Маторы БНР. Праект стварэння беларускай авіяцыі [дакумент]

Маторы БНР. Праект стварэння беларускай авіяцыі [дакумент]

Пра спробы арганізаваць уласнае войска для БНР вядома даволі шмат звестак. І пра арганізацыйную і падрыхтоўчую працу Цэнтральнай вайсковай рады, і пра спробы дамагчыся нацыяналізацыі палкоў расійскай арміі, якія складаліся пераважна з беларусаў, і пра фарміраванне беларускіх палкоў на Паўднёва-Заходнім і Паўночным расійскіх франтах.

Зараз можна казаць, што вядома стала і пра спробу арганізаваць вайсковую авіяцыю для Беларускай дзяржавы. “Праект арганізацыі беларускіх авіяцыйных войскаў” падрыхтаваны ў лістападзе 1917 года камандуючым 2-ім авіяцыйным паркам, ваенным лётчыкам Барысам Пятровічам Паўлавым. Штабс-капітан Паўлаў даслаў свой праект беларускім арганізацыям (хутчэй за ўсё, у Беларускую Вайсковую Раду) 9 лістапада 1917 года, фактычна, прапаноўваючы свой авіяпарк у якасці падмурку будучай беларускай авіяцыі. Тэкст Праекта захаваўся ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і прыводзіцца далей з невялікімі скарачэннямі.

Тэкст "Праекта.." штабс-капітана Паўлава быў надрукаваны па-расійску дарэформавым правапісам, тут прыводзіцца на сучасных беларускай і рускай мовах. Наколькі магчыма, захаваны стылістыка арыгінала, выкарыстанне вялікіх літар, пунктуацыя. Выпраўляліся толькі відавочныя памылкі друку. У квадратных дужках змешчаны патрэбныя па сэнсе словы. У зносках прыводзіцца тлумачэнне тэрмінаў, падзей, раскрываюцца паметкі ў тэксце дакумента.

Авіацыя Беларусі

ПРАЕКТ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ АВІЯЦЫЙНЫХ ВОЙСКАЎ1

Беларуская Федэратыўная Рэспубліка2 дзеля абароны сваіх правоў і ўладанняў павінна мець магутную, моцна з’яднаную адзіным патрыятычным духам армію.

Менавіта зараз, пры поўным унутраным развале ўсіх галін кіравання Расійскай Рэспублікі, нам беларусам, трэба стварыць моцную армію дзеля бязболевага і хуткага ўвядзення рэспубліканскага ладу ў Беларусі, каб зламаць і знішчыць контррэвалюцыйную прапаганду, якая немінуча з’явіцца пры вырашэнні такіх складаных пытанняў, як зямельная рэформа і г.д.

Стварэнне беларускіх войскаў, па маім перакананні, павінна адбыцца яшчэ да аканчэння вайны, каб здолець абараніць маёмасць, / а часам і жыццё / беларусаў ад дэзарганізаваных полчышчаў рускай арміі, якая, не чакаючы планамернага выканання плану дэмабілізацыі і нічым не стрымліваемая, хлыне з фронту і ў першую чаргу разальецца па Беларусі.

А маючы на ўвазе недахоп харчоў [руская армія] пачне займацца рабаваннямі, падпаламі, забойствамі і г.д.

Дай Божа, вядома, каб не здарылася гэткай кашмарнай бяды, але пракаціўшаяся амаль па ўсёй Расіі хваля нядаўняга пагрому дае некаторыя падставы чакаць такія з’явы і ў будучыні. Таму, зараз жа неабходна прыняць адпаведныя захады і ў першую чаргу сфарміраваць свае родныя палкі, якія як ніхто іншы, здолеюць захаваць свае дабро ад будзь чыіх замахаў.
Апроч іншых родаў зброі неабходна стварыць і сваю беларускую авіяцыю3.

