Абставіны ўзнікнення і вайсковая прыдатнасць карты Станіслава Пахаловіча Descriptio Ducatus Polocensis (1580)
Уступ1
Тры выправы шматнацыянальных войскаў Стафана Баторыя на Расійскае царства (1579–1582) прывялі да зменаў амаль у кожным аспекце старапольскай вайсковай справы, у тым ліку і ў картаграфіі. Упершыню карты і планы сталі асновай для стратэгічнай, аператыўнай і тактычнай дзейнасці2. Гэта адбылося па некалькіх прычынах. Па-першае, яшчэ ў перыяд, які папярэднічаў праўленню ў Рэчы Паспалітай трансільванскага князя, узнікла свядомае выкарыстанне вайсковай картаграфіі. Менавіта ў часы Жыгімонта Аўгуста інжынерыя і картаграфія нясмела праніклі спачатку ў працы ваенных тэарэтыкаў, а потым і ў практычную вайсковую дзейнасць3. Па-другое, выправы 1579–1582 гг. былі аднымі з нямногіх наступальных аперацый, здзейсненых за час існавання РП4. Такім чынам, аб камунікацыях, транспарце, забеспячэнні, гэта значыць, увогуле, аб шляхах сувязі, клапаціліся непараўнальна больш, чым падчас іншых узброеных канфліктаў. Адпаведна, роля картаграфіі была значна большай, чым у кампаніях, якія праводзіліся ва ўласных, добра вядомых раёнах.
Варта адзначыць, што Descriptio Ducatus Polocensis Станіслава Пахаловіча — не самая старая вайсковая карта, створаная ў Рэчы Паспалітай у XVI ст. Больш ранняя і самая старая з вядомых была намалявана на два гады раней (1577 г.), падчас вайны Баторыя з Гданьскам. З нагоды гэтага канфлікту былі створаны прынамсі тры картаграфічныя крыніцы5. Самая важная карта з пункту гледжання ваенных даследаванняў не захавалася, яе адзіны след — легенда, якую пакінуў Станіслаў Сарніцкі. На падставе яе можна зрабіць выснову, што на карце была паказаная тэрыторыя не менш за 35 км ніжняга цячэння ракі Віслы. На карце былі паказаны Гданьск, Прушч Гданьскі, Тчэў і Любешава Тчэўскае. Пазначаны не толькі гідралагічна-гарадскі план, але і два мосты, пабудаваныя ваюючымі войскамі: адзін каралеўскі, другі — гданьскі6. Аднак значэнне карты аблогі Гданьска было непараўнальна меншае, чым Пахаловіча, што вынікала са спецыфікі бітваў на Полаччыне. Тым не менш, досвед Каралеўскай Прусіі ў 1576–1577 гг. мог стаць інтэлектуальным імпульсам для такой дзейнасці.
У гэтым артыкуле прыводзяцца абставіны стварэння Станіславам Пахаловічам карты Полацкага княства і яе патэнцыйнае выкарыстанне войскам Стафана Баторыя. Справа ў тым, што гравюра была зроблена ў Рыме ў 1580 г. на аснове рысунка, падрыхтаванага раней Пахаловічам. Відавочна, што публікацыя выявы пад назвай Descriptio Ducatus Polocensis мела вялікае прапагандысцкае значэнне7, яна выяўляла ваенныя поспехі Рэчы Паспалітай, легітымізавала захоп, а фактычна вяртанне Полаччыны. Аднак калі карта (у яе рукапісным варыянце) адыгрывала нейкую аператыўна-стратэгічную ролю, то толькі ў тым выпадку, калі яна была падрыхтавана для патрэб паходу 1579 г. — гэта значыць вясной ці ў пачатку лета8.
Між тым, як сцвярджаюць гісторыкі, карта была створана пасля заканчэння ваенных дзеянняў на Полаччыне. У артыкуле, у якім разглядаўся арганізацыйны аспект ваенных дзеянняў Стафана Баторыя, Генрык Катарскі сцвярджаў, што фактычна першая экспедыцыя на Полацк рыхтавалася без адпаведных картаграфічных крыніц. У Баторыя былі буйнамаштабныя карты, але ўзровень іх дакладнасці быў вельмі нізкі. Першае выданне карты Мацея Струбіча было створана яшчэ ў 1579 г., але пасля заканчэння першага паходу. У заключэнне Катарскі сцвярджае, што для складання карт і планаў Стафан Баторый павінен быў узяць з сабой картографаў: Станіслава Пахаловіча і Пятра Франка. Вынікам іх працы (пасля заканчэння ваенных дзеянняў) стала карта Полацка і планы сямі крэпасцей9. Таксама Караль Бучэк, не пісаўшы прама пра час стварэння Пахаловічам карты, зазначае, што яна была зроблена ў першай палове верасня, «і тады яшчэ не мог ён [Пахаловіч. — К.Л.] мець лепшай інфармацыі пра раён баявых дзеянняў, які толькі перамясціўся ў Полаччыну ў другой палове ліпеня»10. Даследчык мяркуе, што стварэнне добрай карты было магчымым толькі пасля правядзення ўсёй ваеннай кампаніі.
На наш погляд, гэта павінна было адбывацца ў адваротным парадку. У той час як невялікія карты і планы крэпасцей павінны былі складацца ў пачатку асадных дзеянняў, аператыўная карта павінна была быць падрыхтавана да экспедыцыі або, у горшым выпадку, у яе пачатку. Інакш сэнс і карыснасць такога картаграфічнага твора былі б нязначнымі.
Іншае пытанне датычыцца ступені карыснасці карты Полацкага княства ў гады вайны. Караль Бучэк вельмі крытычна ставіцца да спадчыны Пахаловіча і карты, зробленай праз год Сулімоўскім, канстатуючы, што абодва відарысы маюць «няправільную арыентацыю, недакладнае адлюстраванне гідраграфічнай сеткі, значнае павелічэнне сігнатур мясцовасцей у адносінах да маштабу карты, малую лічбу пазначаных населеных пунктаў, скажоныя напрамкі і адлегласці і г.д.». Таму іх значэнне было намінальным: яны аказаліся больш карыснымі ў дыпламатычных перамовах, чым падчас баявых дзеянняў11. Варта падкрэсліць, што аўтар засноўваў свае крытычныя заўвагі на недасканалых рэпрадукцыях XIX стагоддзя12.
Адным са значных дасягненняў багатай працы іншага вучонага — Станіслава Александровіча — стала частковая пераацэнка аператыўнай карты Станіслава Пахаловіча13. Па-першае, ён удакладніў яе маштаб з раней прынятых 1:700 000 да 1:545 000 і ацаніў плошчу, прадстаўленую на ёй, у 38 000 км2. Па-другое, ён вызначыў, што польская міля, пазначаная на карце, складае 5,6 км, што адпавядала літоўскай mila communis. Па-трэцяе, ён ацаніў, што карта арыентавана не на поўнач, а на поўнач-усход-усход14. Александровіч канстатаваў: «У цэлым выява мясцовасці на карце Пахаловіча значна скажоная»; аднак дадаў: «Нягледзячы на хібы, карта Полацкага княства ўсё ж забяспечвала агульную і даволі падрабязную арыентацыю ў складанай сістэме вадаёмаў і населеных пунктаў на абшары баявых дзеянняў 1579 г.»15. Аднак пазней ён пагадзіўся з у цэлым адмоўнай ацэнкай Караля Бучэка16.
