Напалеон Орда. Альбом гістарычных краявідаў Беларусі
Напалеон Орда (1807–1883), наш славуты зямляк, пакінуў багатую творчую спадчыну, захапляўся музыкай, выяўленчым мастацтвам, літаратурай, удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў. Мастацкую адукацыю Напалеон Орда атрымаў падчас эміграцыі ў парыжскай студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. З пачатку 1870-х гадоў актыўна падарожнічаў па землях былой Рэчы Паспалітай і замалёўваў старадаўнія замкі, магнацкія палацы, шляхецкія сядзібы, цэрквы і касцёлы, мясціны і краявіды. Усяго было створана каля тысячы акварэляў і малюнкаў. Па гэтых малюнках з 1873 па 1883 год друкаваліся папулярныя альбомы пад агульнай назвай "Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę". Усяго выйшла з друку 8 серый з агульнай колькасцю літаграфічных аркушаў 260, з іх каля 120 прысвечаны беларускім мясцінам (у сучасных межах). Друкаваліся альбомы ў літаграфічнай майстэрні Максімільяна Фаянса (M. Fajans) у Варшаве накладам звыш за 1000 асобнікаў. Усе аркушы выкананы літографам і мастаком Алаізам Місіровічам (Alojzy Misierowicz). Нягледзячы на абмежаваную колькасць падобных літаграфій на рынку, аркуш у добрым стане можа каштаваць усяго 150–200€. Асобныя аркушы каштуюць даражэй, віды буйных гарадоў альбо легендарныя мясціны могуць быць ацэнены ў 400–500€. Зрэдку сустракаюцца ілюмінаваныя аркушы.
|