Пры цяперашніх прыёмах вайны, калі праціўнік закопваецца глыбока ў зямлю і ізалюецца ад зямной выведкі шматлікімі паясамі калючага дроту, няма іншага сродку, як авіяцыя, патрапіць да яго, даведацца аб распалажэнні і прыблізнай колькасці яго войскаў, аб усякіх перасоўваннях у тыле... Авіяцыя валодае каштоўнымі для арыентыроўкі якасцямі:

1. Мажлівасць вылятаць на выведку ў любы час дня і ночы і ў любым напрамку /пры сучаснай хуткасці самалёту надвор’е ўсё менш абавязвае лётчыкаў/.

2. Вялікая зона аблятаемай прасторы /лётчык... можа трапіць да ворага на 100-150 вёрстаў/.

3. Неверагодна хуткая дастаўка ў армію вынікаў выведкі /праз ½-1 гадзіну пасля спуску/.

Армія глыбока шануе лётчыкаў, бо без іх нельга скласці аператыўны план баявых дзеянняў.Таму лётчыкаў зараз называюць “вачыма арміі”, як раней звалі конніцу.

Акрамя выведкі на лётчыкаў ўскладаюцца і іншыя ня менш важныя функцыі:

1. Фатаграфаванне пазіцый і важных тылавых пунктаў праціўніка. Па здымках вызначаюцца месцазнаходжанне батарэй... вузлоў акопаў, іх фартыфікацыйная моц і г.д.

2. Карэктыроўка стральбы. Лётаючы над праціўнікам, лётчык сігналізуе сваёй батарэі / пры дапамозе светлавых і ... сігналаў, бесправаднога телеграфу альбо тэлефону... поспех пападання.

3. Бомбакіданне паасобку ці цэлымі атрадамі /у Францыі і Германіі па 40-50 самалётаў/.

4. Бой з самалётамі праціўніка, для таго каб перашкодзіць выкананню яго задачы і збіць яго.

5. Бой з пехотай праціўніка. Лётчык зніжаецца наколькі магчыма і, развіўшы велізарную хуткасць, расстрэльвае з кулямёту /стужка да 1000 патронаў/ войскі на зямлі.

6. Падтрымка сувязі паміж войскамі, якія па нейкай прычыне згубілі гэтую сувязь па зямлі.
З усяго сказанага відаць, што авіяцыя з’яўляецца неад'емнай прыналежнасцю кожнай ўзорна пастаўленай арміі.

Рускія лётчыкі сваімі гераічнымі подзвігамі і шматлікімі ахвярамі даказалі свету, што яны з’яўляюцца годнымі свайго прызвання і, палаючы авіяцыйным фанатызмам і любоўю да Радзімы, не бянтэжацца ісці ў паветраны бой на старых, аджыўшых самалётах-ціхаходах з ворагам, які, валодае быстраходнымі птушкамі і кіруе становішчам [у небе].

На жаль, ані камплектаванне авіяатрадаў першакласнымі самалётамі, ані сама арганізацыя [авіяцыі] не пастаўленыя зараз на належную вышыню.

Беларускае войска ў сваіх аперацыях павінна быць цалкам самастойным і незалежным ад іншых нацыянальнасцяў, вядома, наколькі гэта дазваляюць абставіны.

Не маючы сваёй авіяцыі, яно [Беларускае войска] заўсёды будзе знаходзіцца ў залежнасці ад якасці і колькасці працы лётчыкаў-небеларусаў, што ў пэўных выпадках можа даць нават мінус, асабліва зараз, калі ўсе нацыянальнасці пачалі самавызначацца.

Улічваючы памылкі і недахопы Расійская авіяцыі, можна стварыць моцную Беларускую авіяцыю.

Паступовасць у яе арганізацыі выразіцца, на маё меркаванне, у такім выглядзе.

Авіацыя Беларусі

1. Арганізацыя авіяцыйных атрадаў.

Вылучаюцца атрады:

    далёкай выведкі /двухмесныя/

    бамбавозы /шматмесныя/

    вынішчальнікі /звычайна аднамесныя/.

У першы час можна абмежавацца 2 атрадамі на корпус.

    Адзін выведачны /выведка, фатаграфаванне, бомбакіданне, карэктыроўка стральбы і сувязь/.

    Адзін вынішчальны /паветраны бой, суправаджэнне выведачных і ў крайнім выпадку функцыі першага [атраду]/.