Здаецца, немагчыма адказаць на два пытанні, сфармуляваныя ва ўступе: аб часе стварэння і вайсковай прыдатнасці разгляданага аб'екта. Архіўныя пошукі, які праводзіліся дзесяцігоддзямі, прынеслі больш чым сціплыя вынікі. Мы даўно ведаем толькі два важных факты. Першы: 20 верасня 1579 г. Ян Замойскі паведаміў Цалігарыю (Jan Andrzej Caligari. — Заўв. перакл.) аб падрыхтоўцы карт, звязаных з ваеннымі дзеяннямі 1579 г.17 Другі: 25 кастрычніка Мацей Струбіч прасіў вялікага канцлера кароннага даць яму «хараграфію Вялікага Княства Літоўскага». Картографа, несумненна, зацікавіла карта Станіслава Пахаловіча, бо Струбіч падкрэсліваў, што ён валодае «пэўнымі звесткамі пра тое, што ў ваенныя часы Я[го] К[аралеўская] M[іласць] меў больш грунтоўнае і дакладнае апісанне той зямлі ў Літве»18. Усё гэта дае толькі адносную магчымасць датавання ante quem: карты з Полацкага паходу былі створаны не пазней, чым у верасні 1579 года.
Аднак, нягледзячы на абмежаваную базу апісальных крыніц, мы знаходзімся ў выдатным становішчы датычна картаграфічных крыніц. Маем дзве карты, створаныя ў адзін год, якія ахопліваюць адну і тую ж тэрыторыю. Можна скарыстацца параўнальным метадам абедзвюх крыніц. Арыенцірам стане карта Станіслава Сулімоўскага, якая ўлічвала дасягненні ўсёй кампаніі 1579 г. і дадаткова разведвальную аперацыю на мяжы 1579 і 1580 гг.19 А пасля трэба супрацьпаставіць абедзве карты ў тых абшарах, дзе ішлі ваенныя дзеянні з ліпеня да сярэдзіны верасня. Калі ў Пахаловіча адзначым адсутнасць важных звестак, атрыманых падчас кампаніі 1579 г., то варта меркаваць, што каралеўскі сакратар зрабіў сваю карту яшчэ да выправы20.
Трэцяе даследчае пытанне звязана з ацэнкай таго, ці можна было падрыхтаваць дастаткова дакладную карту без картаграфічных работ, праведзеных асабіста ў палявых умовах. Гэта праблема звязана са спосабам стварэння працы, якую мы тут абмяркоўваем.
I. Акалічнасці стварэння карты Полацкага княства
Амаль кожны гісторык вайсковай справы паказваючы тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай, дзе аператыўная карта была найбольш карыснай, указаў бы на полацкія землі21. Уся мяжа з Маскоўскім царствам у XVI ст. была неспакойным раёнам, але даўняе Полацкае княства выглядала асаблівай тэрыторыяй22. Пасля падзення Смаленска ў 1514 г. Віцебск і Полацк сталі асноўнымі кірункамі пашырэння Маскоўскай дзяржавы. Захоп гэтых зямель фактычна адкрыў бы просты доступ да Вільні. У 1563 г. войскі Івана IV Жахлівага захапілі Полацк, што стала прычынай амаль бесперапынных канфліктаў на гэтым абшары23. Маскоўскія ўладары не змаглі авалодаць усёй мясцовасцю, але ўтрымлівалі Полацк, дзякуючы чаму кантралявалі стратэгічнае суднаходства па рацэ Дзвіне24. У той жа час яны крок за крокам заваёўвалі або будавалі ўмацаванні вакол Полацка, каб замацаваць здабычу і пашырыць тэрыторыю свайго кантролю25. У сваю чаргу, літоўскі бок пасля няўдалых спробаў адваяваць Полацк з рук ворага26 таксама рабіў крокі па будаўніцтве ў ваколіцах новых замкаў або ўмацаванні існуючых, імкнуўся завалодаць меншымі маскоўскімі ўмацаваннямі27. Такім чынам, звычайнай лініі фронту не існавала, але былі тэрыторыі, на якіх былі пабудаваныя ўмацаванні і якія адваёўваліся адзін у аднаго28. У канцы панавання Жыгімонта II Аўгуста літоўскае войска атрымала невялікую перавагу. Прадвеснікам перамен стаў трыумф князя Рамана Сангушкі, які ў 1568 г. здабыў расійскую Улу29. У наступным годзе, у снежні, быў заваяваны і разбураны, а пазней адбудаваны на возеры Цётча новы замак30. Як следства, на працягу 15 гадоў у рэгіёне адбыліся карэнныя пасяленчыя і ўрбаністычныя перамены. Адны вёскі і сёлы былі спустошаны, а іншыя пераўтвораны ў замкі і ўмацаваныя крэпасці31. Вайна за гэтую правінцыю была падобная да вайны ў Заходняй Еўропе, асабліва ў Нідэрландах. Гэта быў пачатак новага тыпу ўзброеных канфліктаў, у аснове якіх сутыкненне грунтавалася на мастацтве манеўравання, пабудовы, а затым абароны ўмацаванняў і, нарэшце, працяглых аблог з выкарыстаннем сучаснай ваеннай тэхнікі32.
Картаграфічныя веды — асабліва ў такой мясцовасці і ў такіх умовах вядзення вайны — выглядаюць неабходнымі. Гэта разумелі ўлады Расійскага Царства33. Іван IV Жахлівы яшчэ ў 1552 г. загадаў апісаць усю тэрыторыю Расіі і суседніх з ёй краін, праца гэта атрымала назву “Книга Большому чертежу”. Гэтая крыніца была праверана і выпраўленая на мяжы XVI-XVII стст. Наступная рэдакцыя паходзіць з 1627 г. і гэтая версія захавалася да нашага часу. У асноўным гэта апісанні дарог і рэк разам з прыведзенымі адлегласцямі паміж імі34. У дадатак да апісання тэрыторыі царства, верагодна, таксама былі зроблены карты. Пацвярджэнне таму можна знайсці, у тым ліку, у архіве сеймавага прыказа ад 1614 г. У той час існавалі шматлікія дакументы, вядомыя як "чертеж", якія прадстаўлялі памежныя землі, у тым ліку руска-літоўскую мяжу35. Адна з анатацый змяшчае падрабязныя характарыстыкі:
Ч е р т е ж м е ж е в а н ь я [вылучана. – К. Л.] государевых бояр Михаила Яковлевича Морозова с товарыщи с литовскими послы, как учинили меж городу Полотцку и Полотцким пригородом земле, и селам, и деревням, и водам, и всяким угодьям с литовскими городами, как был Полотеск за государем”36.
Вельмі верагодна, што гэта апісанне адносіцца да карты. Яго аўтарам быў баярын Міхал Марозаў, асуджаны на смерць у 1564 г., такім чынам, карта, пра якую ідзе гаворка, была створана пасля заняцця Полацка ў 1563 г. ці не пазней за 1564 г. Станіслаў Александровіч сцвердзіў: «яна, безумоўна, выяўляла больш сітуацыйных дэталяў, чым [...] карта Пахаловіча»37.
Па прычыне не захаванасці згаданай расійскай карты з гэтай думкай цяжка спрачацца або пагадзіцца. Тым не менш для параўнання варта прывесці прыклад іншай, пазнейшай расійскай вайсковай карты гэтых абшараў. Была яна складзена ў 1701 г. стольнікам Максімам Цызырэвым, які зрабіў яе тайным "обычаем". На ёй былі паказаны Віцебск, Полацк і шэраг гарадоў, размешчаных каля ракі (іл. 1а, 1б)38. Дадаткова былі створаны ітынерары, якія апісвалі плынь ракі Дзвіны, пачынаючы з яе вытокаў у Ржэўскім уездзе і да Полацка39. Гэтая карта па ўзроўню дэталізацыя падобная да працы Пахаловіча, але месцамі яна горшая. Так што нельга яе ацаніць як больш каштоўную для вайсковых патрэб. Яе адметная рыса — пазначаныя масты, умацаванні, акружаныя ровам з варотамі, і даволі густая сетка паселішчаў, размешчаных на самой Дзвіне, а таксама абазначэнне літоўска-маскоўскай мяжы. З захаду (левы бок карты) сярод умацаваных пунктаў адзначаны: Полацк (рака Палата не пазначана!), Віцебск, Сураж, Вяліж і горад Белы (Белый), размешчаны на маскоўскім баку, на рацэ Обша. Гэтая крыніца пазбаўленая як шкалы адлегласцяў, так і каардынатнай сеткі, адсутнічае нават указальнік арыентацыі. Выявы населеных пунктаў павялічаныя да буйных памераў, прычым на іх схематычна пазначаны фартыфікацыйныя элементы (іл.1б)40. Таксама схематычна прадстаўлены геаграфічная сітуацыя — лясы і ўзгоркі. Басейн Дзвіны паказаны вельмі недакладна, многія рэкі, зафіксаваныя Пахаловічам, былі апушчаны. На карце пачатку XVIII ст. таксама адсутнічалі дарогі і тагачасныя гандлёвыя шляхі. Такім чынам, крыніца, створаная праз 121 год, не пераўзыходзіць працу Пахаловіча па патэнцыйнай аператыўнай прыдатнасці — наадварот, знаходзіцца на больш нізкім узроўні. Паколькі расійская картаграфія імкліва развівалася ў XVII стагоддзі41, можна меркаваць, што карта, створаная ў часы Івана Грознага, у лепшым выпадку была падобная на працу Максіма Цызырэва і непараўнальна менш дэталізаваная, чым картаграфічная праца, створаная ў 1579 годзе.
