Аляксандр Карнілаў - рэканструктар старадаўняй графікі

BY | RU

Аляксандр Канстанцінавіч Карнілаў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Санкт-Пецярбургу (у той час Ленінград), але меў карані ў Беларусі. Скончыў Вышэйшую мастацка-прамысловую вучэльню імя В. І. Мухінай (цяпер Акадэмія імя А. Л. Шцігліца). Сябра саюза мастакоў з 1988 года. Прысвяціў сябе вывучэнню і капіяванню гістарычнай гравюры, стварыў болей за 100 рэканструкцый і факсімільных копій разцовай гравюры 17-18 стагоддзяў для буйных дзяржаўных музеяў. Як творца пакінуў адметную фатаграфічную спадчыну (адзін са здымкаў нават атрымаў прэмію National Geographic).

Сваю майстэрню, што месцілася ў сутарэннях трохпавярховага дома па вуліцы Міру (Санкт-Пецярбург), Аляксандр Карнілаў абсталяваў камерай для стварэння дакладных факсіміле. Арыгінал замацоўваўся на сцяне, перпендыкулярна яму былі ўсталяваныя рэйкі, па якіх слізгала лінза. На супрацьлеглай сцяне была зафіксавана медная пласціна, і мастак пераносіў сфакусаваную выяву на медзь у арыгінальны памер.

Такі спосаб прамой праекцыі выявы з арыгінала ствараў шэраг нязручнасцей для работы, але максімальна “скарачаў шлях” паміж арыгіналам і копіяй. Друк ажыццяўляўся ўручную на афортным станку альбо прэсе на адмысловай мастацкай паперы. Гэтая праца патрабуе майстэрства: каб атрымаць кожны асобны адбітак, друкар штораз наноў набівае фарбу, таму кожны адбітак непаўторны і мае ўласныя адрозненні.

karnilau copyМетад прамога капіявання на пласціну надзвычай працаёмісты, ён не дазваляе стварыць копію “адзін у адзін”. Затое гэты метад даваў мажлівасць перадаць жывое адчуванне старога медзярыта, надзяляў адбіткі характэрнымі для глыбокай гравюры рысамі - гэта асаблівая шчыльнасць і аксамітны колер фарбы, фактура лініі і адметная для разца пластыка, наяўнасць фасетаў і інш.

Такім спосабам А. Карнілаў зрабіў больш за сотню рэканструкцый для музеяў: многія рарытэтныя помнікі не могуць шырока экспанавацца з-за свайго стану, а копіі Карнілава становяць ім годную замену, даюць мажлівасць экспанаваць і калекцыянаваць рарытэтныя аркушы.

karnilau radzУ пачатку 1990-х вядомы гісторык беларускай кнігі Мікалай Нікалаеў знайшоў у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы асобнік Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, які меркавана паходзіць з Полацкай Акадэміі, і ініцыяваў стварэнне яе факсімільнай копіі для новастворанага і беднага на той час на экспанаты Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Аляксандр Карнілаў зрабіў копію гэтай важнай для нас карты, частка накладу была прафесійна расфарбавана (5-6 каляровых і каля 10 чорна-белых). Адзін з каляровых асобнікаў быў куплены ў Нацыянальны гістарычны музей і зараз размешчаны ў пастаяннай экспазіцыі. Таксама ў музеі выстаўлена іншая копія работы А. Карнілава з пазнакай “Надрукавана ў Наваградку 1992”: гэта гравюра генеалагічнага дрэва Жыгімонта Вазы з выяваю Горадні (гравёр Дамінік Кусто, 1608 год).

Аляксандр Канстанцінавіч Карнілаў пайшоў з жыцця ў 2007 годзе. На жаль, сакрэты сваёй тэхнікі капіявання старадаўняй графікі ён нікому не перадаў.

За інфармацыю пра А. К. Карнілава дзякуем гісторыку беларускай кнігі Мікалаю Нікалаеву.