які быў дзёрзкім ваяром. Ён таксама захапіў пад сваю ўладу герцагства Пскоўскае і герцагства Ноўгарадскае, якое называюць Ноўгародчынай, і трэцім герцагства Смаленскае, і калі ён задаволіўся, то рушыў супраць татараў і захапіў сабе вялікую колькасьць татараў, якіх ён пасяліў у Літве, і яны дагэтуль яшчэ знаходзяцца там. Пасьля гэтага ён з вялікай моцай рушыў у Татарыю, аднак яго людзі былі разьбітыя, а ён сам уцёк і вярнуўся ў Літву.

[с. 643]

Тады імпэратар Жыгімонт вырашыў пасеяць разлад паміж каралём Уладзіславам і герцагам Вітольдам, і паведамў герцагу Вітольду, што ён хоча зрабіць яго каралём Літвы, і даслаў яму дзеля гэтага карону праз Марк і Прусію. Аднак шляхта з Польшчы не хацела дапусьціць гэтага і зладзіла варту з выведчыкамі. Калі паслы імпэратара наблізіліся да іх, то з жаху адразу павярнулі назад.

Пра некаторыя гарады ў Літве.

munster-littaw3Вільня, як было сказана, ёсьць сталіцай у Літве і ляжыць у 60 мілях ад Прусскага мора. Аднак ад Рыгі налічваецца да Вільні 70 міль.

Ад Кіева, дзе зьліваюцца вялікі і малы Барысфен, якіх цяпер завуць Дняпро і Буг, да гэтага месца налічваецца 70 міль, і там край мяжы літвінаў. Аднак, калі лічыць з іншага боку, ад Паркова, што ляжыць на мяжы Літвы, да Вільні налічваецца 120 міль. Таксама ад Кракава да Вільні налічваецца 100 нямецкіх міль. Ноўгарад і Ноўгародчына - гэта горад, які таксама належыць да Літвы, зьяўляецца трошкі больш шырокім за Рым. Бо Рым займае з сваімі ваколіцамі 6 нямецкіх міль з паловай, але Ноўгарад мае 7 поўных міль у сваёй акружнасьці. Ён ляжыць у трох мілях ад мора і мае выключна драўляныя будынкі. Яго захапіў Іван, гэта Іоан Маскавіт, да гэтай падзеі налічваецца ад нараджэньня Хрыстова 1479 год, і загрузіў там тры сотні вазоў срэбрам, золатам, каштоўнымі каменьнямі і іншымі каштоўнымі рэчамі і гандлёвымі таварамі. Бо там знаходзілася шмат заможных гандляроў. Гэты горад мае столькі цэркваў, як дзён у годзе. Ён ляжыць так далёка на поўначы, што ўлетку, каля дня сьвятога Яна, пасьля закату сонца застаецца настолькі сьветла, што шавец і кравец усю ноч бачаць як шыць. Пскоў – гэта іншы выбітны горад, вялікі і аточаны мурам, але ён меншы за Ноўгарад, ён ляжыць паміж Літвой і зямлёй Маскавітаў. Яго жыхары аднолькавыя з русінамі што да традыцый і да мовы, яны не стрыгуць ані бараду, ані валасы. Ад гэтага гораду край названы Пскоўскім і мае 60 міль у даўжыню і 40 у шырыню. У Літве ёсьць чатыры мовы. Першая – яцвяжская, і на ёй мала хто размаўляе. Другая гэта літоўская і жамойцкая. Трэцяя гэта пруская3. І чацьвёртая гэта латвійская, ці ліфляндская, вакол горада Рыгі. Аднак польская і нямецкая мовы прынятыя амаль паўсюль у Прусіі, Літве і Ліфляндыі.

Трэба адзначыць таксама, што пад Вільняй жыве некаторая колькасьць татараў, як ужо раней паведамлялася, і таксама маюцца ў Літве жыды, асабліва ў горадзе Трокі.

Таксама ў Літве пачынаецца малы Дон, ці Танаіс, таксама выцякае з яе Дняпро, ці Барысфен, і

[с. 644]

цячэ праз Смаленск і Кіеў пэўна 300 міль да Понтыйскага мора. Таксама Вілія, іншая рака, пачынаецца пад Вільняй і бяжыць пэўна 30 міль на ўсход, дзе разам з Вілам, іншай ракой, упадае ў воды Нёмана, які цячэ амаль кругам і ўпадае ў Прускае мора каля замка Коўна. Дзьвіна, вялікая рака, пачынаецца ў Масковіі і цячэ праз Літву, праходзіць каля Рыгі ў Ліфляндыі і ўпадае ў тое самае мора.