1а. Карта басейна ракі Дзвіна ад горада Белага да Полацка, зробленая для патрэб расійскай арміі ў 1701 годзе. A. Сапунов, Река Западная Двина с картами, планами и рисунками, Витебскъ 1893, пасля с. 52.
1б. Павялічаныя фрагменты Полацкай (справа) і Віцебскай (злева) крэпасцей. В.М. Ляўко, М.Ф. Гурын, Ю.А. Заяц і інш., Археалогія Беларусі у 4 т., т. 4: Помнікі XIV–XVIII стст., пад рэд. В.М. Ляўко і інш., Мiнcк 2001, с. 204, іл. 84.
На фоне яшчэ перыферыйнага Расійскага царства дзівіць картаграфічная адсталасць у дзяржаве Ягелонаў. Выглядае, што геаграфічныя і картаграфічныя веды літоўскіх і каронных палкаводцаў з пачатку 1660-х гг. былі на вельмі нізкім узроўні. Пра гэта сведчыць ліст кароннага гетмана Фларыяна Зебжыдоўскага да Мікалая Радзівіла з 1562 г. аб ваенных дзеяннях на мяжы Полацка і Віцебска. Зебжыдоўскі прызнаецца, што яго прасторавая арыентацыя дрэнная. Ён піша: «Я не магу пазначыць ніводнае месца [для сустрэчы. — К. Л.] Вашай Мілосці як недасведчаны (jako nieświadom). Таму што і wodzów і tychem [праваднікоў. — К. Л.] добрых не мог мець, а ў мяне ёсць адно, што ад Езерышча да Віцебска было 18 вёрст» [на карце Пахаловіча 23,1 вярсты]42. Насамрэч гэта 74 км, значыць, указаная міля была б усяго 4,1 км (на карце Пахаліча яшчэ менш)43. Такім чынам, нават гэтая адзіная звестка, якую меў у сваім распараджэнні Фларыян Зебжыдоўскі, была далёкая ад дакладнасці44.
У сувязі з неабходнасцю каардынацыі дзейнасці кароннага і літоўскага войскаў узрастала значэнне ітынерараў і апісанняў мясцовасці разам з зафіксаванымі адлегласцямі паміж асобнымі месцамі. Звяртае на сябе ўвагу шпіёнская інфармацыя аб магчымым маршруце паходу Івана Жахлівага ў пачатку 1563 года. Дакумент мае назву "Dróg dwie kniazia wielkiego do Połocka po granicę gotowych". Асоба, якая падала гэтую інфармацыю, правільна звязвала шырокую кампанію па будаўніцтве мастоў і добраўпарадкаванні дарог з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў. Таксама слушна прызнала, што мэтай нападу будзе Полацк — разглядаючы працы, праведзеныя на ўчастку Пскоў-Завалач-Невель, як скаардынаваныя дзеянні. Па словах Гераніма Грала, дакумент паўстаў на мяжы лістапада і снежня 1562 г., але быў праігнараваны вярхоўным літоўскім камандаваннем45.
Першымі захаванымі картаграфічнымі крыніцамі гэтай мясцовасці з'яўляюцца малюнкі і графікі з выявай Улы, створаныя адпаведна ў 1568 і 1570 гг.46 Рост картаграфічнай дасведчанасці прывёў да таго, што ў 1570 г. літоўскія пасланцы вялі перамовы з расійскім бокам, выкарыстоўваючы карту полацка-віцебскага памежжа. (гэта магла быць яшчэ адна версія карты, першапачаткова складзенай Марозавым). З пісьмовых крыніц вядома, што перамовы былі вельмі падрабязныя, аналізаваўся складаны ход межаў, згадваліся ў тым ліку Туроўля, Краснае, Езерышча, Дрыса, Усвят і інш. Гэта пацвярджае тэзіс аб існаванні хаця б агульных картаграфічных замалёвак у канцы Першай Паўночнай вайны47.
У асяроддзі камандуючых усё лепш і лепш станавіліся веды аб складаным прасторавым размяшчэнні замкаў, размешчаных адносна адзін да аднаго. Пра гэта кажуць звесткі, перададзеныя ў 1569 г. Раманам Сангушкам Рыгору Хадкевічу пра месцазнаходжанне новазбудаванай крэпасці Цётча. Павінна яна была знаходзіцца ў 7 мілях ад Лепельскай крэпасці, у 4,5 мілях ад Чарлічэнскага замка (магчыма, Чарсвяты), у 3 мілях ад Варонічаў, Улы і Туроўлі, у 6 мілях ад Полацка і ў 4 мілях ад Сушы48. Варта звярнуць увагу на спосаб апісання прасторы: аўтар падаў адлегласць да ўсіх бліжэйшых замкаў, дзякуючы чаму атрымальнік змог узнавіць тапаграфію Полаччыны і вызначыць на ёй замак Цётча49.
Ёсць яшчэ шмат прыкладаў стварэння прасторавай сеткі, якія апісвалі геаграфію Полаччыны. Асабліва варта адзначыць «Sarmatiae Europeae descriptio» Аляксандра Гваньіні50, выдадзеную ў 1574 г. Яе аўтарам быў шматгадовы капітан замка ў Віцебску, які дакладна (у мілях) прывёў адлегласці паміж асноўнымі аб’ектамі, таксама адзначанымі на карце Пахаловіча51. У табліцы 1 паказана далёкасяжная карэляцыя паміж тапаграфічнымі пунктамі, паказанымі на карце, і апісаннем Гваньіні. Калі адкінуць зусім недарэчнае значэнне паміж Віцебскам і Суражам52, дыстанцыі, зафіксаваныя Пахаловічам, толькі на 17,5% большыя.
Адлегласці паміж гарадамі (у мілях) | Адлегласці на карце Пахаловіча | ||
Віцебск | Орша | 18 | - |
Віцебск | Сураж | 14 | 7.7 |
Полацк | Туроўля | 3 | 3.4 |
Полацк | Ушачы | 3 | 3.4 |
Полацк | Варонічы | 3 | 3 |
Полацк | Дзісна | 6 | 6.9 |
Дзісна | Дрыса | 6 | 6.3 |
Дрысвяты | Друя | 6 | 5.7 |
Чашнікі | Суша | 4 | 6.7 |
Чашнікі | Сено | 6 | 7.5 |
Чашнікі | Лепель | 7 | 7 |
Краснае | Цётча | 1 | 1 |
Табліца 1. Адлегласці паміж замкамі, зафіксаваныя ў працы Аляксандра Гваньіні і на карце Станіслава Пахаловіча.
