Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921-1941 гг.
Сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначае сваё стагоддзе. У сувязі з гэтым актывізавалася вывучэнне яго гісторыі, асабліва ранняга перыяду дзейнасці – 1921-1941 гг. Адным з маладаследваных з’яўляецца пытанне лакалізацыі будынкаў універсітэта (выключэнне - спроба стварэння мапы даваеннага БДУ Віктарам Цемушавым). На аснове архіўных матэрыялаў, даследаванняў па гісторыі БДУ, шматлікага фотаматэрыялу, а таксама публікацый і звестак мінскіх краязнаўцаў паспрабуем рэканструяваць карту ўніверсітэта 1921-1941 гг.
Размяшчэнне корпусаў БДУ (аснова — карта Менска 1934 года)
Пасля стварэння нацыянальнага ўніверсітэта паўстала праблема размяшчэння ягоных факультэтаў і падраздзяленняў. Яшчэ ў 1919 годзе на пасяджэнні Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ было вырашана перадаць універсітэту будынкі былога камерцыйнага вучылішча, Мінскай мужчынскай гімназіі, жаночага духоўнага вучылішча, духоўнай семінарыі, ваеннага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Хайкіна, гімназіі Фальковіча і т.д.1. Аднак толькі ў 1921 г. пастановай ЦВК ССРБ быў афіцыйна зацверджаны спіс будынкаў БДУ. У дадатак да раней пералічаных будынкаў перадаваліся: памяшканні фабрыкі “Вікторыя”, габрэйская бальніца, Рускі сход, гаспадарка “Лошыца” з фальваркамі “Зацішша”, “Дуброва”, “Прылукі”, лясная дача Ваньковічаў2. Аднак далёка не ўсе будынкі ў выніку былі перададзеныя ўніверсітэту. Будынкі, што адышлі да навучальнай установы, калі меркаваць па спісу 1925 г., атрымалі ўнутрыўніверсітэцкую нумарацыю ад 1 да 15 3. Адпаведна называліся «Дом (або «Будынак») №1, 2, 3.. ». Паспрабуем вызначыць іх лакалізацыю.
Дом №1. У гэтым будынку з лета 1921 г. размяшчалася праўленне (рэктарат) БДУ, канцылярыя, універсітэцкая бібліятэка, сталярная майстэрня і рабочы факультэт. С.Я. Вальфсон пісаў: «Маленькі – чатыры квадратовых сажняў - пакой у будынку былой гімназіі Фальковіча, цяпер Праўленне будучага Ўнівэрсітэту, на рагу Магазыннай і Чырвонаармейскай вуліц… У пакойчыку – чалавек 15 прафесароў і выкладчыкаў, заўтра – 30 кастрычніка 1921…” Як піша Алег Антонавіч Яноўскі: “у гэтым будынку за некалькі тыдняў да афіцыйнага адкрыцця БДУ пачаліся заняткі на яго рабочым факультэце”. Тут жа фактычна на працоўным месцы (у маленькім пакоі на 2-ім паверсе) некаторы час жыў першы рэктар універсітэта У.І. Пічэта. Акрамя гэтага, у будынку знаходзіліся кватэры навукова-тэхнічных работнікаў БДУ 4.
А.А. Яноўскі піша, што менавіта ў гэтым “Доме” вырашаліся ўсе галоўныя пытанні ўніверсітэцкага будаўніцтва, сюды прыязджалі першыя прафесары, каб быць прынятымі на працу. Тут не раз бываў А. Р. Чарвякоў, тут жа чытаў свае лекцыі В. Г. Кнорын. З 1921 г. у Доме №1 праходзілі пасяджэнні навуковых колаў, дзейнічалі навуковыя таварыствы “Гісторыі і старажытнасцяў”, “Навуковае таварыства БДУ”, праводзіліся публічныя навуковыя чытанні, адбываліся сустрэчы студэнцтва з Купалам і Коласам.
Легендарны ўніверсітэцкі будынак паўстаў у 1863-1867 гг. як дом купца Сакера і яго сям’і. На зямельным ўчастку месцілася некалькі аб’ектаў: двухпавярховы дом, які злучаўся з аднапавярховым флігелем (стаяў перпендыкулярна адносна дома і на пачатак 20 ст. ужо меў тры паверхі), драўляны аднапавярховы дом і сарай. У галоўным будынку, пасля дазволу апякуна Віленскай навучальнай акругі, які быў дадзены ў студзені 1906 г., размясцілася прыватная з правамі ўрадавай мужчынская гімназія С.П. Зубакіна і К.В. Фальковіча 5. У гады Першай сусветнай тут знаходзіўся вайсковы лазарэт. У 1918-1919 гг. гімназія была нацыяналізавана і такім чынам у 1921 г. будынак трапіў у рукі ўніверсітэта. А ў 1930-я гады ў былой гімназіі ўжо размяшчаўся Камуністычны інстытут журналістыкі БССР імя С. М. Кірава6.
Будынкі моцна пацярпелі на пачатку Вялікай Айчыннай – ад іх засталіся толькі сцены. Пасля вайны, паводле плана архітэктара А.Я. Кудравіцкага, двухпавярховы дом чакаў знос – на ягоным месцы ўзводзіўся чатырохпавярховы будынак, а трохпавярховы флігель павінны былі адрамантаваць і аб’яднаць з новым корпусам. Такі абноўлены комплекс планавалі перадаць Інстытуту замежных моў, аднак сітуацыя змянілася і ў 1951 г. гэтае месца перайшло да Міністэрства гандля. Праз 2 гады было прынятае рашэнне аб размяшчэнні тут тэхнікума савецкага гандля і школы гандлёва-кулінарнага вучнёўства. У новым будынку павінны былі асталявацца лабараторыі хіміі, фізікі, мікрабіялогіі, тэхналогіі прыгатавання ежы, а таксама шэраг навучальных аўдыторый.
У выніку план Кудравіцкага быў рэалізаваны – у 1953-1957 гг. на “базе разбуранай каробкі” паўстаў новы чатырохпавярховы неакласічны корпус (аўтар праекта - Я.Р. Шапіра), які аб’ядналі з адноўленым трохпавярховым флігелем. Для размяшчэння тэхнікума былі падрыхтаваны спецыяльныя кабінеты, хімічная, мікрабіялагічная, тэхналагічная лабараторыі, бібліятэка і фізкультурная зала, аднак малады рэктар Антон Сеўчанка дамогся, каб будынак аддалі ўніверсітэту. У гэтым, так званым “гуманітарным” корпусе знаходзіліся гістарычны, філалагічны і юрыдычны факультэты БДУ 7. Пасля 1961 г. застаўся толькі філалагічны факультэт. Сёння ж (ад 1992 г.) гэта будынак гістарычнага факультэта БДУ (вул. Чырвонаармейская, 6).
Дом № 2. Паводле інфармацыі Расціслава Баравога, да рэвалюцыі гэты двухпавярховы каменны будынак, узведзены ў 1913-1914 гг. мінскім прадпрымальнікам Шаломай Данішэўскім, займала ягоная парфумерная фабрыка “Вікторыя” (1914-1920(?). Таксама, як прыгадвае М.Б. Кроль, у красавіку 1921 г. тут знаходзілася слясарная майстэрня.
З утварэннем БДУ разбураны будынак фабрыкі “Вікторыя” перадалі ў распараджэнне ўніверсітэта8. М.Б. Кроль узгадваў, што будынак быў абраны пад анатамічны тэатр медфаку БДУ “з прычыны блізкасьці яго да 1-ай Сав. б-цы і да б. реальнай школы Хайкіна…дзе мне здавалася зручным зьмясьціць пропадэўтычныя клінікі 3 курсу”. Пасля рамонту, на працягу 1922 – 1930 гг., тут знаходзіўся анатамічны тэатр (пазней Інстытут анатоміі, з 1929 г. - кафедра нармальнай анатоміі) БДУ.
Са справаздачы рэктара У. І. Пічэты ў 1922 годзе: “Медфак адкрыў свае заняткі афіцыйна 1 лістапада, фактычна заняткі пачаліся раней, бо зноў залічаныя студэнты займаліся анатоміяй пад кіраўніцтвам празектара доктара Перэльмана. Са спыненнем лекцый на канікулярны час не спыніліся практычныя заняткі ў анатамічным тэатры ... анатамічны тэатр абсталяваны даволі добра і пры тым настолькі, што заняткі могуць ісці цалкам нармальна і далейшае паляпшэнне яго абсталявання можа быць цалкам планамерна” 9.
