Рукапісная карта Рэчы Паспалітай першай паловы 17 стагоддзя


Рукапісная карта Рэчы Паспалітай першай паловы 17 стагоддзя

BY | RU | EN

Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR[um] PROVINCIARUM Delineatio Israelis Hoppe. Pro Cons. Elbing

ISRAEL HOPPIUS Praconsul Elbigensis. AD 79. Партрэт Ізраэля Гопэ з компасам. Складзеныя ім планы і карты дазваляюць казаць пра яго і як пра картографа

Аб рукапіснай карце Рэчы Паспалітай "Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR(um) PROVINCIARUM Delineatio Israelis Hoppe. ProCons. Elbing" упершыню паведаміў Войцех Крэт у тыднёвіку "Wiadomości" №27 за 1972 год1, што выдаваўся ў Лондане польскімі эмігрантамі. Аўтар карты прускі гісторык з Эльблёнга Ізраэль Гопэ (Israel Hoppe, 1601-1979), вядомы ў першую чаргу сваёй кнігай "Гісторыя Першай шведска-польскай вайны ў Прусіі, 1626-1636 гг."

Артыкул Войцеха Крэта ўтрымліваў выяву карты з Нацыянальнай бібліятэкі Віторыа Эмануэле III (Неапаль, Італія), аднак, з улікам маштабу, ілюстрацыя давала толькі агульнае ўяўленне аб карце. Крэт не толькі паведаміў аб самой карце, але і пералічыў магчымыя першакрыніцы, на якіх была заснаваная карта Ізраэля Гопэ. Пасля публікацыі прайшло без малога 50 гадоў і, наколькі нам вядома, за гэты час карту ніхто больш не даследаваў. У дадзеным артыкуле мы публікуем якасны здымак карты і паспрабуем дапоўніць Войцеха Крэта.

Карта захоўваецца ў калекцыі дакументаў Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні і раней належала Юзафу Аляксандру Ябланоўскаму. Войцех Крэт датуе карту да 1644 года, а таксама ўказвае час працы над картай: 1636-1643 гады. Загаловак карты кажа сам за сябе: карта Кароны Польскай і далучаных зямель (et incorporatars proviciarum) - гаворка ідзе пра Смаленскія, Северскія і Чарнігаўскія землі. Тапаграфічныя дадзеныя аб гэтых землях, на думку Войцеха Крэта, былі атрыманы падчас размежавання Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай пасля Палянаўскага міра 1634 года.

Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR, Israel Hoppe (1601-1679)

Адным з важных аргументаў для датавання карты паслужыла панарама Варшавы ў правым верхнім куце з выявай калоны Жыгімонта Вазы, якая была ўсталяваная на працягу 1643-1644 гадоў, урачыстае адкрыццё адбылося ў лістападзе 1644 г. (В.Крэт указвае жнівень 1643 года ў якасці даты ўстаноўкі калоны).

Разважанні Крэта аб магчымасці выкарыстання Ізраэлем Гопэ іншых картаграфічных крыніц не ўдакладняюць дату завяршэння працы над картай, а хутчэй паказваюць агульную карціну развіцця картаграфіі тых дзесяцігоддзяў.

Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR, Israel Hoppe (1601-1679)

Польскі даследчык адзначае, што за аснову для тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага была ўзятая Радзівілаўская карта выдавецтва Блаў 1613 года. Гэта сапраўды так, у межах княства Гопэ практычна цалкам паўтарыў і рачную сетку, і населеныя пункты Радзівілаўскай карты, з невялікімі выпраўленнямі ў напісанні. Ён дадаў усяго некалькі населеных пунктаў і ўдакладніў адміністрацыйны падзел.

На Радзівілаўскай карце адсутнічае Мсціслаўскае ваяводства, сам Мсціслаў не абазначаны як цэнтр ваяводства ці павета, а паказаны як цэнтр акругі з выразна пазначанымі межамі, у склад якой уваходзіць Мсціслаўскі і Радамльскі павет, а таксама Крычаўская воласць. На паўднёвым захадзе ад гэтага раёна пазначаны «Mohiloviensis Districtvs». Магілёў пазначаны як павятовы цэнтр. На карце Гопэ гэтыя тэрыторыі аб'яднаны ў Palatisianatus Mczislavien. Мсціслаў паказаны як цэнтр ваяводства (вымпел з двума касіцамі), Магілёў як цэнтр павета (вымпел з двума касіцамі з разрэзам).