Варта меркаваць, што картаграфічныя эскізы ўжо існавалі за некалькі гадоў да 1579 г.: ітынерары і падрабязныя апісанні з указаннем адлегласцяў паміж замкамі. Дастаткова было сабраць гэтыя матэрыялы і нанесці іх на карту, што, верагодна, зрабіў Пахаловіч53. Такая задача безумоўна палягала ў сферы магчымасцей і кампетэнцый працаўніка канцылярыі. Тым больш Пахаловіч быў не картографам, а прафесійным пісарам54. У 1563–1566 гадах знаходзіўся на службе ў трэцяй жонкі Жыгімонта Аўгуста — Катажыны Габсбуржанкі. Потым перайшоў у скарбовую канцылярыю і нарэшце ў канцылярыю каронную. Адзінае, што вылучала яго на дзяржаўнай пасадзе, гэта тое, што ён меў дачыненне да вайсковай справы. Вядома, што ён удзельнічаў у малдаўскім паходзе пад камандаваннем Мікалая Мялецкага ў 1572 г.55. Па гэтай прычыне ён суправаджаў Стафана Баторыя ва ўсіх трох паходах на Расійскае царства56. Безумоўна, Пахаловіч быў вельмі адораным чалавекам з мастацкім пачуццём. На думку сучаснікаў, гэта быў выдатны пісар, які ўмеў карыстацца трыццаццю тыпамі шрыфтаў57. Нечакана для сябе яму даручылі скласці карту Полаччыны. Дадамо, што праца, відаць, спадабалася і была высока ацэнена, бо яму даверылі наступныя справы, звязаныя з падрыхтоўкай планаў маскоўскіх умацаванняў58.
Каб даказаць гіпотэзу аб стварэнні карты перад вайсковай кампаніяй, варта выкарыстоўваць картаграфічны параўнальны метад карт Пахаловіча і Сулімоўскага, апісаны ва ўводзінах59. Пры аналізе тэрыторый, агульных для абедзвюх картаграфічных крыніц, можна заўважыць чатыры прынцыповыя адрозненні.
1) Полацкая крэпасць — гэта не толькі Запалоцце, Высокі замак і Стралецкі замак, але і будынкі, размешчаныя на другім, левым беразе Дзвіны60. На вышыні Высокага замка быў востраў пасярод ракі. Абодва гэтыя элементы бачныя ў Сулімоўскага, а ў Пахаловіча яны адсутнічаюць. Царскі сакратар, ствараючы аператыўную карту аблогі Полацка, адзначыў бы прынамсі востраў, размешчаны на вышыні Высокага замка, які ён улічыў у відзе, які паказвае аблогу Полацка (Obsidio et expugnatio [...] arcis Polocensis61).
Іл. 2. Полацк і ваколіцы адзначаныя на картах Пахаловіча і Сулімоўскага.
2) У Пахаловіча замак і горад Дзісна зафіксаваны на правым беразе ракі, якая ўпадае ў Дзвіну. Дзісна — не толькі замак, але і ключавы горад у рэгіёне, размешчаны на левым беразе ракі62. Сулімоўскі слушна паказвае, што ён знаходзіўся па абодва бакі ракі. Гэта месца адыграла вельмі важную ролю ў кампаніі 1579 г., тут спыняўся Стафан Баторый і рабіў агляд войскаў, таму чалавек, які суправаджаў войска, павінен вельмі добра арыентавацца ў гэтым пытанні. Між тым, Пахаловіч няправільна размяшчае ўсю планіроўку на правым беразе Дзісны, якая ўпадае ў Дзвіну63.
Іл. 3. Дзісна і яе ваколіцы адзначаны на картах Пахаловіча і Сулімоўскага64
Іл. 4. План горада з замкам ў Дзісне (стан 2-й пал. 18 ст.) з пазначаным ровам Баторыя. O. Hedemann, Dzisna i Druja magdeburskie miasta, Wilno 1934, у канцы кніжкі.
Варта заўважыць, што з карт Сулімоўскага, Пахаловіча і звестак Гваньіні можна меркаваць, што замак знаходзіўся не на востраве, размешчаным на рацэ Дзвіна, а на мысе. Гэты мыс быў адрэзаны толькі пазней ровам, які злучаў дзве ракі, у памяці жыхароў ён атрымаў назву «Баторыеў перакоп»65.
Іл. 5. Сокал і Няшчарда на картах Пахаловіча і Сулімоўскага.
3) Цяжка паверыць, што пасля заваёвы крэпасці Сокал вайсковыя ўлады не ведалі далейшай плыні рэк Дрыса і Нешчарда, якая з іх даходзіла да аднайменнага замку. Між тым Пахаловіч не мае дакладных звестак аб той мясцовасці. Увогуле, можна сказаць, што рачная сетка і населеныя пункты ў паўночнай частцы карты пададзены вельмі недакладна.
4) Відавочна, што Сулімоўскі, зыходзячы з карты Пахаловіча, прадстаўляе значна большую колькасць замкаў, мястэчак і паселішчаў. Аднак ёсць заўважнае выключэнне. На паўднёвай частцы карты Полаччыны Пахаловіча пазначаны некалькі вёсак амаль па прамой, якія не былі пазначаныя на карце створанай праз год. Гэта няўважлівасць іншага картографа, ці гэта вынік таго, што гэтыя населеныя пункты не перажылі ваенных дзеянняў? На жаль, гэта былі занадта малыя населеныя пункты і яны не былі зафіксаваныя ні на карце Інфлянтаў Мацея Струбіча (1589 г.), ні на вялікай карце Літвы (карта Радзівілаў, 1613 г.). Адсутнічаюць таксама апісальныя крыніцы, якія дазваляюць праверыць наяўнасць гэтых месцаў у 1579–1580 гг.
Адрозненні на картах вынікаюць з запланаванага маршруту паходу каралеўскага галоўнага палка ад Свіры да Дзісны ў 1579 годзе. Адзначаныя гарады ўтвараюць амаль дасканалую прамую лінію (Глыбокае – Забор’е – Пліса – Чарневічы – Язна – Дзісна, на карце: Glebokie – Zabore – Plissa – Czemiewice – Iasnij – Dzisna), па сутнасці, pictum itinerarium, намаляваны Пахаловічам у адпаведнасці з падрыхтаваным раскладам паходу68. Усе пункты аддзелены 2-3 мілямі, што, верагодна, адпавядала дзённаму шляху арміі69. Гэтую гіпотэзу цалкам пацвярджае і маршрут, распрацаваны Марэкам Врэдэ: гэты маршрут абраў Стафан Баторы70. Аднак у 1580 годзе ў караля быў іншы маршрут: Мінск – Гарадзішча – Пліса – Барысаў – Латыголічы – Чашні – Лепель – Ула – Вяжышча – Віцебск71. Сулімоўскі не ўлічыў тры вёскі: Забор’е, Чарневічы і Язна — бо яны не адыгрывалі ніякай стратэгічнай ролі (не мелі замкаў).
Напрыканцы варта адзначыць, што карта змяшчае яшчэ адзін варты згадкі факт. Яго сэнс раскрывае аповед летапісца батарыянскіх войнаў Рэйнхольда Гейдэнштэйна. Абодва аўтары падкрэслівалі геаграфічную асаблівасць паўднёвай часткі Полацка. Дамо слова летапісцу:
"Праз гэтую частку Літвы [Полаччыны. — К.Л.] працякаюць дзве ракі, абедзве суднаходныя, на адлегласці ўсяго 1000 крокаў адна ад адной, і абедзве ўпадаюць у далёкія моры. Першая Лепель, упадае ў Улу, таксама суднаходную, а разам з ёй у Дзвіну, якая ўпадае ў мора каля Рыгі. Другая Бярэзіна ідзе іншым шляхам і, упаўшы ў Дняпро, разам з ім упадае ў Чорнае мора. Калі б у гэтай краіне панаваў мір, яе ўладары маглі б лёгка злучыць абедзве гэтыя рэкі, такія блізкія адна ад адной, і тады ўсю поўнач і захад з усходам можна было злучыць гандлёвым шляхам"72.