На першым паверсе знаходзілася прасторная секцыйная зала, у якой праводзіліся практычныя заняткі са студэнтамі (у анатамічным тэатры праходзілі заняткі па аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі). Тут жа знаходзілася 15 сталоў. Мелася некалькі пакояў для заняткаў па асцеалогіі. На другім паверсе знаходзілася аўдыторыя-амфітэатр, у якой чыталіся лекцыі па анатоміі, а таксама невялікі пакой для анатамічнага музея, у шафах якога экспанаваліся шкілеты чалавека і жывёл. У падвале было сховішча для трупаў, якія падаваліся на першы паверх з дапамогай пад'ёмніка, і леднік, запоўнены лёдам, дзе захоўваўся спецыяльна апрацаваны анатамічны матэрыял 10. З 1925 г. у Інстытуце па нядзелях праводзіліся экскурсіі і чыталіся лекцыі для насельніцтва 11.
На санітарны стан будынка неаднаразова скардзіліся. У 1926 г. сустракаем інфармацыю, што “жыхары атручваюцца вельмі дрэнным пахам”, які ішоў ад “анатамічкі”, а ў газеце “Звязда” (1928 г.) з'явілася нататка, аб антысанітарных умовах у раёне Ляхаўкі, звязаныя з тым, што бруд з Інстытута проста зліваўся ў вулічны вадасцёк і сцякаў па 1-ай вуліцы Лекерта (цяпер спуск з вул. Кірава на вул. Ульянаўскую) 12.
У 1930 г. кафедра нармальнай анатоміі пераехала ў новы будынак ва ўніверсітэцкім гарадку. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ад бамбардзіроўкі нямецкай авіяцыяй дом моцна пацярпеў - быў адноўлены і перабудаваны ў канцы 1940-ых - пачатку 1950-ых.
Сёння гэта жылы дом па адрасе вул. Кірава, 23.
Дом №3. Для гісторыі БДУ будынак былога мужчынскага яўрэйскага вучылішча. Э. М. Хайкіна (збудаваны ў 1912 годзе) мае вялікае значэнне. Яшчэ ў 1921 г. ён быў перададзены ўніверсітэту - у першай палове 1920-ых у ім размяшчаўся факультэт грамадскіх навук, пазней педфак БДУ 13. Як пісаў У. М. Перцаў, першапачаткова “ФГНу даводзілася туліцца ў чатырох пакоях верхняга паверха... астатнія паверхі будынка былі занятыя чыгуначнай школай” 14. У сувязі з знаходжаннем на чацвёртым паверсе вялікай актавай залы, у былой вучэльні праводзіліся найважнейшыя мерапрыемствы ўніверсітэта. Апоўдні 30 кастрычніка 1921 г. у актавай зале з удзелам прафесараў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва адбыўся Акт адкрыцця БДУ. З дакладамі выступілі рэктар У. І. Пічэта, прафесары І. М. Салаўёў і М. Б. Кроль. Тады ж была прызначаная дата і месца першай лекцыі: 31 кастрычніка, панядзелак, актавая зала былога габрэйскага вучылішча Хайкіна. Чалавекам, які ўвайшоў у студэнцкую аўдыторыю быў прафесар Д. П. Канчалоўскі. Менавіта ён прачытаў першую лекцыю на тэму “Пра культуру Міжземнамор'я ў эпоху панавання Рыма” 15.
Бычыў гэты будынак і нашага песняра Янку Купалу, у гонар якога праходзіла ўрачыстае пасяджэнне БДУ у сакавіку 1922 г., на якім прысутнічаў будучы гісторык, а тады студэнт, Мікалай Улашчык. Ён пісаў, што “відавочна, у Менску гэта было наогул першае ўшанаванне жывога паэта” 16. У тым жа годзе ў актавай зале адбылося ўрачыстае пасяджэнне Савета ўніверсітэта ў гонар першай гадавіны ўніверсітэта. Таксама на чацвёртым паверсе ў 1924-1925 гг. дзейнічаў музей гісторыі першабытнай культуры і рэлігіі, у якім былі прадстаўленыя экспанаты па: першабытнай эпосе, гісторыі Вавілону, Асірыі, Егіпту, будызму і прымітыўных рэлігійных культаў.
У першыя гады знаходжання будынка ў складзе БДУ, яго стан быў далёка не ідэальны. Напрыклад, У.М. Перцаў успамінаў, як падчас лекцыі ў актавай зале, раптам з гарышча на студэнтаў палілася вада 17. Нядзіўна, што ў 1922 г. рэктар пісаў пра неабходнасць умацавання даху 18.
У 1925 г. будынак перададзены камуністычнаму ўніверсітэту імя Леніна 19. На працягу 1930-1990-ых гадоў будынак займалі розныя ўстановы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны будынак пацярпеў - быў адноўлены ў сярэдзіне 1950-ых гадоў. У наш час у ім знаходзіцца суд Цэнтральнага раёна Мінска (вул. Кірава, 21).
Дом № 4. У 1920-я гг. ў будынках жаночага духоўнага вучылішча размясціліся падраздзяленні медыцынскага і педагагічнага факультэтаў БДУ, у тым ліку лабараторыі неарганічнай хіміі, фармакалогіі, батанікі, заалогіі, геалогіі, мінералогіі, Інстытут фізіялогіі (першапачаткова пад кафедры фізіялогіі было адведзена два невялікія пакоі), кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама кабінеты заалогіі (заалагічны музей) і батанікі 20. Побач у 1924-1926 гг. асістэнт кафедры батанікі М. А. Збіткоўскі разбівае батанічны сад. Акрамя падраздзяленняў БДУ, на Шырокай, 28 знаходзіўся інстытут імя Леніна.
Гісторыя гэтых будынкаў даволі цікавая. На ўзвышшы, дзе сёння знаходзіцца Генеральны штаб Узброеных сіл, яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага знаходзіўся Свята-Узнясенскі манастыр - адзін з цэнтраў мінскага праваслаўя. Да 19 стагоддзя манастыр ужо не існаваў і ў 1867 г. на месцы былой святыні паўстала жаночае духоўнае вучылішча, а ў 1870 г. і Свята-Узнясенская царква, празваная ў народзе Белай 21.
Падчас Першай сусветнай вайны пакоі вучылішча выкарыстоўваліся пад “Уласны Яе Імператарскай Вялікасці гаспадарыні імператрыцы Марыі Фёдараўны шпіталь №1”. Праз некаторы час, у гады савецка-польскай вайны, у будынках палякі ўладкавалі свой шпіталь 22.
Пасля таго, як медычны факультэт БДУ стаў асобным інстытутам у 1930 г. былое вучылішча пераходзіць у яго распараджэнне, але ненадоўга, бо з 1934 г. гэта ўжо Мінскі акруговы ваенны шпіталь 23. У 1934-1938 гг. ідзе будаўніцтва новых карпусоў шпіталя.
Падчас вайны комплекс будынкаў пацярпеў і ў другой палове 1940-ых на яго месцы паводле праекта В.І. Гусева будуецца штаб Беларускай ваеннай акругі (сёння Генеральны штаб Міністэрства абароны РБ на Камуністычнай, 1). Архітэктар часткова ўключыў будынкі старога комплексу ў новы праект 24.
Дом № 5. Гэты будынак месціўся на вул. Інтэрнацыянальная, 14. Ёсць дадзеныя, што ў 1920-ыя гады па тагачасным адрасе вул. Інтэрнацыянальная, 5 і вул. Інтэрнацыянальная, 14 размяшчаліся інтэрнаты БДУ 25, па апошнім адрасе - кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу. Па гэтым жа адрасе размяшчаўся будынак былой сінагогі, які таксама належала ўніверсітэту. Вядома, што ў 1925 г. будынак па адрасе вул. Інтэрнацыянальная 5 быў перададзены музычнаму тэхнікуму 26. Будынкі не захаваліся - дом №5 знаходзіўся ў раёне будынкаў з сучаснымі адрасамі Інтэрнацыянальная, 24 і 24а, а дом №14 прыкладна на месцы будынка на Інтэрнацыянальнай 7. Таксама маецца нататка газеты “Звязда” (1923 г.) аб тым, што ў былой гасцініцы “Мачыз” (сёння будынак на вул. Інтэрнацыянальная, 9) павінен быў размясціцца інтэрнат рабфака БДУ 27. Аднак ці заехалі рабфакаўцы ў апартаменты былой гасцініцы, невядома.