Выбарачнае супастаўленне паказала, што ў Мсціслаўскім ваяводстве Гопэ дадае Wyzsegrod - магчыма, Новы Быхаў. Пры гэтым ён не паўтарае Меркатара (карта Еўропы 1554 гады), Гастальдзі або Мюнстэра, якія паказвалі Новы Быхаў як Tojona2. Не выключана таксама, што гэта памылкова азначанае Высокае, якое знаходзіцца на поўнач па Дняпры, паміж Шкловам і Магілёвам. Паміж Магілёвам і Баркалабава прысутнічае Styszyn (магчыма, паўтор Strieszyn паміж Рагачовам і Горвалем). Гэтыя населеныя пункты адсутнічаюць на ўсіх вядомых картах таго часу, не знайшлі яны свайго адлюстравання ні на карце Нікаля Сансона Рэчы Паспалітай 1655 года, ні на асобным лісце «Partie de Lithuanie... Palatinats de Minsk, et Mseislaw» 1666 года. У той жа час Гопэ запазычыў не ўсе населеныя пункты з Радзівілаўскай карты: адсутнічае Галоўчын, Цяцерын, Славені і іншыя.

Территория Великого Княжества Литовского на Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR Израэль Хоппе

Цікавасць уяўляюць паказаныя «incorporatarum provinciarum», не ўсе населеныя пункты якіх удалося ідэнтыфікаваць. На смаленскіх землях (DUCATUS & Palatinatus Smolenscensis) паказаны Smolensko, Zverkova Luki (?) і рака Smolenska. Дарагабуж (Dorohobusƶ) і Рослаў па Палянаўскім міры 1634 заставаліся за Вялікім Княствам Літоўскім, але на карце Гопэ не паказаны.

На Чарнігаўшчыне (Cƶernichoviensis) адлюстраваныя: Ombÿ (?), Koropie (Короп'є), Morawiesk (Морівськ), Czernichow, Wibli (Виблі), Orbow (Горбове), Dewica (Салтикова Дівиця), Kibalowka (Хибалівка), Makoszyn (Макошине), Kwaleczyn (Ковчин), Wereloczin (Вересоч), Sosnica (Сосниця), Borsna (Борзна), Baturyn (Батурин), Konotop (Конотоп); Meryn (Мрин), Pluska (Плоске), Nizyn (Ніжин), Umbiez (Омбиш), Sambory (Малий Самбір) і рака Дзясна (Doszna)3.

На Севершчыне (SEVERIAE DUCATUS) паказаны: Poczop (Почеп), Radohos... (?), Starodup (Стародуб); Bransko (Брянск), Bernesk... (?), Kazeczen (хутар Казачы побач з пасёлкам Нікольскі ?), Tropsiski (два разы, Трубчевск), Novogrodek Sieverski (Новгород-Сіверський); Crupice (Крупец), Potywlo (Путивль), Pohar.. (?), Masikow (?), Ozarycze (Озаричі), Skakinki (?). В 1644 году Трубчэўск быў перададзены Расіі, гэта не адлюстравана на карце.

SEVERIAE DUCATUS и Cƶernichoviensis в составе Речи Посполитой

Інфармацыя аб пагранічных з Расіяй тэрыторыях не адлюстроўвае стану мяжы ні пасля Дэўлінскага перамір'я 1618 года, ні пасля Палянаўскага міру 1634 года, і ўсё ж карта заслугоўвае далейшага вывучэння як унікальная картаграфічная крыніца першай паловы 17 стагоддзя. Некаторыя малыя населеныя пункты з пералічаных, напрыклад, Sambory і Ozarycze, былі заснаваныя незадоўга да стварэння гэтай карты.