Іл. 7. Басейн рэк Дзвіны і Дняпра, а таксама Балта-Чарнаморскі водападзел на картах Пахаловіча і Сулімоўскага.
Пахаловіч лічыць гэты элемент вартым увагі і, нягледзячы на адсутнасць стратэгічнага значэння, адзначае два басейны рэк: Дзвіны і Дняпра, якія таксама з'яўляюцца Балта-Чорнаморскім водападзелам. Пры гэтым «карэктуе» звесткі Гайдэнштэйна, параўноўваючы раку Лепель не з Бярэзінай, а з Чэрніцай, якая з'яўляецца прытокам Бярэзіны. Непрыкметнае па назве паселішча на рацэ Бярэзіне, верагодна, Докшыцы73. Падобны фрагмент у Сулімоўскага фактычна быў апушчаны.
Са стратэгічнага пункту гледжання Лепель адыгрываў важную ролю, бо суднаходная Бярэзіна магла быць забяспечана запасамі з шырокіх абласцей басейна Дняпра, і дазваляла сплаўляць іх праз рэкі Лепель, Ула і Даўгава.
Падсумоўваючы праведзены параўнальны картаграфічны аналіз, лічу, што Станіслаў Пахаловіч стварыў карту яшчэ да выправы, і яна была гатовая ўжо падчас нарады, якая адбылася ў Свіры ў пачатку ліпеня 1579 года. Яна была створаны на аснове існуючых ітэнерараў, карт і апісанняў Полацкага рэгіёна і ў першую чаргу грунтавалася на ведах людзей, знаёмых з гэтымі землямі.
II. Стратэгічнае і аператыўнае значэнне карты
Ніжэй паспрабуем вылічыць адлегласць паміж аб'ектамі на карце Descriptio Ducatus Polocensis і параўнаць атрыманы вынік з іх фактычнымі значэннямі, вызначанымі па сучасных картах. Такі разлік магчымы дзякуючы даўжыні мілі74, прыведзенай на карце. З-за таго, што тапаграфічныя знакі маюць вялікія памеры, яны былі б у мілю або ў дзве даўжынёй. Таму іх нельга выкарыстоўваць у якасці арыенціраў. Таму падлічваем адлегласці ад вусця рэк. Замкі і гарады вельмі часта ўсталёўваліся ў вусцях або ў развілках. У выніку лягчэй вызначыць іх фактычнае месцазнаходжанне і адносна дакладна правесці разлікі75. Калі замак знаходзіўся на возеры, вымяраем адлегласць ад цэнтра вадаёма. Аднак, ацэньваючы сапраўдную адлегласць, бярэм маршрут паміж захаванымі гістарычнымі месцамі (напрыклад, у Полацку гэта Сафійскі сабор, які знаходзіцца на вуліцы Замкавая, 1; у мястэчку Ула — Свята-Троіцкая царква, сёння Уваскрасенская царква; у Дрысе/Верхнядзвінску — царква Мікалая Цудатворца і інш.). Станіслаў Александровіч звярнуў увагу на вялікія недакладнасці, якія павялічваюцца паміж гарадамі, адзначанымі па-за цэнтрам карты. Аднак ён меркаваў, што сярэдняя даўжыня мілі складае 5,6 км76. Ніжэй прыводзім разлікі толькі паміж найбуйнейшымі гарадамі і замкамі, у выпадку якіх можна даволі дакладна вымераць адлегласці і параўнаць іх з сучасным станам.
Населеныя пункты | Адлегласць у мілях паводле карты Пахаловіча |
Адлегласць у км паводле сучасных карт |
Даўжыня мілі ў км |
Полацк–Ула | 7.6 | 44.44 | 5.85 |
Полацк–Лепель | 12.1 | 67.69 | 5.59 |
Полацк–Віцебск | 18.9 | 97 | 5.13 |
Полацк–Дзісна | 6.9 | 35.26 | 5.11 |
Полацк–Друя | 19 | 89.83 | 4.73 |
Полацк–Чашнікі | 15.8 | 74.79 | 4.73 |
Полацк–Дрыса | 13.2 | 61.62 | 4.67 |
Полацк–Езерышча | 20.6 | 84.78 | 4.11 |
Езерышча–-Віцебск | 23.1 | 74 | 3.2 |
Табліца 2. Адлегласці паміж замкамі на Полаччыне Населеныя пункты Адлегласць у мілях паводле карты Пахаловіча Адлегласць у кіламетрах паводле сучаснай карты Даўжыня мілі ў кіламетрах
Табліца 2 выяўляе некалькі важных момантаў. Па-першае, для стварэння карты не праводзіліся вымярэнні, у тым ліку самыя простыя, звязаныя з падлікам крокаў (занадта вялікія адрозненні). Гэта пацвярджае тэзіс аб падрыхтоўцы карты яшчэ да пачатку ваенных дзеянняў, у першай палове 1579 года. Па-другое, гэтая картаграфічная крыніца носіць паказальны характар, паказвае маштаб адлегласці, кірунак і размяшчэнне рачной сеткі. Таму ў выпадку з аддаленымі аб’ектамі вылічваць адлегласці бессэнсоўна, бо яны па вызначэнні далёкія ад рэчаіснасці (прыклад Езерышча-Віцебска). Адлегласці, разлічаныя ў адносінах да цэнтральнага аб'екта, якім з'яўляецца Полацк, больш дакладныя. Разлік працягласці мілі складае ад 5,85 км да 4,11 км. Але адхіленні ўсё яшчэ вялікія і дасягаюць 25%. Параўноўваючы вынікі з табліцы (апускаючы апошні пункт), атрымліваем сярэднюю працягласць мілі 4,99 км. Чаму міля на карце Пахаловіча мае такую малую адлегласць77? Я лічу, што прыведзеныя вышэй разлікі пацвярджаюць агульнае назіранне аб тым, што мілі разглядаліся ўмоўна, ва ўжытковым значэнні, як фіксаваная колькасць крокаў, але гэтая лічба таксама не была пастаяннай і магла складаць 4000, 4500 або 5000 падвойных крокаў (passus)78. Варта лічыць, што да эпохі дакладных картаграфічных вымярэнняў міля ў асноўным была адноснай адлегласцю, заснаванай на суб'ектыўным адчуванні выканання адпаведнай колькасці крокаў79. Розніца ў адлегласцях, вымераных у мілях на картах і ітынерарах маглі быць вынікам ацэнкі дыстанцый у больш прахадзімай або складанай мясцовасці. Мера даўжыні дарогі суадносілася з часам, неабходным для яе пераадолення. На думку сучаснікаў, міля заставалася адной і той жа (на яе пераадоленне сыходзіў адзін і той жа час), але аб'ектыўна адлегласць магла б быць значна карацейшай або даўжэйшай, калі б мы вымяралі яе з дапамогай сучасных стандартызаваных інструментаў. Адрозненні ў даўжыні мілі на карце Пахаловіча азначалі б, што перасоўванне на Полаччыне і Віцебску было вельмі цяжкім, што зрэшты пацвярджаецца і іншымі крыніцамі80. Лічу, што прынятыя Пахаловічам дыстанцыі Езерышча–Віцебск і Езерышча–Полацк не варта не ўлічваць, бо яны адлюстроўвалі суб'ектыўную ацэнку адлегласці, звязаную са станам дарог (дакладней іх адсутнасцю) на маршруце паміж гэтымі пунктамі.
Вядома, калі параўноўваць з пункту гледжання адлюстравання адлегласці Descriptio Ducatus Polocensis з творамі Станіслава Парэмбскага (Асвенцімскае і Затарскае княства, 1563) або Марцына Хельвіга (Сілезія, 1561), карта Пахаловіча не самая лепшая з іх81. Але калі ўлічыць, што зроблена яна спешна, без разведкі, і датычылася памежных зямель, пераважна тэрыторый, занятых варожай дзяржавай, а з улікам таго, што прадстаўленыя землі былі за 16 гадоў цалкам перапланаваны адносна сеткі населеных пунктаў, то ацэнка павінна быць іншай.
