Рэстаўрацыя паперы. Захаванне, экспанаванне і каталагізацыя

Рэстаўрацыя паперы. Захаванне, экспанаванне і каталагізацыя

BY | RU

Неспрыяльныя ўмовы захавання і проста неахайнае стаўленне вядуць да разбурэння дакумента. Правільнае аднаўленне і кансервацыю пашкоджанага папяровага аркуша здольны выканаць толькі спецыяліст.

Захаванне папяровых экспанатаў

Пераважная большасць паперы да сяр. 19-га стагоддзя выраблялася з натуральнай ільняной або баваўнянай сыравіны, якую размолвалі ў вялікіх ступах на папяровых млынах. Гэтую масу маглі адбельваць, дадаваць натуральныя кляі, а таксама дамешак шэрсці і раслінных валокнаў. Такая папера пры звычайным абыходжанні здольная захоўвацца сотні год (асабліва спраўную паперу выраблялі ў 18 стагоддзі).

З другой паловы 19 стагоддзя асноўнай сыравінай стала драўніна. Такая папера мае павышаную кіслотнасць, недастаткова доўга захоўвае свае пачатковыя ўласцівасці і разбураецца сама па сабе. Больш за тое, яна паскарае разбурэнне іншай паперы, якая знаходзіцца побач. Нізкагатунковую паперу – газеты, шэры кардон, абгортачную паперу – нельга выкарыстоўваць для пракладання або абгорткі папяровых артэфактаў. Непапраўную шкоду такая папера наносіць старым фотаздымкам.

Такім чынам, важна захоўваць архіў у безкіслотных архіўных тэчках альбо скрынках, каштоўныя аркушы варта адасабляць у пластыкавыя архіўныя файлы. Захоўваць архіў пажадана ў масіўных драўляных скрынях або шуфлядах у памяшканнях з умеранай вільготнасцю і без перападаў тэмпературы.

Паперу трэба перыядычна аглядаць на прадмет адсутнасці інсектаў: вас павінна насцеражыць, калі з дакументаў сыплюцца дробныя смецінкі. Вельмі важна дакранацца да паперы чыстымі, не тлустымі рукамі, лепей у тканых пальчатках. Шмат дакументаў пацярпела ад выкарыстання канцылярскага (сілікатнага) клею і клейкай стужкі (скотчу).

рэстаўрацыя паперы

Экспанаванне

Экпанаванне (часовае або працяглае) папяровага аб'екта часта мае на ўвазе размяшчэнне ў раму. Лепш за ўсё даверыць гэтую працу праверанай багетнай майстэрні, якая мае досвед супрацы з музеямі. У майстэрні можна ўдакладніць, ці ведаюць іх спецыялісты, як абараніць папяровы аб'ект ад магчымага негатыўнага ўздзеяння паперы, якая выкарыстоўваецца для аздаблення. Як правіла, усе багетныя матэрыялы маюць адпаведныя сертыфікаты (пра нізкую кіслотнасць і інш.), але і сярод іх вылучаюцца так званыя музейныя кардоны, якім і варта аддаваць перавагу. Замацаванне аркуша павінна адбывацца з мінімальным захопам паверхні экспаната, з выкарыстаннем водарасчыняльнага клею з нейтральным pH альбо спецыяльнага скотчу. Для каштоўных экспанатаў варта выкарыстоўваць адмысловае шкло з высокай абароненасцю ад УФ-выпраменьвання.

Пры выбары размяшчэння экспаната ў раме варта пазбягаць вільготных сцен (ніжнія паверхі, знешнія сцены). Надзвычай важна не размяшчаць паперу (нават за шклом) пад простыя сонечныя промні.       