Больш складаная сітуацыя па пошуку першакрыніц паўстала з паўднёвымі тэрыторыямі Вялікага Княства Літоўскага. Войцех Крэт мяркуе, што Гопэ мог атрымаць карту Палесся Даніэля Цвікера (Daniel Zwicker) у рукапісным выглядзе да яе выдання ў 1650 годзе, пры гэтым называе гэты ўплыў "больш чым відавочным". Карту Цвікера гравіраваў Вілем Гондыюс (Gviliemvs Hondivs, 1598-1652?) у блізкім ад Эльблёнга Гданску. Таму такая здагадка здаецца разумнай. Параўнанне карты Гопэ з надрукаванай картай Цвікера 1650 года паказвае падабенства схемы рачной сеткі, але адрозненні ва ўказанні і напісанні населеных пунктаў занадта вялікія, каб называць карту Цвікера прамой крыніцай.

Тэрыторыю Падолля, Валыні і Кіеўшчыны, паказаную на карце Гопэ, Войцех Крэт ацэньвае як цалкам унікальную. Складана не пагадзіцца з ім. Параўнанне гэтых тэрыторый з рукапіснымі картамі Фрыдрыха Гетканта (каля 1638 году), Гіёма Левасёра дэ Баплана (ваколіцы паміж Кіевам, Луцкам і Бродамі, 1635 гады; карта Дняпра ад Кіева да Запарожжа, 1638 гады) кажа хутчэй пра падобныя ўяўленні, чым пра ўзаемаўплывы.4

Крыніцай для адлюстравання Прусіі Крэт называе карту Каспара Гененбергера (Caspar Henneberger) 1576 года (перавыдавалася ў 1629), для Лівоніі - карту Паўночнай Еўропы Андэрса Бурэўса (Anders Bureus) 1626 года. На пергаменце Гопэ Лівонія і ўзбярэжжа Швецыі амаль ідэнтычныя карце Бурэўса. Адзначым, што ў атласах Вілема Блаў, нароўні з Радзівілаўскага картай 1613 года, выдавалася карта Лівоніі, якая фактычна з'яўлялася фрагментам карты Бурэўса і была больш даступнай. Супастаўленне іншых карт з атласаў Блаў 1630-1640-х гадоў, якія часткова ахопліваюць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, з картай Гопэ ўзаемасувязі не выявіла.

У якасці крыніц для цэнтральных польскіх тэрыторый пералічаныя карты Вацлава Градзецкага 1554 года5, Анджэя Паграбкі 1570 года і Герарда Меркатара 1585 года, для Сілезіі карты Марціна Хэльвіга (Martin Helwig) 1561 года і Ёнаса Скультэтуса (Jonas Scultetus) 1643 года.

У цэлым карта Ізраэля Гопэ на сёння ўяўляецца досыць самастойнай працай, асабліва на памежных участках Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай дзяржавы, а таксама на тэрыторыі Украіны. Дадатковыя высновы магло б даць поўнае параўнанне карт Баплана 1648 і 1660 гадоў і ўкраінскіх тэрыторый на пергаменце Гопэ.

Тэрытарыяльныя набыцці на ўсходняй мяжы, адлюстраваныя на карце Гопэ, прысутнічаюць і на карце Рэчы Паспалітай 1655 года Нікаля Сансон, але адрозненні (напрыклад, на карце Сансона Бранск не ўключаны ў Северскія землі) не дазваляюць сцвярджаць, што Гопэ наўпрост аказаў уплыў на Нікаля Сансона, хутчэй за ўсё, мела месца выкарыстанне агульнадаступнай інфармацыі6.

Выкажам меркаванне, што карта, прысвечаная заваёвам Рэчы Паспалітай на ўсходзе ў першай палове 17 стагоддзя, страціла сваё трыумфальнае значэнне з пачаткам вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гадоў, верагодна, па гэтай жа прычыне і не была скончаная. Да ўсяго іншага, у канцы 1655 года Эльблёнг быў акупаваны шведскімі войскамі, што таксама не магло паспрыяць далейшай працы. На нашу думку, праца над картай вялася ў 1630-е і 1640-я гады, пакінутая была ў пачатку 1650-х гадоў.