Здзіўляе тое, што на карце Пахаловіча адсутнічаюць дарогі і масты, якія мелі ключавое значэнне для вядзення ваенных дзеянняў82. Умоўныя знакі мастоў зафіксаваныя, напрыклад, на згаданай карце Станіслава Парэмбскага83. Аднак варта ведаць, што ў момант пагрозы ўсе масты былі разбураны абаронцамі. Прычым, як выразна падкрэслівалася, палітыка Івана Грознага была накіравана ў тым ліку на стварэнне як мага горшых умоў зносін на літоўска-маскоўскім памежжы. Даніэль Герман цалкам адлюстроўвае стан рэчаў:
Туды вядзе страшная дарога, горш не можа быць ва ўсім свеце. Мне здаецца, што галоўная прычына гэтага ў тым, што, паколькі маскавіты (Moskwicin) узялі Полацк у 1563 годзе, гэты шлях (tractus) быў цалкам закрыты, усё забеспячэнне (commeatus) адрэзана, а маскавіты 20 міляў шырынёю і даўжынёю, па гэты бок Дзвіны, ператварылі краіну ў пустэльню, дзе раней былі гарады, рынкі, вёскі і ворныя землі84.
Паходная армія практычна самастойна стварала дарогі для перавозкі артылерыі і рухомага саставу, будаваліся таксама масты. З прыведзенай вышэй інфармацыі вынікае, што ў карце Полацкага княства не было патрэбы.
На карысць выкананай Пахаловічам працы кажуць дзве захаваныя рукапісныя карты Інфлянтаў перыяду Баторыя, якія выкананыя на яшчэ больш нізкім ўзроўні85. Рачная сетка, прадстаўленая на іх, значна больш недакладная, яны ўтрымліваюць падобныя павялічаныя сігнатуры мясцовасцей, характарызуюцца значна большым скажэннем напрамкаў і адлегласцей паміж замкамі86. Спосаб выканання карты Сулімоўскім, хоць і багацейшы зместам, таксама не прадстаўляе іншай формы адлюстравання. Карта Пахаловіча, бадай, найстарэйшая сярэдне- і буйнамаштабная карта, на якой паселішчы прадстаўлены ў двух вымярэннях у выглядзе рэалістычных планаў умацаванняў (гл. мал. 1б)87.
У пэўнай меры мелі рацыю Караль Бучэк і Станіслаў Александровіч, якія ацанілі Descriptio Ducatus Polocensis як вельмі недакладную карту. Безумоўна, гэта так, калі браць на ўзбраенне сучасныя крытэрыі ацэнкі карты. Аднак каб паўнавартасна ацаніць гэты помнік, неабходна суаднесці яго з іншымі картаграфічнымі прыкладамі і культурнымі рэаліямі XVI ст. Справа была не ў аптэкарскай дакладнасці. Па-першае, нават калі яна недакладная, то не ўводзіць у зман, як многія іншыя карты гэтага перыяду. Па-другое, што значна больш важна, яна выконвала сваю асноўную задачу, прадстаўляючы найважнейшыя замкі і гарады, паказваючы рачную сетку і маштаб адлегласцей паміж асобнымі населенымі пунктамі на карце. І галоўнае, магчымыя недакладнасці адносныя, бо ўлічваюць рэальны час, неабходны для маршу арміі. Таму я лічу карту ключавой з пункту гледжання стратэгічных і аператыўных патрэбаў, пра што гаворка пойдзе ніжэй.
Насуперак чаканням адносна чарговага наступлення маскавітаў суадносіны сіл на Полаччыне з 1569 г. да сярэдзіны 1579 г. не змяніліся. У 1570 г. было заключана трохгадовае перамір'е, і адначасова літоўская дыпламатыя пачала спакушаць цара магчымасцю абрання яго каралём Рэчы Паспалітай. Тым не менш, гэта была тэрыторыя, якой асабліва пагражала маскоўскае нашэсце. Пагроза ўзрасла ў 1577 г., калі Іван IV Жахлівы ўварваўся ў інфлянцкія землі88. Згодна з пяхотным кампутам (попісам) пачатку 1579 г. адносна літвінскіх залог найбольш моцнымі апорнымі пунктамі з літвінамі былі Віцебск і Дзісна, гарнізоны якіх складаліся з 250 жаўнераў пад камандаваннем пяці капітанаў (усяго 500 чалавек). Дрыса і Ула былі моцна ўкамплектаваныя (па 150 ратнікаў і 3 капітаны), намінальна па 100 ваяроў належалі Варонічам і Лепелю. Невялікія залогі з 50 чалавек размяшчаліся ў Браславе, Ушачы, Цётчы і Суражы89. Параўнанне карты Пахаловіча са стратэгічнай сітуацыяй на пачатак 1579 г. з ваеннымі дзеяннямі ў летнія і восеньскія месяцы паказвае, што карта на 100% пакрывае ваенныя патрэбы таго часу. З іншага боку, выправа 1580 г. у асноўным датычыцца мясцовасці, адрознай ад той, што прадстаўлена на карце90.
Нарада, на якой вырашылі аб пачатку баявых дзеянняў, найперш была прысвечана стратэгічным пытанням, а затым аператыўнам, адбылася ў Свіры, за 80 км ад Вільні.
Іл. 8. Размяшчэнне літвінскіх і маскоўскіх сіл у 1579 годзе
30 чэрвеня Стэфан Баторый выехаў са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ў Свір, дзе прабыў з 12 па 18 ліпеня91. Па словах Рэйнгольда Гейдэнштэйна, падчас ваеннага савета «амаль усе літвіны прапанавалі ісці на Пскоў праз Інфлянты»92. Гэта сведчыць аб тым, што вярхі Вялікага Княства Літоўскага мелі не толькі стратэгічную канцэпцыю, але і падрыхтаваны аператыўны план дзеянняў — канкрэтны маршрут паходу праз Інфлянты. Сапраўды, у дакументацыі біржанскіх Радзівілаў мы знаходзім ітынерары, якія ўлічвалі шляхі з Інфлянтаў на Пскоў93. Такі план захаваўся ў двух экзэмплярах і меў назву «Дарога ў [Маскоўскую зямлю]»94. Станіслаў Аляксандровіч датваў гэтыя ітынерары 1581 г.95 Між тым у зробленай на той час архіўнай анатацыі значыцца anno 157996. Усё сведчыць аб тым, што ў Свіры Мікалай Радзівіл прадставіў Баторыю план паходу праз Інфлянты на Пскоў, апісаны праз Гейдэнштэйна. Задума заключалася ў тым, каб накіравацца да крэпасці Кокенгаўзен, а затым да маскоўскай мяжы (12 міль), Вострава (8 міль) і Пскова (12 міль)97. Такі ход дзеянняў быў звязаны з паспяховай зімовай экспедыцыяй Крыштафа Радзівіла «Пяруна», якая паказала слабасці Масквы ў гэтым кірунку98. Больш за тое, такі спланаваны напад забяспечваў абарону паўночналітоўскіх уладанняў вялікага гетмана літоўскага.
Стратэгічны разлік літвінаў грунтаваўся на перакананні, што Пскоў быў крэпасцю даўно не мадэрнізаванай, а таксама на тым, што рускія не чакалі нападу на гэтае ўмацаванне, а таму яна не была падрыхтавана да працяглай аблогі99. Акрамя магчымасці здзейсніць такую далёкую выправу, спроба ажыццявіць гэты план была б вялікай нечаканасцю для Івана Жахлівага. Ужо на пачатку чэрвеня 1579 г. Андрэй Міхалкоў, які вярнуўся з Рэчы Паспалітай, паведаміў цару, што непрыяцель нападзе з аднаго боку на Смаленск і з другога на Полацк100. Магчымасць удару па Пскове не бралася пад увагу.