Калі мы паглядзім спіс нерухомай маёмасці БДУ за 1930 г., то пад домам №5 ужо лічыцца будынак па тагачасным адрасе Энгельса, 36. Гэта быў аднапавярховы драўляны дом з каменным падвалам, у якім акрамя інтэрната студэнтаў рабфака БДУ знаходзіліся кватэры звычайных гараджан 28. Будынак быў знішчаны ў час вайны. Хутчэй за ўсё гэты дом месціўся на тэрыторыі, якую сёння часткова займае кінатэатр “Піянер”.
Дом № 6. У 1920-ыя ў гэтым корпусе знаходзіліся тэарэтычныя кафедры (фізіка, паталагічная анатомія, гісталогія) медыцынскага факультэта 29. Акрамя гэтага ў будынку размяшчаўся інтэрнат БДУ, які быў перададзены ў 1929 г. Беларускай акадэміі навук 30. Менавіта тут БАН і знаходзілася на працягу 1930-ых гадоў, да пабудовы новага будынка Акадэміі 31.
Сам дом, які даў прытулак падраздзяленням універсітэта быў пабудаваны ў другой палове 19 стагоддзя і да рэвалюцыі належаў калежскаму сакратару, уладальніку палаца ў Смілавічах Л. Л. Ваньковічу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак моцна пацярпеў, і ў другой палове 1940-ых быў знесены. Цяпер на яго месцы знаходзіцца будынак Упраўлення Беларускай чыгункі, пабудаваны ў 1951 г. (вул. Леніна, 17).
У 1930 г. пад Домам №6 ужо значыцца іншы будынак – дом па адрасе Ленінградская, 6. У спісе будынкаў БДУ пазначана, што тут знаходзіўся інтэрнат студэнтаў і кватэры навуковых, тэхнічных работнікаў 32.
У канцы 19 ст. будынак інтэрната згадваецца як дом Машчынскага. У дарэвалюцыйны час тут знаходзілася губернскае жандарскае ўпраўленне, а пасля падзей 1917 г. – Паўночна-заходні абласны камітэт РСДРП (б), Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, рэдакцыя газеты «Звезда», а ў 1922 – 1928 гг. - Мінская мытня Заходняй мытнай акругі БССР 33.
Са стварэннем Мінскага медінстытута на пачатку 1930-ых, інтэрнат становіцца месцам размяшчэння студэнтаў новай навучальнай установы. У 1930-ыя гады з'явіліся трэці і чацвёрты паверх. Падчас Вялікай Айчыннай вайны дом згарэў і ў пасляваенныя гады быў рэканструяваны. Сёння гэта 4-й корпус БДМУ (вул. Ленінградская 6).
Акрамя гэтага дома на вуліцы Ленінградскай знаходзіўся шэраг аднапавярховых драўляных дамоў (тагачасныя адрасы: 12, 14, 16) і сад (яблыні, грушы) каля дома 14, якія ў 1930 г. належалі БДУ 34. Хутчэй за ўсё гэтыя будынкі першапачаткова падлягалі зносу для будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка, але на 1930 г. знос не быў ажыццёўлены.
Дом № 7. У 1922 г. будынак на рагу вуліц Кірава і Валадарскага (Валадарскага, 26/Кірава,11) быў перададзены ўніверсітэту 35. На працягу 1920-ых гадоў у доме размяшчаліся кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу і тэхнічных работнікаў універсітэта. Менавіта тут жыў заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства Мікалай Шчакаціхін і класік украінскага і беларускага мовазнаўства Пётр Бузук.
Дом пабудаваны ў 1911 г. па праекце архітэктара А. Краснапольскага. Да рэвалюцыі ён належыў Ядвізе Кастравіцкай, сястры фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча 36. На першым паверсе размяшчалася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, аптэка, Таварыства ўзаемадапамогі чыгуначнікаў, кватэры вартаўнікоў, на астатніх — жылыя памяшканні, у тым ліку арандаваныя кіраўніцтвам чыгункі 37.
Дом № 8. У 1925 г. ён знаходзіўся па адрасе вул. Савецкая, 96 38. Што гэта быў за дом дакладна вызначыць цяжка, бо на ўчастку знаходзілася тры будынкі, узведзеныя ў канцы 19 ст.: аднапавярховы драўляна-каменны дом, аднапавярховы драўляны дом і гаспадарчыя пабудовы39. Пасля вайны на гэтым месцы з’явіліся жылыя дамы (цяпер пр. Незалежнасці, 28-30).
Дом № 9. У канцы 1921 г. было прынята рашэнне аб пераездзе ўніверсітэцкай бібліятэкі ў Юбілейны дом (сённяшні адрас пр.Незалежнасці, 26) 40. Будынак меў два паверхі, на першым размяшчаўся аддзел савецкага будаўніцтва і сховішча, на другім – беларускі аддзел і чытальная зала 41. Неўзабаве (1923 г.) бібліятэцы перадалі яшчэ і суседні будынак былой духоўнай кансісторыі. Будынак (сёння – тэалагічны факультэт БДУ, пр. Незалежнасці, 24) паўстаў у 1864 г. і акрамя ўласна кансісторыі тут знаходзіўся ейны архіў, жыллё пявучых і служачых, памяшканні епархіяльнага архітэктара. У гэтым доме размясціліся медыцынскі, прыродазнаўчы, габрэйскі аддзелы, канцылярыя, кніжная палата, а таксама сховішча старадрукаў і кватэра дырэктара І. Б. Сіманоўскага 42.
1922-1926 гады - час знаходжання ў Юбілейным доме бібліятэкі БДУ, якая паралельна з’яўлялася і дзяржаўнай бібліятэкай БССР. З 1926 г. яна стала Беларускай дзяржаўнай бібліятэкай і знаходзілася ў будынку да 1929 (паводле іншай інфармацыі да 1932) г. 43.
Юбілейны дом быў пабудаваны ў 1913 г. у псеўдарускім стылі па ініцыятыве Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта і да рэвалюцыі ўваходзіў у комплекс Архірэйскага падвор’я 44, у ім мусіў размясціцца (па іншай версіі размясціўся) музей. У 1918 г. ўжо ў “Народным доме” праходзілі беларускія палітычныя сходы45. На працягу 1919-1925 гг. тут знаходзіліся: Савет народнай адукацыі, беларускі кніжны склад, беларуска-расійская бібліятэка, дзяржаўны архіў, дзяржаўны музей 46. Пасля пераезду дзяржаўнай бібліятэкі ў новы будынак у Юбілейным доме месціліся: музеі, дом партпрасветы, дом работнікаў мастацтва47. Ад 1999 года будынак знаходзіцца ва ўласнасці Беларускага Экзархата, а ў 2013-ым у ім уладкавалі парафіяльны храм у гонар святых Мяфодзія і Кірыла.
Дом № 10. На працягу 1920-ых гг. у будынку былой гасцініцы “Гарні”, узведзеным у 1901 г. 48, жылі студэнты рабочага факультэта і навукова-тэхнічныя работнікі БДУ 49. Да рэвалюцыі дом належаў Ленскім (тым самым, якія мелі маёнтак у Суле), пазней Н. Б. Суціну, але ў 1921 г. яго нацыяналізавалі.
У.М. Перцаў пісаў, што першым універсітэцкім будынкам, які ён знайшоў у Мінску ў 1921 г., быў будынак з надпісам “Общежитие студентов Белорусского государственного Университета” - гэта і была колішняя гасцініца “Гарні”, на верхніх паверхах якой жылі студэнты 50. Пры тым у зборніку “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 1921―1927: да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі” гаворыцца, што інтэрнат на Камсамольскай адкрыўся ў 1922 г. Ён быў разлічаны на 30 чалавек, і спачатку побытавыя ўмовы былі складанымі (цісканіна і холад).
Будынак не перажыў бамбардзіровак часоў Вялікай Айчыннай - сёння на яго месцы знаходзіцца вядомы дом з гадзіннікам па адрасе пр. Незалежнасці, 16.