Каталагізацыя і апісанне

Не важна, маеце вы надзвычай рэдкі аркуш альбо каштоўны толькі для вас сямейны дакумент, яго варта алічбаваць. У прафесійных мэтах выкарыстоўваюцца спецыяльныя комплексы з фотакамерамі і планетарныя кніжныя сканеры. Пры сканаванні звычайным сканерам варта звяртаць увагу, каб сканер меў глыбіню колеру не меней за 24 bit. Для агульнай карысці варта размяшчаць выявы дакументаў у сеціве ў вольным або рэгламентаваным доступе. Тэматычныя калекцыі патрабуюць апісання і выдання каталогаў, не лішнім будзе ўдзел у выставах – усё гэта надае навуковую каштоўнасць калекцыі.

рэстаўрацыя паперы

Рэстаўрацыя

Задача рэстаўратара запаволіць працэсы старэння і, па мажлівасці, аднавіць пашкоджанні. Перш чым прыступіць да працы, рэстаўратар праводзіць шэраг проб і абірае той ці іншы метад рэстаўрацыі. Як правіла, гэта цэлы комплекс работ, які можа ўключаць дэзынфекцыю, перавод важных паметак, выкананых атрамантам, механічнае выдаленне паверхневага забруджвання (ад пылу да скотчу), замацаванне фарбы, выдаленне падклеек і клею, зняцце з слою-асновы, выдаленне бруду прамыўкай, вывядзенне плям, прамыўка ад рэагентаў, прасушка, пластыфікацыя, замацаванне асновы (склейка і падклейка разрываў, аднаўленне страт, дубляванне), мастацкае аднаўленне, кансервацыя, прасаванне  і інш.

Рэстаўрацыйная праца патрабуе шырокага асартыменту хімічных рэчываў, спецыяльна абсталяванага месца працы, некаторыя этапы досыць працаёмістыя і працяглыя. Сярэдні час рэстаўрацыі аднаго аркуша ад трох да шасці месяцаў, пры гэтым рэстаўратар, як правіла, працуе паралельна з некалькімі аркушамі або кнігамі.

Стандартныя метады і рэагенты не заўжды даюць чаканы вынік, у кожнага рэстаўратара за гады практыкі назапашваюцца свае падыходы. Непрафесійная праца можа нанесці непапраўную шкоду. Таму рэкамендуем звяртацца да дасведчаных рэстаўратараў.

Адзін з кірункаў дзейнасці нашай майстэрні – рэстаўрацыя і захаванне папяровых артэфактаў (наш кантакт Этот e-mail адрес защищен от спам-ботов, для его просмотра у Вас должен быть включен Javascript ).

Прыклады рэстаўрацыі

Карта Сарматыі С. Мюнстэра, першае выданне 1540 года. Перад рэстаўратарам стаяла задача прыбраць пажаўцелыя сляды ад клею, які мацаваў карэньчык карты.

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

 

Карта Рэчы Паспалітай Т. Маера 1773 года. Пачаткова карта была ў някепскім стане, але патрабавала выдалення складаных плям ад воску і тлушчу. Акрамя стандартных работ па ачыстцы, дэзынфекцыі і вымыванні былі таксама праклеены надрывы з аднаўленнем страт.

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

 

Карта езуіцкага ордэну 1773 года. Быў праведзены стандартны комплекс работ. Праца была ўскладнена прысутнасцю зацвярдзелага клею ад старога скотча, які прыйшлося саскрабаць пад лупай.

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

 

Тыражная хромалітаграфія канца 19-га стагоддзя. Быў праведзены стандартны комплекс работ. Была адноўлена частка каляровага слою. З адваротнага боку - расчыстка і ўмацаванне.

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

рэстаўрацыя паперы

 

Хромалітаграфія канца 19-га стагоддзя. Пачатковы стан быў задавальняючы. Былі вымыты шырокія плямы па краях аркуша і праведзены стандартны комплекс рэстаўрацыйных і кансервацыйных работ.

рэстаўрацыя паперы

 

Праца рэстаўратара падпарадкоўваецца некаторым крытэрам: максімальна захоўваць пачатковы выгляд, не парушаць мастацкую задуму. Праца не павінна быць залішняй. На гэтым прыкладзе адварот хромалітаграфіі з цісненнем, былі праведзены толькі сухая механічная чыстка, дэзынфекцыя і ўмацаванне.

рэстаўрацыя паперы