Да таго ж Баторый быў супраць гэтай ідэі. Марш па спустошаных Інфлянтах патрабаваў пастаянных запасаў. Акрамя таго, па дарозе трэба было б захапіць шэраг замкаў, што замарудзіла б экспедыцыю. Выбар такога маршруту мог стаць прычынай контрудару Масквы на землі, размешчаныя на Дзвіне — расейцы маглі захапіць дадатковыя замкі на Полаччыне і Віцебшчыне. Гэты аргумент пераканаў тых, хто сабраўся на ваенны савет, але потым яны сталі настойваць на выбары дарогі на Пскоў праз рускія землі. Баторый і ў гэтым выпадку не згадзіўся на прапанову, указваючы, што ў тылах войска застануцца маскоўскія крэпасці. Гэта было вельмі небяспечна і супярэчыла правілам ваеннага мастацтва.
Калі дадаткова ўлічыць незвычайнае надвор'е, а дакладней дажджы, якія пастаянна ішлі тым летам, то ажыццяўленне смелай задумы Радзівілаў скончылася б катастрофай101. Аднак змест ітынерараў сведчыць аб добрым ўяўленні аб шляху дзякуючы Радзівілам. Як ужо было сказана, указвалі яны адлегласць да Кокенгаўзена 32 вярсты. Наўпрост гэта адлегласць 218 км, а самы кароткі сухапутны шлях на сёння складае 280 км. Міля на маршруце, намечаным Радзівіламі, складала 6812 метраў — крыху менш за вялікую мілю (7370 м) і больш за сярэднюю мілю (6336 м).
Кароль прапанаваў захапіць Полацк, нягледзячы на негатыўны польска-літоўскі вопыт (у тым ліку няўдалую аблогу ў 1564 г.). Заняцце крэпасці карэнным чынам палепшыла б геапалітычнае і ваеннае становішча Рэчы Паспалітай. Гэты горад забяспечваў кантроль Дзвіны Вялікім Княствам Літоўскім. З аднаго боку, гэта стварыла б з гэтай ракі абарончы рубеж, з другога — дазволіла б адрэзаць расійскія войскі ў Інфлянтах. Улічваліся і гандлёвыя пытанні — захоп Полацка палепшыў бы гандаль і рачное суднаходства102. Стафан Баторый прытрымліваўся ўзважаных аргументаў і меў таксама прадуманую стратэгію дзеянняў. Прыведзеныя вышэй высновы паказваюць, што на нарадзе была прадстаўлена не толькі itineraria scripta; Каралеўскі бок карыстаўся таксама картай, верагодна, Пахаловіча, якая магла, між іншым, ілюстраваць небяспеку, што сыходзіла ад Масквы, і паказваць раён будучых баявых дзеянняў. Тым больш верагодна, што кароль ужо прыняў рашэнне аб мэце нападу і мог загадаць скласці адпаведную карту103.
Я не маю на мэце яшчэ раз абмяркоўваць паход Стафана Баторыя ў 1579 годзе. Ніжэй я прывяду толькі аператыўны план, гэта значыць здагадкі аб вайсковых манеўрах у супастаўленні са зместам, які змяшчаецца ў Descriptio Ducatus Polocensis.
Военачальнікі ўсведамлялі неабходнасць стварэння лініі сувязі ў памежнай зоне. Гэтыя землі былі наўмысна пакінутыя Расійскай дзяржавай як неабжытыя, на працягу 16 гадоў імі не карысталіся, таму яны параслі лесам. Акрамя таго, рака Дзвіна, якая побач з Полацкам мела 120 м шырыні, была сур'ёзнай прыроднай перашкодай. Таму кароль вырашыў пабудаваць у Коўне пераносны мост104. У мэтах разведкі і ў сувязі з неабходнасцю падрыхтоўкі маршруту галоўныя сілы мусіў апярэджваць пярэдні полк. Дасягнуўшы Полацка, ён павінен быў прымусіць абаронцаў схавацца за гарадскімі сценамі і прадухіліць магчымае падмацаванне або папаўненне запасаў. У якасці пярэдняга палка быў разгорнуты кавалерыйскі полк з некалькімі ротамі пяхоты пад камандаваннем гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудага, яго сына Крыштафа Радзівіла Перуна і Каспера Бекеша. Затым павінна была вырушыць галоўная армія, падзеленая на два палкі. Войска дзвюма калонамі ішло ад Свіры на поўнач да Дзісны, што на рацэ Дзвіна. У сувязі з пагрозай Масквы з усходу, кароль з артылерыяй і галоўным абозам ішоў заходнім шляхам. З правага боку разам з польскай кавалерыяй рухаўся гетман Мялецкі. Гэта было добра прадуманае размяшчэнне — «справа стаялі варожыя замкі Краснае, Суша і Туроўля»105.
Іл. 9. Чырвоная лінія — маршрут каралеўскага палка; сіняя лінія — "ахоўны" маршрут польскага палка Мікалая Мялецкага; зяліныя лініі — меркаваныя кірункі наступу расейскіх войскаў
Галоўнае войска спынілася ў Дзісне, дзе 5 жніўня адбыўся агляд войска. Кароль баяўся пакінуць у маскоўскіх руках крэпасць Сокал, але ўсё ж вырашыў ісці на Полацк. Гэта была разумная акцыя, бо пераправіць праз Дзвіну буйныя ўзброеныя сілы было не магчыма. У гэты час фронт палка ўжо дасягнуў ваколіц Полацка, дзе навёў пантонны мост і, не церпячы ад нападаў, пераправіўся на другі бераг ракі. Полацкі гарнізон быў адрэзаны, адначасова высланыя войскі авалодалі трыма невялікімі замкамі:
а) 23 ліпеня літоўскія казакі захапілі і разбурылі Казяны;
б) 31 ліпеня Францішак Жук здабыў Краснае;
в) 4 жніўня аддзел Міхала Франкевіча захапіў і спаліў Сітна.106
Асабліва радавала Яна Замойскага заваяванне замку Краснае — дзякуючы гэтаму была адрэзана крэпасць Суша, якая больш не ўяўляла вялікай пагрозы107. Таму ад заваявання моцных крэпасцей Сокала і Сушы адмовіліся; у сваю чаргу спроба Францішка Жука захапіць Туроўлю скончылася няўдачай. Гэтыя тры крэпасці былі захоплены пасля заваявання Полацка 30–31 жніўня 1579 г. 4 верасня дэзерціравалі абаронцы Туроўлі, 11 верасня Мікалай Мялецкі заваяваў Сокал, а 6 кастрычніка капітулявала Суша. Выпадкова 13 снежня атрымалася захапіць Няшчарду108.
Безумоўна, каля Свіры ўжо было вядома месцазнаходжанне галоўных расійскіх крэпасцей. Было зразумелым размяшчэнне маскоўскіх войскаў на левым беразе ракі Дзвіны. Адсюль і рашэнне аб засцерагальным палку Мялецкага, які абараняў артылерыю, абоз, і перш за ўсё каралеўскі двор (іл. 8). Пярэдні полк дзейнічаў не «ўсляпую», а, як было сказана, па вызначаным маршруце дайшоў да Полацка, а меншыя замкі зазналі нападаў. З самага пачатку польскія і літоўскія камандзіры ўсведамлялі ключавое значэнне пабудовы пантоннага моста, а таксама неабходнасць пракласці маршрут праз занядбаныя землі, што ляжалі на мяжы.
Высновы
1. Праведзены аналіз пераканаўча паказвае, што карта стваралася для мэт ваеннай кампаніі ў першай палове 1579 г., гэта значыць перад ваеннымі дзеяннямі. Пахаловіч адлюстраваў на карце тое, што знайшоў па ўжо існуючых рукапісных накідах і апісаннях, выкарыстоўваў таксама звесткі людзей, якія ведалі геаграфію Полацкага краю. Ён мог скарыстацца, у тым ліку, працай Аляксандра Гваньіні. Матэрыялы, пра якія ідзе гаворка, існавалі як мінімум з мяжы 60–70-х гадоў XVI ст.