Таксама хацелася б адзначыць, што адносна недалёк ад інтэрнату, на вуліцы Багадзельнай (сёння Камсамольская) з 1923 г. знаходзіліся студэнцкія сталовыя, адкрытыя за амерыканскія ахвяраванні 51. Ёсць інфармацыя, што сталоўка, адкрытая ў 1923 г. была пад кантролем касы ўзаемадапамогі і эканамаддзелу Выканбюро. Можна знайсці згадку і пра сталоўку рабфака на вул. Савецкай, якая рамантавалася ў 1923 г. Цікава і тое, што ў пачатку 1920-ых студэнты атрымлівалі прадуктовыя пайкі ў кааператыве “Медык”, які размяшчаўся “недалёка ад будынка Саўнаркама” па плошчы Свабоды.
Таксама вядома, што ў пачатку 1930-ых студэнты рабфака БДУ сілкаваліся ў сталовай №69, што знаходзілася на вуліцы Камсамольскай і ў сталовай №67 на Свярдлоўскай, 31б, якая згадваецца ў сувязі з антысанітарнымі ўмовамі52. З верасня 1932 г. па адрасе Камсамольская, 8 знаходзілася Студэнцкая сталовая БДУ 53. Яна мела шэраг недахопаў. Так, у кастрычніку 1934 г. камісія ў складзе намеснікаў дэканаў хімічнага, біялагічнага і гістарычнага факультэтаў абследавала сталовую. Нягледзячы на тое, што тая, рамантавалася пасля перадачы ўніверсітэту (2 гады таму), вынікі былі недобрыя: ”Кухня і прылеглыя да яе памяшкання па трухлявасці сваіх сцен, тынкоўкі і шпалер з'яўляюцца антысанітарнымі”, пісалі і пра тое, што “На 1300 абедаў (першыя і іншыя стравы) ўкладзена ўсяго 10 кг маргарыну, абед нясмачны. Ёсць скаргі студэнтаў на нячыстую бульбу ў стравах”. Да таго ж ля ўваходу таўпіліся беспрытульныя, а з 33 работнікаў сталоўкі – 19 былі непісьменнымі54. У пачатку 1935 г. брыгада газеты “Звязда” здзейсніла рэйд у сталовую - і зноў брудныя сталы, посуд, нізкая каларыйнасць ежы55.
У лютым 1935 г. у Мінску быў закрыты шэраг студэнцкіх сталовых, у тым ліку і сталовая БДУ. Пасля гэтага студэнты сталі сілкавацца ў фабрыцы-кухні (сёння – будынак на Свярдлова, 2). Універсітэт дамовіўся з фабрыкай-кухняй аб ўсталяванні дакладнага часу харчавання для кожнага факультэта56.
Калі працягваць тэму вуліцы Камсамольскай трэба адзначыць, што на Камсамольскай 7/11 знаходзілася кватэра, прыстасаваная пад інтэрнат БДУ.
Дом № 11. У 1925 г. прыгожы будынак, які сёння месціцца па адрасе Савецкая, 19 недалёк ад Чырвонага касцёла, і ягоныя флігелі (драўляны аднапавярховы і каменны двухпавярховы), што меліся ў распараджэнні праўлення Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі былі перададзеныя БДУ 57. У 1926 – 1929 гг. у доме размяшчаліся: праўленне, канцылярыя, кабінет намесніка рэктара58, а ў флігелях жылі тэхнічныя работнікі універсітэта. Жыхарамі дома на Савецкай, 19 у 1930-ыя былі такія выбітныя навукоўцы як: гісторык Мікалай Нікольскі, літаратуразнаўца Іван Замоцін, тэрапеўт Сяргей Мелкіх, хірург Савелій Рубашоў 59. Непадалёк ад будынка знаходзіўся сад (яблыні, грушы, слівы, ягады), які належаў БДУ 60.
Дом на Савецкай, 19 быў пабудаваны ў канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя ў якасці прыбытковага. Архітэктарам меркавана з'яўляўся Г. Ю. Гай. У будынка былі розныя ўладальнікі, але перад рэвалюцыяй ён належыў купцу Іосіфу Уняхоўскаму 61. У 1920 г. гаспадар з'ехаў за мяжу, а дом быў нацыяналізаваны.
Дом № 12. У 1899 г. гарадскія ўлады прынялі рашэнне заснаваць камерцыйнае вучылішча і ў 1901 г. адбылося яго ўрачыстае адкрыццё, а ў 1905 г. яно пераехала ў новы будынак на Васільеўскім завулку 62.
У 1919 г. было прынята рашэнне аддаць будынак будучаму ўніверсітэту - у той час там размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі 63. Аднак вучылішча было перададзена Беларускаму дзяржаўнаму політэхнічнаму інстытуту 64 і толькі ў 1925 г. будынак быў перададзены з распараджэння Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (былы БДПІ) у распараджэнне БДУ 65. На працягу 1920-1930-ых гадоў тут знаходзіліся: педагагічнае аддзяленне (педагагічны факультэт), факультэт права і гаспадаркі, факультэт народнай гаспадаркі (пазней асобны інстытут) - пазней “з падзямелля” былога вучылішча пераехаў у новы галоўны аўдыторны корпус, лабараторыя арганічнай хіміі, кватэры тэхнічных работнікаў 66. Праз некалькі гадоў побач з былым вучылішчам ўзвялі шэраг новых карпусоў і будынак апынуўся ў складзе адзінага ансамбля ўніверсітэцкага гарадка. У пачатку 1930-ых побач з будынкам размяшчаўся сад (яблыні, грушы) і каменна-драўляная цяпліца ўніверсітэта 67. Прыкладна ў той жа час у будынку былога вучылішча размясціўся Беларускі політэхнічны інстытут 68. Ёсць інфармацыя, што ў 1930 г. у будынку універсітэта на Земляробчым завулку адкрылася студэнцкая сталовая на 2000 абедаў у дзень. У сярэдзіне 1930-ых у будынку знаходзіліся: хіміка-тэхналагічны інстытут, літаратурны і педагагічны факультэты педінстытута, інтэрнат, сталовая і дэканат рабфака інстытута народнай гаспадаркі.
Паводле плану будаўніцітва новага ўніверсітэцкага гарадка, “стары корпус” быў уключаны ў новы архітэктурны ансамбль, але ўжо праз 10 год - у 1940 г. галоўны архітэктар сталіцы Г.Якушка ў сваім артыкуле “Заўтрашні Мінск” (газета “Звязда”) пісаў аб неабходнасці стварэння плошчы перад Домам Урада, якая “будзе расшырана за кошт зносу .. аднаго з старых карпусоў Універсітэцкага гарадка” – ясная рэч, што гаворка ішла пра былое камерцыйнае вучылішча. Зрабіць гэта не паспелі, бо пачалася вайна.
Пасля акупацыі сталіцы нацыстамі ў былым вучылішчы размясціўся атрад СД. Паводле дадзеных даследчыка Красоўскага, у час зямельных работ па пашырэнні пл. Леніна, пад руінамі былога будынка быў знойдзены склеп, у якім месцілася служба бяспекі СД. У 1944 годзе былое вучылішча пацярпела ад налётаў савецкай авіяцыяй (засталіся толькі сцены) - пасля вайны было разабрана. Сёння на месцы Дома № 12 праходзіць праспект Незалежнасці і размяшчаецца пляцоўка перад галоўным корпусам БДУ.
Дом № 13 (№3). Па спісах будынкаў БДУ 1925 г. і 1930 г., вядома, што ў трохпавярховым каменным будынку па тагачасным адрасе Энгельса, 50 размяшчаўся студэнцкі інтэрнат і сталовая 69.
Першапачаткова будынак меў нумар 13, але пэўна пасля перадачы будынка былога габрэйскага вучылішча Камвузу, дом на Энгельса атрымаў нумар 3. Вядома, што ў 1925 годзе гэты інтэрнат быў адрамантаваны, а ў 1932 г. тут у кватэры № 1 пражываў загадчык гаспадаркі БДУ. Пасля стварэння напачатку 1930-ых шэрагу інстытутаў на аснове БДУ, інтэрнат пераходзіў з рукі ў рукі: толькі ў 1932-1934 гг. ён належыў БДУ, Вышэйшаму педагагічнаму інстытуту (пры гэтым усяроўна у 6 пакоях жылі студэнты БДУ), Беларускаму дзяржаўнаму інстытуту народнай гаспадаркі 70. Дакладную лакалізацыю будынка на дадзены момант ўсталяваць не атрымалася. Аднак супастаўленне інфармацыі з архіўных крыніц і фатаграфій кажа пра тое, што гэта будынак па сённяшнім адрасе вул. Энгельса, 32А або вул. Энгельса, 34А, корп.1.
