Аб удакладненні датавання карты ВКЛ ўзору 1613 года


Аб удакладненні датавання карты ВКЛ ўзору 1613 года

BY | RU | PL | EN

Самы распаўсюджаны спосаб вызначэння выдання, у якое ўключалася карта, грунтуецца на выяўленні асаблівасцяў тэксту на адваротным баку1. У выпадку з картай ВКЛ 1613 года тэкст на абароце ў большасці выпадкаў адсутнічае. Па гэтай прычыне даследаванне мае наватарскі характар, некаторыя тэзісы патрабуюць далейшага ўдакладнення. Тым не менш, з той прычыны, што карта першапачаткова выдавалася як насценная (wall-map), а пазней у змененым выглядзе ўключалася ў атласы, ужо зараз можна вылучыць шэраг асаблівасцяў, якія дазваляюць больш дакладна датаваць вынятыя з атласа карты.

Да нядаўняга часу ў літаратуры было апісана 6 станаў амстэрдамскага выдання карты MAGNI DVCATVS LITHVANIAE узору 1613 года. 4 з іх аднесены да атласных выданняў і былі апісаныя Фрэдэрыкам Відэрам яшчэ ў 1929 годзе2. Існуе яшчэ дзве насценныя карты, адрозныя паміж сабой па шэрагу асаблівасцяў. Яны часта называюцца па месцы іх знаходжання – «Упсальская» і «Веймарская».

Упсальская і Веймарская насценныя карты ВКЛ 1613 года

У 1913 годзе Людвіг Антон Біркенмаер3 апублікаваў невялікую нататку пра знойдзены ва ўніверсітэцкай бібліятэцы горада Упсала (Швецыя) асобнік, які ён лічыў першай насценнай картай ВКЛ узору 1613 года. Апісанне знаходкі было вельмі беднае і займала адну старонку ва ўніверсітэцкім зборніку. У нататцы не было самага галоўнага – фатаграфіі карты. Упершыню фотаздымак Упсальскай карты быў апублікаваны толькі ў 1964 годзе літоўскім навукоўцам Паўлам Реклайцісам4, да гэтага ў даследаваннях выкарыстоўвалі карты з атласных выданняў (выдаваліся з 1631 года). На гэта звярнуў увагу польскі навуковец Станіслаў Александровіч5.

З-за таго, што карта была наклеена на тканіну, эластычнасць паперы была кепскай, былі згублены невялікія фрагменты, а таксама прысутнічала вялікая колькасць разрываў паперы. Зверху і знізу да карты мацаваліся драўляныя ліштвы-расцяжкі. Карта некалькі разоў рэстаўравалася. Апошні раз у траўні 2016 года: была знята з тканіны і адасоблена ад драўляных ліштваў, пачышчана ад забруджвання і наклеена на папяровую аснову.

Біркенмаер у сваёй нататцы недакладна прывёў памер карты (107 см х 82 см без рамкі). Паводле вымярэння Біркенмаера, шырыня дэкаратыўнай рамкі складала 5 см, аднак яна не перавышае 4,4 см. Пры ўважлівым разглядзе бачна, што друкарская форма для рамкі была выраблена з дрэва (мал. 1). Не было пазначана, што карта значна дэфармаваная ў гарызантальным і ў вертыкальным кірунку: гэта ў першую чаргу звязана з ручным склейваннем асобных фрагментаў. Пасля рэстаўрацыі 2016 года карта была разгладжана – і прыведзеныя Біркенмаерам памеры сталі адрознівацца яшчэ больш.

1613tape

ПАМЕРЫ УПСАЛЬСКАЙ КАРТЫ ПАСЛЯ РЭСТАЎРАЦЫІ 2016 ГОДА:
Шырыня (см)
• Па верхнім краі: 105,5 (без рамкі); 116 (агульная).
• По ніжнім краі: 103,5 (без рамкі); 114,5 (агульная).
Вышыня (см)
• Па левым краі: 74,5 (без рамкі, без тэкста); 82,8 (без рамкі, з тэкстам); 123,5 (агульная)
• Па правым краі: 73,5 (без рамкі, без тэкста); 81,5 (без рамкі, з тэкстам); 122 (агульная).