Яны маюць у Літве разнастайныя медавухі, ад якіх яны нават робяцца пьянымі, аднак просты народ пье ваду. Край мае разнастайнае быдла і шмат дзічы з вялікіх неабжытых мясьцін, і шмат лясоў, дзе таксама можна знайсьці велізарных дзікіх жывёл, такіх як першабытныя буйвалы і дзікія быкі, якіх яны называюць турамі і зубрамі, дзікія аслы і коні, алені, казлы, барсукі, мядзьведзі і інш.
У Літве ёсьць нават дрэнная звычка сярод моцных, калі яны разам зьбіраюцца ў карчме, то сядзяць яны з поўдня да поўначы і напаўняюць сябе больш і больш, пакуль іх не ванітуе, а потым яны зноўку пачынаюць жэрці. Гэтая звычка таксама распаўсюджаная ў зямлі маскавітаў і сярод татараў. Таксама ў гэтых краях ёсьць стары звычай, што людзей прадаюць як быдла, і вольныя людзі сярод бедных прадаюць ад жабрацтва сваіх дзяцей, каб яны атрымлівалі такім чынам ад свайго пана дастаткова ежы, якой бы грубай яна ні была.

Русь.

munster-littaw4Русія і Рутэнія, якую таксама называюць Падоліяй, у мінулым называлася Раксаланія. Яна ляжыць за Польшчай і прымыкае на поўдні да Малдавіі і Валахіі. Гэта вельмі ўрадлівы край і мае вельмі шмат мёду. Таму тут толькі трошкі апрацоўваюць зямлю плугам і кідаюць туды зерне, а яна дае тры гады ўраджай, аднак калі пакінуць трошкі зерня ў зямлі падчас збору збожжа, то яны вырастуць без усялякай іншай апрацоўкі зямлі. Пчолы пакідаюць свой мёд не толькі ў сваіх вульлях і пустых дрэвах, але паўсюль на берагах рэк і ў пячорах скал, там яны зьбіраюць свой мёд, з якога людзі робяць смачную медавуху і вялікія воскавыя кругі.

У гэтай Русі знаходзяцца вобласьці Галіцыя, Пржэмыслія, Занок і Львоў. Гэты Львоў, ці па нямецку Лемберг, зьяўляецца сталіцай у Русі, ён набыў сваё імя ад імпэратара Льва ў памяць аб вялікай перамозе, якую той атрымаў над народамі гэтай зямлі. Тут вядуць вялікі гандаль турэцкія і хрысьціянскія гандляры, ён ляжыць у 50 мілях за Кракавам. На поўначы знаходзяцца панствы Хельм і Бельзэн. З Масковіі цячэ рака Барысфен, ці Непр, які,

[с. 645]

аднак, жыхары гэтага краю называюць Дняпро, і ён бяжыць праз Літву і Белую Русь у Пантыйскае мора. У Русі не расьце ніякага віна, але яго прывозяць туды з Венгрыі, Малдавіі і Валахіі. Там робяць шмат разнастайнага піва, маецца шмат коней, кароў, быкоў і авец, шмат кунічага і лісьега меха. Таксама маецца шмат рыбы ў рэках. Там садзяць у ваду маленькага малька, бо дзе ёсьць вада, кажуць яны, там завядуцца й рыбы ад расы нябёснай. У гэтым краі здабываюць соль з аднаго возера, якое называецца Кацібей, асабліва пры сухім надвор’і, з гэтай нагоды русіны таксама ўвесь час знаходзяцца ў стане вайны з татарамі.