У 1930 г. у якасці Дома №13 ужо значыўся будынак сучаснага рэктарату БДУ (вул. Бабруйская,5А). Будаўніцтва новага фізіка-хімічнага корпуса для Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, распачатае ў жніўні 1924 г., было выклікана патрэбамі ў новых памяшканнях 71. Аўтарам праекта і кіраўніком будоўлі быў супрацоўнік балотнай вопытнай станцыі і сельскагаспадарчага інстытута, інжынер Чэслаў Іванавіч Родзевіч. Гэты чалавек з 1923 г. працаваў пры інстытуце – займаўся рамонтам ягоных будынкаў, а таксама мінскіх студэнцкіх інтэрнатаў. Неабходна адзначыць, што гэта быў надзвычай таленавіты чалавек – удзельнік беларускага нацыянальнага руху, навуковец-прыродазнаўца, выкладчык і да таго ж яшчэ інжынер-будаўнік.
У новым корпусе павінны былі размесціцца кабінеты, прызначаныя для заняткаў і даследванняў па хіміі, фізіцы і балотным глебазнаўстве. Аднак у 1925 г. інстытут быў ліквідаваны, а яго нерухомая маёмасць: будынак былога камерцыйнага вучылішча, будынкі драўніна-газавага завода, будынак праўлення па цяперашнім адрасе вул. Савецкая 19, інтэрнат на вуліцы Энгельса і недабудаваны фізіка-хімічны корпус былі перададзеныя ў склад БДУ 72.
Хутчэй за ўсё, з мэтай захавання агульнага віда архітэктурнай кампазіцыі, новы навучальны корпус быў пабудаваны ў тым жа стылі, што і камерцыйнае вучылішча, якое размяшчалася недалёк ад яго. Першапачаткова ў новым, добра абсталяваным, які ўжо быў адкрыты ў 1926 годзе, корпусе размясціўся Фізічны інстытут БДУ, а з 1931 г. - фізіка-матэматычнае аддзяленне (факультэт). Таксама тут знаходзіліся аўдыторыі педагагічнага факультэта і факультэта права і гаспадаркі 73. У справаздачы 1926 г. можна знайсці звестку, што на той час палова будынка належыла Балотнаму інстытуту. Да вайны будынак выкарыстоўваўся як пляцоўка для канферэнцый педагогаў-матэматыкаў і фізікаў 74. Пасля вылучэння са складу БДУ шэрагу інстытутаў, у будынку некаторы час знаходзіўся завочны сектар педагагічнага інстытута, які настойліва хацелі высяліць адтуль прадстаўнікі ўніверсітэта 75.
Неабходна адзначыць, што ў будынку знаходзілася кафедра фізікі, якая мела шэраг кабінетаў: 1) нізкіх тэмператур; 2) рэнтгена-тэхнічны; 3) радыё-тэхнічны; 3) гальванапластыкі; 4) аптычны; 5) майстэрня для рамонту і стварэння прыбораў; 6) бібліятэка на 10000 тамоў; 7) музей фізічных прыбораў 76. Побач з Фізічным інстытутам, на месцы яўрэйскіх могілак, месцілася 45-метровая радыёантэна.
У 1941 г. фізмат быў разрабаваны, каштоўнае абсталяванне вывезена або проста сапсавана, бібліятэка выкінутая на звалку разам з прыборамі і была часткова падабраная мінакамі 77. Улетку 1941 г. Д. Сіроцін заспеў такую карціну: “усюды сляды п'янай оргіі: бутэлькі з-пад віна, кансервавыя банкі, акуркі, у скрынях сталоў чалавечыя экскрыменты” 78. Сам будынак амаль не пацярпеў (у ім была аўтаматычная тэлефонная станцыя нямецкіх чыгуначнікаў) і ў 1945 г., пасля рамонту, ён зноў прыняў у свае сцены студэнтаў БДУ. У корпусе размясціўся фізіка-матэматычны і, на некаторы час, хімічны факультэт, а таксама адміністрацыйна-гаспадарчы апарат універсітэта. Тут жа абаснавалася друкарня і рэдакцыя газеты “За сталінскія кадры” (з 1955 г. – “Беларускі ўніверсітэт”) 79. У цяжкія пасляваенныя гады аўдыторый не хапала і студэнтам даводзілася вучыцца ў дзве змены, пры гэтым вечарам бывалі перабоі з электрычнасцю і заняткі зрываліся 80. Акрамя гэтага ў будынку жылі супрацоўнікі ўніверсітэта са сваімі сем'ямі 81.
Выгляд будынка пасля вайны апісаў Іван Навуменка ў сваім творы “Інтэрнат на Нямізе”: “Упрытык да абсмаленых карпусоў прытуліўся двухпавярховы катэдж, які фасадам выходзіць на вуліцу. Дзве бярозы развесілі шацёр галін над катэджам, вокны завешаны фіранкамі, жытло дыхае ўтульнасцю, спакоем”. У 1970-я гады ў сённяшнім рэктараце вучыліся студэнты фізічнага факультэта, там жа знаходзілася кафедра фізікі паўправаднікоў, некаторыя лабараторыі, газгольдарная станцыя. Некаторы час на другім паверсе знаходзіўся Інстытут ядзерных праблемаў БДУ. У 1998 г. завяршылася рэстаўрацыя будынка, пасля якой у ім размясціўся рэктарат універсітэта.
Дом № 14. Пра гэты будынак вядома толькі тое, што ў 1925 г. па адрасе Беларуская 6 знаходзіўся інтэрнат БДУ. Ёсць інфармацыя, што ў 1923 г. таварыства “Чырвонага Крыжа” абсталявала для студэнтак (аднак жылі там і хлопцы) інтэрнат на 30 чалавек, які знаходзіўся на Беларускай вуліцы. Ля будынка месціўся пладовы сад і таму ён лічыўся нейкім “домам адпачынку” для студэнтаў са слабым здароўем. У 1926 г. дом перадалі гідратэхнікуму.
Паводле спісу 1930 г.у якасці Дома № 14 фігуруе будынак па вул. Савецкая 14 (сёння Савецкая 12). На зямельным участку па гэтым адрасе знаходзіліся тры жылыя будынкі: двухпавярховы каменны дом, аднапавярховы драўляны дом і аднапавярховы драўляны флігель82. Першапачаткова драўляныя будынкі ўчастку падлягалі зносу, бо месціліся ля будоўлі галоўнага аўдыторнага корпуса. Аднак на 1930 г.у аднапавярховым драўляным флігелі, які быў пабудаваны ў 1890-ыя гады, знаходзіліся кватэры навуковых работнікаў БДУ 83.
Дом № 15. У 1925 г. па даваенным адрасе Энгельса, 34 (сёння гэта хутчэй за ўсё дом па вул. Энгельса 18) знаходзіўся інтэрнат БДУ, які раней належаў Інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі 84.
Захавалася невялічкая нататка пра інтэрнат на вул. Энгельса (без адрасу – таму нельга дакладна сказаць ці пра згаданы будынак ідзе гаворка): “У 24 г. на 100 месц павялічылася жыл. плошча – стударганізацыі атрымалі будынак на вул. Энгельса. Жывучыя цяпер у гэтым інтэрнаце наўрад ці ўяўляюць сабе, які быў выгляд інтэрнату ў той час. “Старычкі” успамінаюць … фанэрныя перагародкі з жорсткімі клапамі”.
Былі і іншыя будынкі, якія належалі ўніверсітэту.
Будынкі драўніна-газавага завода. Доследны драўніна-газавы завод (выпрацоўваў газу для асвятлення і абагравання) пры Беларускім інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі быў закладзены ў жніўні 1923 года, а адкрыты 15 мая 1924 г. За распрацоўку і будаўніцтва адказваў Ч.І. Родзевіч, а аўтарам навуковага праекта быў прафесар У.В. Шкатэлаў. Рэктар інстытута называў гэты завод, нягледзячы на яго невялікія параметры, “першым пабудаваным пасля вайны і рэвалюцыі салідным будынкам у Мінску”. Пасля ліквідацыі інстытута ў 1925 г., будынкі (рэтортнае і газгольдэрнае аддзяленне) былі аддадзены БДУ 85.