Альгірдас Гліажайціс у сваёй кнізе, выдадзенай у 20176, звяртаўся да тэмы складовых частак карты. Ён вылучыў 19 розных склееных фрагментаў карты, аднак ён дапусціў памылку, злучыўшы два элементы дэкаратыўнай рамкі ў адзін вялікі (10 і 11, 17 і 18). Верагодна, гэта звязана з вывучэннем карты да апошняй рэстаўрацыі, пасля рэстаўрацыі 2016 года разгледзець складовыя часткі рамкі стала прасцей, і на іх відаць 12 фрагментаў, а не 10, як паказваў раней Гліажайціс. Усяго складовых частак карты выяўлена 21 (мал. 2).

1613tape

Да знаходкі Гюнтэра Шыльдэра ў 1984 годзе другой насценнай карты на гарышчы замка ў Веймары ў літаратуры пераважалі меркаванне, што Упсальскі асобнік быў адзінай насценнай картай узору 1613 года, якая захавалася. Пазней аўтар знаходкі вызначыў7, што Упсальская карта была надрукавана з 6 пласцін, г. зн. пасля падзелу 4 медных пласцін на 6 (у 1631 годзе дзве правыя пласціны былі разрэзаны для аддзялення Дняпра ад асноўнай карты, таксама ад друкаваных пласцін былі аддзеленыя дэкаратыўныя палоскі па краю карты). Веймарская ж карта друкавалася з чатырох пласцін, такім чынам, Упсальская карта была надрукавана пасля 1631 года і саступае па ўзросце Веймарскай.

Атласныя выданні і іх станы

У прамежак паміж 1631 і 1649 годам было выпушчана каля 20 выданняў атласаў Блаў8, у якія ўключалася Радзівілаўская карта ўзору 1613 года. Як ужо згадвалася, у бібліяграфічных даведніках выдзелілі ўсяго 4 асноўныя атласныя станы. Аўтар артыкула абапіраецца на структуру, выпрацаваную Гюнтэрам Шыльдэрам у Monumenta Cartografica Neerlandica9, але пры гэтым уносіць некалькі істотных удакладненняў.

Стан 29.1 – насценныя карты, апісаныя вышэй.

Стан 29.2 (KAN 2:02110) – першае лацінскае выданне 1631 года.

Г.Шыльдэр прыводзіць наступную інфармацыю: «This state lacks the text along the low edge. In this form the map is included in the first version of Blaeu's 1631 Appendix. In this edition of the atlas, the four sheets... have a printed text in Latin on the back with the signatures N2, N2, N4, and N5». Гэтую фразу важна ўдакладніць. Тэкст на абароце карты НЕ з'яўляецца тэкстам з з насценных асобнікаў (больш вядомым як тэкст Макоўскага). Тэкст Макоўскага прыкладаўся на дадатковых аркушах, але без подпісу «T.M. Pol. Georgraph.».

Тэкст апісання Літвы ўяўляе сабой 8 старонак і ў скарачэнні перадрукаваны з кнігі Respublica sive status Regni Poloniae, Lituaniae, Prussiae, Livoniae etc. diversorum autorum, выдадзенай у 1627 годзе ў выдавецтве Elzevier у Лейдане. У сваю чаргу, у аснову гэтага кніжнага тэксту легла Хроніка Еўрапейскай Сарматыі Аляксандра Гваньіні, выдадзеная ў 1578 годзе ў Кракаве на лацінскай мове.

У першым выданні Appendix карта друкавалася на 4 асобных аркушах і ўкладалася ў атлас.

1613 карта ВКЛ текст

Стан 29.3 – другое лацінскае выданне 1631 года (KAN 2:022).

Шыльдэр паказвае на наступныя змены: «Blaeu changed the arrangement of the map sheets; he separated the map of the river Dnjepr from the map of Lithuania. The original decorative border surrounding the entire map has disappeared. The lower left sheet of Lithuania has a printed text on back with the signature 'HHHHHH'; the remaining parts of the text were printed on separate sheets and added as 'additional sheets'. The same was done to the map of the Dnjepr: the back of the upper part of the map bears a text with the signature 'IIIIII'; the lower part has been added as an 'additional sheet'.
The maps arranged in this way appear in the second version of the 1631 Appendix».