Архівы Ізраэля Гопэ захаваліся, іх вывучэнне дало б дадатковыя звесткі. Акрамя рукапісаў пра вайну 1626-16367, вядома пра яго планы Эльблёнга, плане Варшавы 1641 года, плане Торуня, аўтапартрэце (Войцех Крэт апублікаваў яго ў артыкуле), агульнай і дэталёвай картах Прусіі.8

Russia Alba на Geographica REGNI POLONIAE ET INCORPORATAR Ізраэля Гопэ

Войцех Крэт, а пазней Станіслаў Аляксандравіч9 не звярнулі ўвагі на адну важную асаблівасць карты Ізраэля Гопэ. Калі дапусціць, што карта была скончаная ў 1650-х гадах, то гэта адна з ранніх карт, на якой сустракаецца Russia Alba у новай характэрнай для ўсіх карт «бапланаўскага» тыпу якасці.

У нядаўніх публікацыях10 было вызначана, што «вяртанне» Russia Alba на картах на ўсход Вялікага Княства Літоўскага адбылося пад уплывам кнігі «Polonia, nunc denuo recognita et aucta, acceserunt tabulae geographicae ...» Шымана Старавольскага (1632 - першае выданне; 1656 - другое выданне, дапоўненае картай 1651 года). Пры гэтым на карце з кнігі Старавольскага і масіве наступных карт Рэчы Паспалітай тапонім Russia Alba ахоплівае беларускае Падзвінне, а на карце Гопэ - беларускае Падняпроўе з левабярэжжам Дняпра па Бярэзіну ўключна. У любым выпадку, такое размяшчэнне Russia Alba, як на карце Ізраэля Гопэ, з'яўляецца выключным для карт 17 стагоддзя, а сама карта - даволі рэдкі прыклад рукапіснай карты і займае важнае месца сярод карт Рэчы Паспалітай рознай картаграфічнай традыцыі: «па Баплану» з 1651 года (Russia Alba на беларускім Падзвінні), П'ера Дзюваля 1654 года (адгалоскі італьянскіх карт пачатку 16 стагоддзя з Blanche Rvssie ov Moscovie), Нікаля Сансона 1655 года (радзівілаўская традыцыя, Russia Alba адсутнічае). Таксама мы можам канстатаваць, што карта Ізраэля Гопэ фактычна не аказала ўплыву на наступныя картаграфічныя выданні.


 

[1] Wojciech Kret, Israela Hoppego wizerunek Ojczyzny. „Wiadomości”, №1347, 23.01.1972. C.2.
[2] Назва горада на картах: Mеркатар 1554 - Toiona no.; Гастальдзі 1568 – Toiana noua; дэ Ёдэ 1566 – Tojonouo; Мюнстэр 1588 - Taÿona. Упершыню Tayonanoua з'яўляецца на карце Бярнарда Вапоўскага: http://imago.by/artycle/646-wapouskimap.html
[3] М. Вавричин, О. Голько. Покажчик назв об’єктів, нанесених на Генеральну карту України Ґ. Боплана 1660 р. видання // Історична топографія і соціотопографія України: Зб. наук. праць. – Львів, 2006. – С. 468-504.
[4] Згаданыя карты апублікаваны ў Karol Łopatecki, Wojciech Walczak. Mapy i plany Rzeczypospolitej XVII w., znajdujące się a archiwach w Sztokholmie. Warszawa: Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego, 2011.
[5] Карта В. Градзецкага датуецца 1558 годам: Historia kartografii ziem Polskich do konca XVIII wieku. Warszawa, 2012.>
[6] Атласы Сансона выдаваліся вялікімі тыражамі і мелі высокі аўтарытэт, таму даволі часта да канца 17 стагоддзя на асобных атласных картах іншых выдаўцоў мяжа Рэчы Паспалітай уключала Смаленшчыну, Чарнігаўскія і Северскія землі, нягледзячы на тэрытарыяльныя саступкі, замацаваныя Андрусаўскім перамір'ем 1667 года.
[7] Рукапіс быў выдадзены ў 1887 годзе ў Лейпцыгу: «Israel Hoppe's Geschichte des ersten schwedisch-polnischen Krieges in Preussen : nebst Anhang».
[8] Historia kartografii ziem Polskich do konca XVIII wieku. Warszawa, 2012.
[9] Stanisław Alexandrowicz. Kartografia Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. Warszawa, 2012. с.121.
[10] Брэст на старадаўніх картах і планах, 2019. С. 34-35.