Падчас вайны будынкі ацалелі і ў 1946 г. кіраўніцтва ўніверсітэта прасіла аднавіць завод (для забеспячэння лабараторый газам), але ў 1949 г. будынкі былі знесеныя - сёння гэта тэрыторыя ўніверсітэцкага дворыка 86.
Інтэрнат на Рэвалюцыйнай, 21. У 1930 г. у трохпавярховым каменным будынку па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 21 (сёння вул. Рэвалюцыйная, 15) знаходзіўся інтэрнат студэнтаў і кватэры навуковых, тэхнічных работнікаў БДУ, а ў аднапавярховым каменным будынку па тым жа адрасе студэнцкая пральня 87.
Мураваны будынак на Рэвалюцыйнай, 15 зафіксаваны ў 1830-ыя, перабудоўваўся ў канцы 1870-ых – пачатку 1880-ых гадоў. Напрыканцы 19 стагоддзя прыбытковы дом (памяшканні здаваліся ў арэнду) належаў купцу Абраму Каплану, а пазней мяшчанцы Эсфір-Бейлі Варгафцік.
У першыя гады савецкай улады тут размяшчаўся прыёмнік для беспрытульнікаў, камісарыят па замежных справах ССРБ, а з 1924 г. – Інстытут беларускай культуры. Вядома, што пасля аддзялення ад БДУ новых інстытутаў, у 1933 г. у будынку месціўся інтэрнат Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі 88, а ў 1935 г. - ваенная кафедра інстытута 89. Пасля вайны будынак займалі розныя ўстановы, а з 2012 г. тут працуе Пасольства Швецыі ў Беларусі.
Інтэрнат на Рэвалюцыйнай, 24. У 1940 г., у будынку па адрасе вул. Рэвалюцыйная 24 (сёння гэта дом №24 або №26 - дакладна не ўстаноўлена) знаходзіўся студэнцкі інтэрнат БДУ (11 пакояў) 90. У снежні 1938 г. “Звязда” пісала, што “У інтэрнаце на Рэвалюцыйнай вуліцы празмернай перанаселенасць. Койкі збіты адна на адну”.
Будынкі па адрасе Савецкая, 20, 22. Па стану на 1930 г. універсітэту належалі два драўляныя аднапавярховыя жылыя дамы, якія былі пабудаваныя ў другой палове 19 – пачатку 20 стагоддзя 91. Акрамя гэтага каля дома па адрасе вул. Савецкая 20 знаходзілася аднапавярховая каменная кузня, пабудаваная ў 1893 годзе, якая таксама была ў падпарадкаванні універсітэта 92. Цікава, што гэтыя будынкі падлягалі зносу падчас будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка, аднак тады ацалелі. Сёння на месцы дамкоў тэрыторыя перад галоўным корпусам БДПУ.
Інтэрнат на Нямізе, 21. Дом быў перададзены ўніверітэту ў верасні 1932 г., раней у ім знаходзілася сінагога 93. Яе было вырашана пераабсталяваць пад студэнцкі інтэрнат і станам на 1940 г. студэнты жылі ў 20 пакоях 94. Пасля вызвалення горада ад нацыстаў, будынак быў зноў аддадзены ўніверсітэту пад інтэрнат, а пасля (чэрвень – жнівень 1949 г.) і адрамантаваны 95. Па сканчэнні рамонту сюды часткова перасяліліся студэнты з інтэрнату у хімкорпусе. Пры тым у кастрычніку 1949 года студэнты скардзіліся на непадрыхтаванасць інтэрнату да зімы: не была ўцяплена столь, не прачышчаны дымаходы, па вечарах амаль не было святла, а пральня пры інтэрнаце была недастаткова абсталявана. Праблемы былі і потым – напрыклад, маецца інфармацыя, што і ў 1951 г. давалі пра сабе знаць недахопы пячнога ацяплення - падчас топкі на першым паверсе стаяў дым.
Пазней дом адрамантавалі пад кватэры выкладчыцкага і адміністрацыйнага складу ўніверсітэту. У кватэрах, па ўспамінах жыхароў, былі кухні, туалеты, душ і нават паркетная падлога – усе выгоды для таго часу. Дом быў знесены каля 1970 года. Сёння на месцы будынка па адрасе вул. Няміга 21 знаходзіцца гандлёвы дом “На Нямізе”.
Цікава, што хутчэй за ўсё менавіта гэта невялікі дамок стаў адным з цэнтральных персанажаў двух літаратурных твораў былых студэнтаў БДУ, інтэрнатаўцаў Івана Навуменкі (“Інтэрнат на Нямізе”) і Вячаслава Адамчыка: (“Аптэка нумар тры”). Абодва пісьменнікі з любоўю апісваюць старую, зніклую ў нябыт Нямігу і невялічкую двухпавярховую старую камяніцу, якая была для іх домам. “Там быў наш інтэрнат — двухпавярховы цагляны дом. Ён пах гаркаватаю цэглаю, як разабраная печ. Стары двухпавярховы дом на дваццаць адзін пакой і адну кладоўку… З нашага акна было відаць брукаваны двор, хляўчук, сцяна, ад зямлі аж да страхі закладзеная наколатымі дрывамі, і развешаную на вяроўках бялізну. Вецер надуваў вялікія белыя похвы… На той самай, дзе я пражыў два гады ў старым доме ў невялікім пакойчыку нумар пяць на першым паверсе. У пакойчыку з адным фанерным сталом, засланым клейкаю цыратаю з рудымі плямамі ад недакураных цыгарэт. Кафельнаю печкаю і чатырма жалезнымі ложкамі з парванымі сеткамі. Хлопцы іх звязвалі тэлефонным дротам” – Вячаслаў Адамчык.
Інтэрнат на рагу Ленінскай і Універсітэцкай. Вядома, што ў 1933 г. у памяшканнях былога жакт.клуба і майстэрні размесціўся інтэрнат рабфака БДУ. Як сведчаць дакументы, у 1933 г. там праводзіўся рамонт у выніку якога, студэнты павінны былі быць выселены ў інтэрнат на Нямізе, а гэты будынак адводзіўся б пад 8 кватэр навуковых працаўнікоў і пакой для прыезджых прафесараў з Масквы і Ленінграда 96. Невядома ці быў рэалізаваны гэты план, аднак у 1934 г. тут пражывала каля 60-ці студэнтаў фізмата і геафака БДУ 97.
Дом быў моцна пашкоджаны падчас вайны і пазней знесены. Сягоння на яго месцы дом па адрасе вул. Леніна 22/Кірава 27, які стаіць побач з галоўным будынкам Нацыянальнага мастацкага музея.
Таксама адзначым, што ў 1925 г. педфак БДУ пераехаў у былое Камерцыйнае вучылішча і тым самым, як сцвярджаюць крыініцы “звольніў пад інтэрнат трохпавярховы будынак на Ленінскай. Гэта дало павялічэнне на 150 ложкаў”. Пра які будынак ідзе гаворка ў гэтым выпадку дакладна сказаць цяжка.
Інтэрнаты БДУ на вуліцы Студэнцкай. На працягу 1930-ых гадоў на вуліцы Студэнцкай (былая Барысаўская) знаходзіліся інтэрнаты БДУ. У бараках, якія былі пабудаваны, як мы мяркуем на пачатку 1930-ых гадоў (вядома, што ў лістападзе 1933 г. былі здадзены ў эксплуатацыю і перададзеныя БДУ баракі №1 і 6), жылі студэнты педагагічнага, медыцынскага інстытутаў, БДУ, навучэнцы шэрагу тэхнікумаў, а таксама рабочыя горада Мінска 98. Станам на 1940 г. у складзе БДУ засталося толькі тры будынка – па адрасе Студэнцкая, 35, 52, 54 99. Баракі былі аднапавярховымі драўлянымі будынкамі, крытай толем і абабітыя з двух бакоў дошкамі. Даўжыня баракаў складала 56,3 м., шырыня - 12,7 м., вышыня іх дасягала амаль 3 м. Яны мелі галандскія печы, электрычнае асвятленне, а вось вадаправода і каналізацыі не было. У адным бараку пражывала ад 115 да 150 чалавек 100.