Першапачаткова карта ВКЛ 1613 года друкавалася на 4 асобных аркушах, карыстанне такой нестандартнай картай у атласе было нязручным. Блаў не вырабляе новыя друкарскія формы стандартнага фармату (гэта адбылося толькі ў 1649 годзе), а шукае спосаб паменшыць насценную карту ВКЛ (аддзяляе Дняпро ад асноўнай карты, выдаляе дэкаратыўную палоску).

У другім выданні Appendix карта ВКЛ прадстаўлена ў склееным выглядзе і асобна ад карты Дняпра.

Размяшчаць тэкст на складзеных у некалькі згінаў картах стала немагчыма, гэта прывяло да пераразмеркавання тэксту. На абароце ніжняга левага аркуша надрукаваны тэкст (пачатак вялікага тэксту пра Літву), унізе дададзена сігнатура (пазнака для пераплётчыка) «HHHHHH»; астатнія часткі тэксту былі надрукаваныя на асобных аркушах і ўключаны як «дадатковыя аркушы», але таксама з дабаўленай сігнатурай – «HHHHHH».

На адваротным баку Дняпра ў верхняй яе частцы размешчаны тэкст Макоўскага без подпісу «T.M. Pol. Georgraph.». Тэкст займае 2/3 карты (паколькі карта мела гарызантальную разгортку, тэкст надрукаваны перпендыкулярна цячэнню ракі). Адметная рыса Дняпра з дадзенага выдання – сігнатура ўнізе тэксту «IIIIII», другая частка тэксту была дададзеная ў якасці «дадатковага аркуша».

1613tape

Стан 29.4 – нямецкае выданне 1634 (KAN 2:131).

Згодна Шыльдэру: «In 1634 Blaue again rearanged the map sheets. The mounted map of Lithuania is included in the German edition of the 1634 Atlas without text on the back; the map of the Dnjepr is found in the 1634 Atlas in the same form as in the second version of Blaeu's 1631 Appendix (no. 29.3); the text has the printed signature 'O', which has been changed in manuscript to 'N'.»

У 1634 годзе Блаў выпускае нямецкае выданне атласа. У дадзеным выданні вялікі тэкст ужо цалкам знікае з абароту карты Літвы, ён змешчаны на асобных аркушах і надрукаваны на нямецкай мове. На карце Дняпра тэкст надрукаваны аналагічна, як і ў мінулым выданні, але з сігнатурай «O» ці «N». У нямецкім выданні 1635 года на карце Дняпра сустракаецца толькі сігнатура «N».

1613 карта ВКЛ Дняпро

Стан 29.5 – усе выданні з 1635 па 1649 годы.

Да гэтага стану Шыльдэр фактычна адносіць усе астатнія карты ВКЛ: «In the atlas editions of 1635 and in subsequent in 3, 4, and 6 volumes, both maps were printed separately and included in the atlas without text on the back. In the Atlas maior in its most complete form in various languages, both maps were replaced by more modern ones».

Іншых станаў Радзівілаўскай карты ў гэтага масіўнага сегмента няма, тэкст і сігнатуры на абаротах адсутнічаюць. Больш за тое, незразумела, у чым адрозненне паміж станамі 29.4 і 29.5 для карты ВКЛ. У агульнай складанасці гаворка ідзе пра 18 атласаў 11 з картамі ВКЛ без выяўленых адрозненняў.

Карта Дняпра далей друкавалася як самастойная карта да 1649 года (а таксама ў Atlas Major 1667 года), у шэрагу выпадкаў на карце адсутнічаюць тэкст і сігнатура, у некаторых выпадках сігнатура ёсць12.

1613 карта ВКЛ текст

Стан і дэфекты друкарскіх форм

Для дэталёвай класіфікацыі карт былі выбраны два асноўныя кірункі, якія дапамагаюць датаваць творы на папяровых носьбітах з большай градацыяй: апісанне стану формаў і дэфекты друкаванай формы.