Край Белай Русі, які ляжыць за Дняпром, мае шмат аеру каля Дону, гэта Танаіс, таксама маецца шмат рэвеню там і ў Літве, і таксама шмат іншых траваў і карэньняў, якія больш нідзе не знайсьці. У Хельмскім краі маецца шмат крэйды, якую здабываюць і экспартуюць да нас. У Русі пражывае шмат жыдоў, якія забясьпечваюць сабе жыцьцё апрацоўкай палёў і гандлем. Яны таксама трымаюць мытні і іншыя падобныя службы. У горадзе Камень і ў Лебмергу жывуць армяне, вельмі славутыя гандляры, якія вандруюць да Кафы, Канстантынопаля, Александрыі, Алькаіра і Калькуты, якія ўсе зьяўляюцца вялікімі гандлёвымі гарадамі. Русіны маюць асаблівы шрыфт, аднак паводле стылю падобны да грэцкага. Жыды карыстаюцца таксама сваім шрыфтам і вывучаюць сярод сябе астраномію і медыцыну. Армяне карыстаюцца сваім шрыфтам і сярод іншых сьвятых апосталаў шануюць Юду Тадэя, кажуць, ён прывёў іх да веры. Яшчэ яны шануюць Барталамея, ад якога яны перанялі шмат артыкулаў веры.

У Лембергу маецца арцыбіскупства, пад якім знаходзяцца русіны і літвіны. Там спыняюцца хрысьціяне, грэкі, армяне, жыды і туркі, якія ўсе прыбываюць з сваім гандлярскім скарбам.
У Кіеве калісьці таксама было арцыбіскупства, пад якім знаходзіліся грэцкія біскупы праз Малдавію і Валахію да Тонава. Белые русіны знаходзяцца пад князем Масковіі. Пад ім таксама знаходзіцца вялікі горад Ноўгардыя ці Ноўгарад, пра які тут раней у апісаньні Літвы шмат было сказана. Пра гэты горад пайшла вось такая прымаўка: хто можа йсьці супраць Бога і супраць вялікага Ноўгарада.

Край маскавітаў.

Масковія, ці край Маскавітаў атрымаў гэтае імя ад адной ракі, што называецца Москус, якая працякае там і ўпадае ў Паўночнае мора. На гэтай рацэ ляжыць горад Моска ці Масква, які ёсьць сталіцай маскавітаў і пераўзыходзіць усе іншыя гарады гэтага краю паводле памераў, прыгажосьці, моцы, наяўнасьці рэк, і таксама праз магутны замак, які стаіць там.

Хаты ўсе драўляныя, адрозьніваюцца адна ад адной разнастайнымі пакоямі, і няма тут дома, каля якога не было б дэкаратыўнага саду, дзе расьцяць травы, гэта робіць горад таксама вельмі шырокім, што ён прыкладна ўдвая большы за Прагу ў Багеміі. Рака Москус упадае на поўдні ў раку Аку каля горада Каломны, потым Ака ўпадае ў раку Вольгу каля маленькага горада Ноўгарада. Маскавіцкі край вельмі доўгі і шырокі. Бо ад Смаленску да Масквы 100 міль, ад Масквы да Валошка

[с. 646]

munster-littaw8

налічваецца таксама 100 міль. Ад Волагды да Усьцюга 100 міль, ад Усьцюга да Вяткі 100 міль, і гэтыя 400 міль ахопліваюць Маскавіцкі край4. Яны карыстаюцца паміж сабой славенскай мовай. У гэтым краі маецца шмат герцагстваў, кожнае зь якіх багатае на дваран і ваяводаў. Герцагства Маскоўскае можа выставіць на поле тройчы па сто тысяч дваран і 60 тысяч сялян. Герцагства Цьвярское можа выставіць 40 тысяч годных у войска мужчын з дваранства, яго сталіцай ёсьць Цьвер, каля якой рака Вольга цячэ ў герцагства Хельмскае, якое можа адправіць у поле 7 тысяч. Княства Разанскае можа выставіць

[с. 647]

15 тысяч дваран, і там пачынаецца славутая рака Дон, ці Танаіс. Таксама ёсьць Казанскі край татараў, які можа вылучыць 30 тысяч годных у войска мужчын і падпарадкоўваецца Маскве, назву сваю мае таксама ад замка Казань, які ляжыць на Вольге. Маскоўскі замак ляжыць у цэнтры горада на раўніне, аточаны моцным мурам, у ім знаходзяцца 16 цэркваў. Бо ён такі самы шырокі па сваім памерам, як Офэн у Венгрыі. Маскавіцкі край раўнінны, поўны лясоў, рэк, рыбы і дзікіх зьвяроў, таксама як і Літва, аднак больш халодны і знаходзіцца паўночней, з-за чаго таксама тамашняе быдла меншае і без рагоў, аднак людзі моцныя і ладныя. Яны апрацоўваюць зямлю драўлянымі прыладамі і карыстаюцца кіем у якасьці бараны. Збожжа рэдка вырастае сваечасова з-за халадоў, таму пасьля жніва яны сушаць снапы ў памяшканьнях. Яны не маюць ані алея, ані віна. Край гэты добра ахоўваецца, што не толькі прыгонныя і палонныя, але нават вольныя ўраджэнцы краіны і госьці, што прыбываюць туды, не могуць пакінуць яго без княскай згоды і дазволу.

