Падобныя матэрыялы
Мікалай Кузанскі 1491 год. Айхштэцкая карта
QVOD PICTA EST PARVA GERMANIA TOTA TABELLA...
Тэхніка: медзярыт
Картограф: Мікалай Кузанскі
Год выдання: 1491(?), Айхштэт
Памер карты: 55.2 х 40.3 см
Асноўнай крыніцай для карты была рукапісная карта нямецкага мысляра і тэолага Мікалая Кузанскага (Nicolaus Cusanus, 1401–1464), якая не захавалася ў арыгінале. Але карта дайшла да нашых часоў дзякуючы пазнейшым копіям, якія падзелены даследчыкамі на дзве рэдакцыі.
Даследчыкі выявілі, што стварэнне меднай плыты распачалося ў Рыме ў 1470-х гадах, магчыма, у майстэрні Конрада Свэнхэйма (Conrad Swenheym, ? – 1477), але ў далейшым плыта дапрацоўвалася. Да 1491 года поле карты было пашырана на поўдзень і, фактычна, карта атрымала закончаны выгляд. Наступныя змены, не датычныя поля карты, маюць значэнне толькі для гісторыі паходжання плыты. Асобнікі карты, што захаваліся, былі надрукаваны ў Базельскай друкарне Андрэса Кратандэра (Andreas Cratander) у 1530-м годзе. Выданне суправаджалася тэкстам Себасцьяна Мюнстара. Верагодна, што пэўны тыраж карты з'яўляўся на рынку яшчэ каля 1560 года.
Карта выканана ў пталемееўскім "стандарце", але па змесце выходзіць далёка за межы класічных геаграфічных ўяўленняў. Адзначаны гарады Наваградак (NOVAGRADA), Кіеў (CHIOVIA). RVSSIAE ALBAE PATS аднесена на Наўгародскія землі, RVBEA RVSSIA на Паўднёвым Захадзе Украіны ў сярэдняй цечы Паўднёвага Буга. Беларускія землі, прычым уключна з усходнімі, азначаны назвамі Вялікае Княства Літоўскае (LITVANIA MAGNUS DVCATVS) і двойчы Літва (LITVANIAE).
Карта ўваходзіць у пералік адметных карт, такіх як Carta Marina Олаўса Магнуса, альбо Радзівілаўская карта, што вызначалі этапы развіцця картаграфавання рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Акрамя таго гэта першая датаваная карта, надрукаваная з меднай плыты.
[Ранейшая рэдакцыя* Генрыха Мартэла (Henricus Martellus Germanus, 1480–1496) прадстаўлена трыма нязначна адрознымі рукапісамі. Рукапіс больш позняй рэдакцыі Мікалая Германуса (Donnus Nicolaus Germanus, 1420?–1490?) страчаны. Менавіта па другой рэдакцыі стваралася плыта прыведзенай карты. * "Геаграфіі" Пталамея]
Наступны > |
---|