Адзін з самых вядомых спосабаў датавання карт – асаблівасці тэксту на абароце. Для карт, выдадзеных у атласах, існуюць спецыяльныя даведнікі, па якіх можна вызначыць адметныя асаблівасці розных выданняў адной і той жа карты. Так, Марсэль ван дэн Брок у сваёй кнізе «ORTELIUS ATLAS MAPS An illustrated Guide», аналізуючы адбіткі з атласа Абрахама Артэліўса, змог вылучыць некалькі станаў друкарскіх форм практычна для кожнай карты. Брок паказаў на прыкладах, што друкаваныя формы маглі не толькі рэстаўравацца (Nb: і гэта была шырока прынятая практыка), але і выпраўляцца ў працэсе карыстання: уносіліся змены ў назвы гарадоў, пашыраліся контуры мораў, змяняліся назвы рэк і г. д. Для карты Еўропы (гады выпуску 1570–1587) Марсэль ван дэн Брок не толькі змог апісаць усе магчымыя выданні карты, абапіраючыся на тэксты на абароце, але і вылучыў тры станы пласцін. У некаторых выпадках нават паказаўшы на такія дробязі, як павелічэнне плошчы штрыхоўкі з 2 да 4 мм. Усё гэта сведчыць аб тым, што за адносна невялікі прамежак часу (17 гадоў) друкаваная форма магла значна відазмяняцца.

Як было сказана вышэй, па тэксце на адвароце Радзівілаўскай карты з усяго масіву выданняў можна вызначыць толькі першае і другое лацінскае выданні. Усе астатнія друкаваліся без тэксту і выдавецкіх пазнак на абароце.

Аўтарам дадзенага артыкула была прапрацавана гіпотэза, што ў прамежак часу з 1631 па 1649 гады арыгінальныя друкаваныя пласціны павінны былі відазмяняцца, калі нават не кардынальна (сур'ёзныя змены – даданне гарадоў, змена абрысаў рэк або берагавой лініі і г. д), то абавязкова павінны былі з'явіцца дэфекты, якія ўзнікаюць у ходзе бытавання (драпіны, памяншэнне ліній першапачатковай разметкі і г. д.), якія дазволяць размеркаваць масіў адбіткаў на больш «раннія» або «познія» выданні.

У працы былі даследаваны больш за тры дзясяткі карт ВКЛ 1613 года, як у складзе атласаў, так і адасобленых. Праца ўскладняецца тым, што атласы Блаў раскіданыя па ўсім свеце, знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях, якасць малюнкаў і паўната інфармацыі па тых ці іншых прычынах абмежаваныя.

Пры разглядзе пытання датавання карт па адбітках нельга не закрануць тэорыю тэхналогіі друку. Радзівілаўская карта была надрукавана спосабам глыбокага друку, узнікненне якога адносяць да сярэдзіны 15-га стагоддзя. У 1446 годзе ў Германіі з паглыбленай меднай формы быў надрукаваны першы датаваны медзярыт. Друкарскія элементы паглыбляліся механічным (разцамі), а пазней хімічным (кіслатой) спосабамі.

Для друку карт у 17-м стагоддзі выкарыстоўвалі разцовыя формы глыбокага друку: так званая класічная гравюра на меднай пласціне (медзярыт). Друкарская форма (яна ж плыта, пласціна, дошка, матрыца) уяўляе сабой медную паліраваную пласціну таўшчынёй каля 2-3 мм. Перад гравіраваннем на яе пераносілі абрыс неабходнага малюнка – лініі першапачатковай разметкі. Іх наносілі на форму іголкай або вастрыём штыхеля практычна без націску. Далей на падставе разметкі адбываўся працэс гравіроўкі: нанясенне малюнка ў выглядзе заглыбленых рысак, выкананых уручную адмысловымі разцамі.

Для атрымання адбітка на ўсю паверхню формы тампонам наносілі пласт вязкай фарбы, якую затым выціралі, у паглыбленнях жа фарба заставалася. Далей паміж двума валамі спецыяльнага станка друкарская форма і папера пракатваліся пад вялікім ціскам, пры гэтым фарба пераходзіла на паперу.

У літаратуры па гісторыі глыбокага друку распаўсюджана меркаванне, што з адной формы можна было надрукаваць да 1000 адбіткаў. На думку аўтара, гэтая лічба падыходзіць толькі для мастацкіх твораў. Так, паводле дадзеных ван дэн Брока, якія ён прывёў на прыкладзе атласаў Артэліўса, на пласцінах з'яўляліся не толькі дробныя дэфекты, але нават расколіны (на тыражы каля 1500 адбіткаў, у некаторых выпадках упершыню з'яўляліся і на 3800 адбітках) – і гэта не прыводзіла да змены пласцін. Іх працягвалі выкарыстоўваць, і сумарная колькасць адбіткаў з адной пласціны магла дасягаць 5000–7000.

