Карта Вінланда. Падробка сусветнай гісторыі

 

Карта Вінланда. Падробка сусветнай гісторыі

Не заўжды падробкі карт ствараюць дзеля лёгкіх грошай. Часам за імі стаяць значна больш амбіцыйныя задумы - напрыклад, перапісаць гісторыю геаграфічных адкрыццяў і даказаць, што еўрапейцы ведалі пра існаванне Новага свету задоўга да Калумба.

Менавіта такую гісторыю расказвае карта Вінланда - адна з самых вядомых і дарагіх картаграфічных падробак XX стагоддзя, якая на працягу дзесяцігоддзяў прымушала навукоўцаў спрачацца пра сапраўднасць і межы гістарычнага ведання.

vinlandmap
1. Карта Вінланда (Vinland Map). Меркаваная карта XV стагоддзя, на якой адлюстраваны Вінланд - землі на захад ад Грэнландыі, адкрытыя, паводле надпісу на мапе, падчас падарожжа вікінгаў Б'ярні і Лейфа Эрыксана. Калі б карта была сапраўднай, яна стала б найранейшай вядомай выявай узбярэжжа Паўночнай Амерыкі ў еўрапейскай картаграфіі, створанай да падарожжа Хрыстафора Калумба ў 1492 годзе. Даследаванні 2021 года пацвердзілі, што карта з'яўляецца падробкай XX стагоддзя.

Заходні край свету

Свет аматараў гісторыі картаграфіі перыядычна скаланаецца ад выяўлення падробак сярод найбольш важных мап. З улікам коштаў на такія экспанаты, гэтыя падзеі горача абмяркоўваюць і антыкварныя клубы, і самыя буйныя таблоіды.

Калі некалькі гадоў таму выкрылі падробленую карту свету Марціна Вальдзеемюлера коштам у адзін мільён даляраў, справа была найперш у грошах. Але гісторыя карты Вінланда выходзіць далёка за межы фінансавага махлярства.

З’яўленне карты Вінланда (Vinland Map) было падазроным ад пачатку. Карта з'явілася на антыкварным рынку ў 1957 годзе, а пазней трапіла да супрацоўнікаў Ельскага ўніверсітэта. Таямнічая выява была ў складзе аднаго канвалюта разам з іншымі дакументамі XV стагоддзя. Такое "суправаджэнне" было перканаўчым, але змест адрозніваўся ад іншых тагачасных карт. І ўсё ж яе набылі ў калекцыю ўніверсітэта.

Ельскі ўніверсітэт

Надзвычайнасць карты заключалася ў адной дэталі: на паўднёвы захад ад Грэнландыі яна паказвала востраў "Vinlanda Insula". І гэта выглядала неверагодна. Мы зараз ведаем, што Амерыка была адкрытая ў 1492 годзе Хрыстафорам Калумбам. Але марскія падарожнікі і картографы доўгі час не былі ў гэтым упэўненыя і лічылі, што Калумб адкрыў заходні шлях да Азіі. Але нават, калі на пачатку XVI стагоддзя на мапах з'явіўся новы кантынент, гэта не была яго паўночная частка.

Ад самага пачатку некаторыя навукоўцы сцвярджалі, што карта з'яўляецца якаснай падробкай. Але хімічны аналіз атраманту і іншыя навуковыя тэсты, якія праводзіліся з картай, не давалі канчатковага адказу. Іншыя настойвалі на тым, што карта можа быць сапраўднай і знаходзілі ўскосныя сведчанні ў ісландскіх сагах, якія апісваюць падзеі X–XI стагоддзяў.

Нечаканы аргумент

У 1960 годзе на беразе Ньюфаўндленда (востраў ля паўночна-ўсходніх берагоў Паўночнай Амерыкі) было адкрытае сярэднявечнае паселішча вікінгаў. Гэтае сенсацыйнае адкрыццё прымусіла замаўчаць экспертаў, якія сумняваліся ў аўтэнтычнасці карты.

