Антыкварныя карты Еўропы
На сусветным рынку карты Еўропы прадстаўлены ў большым аб'ёме, чым карты свету, гэты сегмент не вельмі карыстаецца попытам. Кошт можа розніцца на парадак паміж картай свету і картай Еўропы з аднаго атласу. Мабыць, асноўныя прычыны – малая цікавасць да такіх карт у самой Еўропе і незапатрабаванасць на рынках іншых рэгіёнаў. Да часоў актыўнага друку карт (пачатак 16 стагоддзя) абрысы Еўропы былі вывучаны досыць добра, удакладненні былі паступовыя і не вельмі значныя, тычыліся ў асноўным паўночнага і іншых перыферыйных кірункаў. Але Літва-Беларусь якраз знаходзілася на крайніх абшарах Еўропы, і нават у 18 стагоддзі працягваліся ўдакладненні, выпраўленні памылак, ранжыраванне гарадоў і мястэчак адпаведна іх дзяржаўнай значнасці. Часам геаграфічная інфармацыя па Літве-Беларусі на карце Еўропы не саступала па дакладнасці і падрабязнасці асобнаму аркушу з выявай нашых зямель. Напрыклад, "LITHVANIA" Меркатара складзена па яго насценнай карце Еўропы 1572 года. Назоў Беларусь (Белая Русь), які з'явіўся на картах не пазней, чым Літва, але не меў такой грунтоўнай геаграфічнай прывязкі, праілюстраваны ў адпаведным раздзеле. Карты ж Еўропы дазваляюць прасачыць праз стагоддзі трансфармацыю межаў паспалітай дзяржавы ва ўяўленні еўрапейскіх картографаў. Прыведзеная нізка карт коратка ілюструе драматычнае знікненне Літвы ў сярэдневечным значэнні і паступовае фармаванне межаў сучаснае Беларусі. У такім аспекце карты Еўропы маглі б быць запатрабаваным аб'ектам калекцыянавання на нашай культурнай прасторы.
|