Адміністрацыйнае дзяленне на карце Беларусі Аркадзя Смоліча

Адміністрацыйнае дзяленне на карце Беларусі Аркадзя Смоліча

У сакавіку 1919 года Школьная камісія Беларускага навуковага таварыства ў Вільні зацвердзіла да выдання “Географію Беларусі” Аркадзя Смоліча, 27 вераснем 1919 года ў Вільні была дазволена да друку вайсковай цэнзурай карта Беларусі ў маштабе 1:1 680 000. Карта амаль поўнасцю адпавядала "Географіі", а таксама прэзентавала новую канцэпцыю адміністрацыйнага дзялення Беларусі.

Аркадзь Смоліч выступіў з крытыкай існуючага падзелу на губерні: "Разьдзяленьне Беларусі на губэрні было штучным і дзеля гэтага мы далей аб губэрнях гаварыць ня будзем. Мы будзем апісваць толькі асобныя паветы, групіруючы іх, як таго будзе вымагаць прырода і і іншыя адзнакі [Географія, 1919, c. 8]".

Тлумачэньне знакаў

Як мы можам бачыць, у эксплікацыі карты вылучаны межы паветаў, межы краінаў, "Дзяржаўныя межы іншых краёў" і межы Беларусі. У "Географіі" падзелу на краіны прысвечана асобная частка, таксама ў кнізе дадаткова ўведзена дзяленне на тры паясы: Пояс заходніх Узгор'яў, Пояс Нізінаў, Пояс усходніх Узгор'яў. Гэты падзел праілюстраваны асобнай схематычнай картай.

Сёння слова "краіна" часцей асацыюецца з дзяржавай, але яно мела больш шырокі сэнс: у тым ліку зямля, вобласць [Гіст. слоўнік бел.мовы, Т. 16. с. 84], у якім і ўжываецца Смолічам.

Краіны Беларусі

Характар разважанняў Аркадзя Смоліча па праблеме новага адміністрацыйнага ўладкавання быў наступны:

     "Паўстае пытаньне, ці не маглі-б мы разглядаць па некалькі паветаў разам, злучыўшы іх у адну краіну? Гэтак нам і трэба зрабіць.
       Разгледзеўшы кожны павет з усіх бакоў, пазнаўшы яго ў суцэльнасьці, мы захочам так сама ў суцэльнасці пазнаць усю Беларусь, як мы знаем асобныя паветы.
Шмат лягчэй будзе прадставіць усю Беларусь, калі мы гэтыя 65 паветаў паскладаем у групы – краіны.
     Паветы, злучаныя ў краіну маюць шмат падобнага. Але ў чым, у якой адзнацы для нас ёсьць найважнейшая гэтая падобнасьць? Па якіх адзнаках будзем мы злучаць, альбо ня злучаць паміж сабою паветы ў краіны?
     Беларусь – край гаспадарскі, а мы ўжо ведаем, што гаспадарка вельмі зьвязана са шчыльнасьцю або гушчынёю насяленьня. Адзнака гэтая – гушчыня насяленьня – ўсюдых добра вымерана, людзі палічаны і так сама прастор зямлі. Вось-жа гэтую адзнаку – гушчыню насяленьня мы прымем за адну з важнейшых...
      На гаспадарку апроч жыхараў, іх гушчыні ўплывае прырода – грунты,клімат і г.д. Але наймацней прырода залежыць ад паверхні краіны і яе падняцьця над роўняй мора. Адну прыроду маюць узгор'і, другую нізіны. Дзеля таго ўстройства паверхні мы прымем за другую важнейшую адзнаку.
      ...Не заўсёды зможам мы паводлуг аднае толькі гушчыні насяленьня злучыць разам тыя паветы, якія прыродна паміж сабою злучаны ў жыцьці. Дзеля таго павінны мы зьвярнуць увагу на эканаміцкія зьвязкі (напрыклад гандлёвыя) асобных паветаў, на іхныя зьвязкі ў мінуўшчыне, на звычаі іхнае гаспадаркі і г.д.
     Урэшце і палітычная зьвязь накладае часамі моцныя свае знакі на край. Ня шкодзіць, бывае другі раз, прыняць пад увагу, прыкладам, палітычныя межы краю – у мінуўшчыне
[Географія, 1919, c. 75-76]".

Такім чынам, дзяленне на краіны, прапанаванае Смолічам, абапіралася ў асноўным на гападарчае падабенства сумежных паветаў з улікам культурных і традыцыйных сувязей. Дзяленне на краіны ў кнізе і на карце ўва ўсім ідэнтычнае, акрамя толькі таго, што на карце краіна Піншчына (Пінскі і Кобрынскі паветы) і краіна Вялікая Палеская Нізіна (Мозырскі, Рэчыцкі і Бабруйскі паветы) аб'яднаныя. У кнізе яны пададзены асобна, агульная ж колькасць краін роўная чатырнаццаці.

Карта Беларусі Аркадзя Смоліча 1919 года. Выдавецтва N.Mac i syn, Вільня

Відавочнае імкненне аўтара ўпарадкаваць не толькі адміністрацыйны падзел краю, але і тапаніміку. Аркадзь Смоліч паслядоўна прытрымліваецца спрадвечнай беларускай фанетычнай традыцыі ў назвах геаграфічных аб'ектаў і ў падручніку, і на карце. Хоць і сустракаюцца некаторыя адрозненні. Напрыклад, у кнізе мы сустракаем Бобр, Друзгенікі, Ілукшта, а на карце ім адпавядаюць Бабёр, Друзкенікі, Іалукшта. Такія адрозненні складаюць невялікую частку ад агульнай колькасці тапонімаў.

У кнізе ўзгаданы Окаўскія і Бранскія лясы, Белавежская і Горадзенская пушчы. На карце, акрамя Окаўскіх лясоў, яны ўсе пазначаны. У кнізе і на карце пазначана найвышэйшая кропка Беларусі Лысая гара, але з той толькі розніцай, што ў кнізе яна пазначана вышынёй 160 сажняў, а на карце – 161.

Агульная мяжа Беларусі, якая прасочваецца ў "Географіі", амаль поўнасцю супадае з акрэсленай на карце. Толькі Віленшчына на карце ахоплена крыху шырэй, чымсьці ў кнізе. Межы, акрэсленыя Смолічам, адпавядалі, на яго думку, землям, на якіх пераважна пражывалі беларусы, але ён прызнае, што "Беларусь яшчэ не размяжавалася акуратна з сваймі суседзямі [Географія, 1919, c. 6]".

Зразумела, што ў 1919 годзе мяжа не магла быць вылучана дакладна, у тэорыі яна абапіралася на нацыянальна-культурны субстрат (часта адпавядала моўнаму размежаванню), на практыцы вызначалася войсковай магутнасцю і палітычнымі ўгодамі.

Нагадаем, што наўпроставых сведчанняў аўтарства карты Беларусі 1919 года пакуль не выяўлена, але дэталёвая яе адпаведнасць выданню "Географія Беларусі" дае падставы звязаць карту з імем Аркадзя Смоліча. На сёння выяўлены толькі два асобнікі, па непацверджаных звестках, карта таксама ёсць у фондзе Нацыянальнага гістарычнага музея.

Аб тым, як была знойдзена карта Беларусі 1919 года, чытайце тут >>