У Масковіі бяруць свой пачатак шматлікія рэкі, сярод якіх найвыбітным ёсьць Дон, які бяжыць да самых межаў Скіфіі і Татарыі, потым паварочвае на поўдзень і бяжыць у Меотычнае мора. У мінулым гэтай ракой падзялялі Эўропу ад Азіі, і яна ўдвая большая за Дунай пад Офэнам. Тут пачынаюцца таксама іншыя буйныя рэкі, як Дзьвіна, Дняпро, Вольга альбо Эдэль. У якую, калі яна працякае 200 міль на поўнач, прымешваецца рака што завецца Ака, якая прыходзіць з цэнтра Масковіі. Затым Эдэль цячэ 80 міль далей да замка які завецца Казань, а адтуль яна 25 рэкамі ўпадае ў мора.

У Казані, што належыць маскавітам, жывуць татары, якія маюць магаметанскую веру.

munster-littaw5Маскавіты вельмі моцныя людзі і ў сражэньнях карыстаюцца лукамі і доўгімі дзідамі. Аднак вершнікі носяць поўную браню і апранаюць у якасьці шалома завостраную жалезную шапку. Жанчыны маюць звычай насіць пэрліны і іншыя каштоўныя каменьні ў сваіх вушах, і так робяць нават маленькія дзяўчынкі. Яны лічаць жанчыну бессаромнай, калі яна ў трэці раз выходзіць замуж. Тое самае кажуць і пра мужчын, калі яны ў трэці раз ажэняцца. Яны вельмі схільныя да бруднасьці, і да выпіўкі яны таксама прыхільныя праз меру. У іх краіне пьюць ваду і піва, і таксама медавуху, а яшчэ яны робяць кіслы напой, які яны называюць квасец. Таксама яны робяць з аўса і мёда, і таксама з малака, дыстыліраваную ваду, якая атрымліваецца настолькі моцнай, што яны часта ад яе пьянеюць. Аднак іх князі забараняюць ім напівацца цалкам губляючы галаву, акрамя 2 ці 3 разоў на год, калі ім гэта дазваляецца. Яны карыстаюцца вялікімі і малымі срэбнымі манетамі, не круглымі, але чатырохкутнымі. У летнія часы гэты край робіцца ў некаторых мясьцінах цалкам балоцістым, як і Літва; мае шмат лугоў для быдла, мае таксама дзікіх жывёл, напрыклад, першабытных быкоў, якіх некаторыя называюць Турамі, а іншыя Бізонтамі, і таксама ласёў, якія выглядаюць падобна да аленя і маюць мясістую пысу і высокі круп. Немцы называюць іх гелендамі. Таксама там водзяцца вялікія і чорныя

[с.648]