2. Карта Пахаловіча стала асновай для планавання стратэгіі Стафана Баторыя ў выправе 1579 г. у Свіры (на гэтай сустрэчы Радзівілы прадставілі ітынерары). Гэта таксама дало магчымасць падрыхтаваць манеўраны (аператыўны) план у пачатковы перыяд змагання за Полаччыну. Было вырашана выслаць пярэдні полк, каб падрыхтаваць дарогу для абозу, гармат і каралеўскай світы, а таксама каб пабудаваць мост праз раку Дзвіну. Перад палком ставіліся канкрэтныя задачы, у тым ліку спробы (у трох выпадках удалыя) захапіць меншыя расійскія замкі. Асноўнае войска рухалася дзвюма калонамі: каралеўскі полк з поўдня быў абаронены польскім палком пад камандаваннем Мікалая Мялецкага. На карце пазначаны нават ітынерар: запланаваны паход войскаў Баторыя. Лічу, што рукапісная версія карты Пахаловіча стала асновай для далейшых картаграфічных прац. На гэтай карце былі пазначаны новаздабытыя звесткі аб маскоўскіх землях, якія паўплывалі на пазнейшую карту Сулімоўскага, а затым і на друкаваныя картаграфічныя помнікі — карту Вялікага Княства Літоўскага Мацея Струбіча, Радзівілаўскую карту і, вядома, Descriptio Ducatus Polocensis Пахаловіча–Кавальеры109.
3. Карта Станіслава Пахаловіча характарызуецца значнымі недакладнасцямі ў адлюстраванні адлегласці паміж замкамі. Тым не менш, не варта недаацэньваць ролю гэтай крыніцы ў тагачаснай вайсковай справе. Гаворка ішла не аб высокай дакладнасці, а аб маштабе адлегласці — і гэта было зроблена правільна. На ёй бачна вельмі багатая сетка рэк, лясоў і азёр, а таксама адзначаны найважнейшыя замкі, гарады і паселішчы.
4. Пасля завяршэння асноўных мерапрыемстваў Полацкага паходу, каля верасня 1579 г., карта была пашырана відамі ўмацаванняў і асноўнымі тапаграфічнымі элементамі з сямі планаў крэпасцей. Магчыма, гэтае ўдакладненне зрабіў італьянскі гравёр Джавані Батыста Кавальеры. Безумоўна, Пахаловіч не дапоўніў карту новымі картаграфічнымі знаходкамі, якія з'явіліся дзякуючы праведзеным разведвальным і іншым ваенным дзеянням. Асабліва гэта датычыцца ваколіц Полацка, Дзісны і Сакола.
5. З пачатку другой паловы XVI ст. расійскі бок стварае падрабязныя апісанні дарог і рэк маскоўска-літоўскага памежжа. Лічыцца, што ў 1563–1564 гадах Міхал Марозаў стварыў карту Полацкага рэгіёну. Безумоўна, яна не адпавядала ўзроўню карты Пахаловіча, бо нават карта тых жа ваколіц Максіма Цызырэвіча з 1701 года, зробленая для патрэб расійскага войска, значна менш дакладная, чым польская картаграфічная крыніца, створаная ў 1579 г. Тым не менш, варта канстатаваць, што да батарыянскіх часоў картаграфічнае ўяўленне земляў літоўска-маскоўскага памежжа значна лепшым было ў дзяржаве Івана Жахлівага.
6. Найстарэйшы з вядомых фрагментаў itinerarium pictum (гл. іл. 6а), які паказвае марш палка Стафана Баторыя з Глыбокага на Дзісну ў канцы ліпеня 1579 г., быў уключаны ў карту Пахаловіча. Варта падкрэсліць, што калі ў 1580 г. Баторый змяніў маршрут, то ў 1581 г. ён зноў рушыў дакладна па схеме з 1579 г.110. Каралеўскі двор мог падрыхтаваць гэтае падарожжа на аснове карты Станіслава Пахаловіча, надрукаванай у 1580 г. у Рыме.
7. На карце Полаччыны Станіслаў Пахаловіч пазначыў не толькі басейн Дзвіны, але і пачатак басейна Дняпра, пазначыўшы Бярэзіну і Чэрніцу. Такім чынам быў абазначаны Балта-Чарнаморскі водападзел. Рэйнхольд Хайдэнштэйн звярнуў увагу на патэнцыйнае стратэгічнае і эканамічнае значэнне гэтага рэгіёна.
8. Былі пералічаны адлегласці паміж асноўнымі замкамі, што дазволіла ўстанавіць, што 1 міля, зафіксаваная на карце Пахаловіча, роўная прыкладна 4,99 км (а не 5,6 км, паводле Станіслава Александровіча). Сапраўды замалая адлегласць у вярсту можа сведчыць аб суб’ектыўных адчуваннях сучаснікаў, якія пераадольвалі складаны рэльеф Полаччыны і патрабавалі для гэтага больш часу. Варта таксама ўдакладніць разлікі, звязаныя з маштабам карты. Descriptio Ducatus Polocensis было зроблена ў маштабе прыкладна 1: 482 000, а не 1: 545 000 або 1: 700 000, як паведамлялі ранейшыя даследчыкі111.
9. Картаграфічныя крыніцы эпохі Баторыя пацвярджаюць гіпотэзу аб тым, што прынамсі да 1580 г. замак у Дзісне знаходзіўся ў вусці Дзісны пры ўпадзенні яе ў Дзвіну. Толькі пазней (магчыма, на загад Баторыя, які знаходзіўся ў гэтай крэпасці ў 1581 г.) мыс быў перасечаны ровам, які злучыў абедзве ракі і ўтварыў востраў-замак.
10. Карта Полацкага княства паказвае змены, якія можна назваць «картаграфічным паваротам ранняга новага часу». Яна заключалася ў распаўсюджанні прасторавага мыслення, заснаванага на выяве пэўнай мясцовасці на ўзор усё больш папулярных карт112. Вайсковы камандзір XVI стагоддзя пачынае думаць і будаваць планы ваенных дзеянняў з дапамогай карты. Гэта зрабіла рэвалюцыю ў спосабах вядзення войнаў, бо дазволіла больш дакладна вызначыць размяшчэнне войска (частак) у прасторы113. Камандзіры маглі ўявіць сабе простыя схемы, заснаваныя на картаграфічным узоры, і тое, што яны планавалі, яны маглі перанесці на паперу альбо ў выглядзе эскізаў, альбо ў выглядзе апісання маршруту (ітынерара). Такім чынам, пачалося кіраванне прасторай на стратэгічным узроўні, што паўплывала на развіццё аператыўнага планавання.
Бібліяграфія
Друкаваныя крыніцы і даследаванні ↓
Публікуецца з дазволу аўтара.
Арыгінальная публікацыя на польскай мове: TERMINUS t. 19 (2017), z. 1 (42), s. 75–126 (doi: 10.4467/20843844TE.17.003.7892)
Abstract The Origins and Military Usefulness of the Map Descriptio Ducatus Polocensis of Stanisław Pachołowiecki (1580) The paper analyses a cartographic work of Stanisław Pachołowiecki printed in Rome in 1580 entitled Descriptio Ducatus Polocensis. The author focuses on the origins of the manuscript version of the map and its usefulness in military operations. The analysis indicates that the map was created on the basis of previously gathered cartographic drafts, itineraries, and knowledge possessed by the commanders active on the territory of the Principality of Polotsk. Stanisław Pachołowiecki developed the map as early as in the 1st half of 1579 and it became the basis for strategic and operational activities undertaken during the military council in Svir. Th e map of the Principality of Polotsk depicts changes that may be described as the “early-modern cartographic turn”. In the second half of the 16th century, Polish and Lithuanian commanders began to plan and prepare military operations using a map. Th us the management of space on a strategic level commenced, which aff ected the development of operational planning.
< Папярэдні | Наступны > |
---|