Адзінства друкарскай формы

Хоць у многіх крыніцах і паказваецца, што форма для друку (з 4-х частак, падзеленых пазней на 6) была адной і той жа на працягу ўсяго тэрміну выдання карты ВКЛ 1613 года, аўтар палічыў важным праверыць гэта. Для гэтага трэба было выявіць драбнюткія дэталі, якія ўзніклі на этапе вырабу пласцін і прысутнічалі на ўсіх наступных адбітках (драпіны, тонкія лініі, хібы малюнку і г. д.).

Для пацверджання гіпотэзы аб адзінстве формы былі абраны 4 месцы з драбнюткімі дэталямі (мал. 7). З упэўненасцю можна сказаць, што выкарыстоўвалася адна друкарская форма.

1613tape

Лініі першапачатковай разметкі

Выкарыстоўваючы аналіз ліній першапачатковай разметкі, можна вызначыць, з некаторай прыблізнасцю, якія аркушы былі надрукаваныя раней, а якія пазней. Разам з лініямі разметкі, на ранніх аркушах можна сустрэць адбіткі выпадковых ліній, недакладнасці, выпраўленні і нават невялікія дэфекты самой дошкі, якія паступова знікаюць і на пазнейшых адбітках не бачныя.

Падчас бытавання лініі першапачатковай разметкі знікаюць у першую чаргу па прычыне іх мінімальнай глыбіні. На карце ВКЛ 1613 года лініі першапачатковай разметкі добра прасочваюцца на тэкставых блоках у картушах, а таксама на ружы вятроў. У даследаванні аўтар сканцэнтраваўся менавіта на ружы вятроў, таму што для яе прамалёўкі выкарыстоўвалася вялікая колькасць ліній разметкі.

Як паказана на малюнку 8, на Веймарскім асобніку і на выданнях 1631 года лініі разметкі бачныя вельмі выразна, уключаючы лініі ўнутры самага малога круга. Пачынаючы з 1635 года лініі становяцца менш прыкметныя. У выданнях 1638 года прысутнічаюць часткова. На выданнях з 1640 года лініі разметкі практычна не сустракаюцца, пэўнай паслядоўнасці знікнення ліній выявіць не ўдаецца. Гэтыя назіранні толькі сведчаць аб паступовым знікненні неглыбокіх ліній у працэсе выкарыстання друкаваных пласцін, але яны не даюць магчымасці датаваць асобную карту з дастатковай дакладнасцю.

1613tape

Стан форм

На другім этапе аўтар засяродзіўся на наўмысных (усвядомленых) выдавецкіх зменах формы. Пры аналізе 28 адбіткаў былі выяўлены два новыя, раней не апісаныя, станы:

Стан A29.6 – з 1643 года.

На надпісе Ducatus Severiensis Pars з'яўляецца кропка пасля слова Severiensis:

1613 карта ВКЛ тэкст

Стан A29.7 – з 1645 і пазней.

Выгравіравана назва горада Der Memel. Звяртае ўвагу наяўнасць нямецкай прыстаўкі на пераважна лацінскай карце:

1613 карта ВКЛ тэкст Мемель Клайпеда Кёнігсберг Мітава

Дэфекты форм

Менавіта наўмысныя выдавецкія змены на друкарскай форме могуць класіфікавацца як станы. У тэорыі не прынята выпадковыя дэфекты на друкарскіх плытах вылучаць у асобныя станы. Але ў сітуацыі, калі вызначэнне прыналежнасці карты да таго ці іншага атласа ўскладнена, аўтар дазволіў сабе ўнесці дадатковую градацыю карт па выяўленых устойлівых дэфектах.

Можна вылучыць два віды дэфектаў дошкі: якія ўзнікаюць у ходзе бытавання (драпіны, пашкоджанні), якія адсутнічалі на больш «старых» адбітках і з'яўляюцца на больш «новых»; а таксама выпраўленні, якія знікаюць з больш «новых» адбіткаў, але прысутнічаюць на больш «старых» (у выніку друку і, магчыма, рэстаўрацыі формаў). З усяго масіва дадзеных былі выключаны дэфекты, звязаныя з якасцю самога друку.

Дадатковыя станы друкарскіх форм, якія адпавядаюць выяўленым дэфектам:

Дэфект A29.d1 – з 1640 года і да апошняга выдання.