ваўкі, які страшней за нашых ваўкоў. Узімку людзі рэдка падарожнічаюць у Вільню і ў Маскву, бо там усё замярзае, аднак улетку патрабуецца шмат высілкаў і працы, каб прабрацца праз балоты і азёры, асабліва на конях. Таму што тады трэба будаваць шмат драўляных мастоў цераз азёры, рабіць канавы і ямы. Тут, у Маскавіцкім краі, не расьце ніякай салодкай садавіны, акрамя вішні. Іх найбольшы прыбытак складаецца з воску й мёду. Бо ўвесь гэты край напоўнены ўрадлівымі пчоламі, якія робяць мёд не толькі ў вульлях, якія людзі падвешваюць ім, але напаўняюць мёдам таксама пустыя ствалы дрэваў у лясох. Тады ў лесе можна ўбачыць вялікі пчаліны рой, што вісіць каля дрэваў. Такім чынам часта знаходзяць дрэвы, поўныя старога мёду, якія пчолы пакінулі, выбраўшы сабе новае прыстанішча, куды яны будуць прыносіць мёд. Таму людзі ў вялікіх і працяглых лясох не могуць знайсьці ўвесь мёд.munster-littaw6 Часам здараецца, што людзі знаходзяць пустыя дрэвы ў возавую бочку5 велічынёй і шырынёй, якія запоўнены мёдам. І пра гэта піша Паўль Ёвій6, што Дземетрый, адзін маскавіт у Рыме, распавядаў некалькі год таму, як у яго мясцовасьці быў адзін селянін, які аднойчы пайшоў у лес, жадаючы знайсьці мёд, і знайшоў таксама вялікае пустое дрэва поўнае мёду. І калі ён залез туды, жадаючы паглядзець на мёд, то праваліўся па грудзі ў мёд і тырчэў там два дні, бо ён не мог адтуль выбрацца. Ён, канечне, крычаў гучна, аднак у лесе не было нікога, хто б яго пачуў. І калі ён ужо адчаяўся, што мусіць памерці ў мёдзе, цудам прыйшоў туды мядзьведзь і выцягнуў яго адтуль. Бо мядзьведзь хацеў забрацца на дрэва і паесьці мёду, а мужык схапіў яго дзьвума рукамі за пасмы і ўзьняў такі вялікі лямант, быццам хацеў прагнаць мядзьведзя, тады мядзьведзь так перапужаўся, што спрытна выбраўся адтуль і выцягнуў мужыка з сабой разам. У гэтых краях надта шмат мядзьведзяў, яны вельмі спакусьлівыя на мёд, не толькі таму, што ядуць яго, але таксама таму, што ён, як піша Пліній, дапамагае іх дрэннаму зроку. Бо ад прыроды іх вочы вельмі часта сьлепнуць, і тады яны бягуць да меданосіц ці пчол і раз’юшваюць іх у іхніх вульлях, каб тыя абкусалі ім пысу да крыві, і гэткае кровапусканьне дапамагае іхнім вачам. Узгаданы Пліній піша пра іх нораў, што самка не ходзіць цяжарнай больш за 30 дзён і нараджае адначасова 5 медзьведзяняткаў разам, яны акрываўленыя і белыя, без шэрсьці і без вачэй, трошкі большыя за мыш, ляжаць там, нібыта кавалкі мяса, не маючы нічога, акрамя кіпцюроў. Аднак маці вылізвае іх так доўга, пакуль яны не набываюць звычайны выгляд. Першыя 14 дзён яны такім чынам моцна спяць, што іх немагчыма разбудзіць нават уколамі ці ранамі, і ад гэтага робяцца даволі тоўстымі.

[с. 649]

munster-littaw7Пасьля 14 дзён яны прачынаюцца і смокчуць пярэднія лапы, за кошт чаго й жывуць. Больш немагчыма знайсьці ніякай іншай ежы, якую б яны прымалі ў першы перыяд дзяцінства, пакуль вясной яны не пачынаюць бегаць, тады яны ўжо пачынаюць, адпаведна сваёй прыродзе, абгрызаць маладыя пабегі і розныя травы. Мядзьведзь мае вельмі слабую галаву, як вось леў, наадварот, мае магутную, моцную галаву, таму ён, калі вымушаны прыгаць з скалы, трымае галаву пярэднімі лапамі, у якіх ён мае вялікую моц, і без пашкоджаньняў падае ўніз. Яму можна даць лёгкі ўдар па галаве, ад чаго ён памрэ.

Пазначаны Дземетрый таксама кажа, што ў маскавітаў няма ніякай руды акрамя жалеза. Яны аддаюць жалезную зброю за сабаліны мех.

500 год таму яны пакланяліся ідалам, і калі грэцкія біскупы пачалі адасаблівацца ад лацінскіх, яны перайшлі да хрысьціянскай веры і прынялі грэцкую рэлігію. Яны робяць прычасьце на квасны хлеб і вераць, што жывыя не могуць зрабіць ніякай дапамогі душам памерлых. Таксама яны лічаць чысьцец выдумкай. Калі ў іх ідзе багаслужэньне, то народу распавядаюць гісторыі жыцьця і цуды Хрыста і апостала Паўла.