Стварэнне чыста беларускіх атрадаў можна выканаць з існуючых ужо авіяатрадаў, паступова нацыяналізуючы іх асабісты склад. Для гэтага неабходна зняць іх з фронту /вядома, без шкоды для апошняга/ і замяніць афіцэраў і салдат небеларусаў беларусамі ў самы кароткі тэрмін, прычым атрады не панясуць аніякай шкоды, таму што ў шмат якіх атрадах далёка не поўны камплект лётчыкаў.

2. Арганізацыя авіяцыйнай базы.

Без яе авіяатрады існаваць не могуць, таму што там выконваецца невялікі рамонт разбітых самалётаў і матораў, выраб розных частак да іх, захоўванне бензіну, масла і г.д.

База выстаўляе наперад невялікія склады /ня больш за 2 вагона / з бензінам, маслам, анучамі /канцамі/ і г.д. дзеля хуткага забеспячэння атрадаў.

Пры арганізацыі базы неабходна звярнуць увагу:

а/ на куплю спецыяльных станкоў і рухавіка

б/ на падбор спецыялістаў. Якасць павінна перавышаць колькасць, бо прымаючы да ўвагі недахоп месца ў вагонах і абмежаванасць іх колькасці, немагчыма размясціць шмат майстравых.

На тэатры вайны база павінна абавязкова быць у вагонах, каб быць рухомай і мець магчымасць хутка перасоўвацца.

У цяперашні час пры 2 авіяпарку /у Смаленску/ стаіць без руху цалкам абсталяваная мною база, у якой фронт пакуль не мае патрэбы /[база] у вагонах/.

Пры энергічных клапотах перад Штабам авіяцыі /авіядармам4/ і Стаўкай, мне падаецца, базу можна зрабіць беларускай.

3. Арганізацыя авіяцыйнага парку.

Па сваім шырокім прызначэнні парк павінен прадстаўляць сабой маленькі, але цалкам ва ўсім абсталяваны завод. Ён павінен мець /як у 2 авіяпарку/ наступныя аддзялені:

1. Маторная.
2. Сборачная і рэгулявальная.
3. Слясарная.
4. Медніцкая /радыятарная/.
5. Ліцейная.
6. Інструментальная.
7. Кузня.
8. Рысорная /з .../.
9. Вулканізацыйная.
10. Зварачная /ацэрылена-кіславодная/.
11. Нікеліровачная.
12. Шорная.
13. Зброевая.
14. Майстэрня для вырабу эбанітавых частак.
15...
...
21...
22. Электрычная станцыя.
23. Майстэрня для рамонту дакладных інструментаў.
24. Хлеў для выпрабаванняў матораў.
25. Чарцёжная.
26. Аўтамабільны гараж с хлевам для захоўвання машын.
27. Метэаралагічная і аэранавігацыйная станцыя.
28. Два ангары для захоўвання самалётаў /разбітыя і адрамантаваныя/.
29. Склад матэрыялаў.
30. Склеп для бензіну і алівы.

У парку выконваеца буйны рамонт аж да пабудовы новых самалётаў.

Я лічу, што арганізацыя парку, якой бы складанай яна ні была, павінна быць здейснена, таму што парк будзе з’яўляецца адной з буйных тэхнічных ячэек Беларусі.

Абсталяваны па-завадскому, парк ў мірны час можа праводзіць рамонт і нават вырабляць земляробчыя прылады, машыны, бензінавыя трактары /для ўзворвання зямлі/ выраб падкоў, вазоў і іншых падобных прадметаў сялянскага ўжытку.

Акрамя таго, парк будзе з’яўляцца яшчэ выпрабавальнай станцыяй для прадуктаў самабытнай беларускай народнай творчасці /усялякія тэхнічныя вынаходніцтвы/. Годзе нам, рускім, адораным вялікім, шматгранным талентам толькі кіравацца замежнымі ўзорамі, нічога самім не ствараючы. Трэба даць распусціцца і адужэць Беларускаму таленту, а дзеля гэтага неабходна паставіць яго ў спрыяльныя ўмовы. А такім будзе Беларускі авіяцыйны парк, дзе для яго будзе ўсё неабходнае.

