"Афіцына Блавіяна": з сярэднявечча – у новы час
"Афіцына Блавіяна" (Oficina Blaviana) – умоўная назва выдавецтва сям'і Блаў, што дзейнічала ў XVII ст. у Амстэрдаме (Галандыя). Яно было ў той час самым буйным друкарскім прадпрыемствам у Еўропе, выкарыстоўвала практычна ўсе найноўшыя дасягненні выдавецкай тэхнікі і адзначалася ўдалай камерцыйнай дзейнасцю. А галоўным кірункам "Блавіяны" з’яўлялася картаграфія.
XV і XVI стагоддзі – час рэзкага ўзросту эканомікі, культуры і палітычнай актыўнасці Еўропы, яе сусветнай экспансіі. Адкрыццё і распаўсюджванне друку, разнастайных механічных прыстасаванняў, выяўленчага і будаўнічага мастацтва, компаса, пораху і шмат чаго іншага – сведчылі аб наступленні Новага часу. Пісьменства і літаратурная творчасць з дапамогай друкаванай кнігі перасталі быць манаполіяй царквы. Гуманізм займаў месца рэлігійнай схаластыкі, Рэнесанс авалодваў розумам творцаў, новыя барочныя рысы сталі дамінаваць у дэкоры малых і буйных формаў. Асаблівае значэнне набыла навука і пашырэнне ведаў аб Зямлі дзякуючы Вялікім геаграфічным адкрыццям.
Зразумела, што паняцце Новы час, у сэнсе перыядызацыі, не можа быць аднолькавым у гісторыі асобных народаў. Таму і ў сучаснай навуцы існуюць розныя погляды: адны распачынаюць гэты час ад Адраджэння (XIV–XV ст.), а другія – ад падзення візантыйскага Канстанцінопаля (1453), іншыя – ад т.зв. "постфеадальнага" ці "перадрэвалюцыйнага" часу (XIV–XVIII ст.), гісторыкі-марксісты лічаць папярэдні перыяд агульна-феадальным, але з нараджэннем капіталістычных адносінаў.
Кажучы пра лідарства Еўропы з пачаткам Новага часу, неабходна ў першую чаргу звярнуць увагу на каланіяльную экспансію. Але гэта не толькі эксплуатацыя мясцовай рабочай сілы (рабства) ці прыродных багаццяў (вываз золата, экзатычных прысмакаў і т.п.). Гэта і рассяленне "лішкаў" еўрапейцаў, што вяло да наступнага эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця новых зямель. І пяршынства, безумоўна, належала тым еўрапейскім краінам, у якіх запаноўвалі памянёныя прагрэсіўныя з’явы. Да такіх адносіліся і Нідэрланды.
Прадпрымальніцкі дух галандскіх правінцый не змаглі зламаць цяжкія войны з каталіцкай Іспаніяй. Іх спрытныя караблі дабіраліся да самых далёкіх краёў, нягледзячы на пагрозы з боку "асвечаных марскіх гаспадароў". Антверпен, а за ім Амстэрдам сталі вядучымі гандлёвымі партамі. Зразумела, што менавіта тут і нарадзіўся незвычайны попыт на картаграфічныя творы, а памянёныя гарады сталі галоўнымі іх вытворцамі.
Пасля першых, агульнавядомых, галандскіх картографаў Меркатара (Gerardus Mercator, 1512–1594) і Артэліўса (Abraham Ortelius, 1527–1598) у асяроддзі амстэрдамскіх картавыдаўцоў распачалася даволі жорсткая канкурэнцыя. Неўзабаве сярод іх на першы план выйшлі два імёны: Вільям Янсон Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638) і Ян Янсон (Johannes Janssonius, 1588–1664). Яны і спрычыніліся да выдання найболей змястоўных атласаў, прычым не толькі на традыцыйнай дагэтуль лаціне, але і на іншых мовах. У гэтай "барацьбе" пяршынства паступова пераходзіла да фірмы Блаў. Яе заснавальнік – Вільям Янсон Блаў – стаў вядомым аўтарам шэрагу рэгіянальных мап (Галандыі і яе правінцый, Іспаніі, Англіі), некалькіх глобусаў і атласаў. У 1613 г. у "Афіцыне Блаў" Гесель Герыц (Hessel Gerritsz, 1581–1632) зрабіў штых знакамітай карты "Magni Ducatus LITHVANIAE" для нясвіжскага князя Мікалая Радзівіла "Сіроткі" (1549–1616).