Яны карыстаюцца славенскай мовай, таму яны разумеюць багемцаў і палякаў. Бо гэта самая буйная мова, якую толькі можна знайсьці ў Эўропе. Яны маюць вялікую і вельмі смачную рыбу ў раке Вольге, і асабліва вялікіх асятроў. Яны рэдка пьюць віно, акрамя толькі выпадкаў, калі нехта хоча зладзіць раскошнае застольле.

Антоні Від з Літвы таксама піша пра край Маскавітаў: мы з вялікай стараннасьцю начарцілі месцы гарадоў, замкаў, марэй, азёр і крыніц, і як далёка ляжаць яны адзін ад аднаго, руслы рэк, іх згібы і вытокі, яны большай часткай пачынаюцца на раўнінах альбо выцякаюць з вялікіх азёр. І ў гэтым нам зрабіў істотную дапамогу шляхетны пан Ян Яцкі7, які некалькі год таму быў панам у Маскавіцкім краі, а потым уцёк да польскага караля Жыгімонта, калі пасьля сьмерці вялікага герцага Васілія разгарэлася паўстаньне. Аднак пакуль ён яшчэ быў у сваёй краіне, а імператар Максіміліян адправіў паслоў да вялікага герцага Васілія, то да яго зьвярнуліся з вялікай просьбай, каб ён, як чалавек асабліва дасьведчаны, дапамог апісаць Маскавіцкі край, што ён з задавальненьнем прыняў і не прапусьціў нічога, што магло б паслужыць знаёмству з краінай. Ён таксама сьведчыць, што гэты край на поўначы вельмі халодны, і ў тых мясьцінах не растуць ніякія плады, аднак маецца шмат жывёл, ад якіх здабываюць каштоўнае футра, гарнастаі, собалі, ласкі і ім падобныя. На поўдні гэты край прымыкае да Літвы, мае першабытных быкоў, мядзьведзяў і вялікіх чорных ваўкоў, і нічым не адрозьніваецца ад Літвы. Калі герцаг вядзе вайну, ён хавае свой скарб у замак на вадзе, які называецца Белае Возера. Там у зямельных сьпісах напісаны горад Угры, адкуль мусяць паходзіць венгры, як гэта бачна з узаемападобных моваў.
Вышэй маскавітаў жыве шмат народаў, якія называюцца скіфамі, аднак некаторыя зь іх падпарадкоўваюцца маскавіцкім князям, тыя, каго заваяваў герцаг Іван, як Перм, Башкір, Крым, Югра, Карэлія і Пермская, яны былі паганцамі, аднак ён прывёў іх да хрышчэньня і даў ім біскупа, якому яны пасьля ад’езда князя жыўём зьнялі скуру, за што князь чыніў ім шматлікія пакараньні. Аднак іншыя землі засталіся ў сваёй ерасі, пакланяюцца сонцу,

[с. 650]

munster-littaw9зорам, дзікім жывёлам і ўсяму, што ім сустракаецца, і маюць асобныя мовы. Там яны не апрацоўваюць зямлю, не косяць, не маюць ніякага хлеба і грошай, ядуць мяса дзічы, не пьюць нічога, акрамя вады, жывуць у густых лясах пад буданамі, зьяўляюцца дзікімі людзьмі, нібыта не маюць розуму. Іх вопраткай служыць разнастайнае футра дзікіх жывёл. Тыя, што жывуць паблізу ад мора, як угры і карэлы, харчуюцца рыбай і марскімі каровамі, якіх яны называюць варноламі, і выкарыстоўваюць іх скуру дзеля шматлікіх рэчаў, а іх тлушч прадаюць. Там знаходзіцца даволі высокая гара, адкуль пайшлі венгры, як распавядалася раней.

Трэба тут таксама адзначыць, што старыя касмографы зьмяшчалі на поўначы вялікую гару, якую яны называлі Рыфэя і Гіпербарэя, якая аднак так і не была знойдзенная. Таксама існуе легенда, што Дон, ці Танаіс, і Вольга, ці Волга, як яе называюць іншыя, бяруць свой пачатак на высокіх гарах, аднак высьветлена, што Дон і Вольга бяруць пачатак у Масковіі з раўніннай, балоцістай зямлі. Гэтыя тэрыторыі Масковіі, Русі, Літвы і іншых паўночных краін апісаў доктар Матэуш з Міхава, паляк паводле месца пражываньня, ён сам аб’езьдзіў іх, і ад яго я ўзяў большую частку таго, што адносіцца да вышэй пазначаных зямель.