Парк можа з’яўляцца і рассаднікам тэхнічных ведаў, так неабходных у беларускіх вёсках, дзе будзе квітнець гаспадарка, якая карыстаецца машынамі.

Пры парку я мару выдаваць тэхнічны часопіс, дзе буду змяшчаць між іншым і апошнія навінкі земляробчай навукі.

Нашага хлебарода5 - селяніна трэба прымусіць карыстацца сельска-гаспадарчымі машынамі аж да бензінавых трактароў, якія ўзорваюць зямлю.

Дзеля прапагандавання і ажыццяўлення гэтага можна пры парку зладзіць школу інструктараў – сельска-гаспадарчых тэхнікаў, якія дзеля практыкі могуць карыстацца майстэрнямі парку.

Я мяркую, што змагу пры беларускім парку стварыць “бюро перакладаў” з асобаў, якія ведаюць [замежныя] мовы і непасрэдна... з замежнай літаратуры неабходны матэрыял. Сам жа, валодаючы тэхнічнай французскай мовай, я здолеў сарганізаваць гэткае бюро пры 2 авіяпарку.

Я сам перакладаў авіяцыйныя брашуры і, друкуючы [іх] на тыпаграфскім камені, распаўсюджваў на фронце па авіяатрадах.

Фарміраванне авіяпарку і стварэнне яго можна ажыццявіць у Магілёве. Апошні я добра ведаю, бо гэта мой родны горад. Я лічу, што ён па сваіх атмасферных і тапаграфічных умовах цалкам адпавядае патрабаванням парку.

Каля [чыгуначнага] вакзала не так даўно перад вайной пабудавалі казармы, у якіх можна размясціць галоўныя майстэрні і салдат парку. Тут жа маюцца шырокія палі для стварэння аэрадрому, вельмі неабходнага парку для розных выпрабаванняў.

Блізкасць вакзала спросціць і паскорыць пагрузку і разгрузку авіягрузаў. Без асаблівых выдаткаў можна правесці чыгуначную ветку да самых казармаў.

Знаходзячыся далёка ад горада /на ўскраіне/, парк мае магчымасць пашырацца ў жаданым памеры і скласці буйную тэхнічную ячэйку для сваёй Беларусі.

Усе азначаныя ўстановы і парадак страявога падпарадкавання можна адлюстраваць графічна так:6

 

Камандзіры авіяатрадаў толькі ў страявым дачыненні падпарадкаваныя начальніку штабу корпуса, у астатніх жа дачыненнях – Інспектару авіяцыі Беларускага войску. Апошні падпарадкоўваецца начальніку штаба Беларускага войску.

                            Камандуючы 2 авіяцыйным паркам7
ваенны лётчык
                                штабс-капітан Паўлаў
    9 лістапада 1917 года.

Мой адрас у Петраградзе: Петраградскі бок Вялікі праспект 38/40 кв. 42, Іуцубідзэ для мяне.
У Магілёве: Малая Садовая 18 кв. Ігнацьевай для мяне.
У Смаленску: Вялікая Адзітрыеўская 25.

НАРБ Ф. 325. Воп. 1. спр. 5.  лл. 43-46. Машынапіс. Копія.

 

Зноскі

1 У пачатку стаіць паметка чырвоным алоўкам: “<”
2 Маецца на ўвазе план арганізацыі расійскай дзяржавы, па якім Расія будзе з’яўляцца федэратыўнай рэспублікай, а Беларусь – адной з удзельніц гэтай федэрацыі
3 У канцы стаіць паметка чырвоным алоўкам: “>”
4 Скарочана ад “авіяцыя дзеючай арміі”. Ваенная ўстанова, якая кіравала расійскай авіяцыяй падчас Першай сусветнай вайны
5 Так у тэксце
6 У тэксце пропуск у памеры ⅓ ліста, на гэтым месцы у рукапісу павінны змяшчацца графічныя замалёўкі, у друкаванай копіі іх няма
7 У пачатку стаіць паметка чырвоным алоўкам: “|”