ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Гравюра разцом, афорт

BY | RU

Гравюра разцом, афорт

Гравюра разцом з’явілася ў XV стагоддзі ў Італіі. Па іншы бок Альпаў, дзе ўжо ўзнікла моцная школа гравюры па дрэве, гэтая тэхніка распаўсюдзілася крыху пазней.

Майстар-гравёр рабіў разцом паглыбленні на металічнай плыце, звычайна яна была з медзі, таму адбітак з яе называецца медзярытам. Паглыбленыя баразёнкі ад разца адпавядалі лініям малюнку, у іх забівалася фарба для далейшага пераносу пад прэсам на вільготную паперу (гэты друк называецца глыбокім). Для вытворчасці плыт выкарыстоўвалі і іншыя металы і сплавы (цынк, сталь, латунь, свінец).

Фасеты на французскіх картах
Характэрнай прыкметай для металагравюры з'яўляецца наяўнасць на адбітку адціснутых краёў плыты (фасетаў). Асабліва выразна бачныя фасеты на якаснай паперы вержэ ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў. У ХІХ стагоддзі пры стварэнні кніжных ілюстрацый фасеты часам абразаліся

У Беларусі гэтая тэхніка была вядомай з канца XVI стагоддзя. Адным з першых, хто авалодаў тэхнікай разцовай гравюры, быў Максім Ярмалініч Вашчáнка (Maximus Woszczanka, 1650-я – 1708):

Вашчанка Максім, Monarchia turecka opisana przez Ricota
У 1678 годзе ў Слуцкай друкарні Радзівілаў выйшла кніга "Monarchia turecka opisana przez Ricota...", якая была аздоблена 19 падпісанымі медзярытамі Максіма Вашчáнкі. Гэта было адно з перавыданняў папулярнай у Еўропе кнігі англійскага дыпламата Поля Рыко пра дзяржаўны лад Атаманскай імперыі. Хоць большасць ілюстрацый Вашчанкі і паўтараюць гравюры з выдання 1670 года, для нас яны маюць вялікае значэнне як прыклад тагачаснага мастацкага ўзроўню, а таксама тэхнічных магчымасцяў беларускіх гравёраў XVII стагоддзя

Разцовую гравюру, калі на ёй адсутнічаюць якасныя акцэнты (дробные трохвугольныя насечкі альбо пункцір такой формы, лініі з чыстым краем і характэрным станчэннем ў пачатку і канцы, чысціня ліній у месцах іх перасячэння), бывае складана адрозніць ад афорта, тым больш нярэдка траўлены штрых спалучаўся з разцом.

Партрэт Жыгімонта І Старога кароль Рэчы Паспаліта, князь ВКЛ, Жыгамонт І

Партрэт Жыгімонта І Старога.
Разцовая гравюра з галандскага выдання 1615. Гравёр Н. дэ Клерк.
У разцовай гравюры пластыка формы перадаецца кірункам ліній, характэрнай зменлівасцю таўшчыні лініі

Тэхніка разцовай гравюры надзвычай працаёмістая. Больш хуткая і не такая стомная тэхніка – афорт, з’явілася ў пачатку XVI стагоддзя ў Германіі. У тэхніцы афорта лініі малюнка не рэзаліся штыхелем, а травіліся кіслатой. Для гэтага металічную плыту поўнасцю пакрывалі кіслотаўпорным лакам. Мастак наносіў малюнак па лаку іголкай. Пасля змяшчэння плыты ў кіслату адкрытая ад лаку медзь раз’ядаецца і на плыце застаецца паглыблены малюнак, выгравіраваны кіслатой. Якасныя адрозненні афорта – большая плаўнасць і свабода ліній.

У XVII–XVIII стагоддзях пераважная большасць кніжных ілюстрацый, геаграфічных карт, гравюр ствараліся менавіта ў тэхніцы афорта.

У XVIII стагоддзі афорт таксама спалучалі з разцом і іншымі тэхнікамі металагравюры, што былі вынайдзены на той час (акватынта, пункцірная манера і інш.). Асобна гэтыя мастацкія тэхнікі для рэпрадукцыйнай гравюры выкарыстоўвалі рэдка.

У першай палове ХІХ стагоддзя ў якасці друкарскай пласціны актыўна выкарыстоўвалі сталь. Для палягчэння работы сталь адпускалася, пасля гравіроўкі – загартоўвалася, што дазваляла друкаваць даволі вялікія наклады. Сталярыт адрозніваецца некаторай сухасцю ліній на адбітку, у мастацкіх мэтах гэты матэрыял прымяняўся рэдка.

Сядзіба Агінскіх у Залессі сядзіба Агінскіх
Сядзіба Агінскіх у Залессі.
Фрагмент гравюры (сталярыта) паводле малюнка з натуры Леанарда Ходзькі, 1836 год
   

Літаграфія і тарцовая гравюра ў ХІХ стагоддзі значна пацяснілі металагравюру з прыкладнога ўжытку. З канца ХІХ стагоддзя, пасля з'яўлення геліагравюры ды іншых, больш тэхналагічных паліграфічных тэхнік з выкарыстаннем фотааптычных прылад, гравюра і літаграфія пераважна былі запатрабаваныя толькі ў мастацкай сферы.

Тэрміналогія і класіфікацыя друкаваных тэхнік з мастацкага пункту гледжання некалькі адрозніваецца ад абагульненай. Прычынай таму ёсць тое, што ў прыкладным друку больш важным з'яўляўся матэрыял, з якога друкаваўся адбітак, а ў мастацкім эстампе класіфікацыя вызначаецца тэхналогіяй стварэння друкарскай формы. На сёння афорт – адна з найбольш распаўсюджаных тэхнік мастацкага жанру і, фактычна, пад афортам разумеюць і іншыя хімічныя, механічныя і камбінаваныя тэхнікі (манеры) глыбокага друку з металічнай плыты.