[Касмаграфія 1598: У 1582 Хрыстовым годзе 26-га сакавіка ў Маскве памёр вялікі князь Іван Васільевіч, і да ўлады прыйшоў яго сын Тэадор Іванавіч.]

Разам з гэтым каля Скіфскага мора да Масковіі прымыкае край, які называецца Калмагора і ёсьць вельмі ўрадлівым, бо праз яго цячэ рака Дзьвіна, якая настолькі вялікая, што падобнай ёй не знайсьці нідзе ў паўночных краінах, і яна падобная да Нілуса ў Эгіпце ў тым, што ў пэўныя дні года яна разьліваецца і гэтым угнаяе палі. Таму людзі проста кідаюць зерне ў зямлю, якую ня трэба апрацоўваць дзеля гэтага, і зерне прарастае вельмі хутка, каб сасьпець да прыходу вады, каб рака яго не затапіла зноўку. У Дзьвіну ўпадае іншая рака, якая завецца Юга, і ў тым самым месцы стаіць вялікі гандлёвы горад Усьцюг, які знаходзіцца ў 150 мілях ад горада Масквы. Падпарадкаваныя ім народы прывозяць туды каштоўнае футра куніц, собаляў, ваўкоў, аленяў, чорных і белых лісіц, якое яны прадаюць за іншыя тавары.

Тут я павінен таксама нешта сказаць пра татараў і іх паходжаньне, аднак паколькі яны маюць свае сапраўдныя паселішчы за ракой Танаісам у Азіі і ў Эўропе іх жыве няшмат, то я хачу перанесьці іх апісаньне ў разьдзел пра Азію, а тут хачу далей працягнуць пра іншыя астатнія краіны, якія мы яшчэ не закранулі ў Эўропе, і хачу рушыць з поўначы да поўдню.

__________________

1Перамог.
2 Памылка друку, якая была выпраўлена ў наступных выданьнях Касмаграфіі: Конрад, які валадарыў над Мазовіяй.
3Верагодна, мелася на ўвазе русінская, бо пруская, ці нямецкая, узгадваецца далей.
4 Рукапісная нататка да Касмаграфіі 1598 г.: "Масква мае ў даўжыню 3000, а ў шырыню 1500 малых міль. У яе ўваходзяць 15 княстваў, 16 ваяводстваў і 2 царствы. Выбітных гарадоў 21. Зіма доўжыцца тут 9 месяцаў: аднак маецца вялікая колькасьць вады і збожжа. Для вялікага князя ўсе яго падданныя зьяўляюцца прыгоннымі. У школах тут вучацца толькі чытаць і пісаць, каб ніхто не быў больш мудры і разумны за цара, і калі аднак нехта вывучае больш Эвангельле і легенды, то ён атрымлівае пакараньне. Князь забірае ў падданых футра і рыбу, якую пажадае, і ніхто не мае дазволу прадаваць нешта, пакуль князь не прадаў свае тавары. У яго няма ані залатых, ані срэбных шахтаў. Ён ..., дзе ён .... ..., забірае ў падданых тое, што яму падабаецца. Яго моц складаецца з конніцы. Ён мусіць мець 300 000 коней, ува што цяжка паверыць з-за пустыннай зямлі.
5 Возавая бочка – бочка, якая можа ўтрымаць груз цэлага воза. У перакліку на сучасныя меры, у залежнасьці ад мясцовасьці, змяшчае 800-1800 літраў.
6Паола Джовіё (іт. Paolo Giovio), Павал Ёвій Новакомскі (лац. Paulus Iovius Novocomensis) (1483–1552) – біскуп Ночарскі, італьянскі навуковец, гуманіст, прыдворны ўрач рымскіх папаў, гісторык, біёграф, географ, калекцыянэр.
7Ляцкі Іван Васільевіч (? – пасьля 9.01.1552) – дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Маскоўскага. Быў блізкім сваяком Кошкіным, зь якіх пайшла дынастыя расейскіх цароў, потым імпэратараў Раманавых.

Дадатак: Выявы з выдання 1598 года (Базель) >>