Восенню 1934 г., праз павялічэнне колькасці студэнтаў, праблема ўмоў пражывання ў бараках стала асабліва вострай. Студэнты масава пісалі скаргі ў перыядычныя выданні на ўмовы пражывання. У сувязі з гэтым да студэнтаў наведаўся наркам асветы БССР А. А. Чарнушэвіч, а 30 кастрычніка 1934 г. камісія ў складзе намеснікаў дэканаў хімічнага, біялагічнага і гістарычнага факультэтаў, прадстаўніка ад Выканбюро Пралятстуда правяла агляд інтэрнатаў101. Камісія выявіла шматлікія недахопы: празмерная вільготнасць, цвіль, падцёкі ў пакоях, іржа на плітах (студэнты паказалі пліту, якая паржавела ад вільготнасці і прыйшла ў непрыдатнасць), адсутнасць у многіх студэнтаў пасцельных прыналежнасцяў, вешалак (студэнты забівалі цвікі ў сцяну і вешалі на іх вопратку). Адзін з шматлікіх прыкладаў - у студэнта гістфака Дубовіка была брудная навалка, уся заседжаная шасціножкамі. На працягу ўсіх 1930-ых ад студэнтаў-жыхароў баракаў прыходзілі скаргі.
Выпускнік літфаку Вышэйшага педагагічнага інстытута Я.М. Гаварушка ўзгадваў, што ў 1930-ыя гады, па начах, прадстаўнікі органаў забіралі з баракаў на Студэнцкай здольных студэнтаў літфаку 102.
Сёння ў раёне баракаў месцяцца інтэрнаты БДПУ.
Таксама інтэрнаты ўніверсітэта размяшчаліся па такіх адрасах: вул. Школьная 1, 3 і 8; вул. Фрунзенская, 57 (раён галоўнага ўваходу ў парк імя Горкага); вул. Новамясніцкая, 26 (раён былога Замчышча) 103. Пад вуліцай Школьнай, хутчэй за ўсё, трэба разумець вуліцу Вольную (так называлася ад 1931 г.). У 1940-ым годзе жыхары горада, напэўна, называлі яе яшчэ па-старому і таму гэтая назва пранікала нават у дакументы. Школьная/Вольная вуліца знаходзілася прыкладна на месцы сённяшняга пуцеправода паміж вул. Леніна і пр. Пераможцаў. Да вайны тут была шчыльная дарэвалюцыйная забудова – нажаль, яна не ацалела – была зруйнавана.
Інтэрнат на вуліцы Новамясніцкай існаваў з 1933 г. (у спісе інтэрнатаў БДУ 1940 г. ён ужо не згадваецца) і на 1933 г. у 6 пакоях там жыло 53 чалавекі 104. Былі інтэрнаты і на вуліцах Беламорскай і Студэнцкай.
Узорная беларуская школа пры педагагічным факультэце БДУ. Вядома, што ў будынку па адрасе Мяснікова, 76 у 1928 г. размяшчалася ўзорная (узорна-паказальная) беларуская школа пры педфаку БДУ 105. Да перадачы “пад крыло” універсітэта ў 1924 г., установа называлася Савецкая школа №13. БДУ адказваў за складанне навучальных планаў, камплектацыю калектыву, фінансавыя пытанні школы. У гэтай школе праходзілі практыку студэнты. Першым загадчыкам школы стаў вядомы географ, краязнаўца, дзеяч нацыянальнага руху М. В. Азбукін.
У 1936 г. па адрасе ўзорна-паказальнай школы ўжо згадваецца сямігадовая фабрычна-завадская беларуская школа №31, якая знаходзілася на першых двух паверхах 106. Таксама маюцца дакументы ў якіх паказваецца, што беларуская доследна-паказальная школа пры педфаку БДУ ў 1927 г. знаходзілася па адрасе вул. Камунальная, 32. Пры гэтым вядома, што ў 1923 г. па гэтым адрасе размяшчалася 13-ая беларуская сярэдняя школа, у 1935 г. - 13-ая руская сярэдняя школа, а праз год - 44-ая няпоўная сярэдняя беларуская 107.
Акрамя гэтага трэба адзначыць, што пры БДУ ў міжваенны час дзейнічалі: беларускія школы №12 і №31 на Земляробчым завулку (сёння раён плошчы Незалежнасці), беларуская доследна-паказальная школа імя Сцяпана Булата 108.
Вяртаючыся да гісторыі будынка на вуліцы Мяснікова, трэба адзначыць, што ён пабудаваны ў ХІХ стагоддзі ў стылі эклектыкі як жылы дом. Паводле некаторых дадзеных, і на пачатку 20 стагоддзя яно было звязана з адукацыяй - тут знаходзіліся два вучылішча: прыходскае і двухкласнае жаночае. Пазней дом перадалі габрэйскаму добраахвотнаму таварыству, пасля чаго тут абаснавалася 3-е жаночае габрэйскае вучылішча. На пачатку 1990-ых будынак змяніў своё знешні выгляд - былі надбудаваныя два паверхі.
Узорная яўрэйская школа пры педагагічным факультэце БДУ. У сярэдзіне 1920-ых 12-ая савецкая яўрэйская жаночая школа першай і другой ступені (1-7 клас), якая месцілася на вуліцы Валадарскай, стала ўзорнай (доследна-паказальнай) яўрэйскай школай пры педагагічным факультэце БДУ. У канцы 1930-ых школа №12 пераехала ў новы будынак па сучасным адрасе вул. Мяснікова, 5. Гэтая школа працуе і сёння, праўда па іншым адрасе, ды ўжо і не як школа, а як гімназія №12.
Калі казаць пра будынак на вул. Валадарскай, то гісторыя яго такая. У 1904 г. мяшчанкай Казарноўскай было адкрыта прыватнае вучылішча для дзяўчынак з габрэйскіх сем'яў на вуліцы Багадзельнай (цяперашняя Камсамольская). У 1907 г. вучылішча становіцца “прагімназіяй №12”, а калі ў 1913 г. колькасць вучаніц узрасла, для прагімназіі арандуецца другі паверх у доме №17 па вуліцы Серпухаўскай (сёння на месцы гэтага будынка жылы дом па адрасе вул. Валадарскага, 13). Пасля ўсталявання савецкай улады прагімназія стала 12-ай школай.
Неабходна адзначыць, што даволі спецыфічнай структурай у сістэме БДУ быў медыцынскі факультэт. Справа ў тым, што для нармальнага функцыянавання ўстаноў падобнага тыпу неабходныя ўласныя клінікі. Паколькі ўніверсітэт на першапачатковым этапе амаль не мог забяспечыць медыкаў будынкамі падобнага тыпу, было прынята рашэнне аб размяшчэнне клінік БДУ на базе асноўных бальніц Мінска. Таксама, паводле ўспамінаў М.Б. Кроля, да пачатку працы БДУ задумвалася перадача медфаку будынкаў духоўнай семінарыі (пад асноўнае аддзяленне, інстытуты фізіялогіі, гісталогіі і агульнай паталогіі, прыродазнаўчы факультэт з хімічнымі лабараторыямі і кабінетамі фізікі), фабрыкі “Вікторыя” (пад анатамічны тэатр), гімназіі Фальковіча (пад хірургічную і тэрапеўтычную клініку), будынка грамадскага клуба (пад нервовую клініку). Аднак, збольшага, гэтым планам не было наканавана спраўдзіцца. Асноўная частка клінік універсітэта “асела” ў гарадскіх бальніцах. Пры тым Кроль разумеў, што такое становішча часовае і ўжо тады думаў аб будаўніцтве клінічнага гарадка ў раёне вайсковага шпіталя.
1-я Савецкая бальніца. З пачатку 1920-ых гг. Мінская яўрэйская бальніца на вуліцы Губернатарскай (цяпер вул. Леніна) стала называцца 1-й Савецкай. У канцы 1922 - пачатку 1923 г. на базе гэтай бальніцы былі адкрытыя першыя клінікі медфаку, яна становіцца асноўнай базай падрыхтоўкі лекараў медыцынскага факультэта БДУ, а з 1930 г. - Мінскага медыцынскага інстытута. У бальніцы размяшчаліся такія універсітэцкія клінікі: першая прапедэўтычная тэрапеўтычная клініка з клінічнай лабараторыяй і клініка прапедэўтыкі хірургіі, вочная, вуха, горла, носа, прафесійных захворванняў, а таксама секцыйная зала для ўскрыццяў і рэнтгенаўскі кабінет. На пачатковым этапе існавання БДУ, бальніца пастаўляла макрааб’екты для практычных заняткаў па паталагічнай анатоміі, а ў клубе медработнікаў бальніцы студэнты слухалі лекцыі.