Бліскучым пацвярджэннем якаснага ўзроўню творчасці Вільма Янсона Блаў з’явілася вельмі распаўсюджаная ў тыя часы карта свету "Nova Totius Terrarum Orbis Geographica Hydrographica Tabula" (1606). Яна складзена ў меркатараўскай праекцыі і змяшчае амаль усе тагачасныя дасягненні ў геаграфічным вывучэнні Зямлі. Раскаляраваныя экзэмпляры карты дапаўняліся таксама па-майстэрску выкананымі малюнкамі на міфалагічныя і гістарычныя тэмы, што абрамлялі картаграфічную выяву. Сярод іх, напрыклад, былі прадстаўлены сем цудаў Свету.
Пакуль не зусім ясным да канца застаецца час стварэння вялікага глобуса (т.зв. "глобуса Блаў"), што знаходзіцца ў экспазіцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея (Масква). Справа ў тым, што з "Афіцыны Блаў" выходзіла даволі многа "ананімных" глобусаў рознай велічыны, якія прэзентаваліся замежным уладарам. Адзін з іх трапіў у якасці дара ад галандскіх купцоў да цара Аляксея Міхайлавіча (1629–1676, цар з 1645).
Такім чынам, дароўны глобус мог быць створаны пазней, ужо ў майстэрні нашчадка – Яна Блаў (Johannes Blaeu, 1596–1673). Ян Блаў з поспехам працягваў справу бацькі, нават быў прызначаны на пасаду галоўнага картографа Ост-Індыйскай кампаніі. Пашыраючы выдавецкую дзейнасць, Блаў-сын, апрача мноства асобных карт і розных атласаў, паставіў задачу стварыць самае вялікае і змястоўнае сабранне картаграфічных твораў з паясняльнымі апісаннямі – "Atlas Maior". Пры гэтым планавалася тэксты публікаваць на мовах адпаведных еўрапейскіх краін.
Праца над "Атласам" цягнулася некалькі год і ў свет выходзіла асобнымі часткамі, якія потым можна было аб’ядноўваць у тамы. Усяго меркавалася надрукаваць прыкладна 600 аркушаў карт і змясціць іх у 11 кнігах-тамах. Каб прыспешыць справу, Ян Блаў у 1667 адчыніў нават новую друкарню. Але праз пяць гадоў яна з большасцю падрыхтаванага матэрыялу згарэла. Таму не ўсе задумкі ўдалося рэалізаваць, ды і сам картограф пасля гэтага памёр. Чарговыя нашчадкі, праўда, працягвалі выпускаць асобныя часткі "Вялікага Атласа", але ўжо з меншым поспехам.
Апрача выдання прыкладна 650 экзэмпляраў з лацінскім тэкстам (што лічылася ўніверсальным), галоўны твор Яна Блаў распаўсюдзіўся і ў іншых еўрапейскіх краінах: на французскай мове – 400 экз., галандскай – 300 экз., іспанскай – 200 экз., а таксама – у нямецкім і італьянскім перакладах (да канца не ўдакладненыя ці няскончаныя).
Лічбы гэтыя вельмі прыблізныя, бо лёс многіх атласаў застаўся невядомым. Аднак, нават у падобных першасных падліках здзіўляе той факт, што на кожнай нацыянальнай мове на працягу трох-чатырох год выходзіла да трохсот асобнікаў. Такой колькасці пры даволі складанай працы наборшчыкаў, штыхароў, рэдактараў, мастакоў, пераплётчыкаў ды ўсіх іншых, занятых справай "Вялікага Атласа", не ведала аніводнае тагачаснае выдавецтва.
Складанасць у пошуках "сапраўдных" атласаў Блаў выклікана яшчэ і імкненнем шэрагу набыўцоў да самастойнага камплекатавання і размалёўкі асобных карт і выпускаў. Але падобныя кампіляцыі дазволілі захаваць многія першадрукі.
Самым знакамітым зборам атласных твораў Яна Блаў у наш час з’яўляюцца 46 тамоў, некалі сабраных амстэрдамскім калекцыянерам Лаўрэнцам ван дэр Хэмам у 70–80 гады XVII ст. У 1730 гэту калекцыю купіў прынц Яўгені Савойскі (чаму яе нярэдка называюць па яго імені). Потым яна стала ўласнасцю аўстрыйскага імператара. А зараз “Блавіяна ван дэр Хэма – прынца Савойскага” месціцца ў Аўстрыйскай нацыянальнай бібліятэцы (Вена) і занесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
< Папярэдні | Наступны > |
---|