З'яўляецца пашкоджанне формы ў выглядзе кропкі на ўсход ад горада Mulhausen і на захад ад ракі Passaria. І вялікая пляма на паўночны захад ад горада Neidenborg.

1613 карта ВКЛ тэкст Макоўскі

Дэфект A29.d2 – з 1643 года

Знікае значная драпіна ў раёне Оршы. Прысутнічала з 1635 года. Раней праходзіла праз зліццё рэк у напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.

1613 карта ВКЛ тэкст

Выпрацаваны падыход патрабуе далейшага практычнага ўдасканалення шляхам даследавання атласаў Блаў. Праца абцяжараная шэрагам фактараў, напрыклад, мела месца ўключэнне старых запасаў у наступныя атласы; з датаваннем атласаў часам узнікаюць праблемы: у выдавецтве Блаў выкарыстоўвалі састарэлыя тытульныя аркушы з выпраўленымі ад рукі датамі (выпраўленні ад рукі прысутнічаюць нават на картах) і шэраг іншых.

1613 карта ВКЛ Мемель

У той жа час, ужо цяпер мы можам уносіць некаторыя ўдакладненні. Да гэтага артыкула мы толькі маглі сцвярджаць, што Упсальская карта магла быць надрукавана ў друкарні Блаў як адмысловы насценны варыянт карты ў прамежак, які пачынаецца пасля падзелу друкаваных пласцін на 6 штук (гэта значыць, не раней другога выдання атласа 1631 гады) і заканчваецца 1672 годам, калі была знішчана пажарам друкарня ў Амстэрдаме. Аднак пры аналізе друкарскай формы відаць, што яна мае адметныя рысы, якія дазваляюць вызначыць дату друку ў прамежку 1635–1638 гады. А згодна з лініях разметкі, яна больш адпавядае 1638 году, чым 1635.

Спасылкі:
1. Marcel van den Broecke. ORTELIUS ATLAS MAPS An illustrated Guide, 2011 (second revised edition); Cornelis Koeman, Peter van der Krogt. Atlantes neerlandici. V.2 The folio atlases published by Willem Jansz. Blaeu and Joan Blaeu., 2000
2. Frederik Casparus Wieder. Monumenta Cartografica. Reproductions of unique and rare maps, plans and views in the actual size of the originals; accompanied by cartographical monographs. Vol. III., 1929. С.69
3. Ludwik Birkenmajer. Wiadomośc o mapie geograficznej Litwy Tomasza Makowskiego (z r. 1613) uważanej za zaginioną. Sprawozdania Akademii Umijętności. T. 18, №4., 1913. С.24-25
4. Povilas Reklaitis. Lietuvos senoji Kartografija / P. Reklaitis // Tautos praetis, t. II, kn. 1(5)., 1964. С.374
5. Stanisław Alexandrowicz. Mapa Wielkiego Księstwa Litewskiego Tomasza Makowskiego z 1613 r. tzw. "radziwiłłowska", jako źródło do dziejów Litwy i Białorusi, 1965. C.38
6. Algirdas Antanas Gliožaitis. Lietuvos didžiosios kunigaikštystės žemėlapis ir jo variantai, 2017. С.144
7. Schilder, G. Monumenta cartografica Neerlandica. T. IX. (3 Vols): Hessel Gerritsz (1580/81 - 1632), 2013. C.216
8. Cornelis Koeman, Peter van der Krogt. Atlantes neerlandici. V.2 The folio atlases published by Willem Jansz. Blaeu and Joan Blaeu., 2000. С.501-502. У перыяд з 1631 па 1649 выйшаў асноўны масіў атласных карт ВКЛ 1613 года. У 1660 годзе было адзінкавае выданне ў атласе Кленке карты ВКЛ без Дняпра. Таксама каля 1670 года выходзіла не датаванае нямецкае выданне атласа.
9. Schilder, G. Monumenta cartografica Neerlandica. T. VI., 1990. C.75-77
10. Станам карт ВКЛ 1613 года можна прывесці ў адпаведнасць атласы Блаў (нумарацыя атласаў па C.Koeman, P. van der Krogt. Atlantes neerlandici. V.2, 2000)
11. C.Koeman, P. van der Krogt. Atlantes neerlandici. V.2, 2000. C.502
12. Там жа, C.503