Сёння гэта 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. У. Клумава (вул. Леніна 30).
2-я Савецкая бальніца. У пачатку 1920-ых гг. Мінская губернская земская бальніца на вул. Аляксандраўскай стала называцца 2-ой Савецкай. З 1922 г. бальніца становіцца базай медыцынскага факультэта БДУ, цэнтрам навукова-медычнай думкі ў рэспубліцы, кузняй медыцынскіх кадраў і навуковых работнікаў. Тут працавалі выбітныя навукоўцы-практыкі, прафесары М. П. Сакалоўскі, А. К. Ленц, М. Д. Выдрын. Таксама, менавіта тут знаходзіліся клінікі: унутраных хвароб, акушэрска-гінекалагічная, шпітальна-тэрапеўтычная і псіхіятрычная. Сёння гэта 2-ая гарадская клінічная бальніца (раней размяшчалася на вул. Багдановіча, 2).
3-я Савецкая бальніца. У 1923 г. востразаразная бальніца, якая ўжо называецца 3-яй Савецкай бальніцай, становіцца клінічнай базай медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, затым Мінскага медыцынскага інстытута. Тут дзейнічалі скурна-венерычная і інфекцыйная клінікі.
Афіцыйнае адкрыццё гэтай бальніцы адбылося 9 лістапада 1913 г. Па рашэнні гарадской думы ў маланаселеным на той момант раёне былі збудаваныя 16 будынкаў, у іх ліку 3 лячэбных корпуса на 60 ложкаў, харчаблок, кацельня, механічная пральня з дезкамерой, жалезабетонны леднік і біялагічны ачышчальнік109. У гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на яе базе функцыянаваў інфекцыйны шпіталь на 700 ложкаў.
Сёння гэта Мінская гарадская інфекцыйная клінічная бальніца на вул. Крапоткіна, 76.
Дзіцячая клініка (лякарня). Пасля закрыцця 1-ага мужчынскага вышэйшага пачатковага вучылішча на вул. Падгорнай (у 1917 г.), будынак вучылішча быў пераабсталяваны і з канца 1924 года тут размесцілася клініка (бальніца) дзіцячых хвароб, якая з'яўлялася базай для кафедры дзіцячых хвароб (В. А. Леонаў) і клінікі медфака БДУ (пазней Мінскага медінстытута). Неабходна адзначыць, што абсталяванне для клінікі закупалася ў тым ліку і за грошы амераканскай арганізацыі “Джойнт” (таксама грошы былі дадзеныя на закупку абсталявання для 1-ай тэрапеўтычнай і вочнай клінік). Клініка медфака БДУ функцыянавала з 1925 г. і была цэнтрам даследаванняў у галіне педыятрыі ў БССР 110. У другой палове 1920-ых яна ператварылася ў паўнавартасную лячэбную ўстанову, разлічаную на 72 койкі, якая мела добрую лабараторыю і бібліятэку 111. Раз у тыдзень тут ладзіліся заняткі (лекцыі, практыка) для студэнтаў 4-га і 5-га курсаў медфака 112.
Пасля вайны быў надбудаваны трэці паверх. Сёння гэта жылы будынак па адрасе вул. Карла Маркса, 20.
Клініка нервовых хвароб. Будынак клінікі нервовых хвароб на вул. Свярдлоўскай (праект С. С. Гайдукевіча) пачалі ўзводзіць яшчэ ў дарэвалюцыйны час, але быў ён дабудаваны толькі ў 1923 г. 113. Свае дзверы, арганізаваная дэканам медфака М. Б. Кролем, установа адкрыла на 7-ую гадавіну Кастрычніка - у 1924 г. 114. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі савецкіх, партыйных, прафсаюзных арганізацый, студэнты, выкладчыкі, а таксама старшыня СНК Адамовіч, наркам аховы здароўя Барсукоў і рэктар Пічэта. У 1920-ыя на базе клінікі дзейнічала кафедра нервовых хвароб медфака БДУ (М. Б. Кроль). Клініка нервовых хвароб медфака БДУ была першым у краіне неўралагічным цэнтрам. На базе клінікі быў заснаваны інстытут фізіятэрапіі, які сёння з'яўляецца Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам неўралогіі і нейрахірургіі.
Будынак клінікі пацярпеў у час Вялікай Айчыннай і пасля вайны быў знесены. Сёння тут размяшчаецца дом па адрасе вул. Свярдлова, 3.
Беларускі санітарна-бактэрыялагічны інстытут. Інстытут (сёння РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі) быў арганізаваны ў 1924 г. на базе Пастэраўскай станцыі, якая існавала з 1911 г. у Мінску, і Цэнтральнай хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі губернскага аддзела аховы здароўя, якая працавала з 1920 г. 115. У 1924 г. гэтыя ўстановы былі перайменаваныя ў бактэрыялагічны (Пастэраўскі) інстытут, дырэктарам якога быў прызначаны прафесар, загадчык кафедры мікрабіялогіі медфака БДУ Б. Я. Эльберт. Сама кафедра размясцілася тут жа.
Пад будынак новага інстытута быў выдзелены двухпавярховы дом на вул. Навамаскоўскай (сёння Мяснікова, 74), які да гэтага займаўся падраздзяленнямі Беларускага Чырвонага Крыжа 116. Неўзабаве будынак быў абсталяваны і з лістапада 1924 г. інстытут пачаў сваю працу. Асноўнай задачай інстытута была абарона насельніцтва Беларусі ад інфекцый (воспа, малярыя, тыф, коклюш, дыфтэрыя і т. д.) 117. Менавіта гэтая ўстанова займалася распрацоўкай вакцын супраць гэтых страшных хвароб.
На першым паверсе Інстытута знаходзіліся мікрабіялагічная і гігіенічная лабараторыі, дзе праходзілі заняткі са студэнтамі медфаку БДУ 118. Студэнты вывучалі мікрабіялогію, знаёміліся з вытворчасцю вакцын, сываратак 119. У 1925 г. у двары быў пабудаваны драўляны флігель-інтэрнат “для укушаных” 120.
Воспеннае аддзяленне бактэрыялагічнага інстытута ў Навінках. На працягу 1924-1926 г. у саўгасе Навінкі былі пабудаваныя будынкі (двухпавярховы драўляны будынак, цялятнік, стайня на 12 коней) для воспеннага і сываратачнага аддзяленняў бактэрыялагічнага інстытута 121. Менавіта тут была арганізавана вытворчасць вакцыны супраць воспы і тут жа праходзілі заняткі студэнтаў медфака БДУ па воспапрышчэпліванню.
На базе інстытута працавалі кафедры агульнай гігіены і сацыяльнай гігіены медфаку БДУ122. Харчовая, водная і глебавая лабараторыі былі агульнымі з Інстытутам. У канцы 1929 года кафедра гігіены размясцілася ў медыцынскім корпусе ўніверсітэцкага гарадка 123.
Сам будынак быў узведзены ў царскі час як прытулак для дзяцей-падкідышаў пры Таварыстве міласэрнасці. Пазней яго рэарганізавалі ў дом груднога дзіцяці, а ў 1926 - 1928 гг. у доме знаходзіўся венералагічны дыспансер. Стары дом часткова ацалеў - яго сцены былі выкарыстаны пры ўзвядзенні, у 1930-ыя гады, будынка па сённяшнім адрасе Чырвонаармейская, 10.
Акрамя гэтых будынкаў, якія ў пераважнай большасці былі дарэвалюцыйнымі, у ўніверсітэта былі і сучасныя карпусы ўніверсітэцкага і клінічнага гарадка БДУ, збудаваныя ў канцы 1920-ых - пачатку 1930-ых гадоў. Аднак гэта тэма для асобнай размовы. Азначым, што варта працягваць даследванне нашай тэмы, бо частка будынкаў засталася не лакалізаванай, а гісторыя многіх з іх патрабуе глыбейшага даследвання.
Агульны спіс крыніц і літаратуры ↓
Выказваем падзяку за матэрыялы і парады: Алегу Яноўскаму, Паўлу Растоўцаву, Дзмітрыю Навумаву, Уладзіміру Садоўскаму, Уладзіміру Дзянісаву, Расціславу Баравому, Вадзіму Зелянкову, Іллю Андрэеву, Мікалаю Шуміну, Дар'і Прыгодзіч.
< Папярэдні | Наступны > |
---|