Такім чынам, карта Вінланда займела статус карты “невядомага паходжання” з найбольш ранняй выявай Амерыкі — у выглядзе вялікага вострава Вінланд на захад ад Грэнландыі.

Сенсацыя для грамадства

На фоне росту цікавасці грамадства да гіпотэзы аб больш раннім адкрыцці Амерыкі карту прэзентавалі на шырокі агляд. Бібліятэка Кангрэсу ЗША, вядомая сваёй прагай да знакавых экспанатаў, выкупіла карту. У 1996 годзе страхавы кошт карты Вінланда складаў ажно 25 млн долараў.

Яшчэ ў 2009 годзе Рэнэ Ларсэн, дацкі спецыяліст па кансервацыі, у інтэрв’ю агенцтву Reuters з упэўненасцю паведамляў, што за пяць гадоў вывучэння карты не ўдалося выявіць ніякіх прыкмет падробкі. Каманда даследчыкаў пад яго кіраўніцтвам даследавала атрамант, пергамент і агульныя пашкоджанні для ўсяго зборніка дакументаў, да якога была далучана карта. Злёгку псавала агульную візію прысутнасць у атраманце дыяксіду тытану, але яе патлумачылі слядамі пяску, які нібыта маглі выкарыстоўваць падчас “высушвання вільготнай фарбы”.

Змест карты

Змест карты відавочна адсылае да ісландскіх сагаў (930–1030 гады), у якіх, паміж іншым, расказваецца пра падарожжа некуды да Вінландыі вікінга Лейфа Эрыксана Шчаслівага. Адпаведнасць мапы скандынаўскаму эпасу ўмацоўвала думку пра аўтэнтычнасць карты.

Выкрыццё падробкі

У 2021 годзе даследчыкі з Ельскага ўніверсітэта вынеслі вердыкт: карта з’яўляецца майстэрскай падробкай 1920-х гадоў. Гэтым разам для аналізу было выкарыстана найноўшае даследчыцкае абсталяванне.

Радыевугляродны аналіз пацвердзіў, што пергамент сапраўды датуецца першай паловай XV стагоддзя, аднак малюнак быў зроблены атрамантам, які ўтрымлівае злучэнне тытану. Атрамант з такім складам упершыню быў выраблены толькі ў 1920-х гадах. Спектральны аналіз пацвердзіў, што такі атрамант прысутнічае ва ўсіх лініях і надпісах карты, хоць папярэднія даследаванні выяўлялі сляды дыяксіду тытану фрагментарна.

Кошт цікавых гісторый

Карта Вінланда аспрэчвала першынства Калумба як адкрывальніка Новага свету. Звесткі з ісландскіх саг, а таксама адкрыццё еўрапейскіх пасяленняў у Ньюфаўндлендзе спрыялі падману. Сёння гісторыкі згодныя ў меркаванні, што Паўночную Амерыку сапраўды ў канцы Х стагоддзя наведалі вікінгі, заснавалі там як найменш два пасяленні. Ні замацавацца, ні каланізаваць новыя землі яны не здолелі.

Невядома, ці атрымала бібліятэка Кангрэсу ЗША кампенсацыю ад страхавой кампаніі. Але можна меркаваць, што вядомасць карты, а таксама звязаная з ёй гісторыя толькі павялічылі яе каштоўнасць. Прыклад іншых падробак кажа, што калекцыянеры і ньюсмэйкеры не супраць падробак, калі яны якасныя, унікальныя і могуць распавесці чарговую незвычайную гісторыю.

vinlandmap
2. Макрарэнтгенаўская флуарэсцэнтная спектраскапія (XRF) выявіла злучэнні тытану ва ўсіх лініях і надпісах карты. Калі ранейшыя даследаванні знаходзілі тытан толькі ў асобных участках, новы аналіз паказаў яго прысутнасць па ўсёй карце. Фота: Yale University.