Ян Няпрэцкі, Тобіяс Маер 1749 год. MAGNI DVCATVS LITVANIAE
MAGNI DVCATVS LITVANIAE
in svos PALATINATVS et DISTRICTVS DIVISVS similque exactiore locorum positione, quantum fieri potuit correctus a Tobia Majero. Norimbergae Impensis Homannianorum Heredum. 1749. C.P.S.C.M.G.
Тэхніка: медзярыт
Аўтар: Ян Няпрэцкі, Тобіяс Маер
Выдавец: Гоман Херыд
Год выдання: 1749, Нюрнберг (прыведзены другі варыянт, пасля 1772 года)
Памер аркуша: 59 х 52 см
Памер карты: 54,8 х 47,5 см
Маштаб: каля 1 : 1 600 000
Працы па стварэнні Радзівілаўскай карты былі скончаны ў 1603 годзе, з 1613 па 1645 год яна выдавалася ў выдавецтве Блаў. Карта была сапраўдным картаграфічным дасягненнем і больш за паўтара стагоддзя была крыніцай для стварэння іншых карт земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Першая абноўленая карта земляў панства была падрыхтавана вучоным езуітам Янам Няпрэцкім (Jan Nieprzecki, 1718-1750), яна хоць і абапіралася на "радзівілаўку", але на ёй было зроблена багата ўдакладненняў, таксама былі адлюстраваны актуальныя межы Княства і адміністрацыйны падзел. Карта была апублікавана ў выдавецтве "Спадкаемцы Гомана" ў 1749 годзе пад рэдакцыяй нямецкага вучонага Тобіяса Маера (Mayer Tobias, 1723-1762).
Вядомыя тры варыянта карты. У першым варыянце 1749 года герб і прыведзены ніжэй надпіс над полем карты адсутнічаюць. Што дзіўна, але адсутнічае ў картушы і імя аўтара карты Яна Няпрэцкага.
Другі варыянт (пасля 1772?) багата дапоўнены зместам, запазычаным з выданняў Рыцы-Дзаноні. Выгравіраваны герб Пагоня і надпіс па французку ў верхняй частцы над полем карты: "CARTE DV GRAND DVCHE DE LITVANIAE, dressée par le Rev. Pere Iean Nieprecki, de la Soc. de Jesu en Lituanie, rectifiée par T. Maier de la Soc. Cosmogr. par les soins des Heritiers de Homan". У картушы надпіс зменены: "MAGNg DVCATVS LITVANIAE in svos PALATINATVS et DISTRICTVS DIVISVS, delineatus a Rever Patre Ioanne Nieprecki Soc. Jesu. ... potuit correctus a Tobia Majero. Norimbergae Impensis Homannianorum Heredum, 1749. C.P.S.C.M.G.".
У трэцяй рэдакцыі (з 1795 года), якое сустракаецца часцей за іншыя і прыведзена тут у якасці асноўнай ілюстрацыі, з асноўнага картуша пад датай 1749 выдалены радок, што ўказвае на прывілегію выдання гэтай карты "C.P.S.C.M.G.".
Карта Яна Няпрэцкага друкавалася і пазней. Рэдкае выданне датаванае 1812 годам знаходзіцца ў Віленскай ўніверсітэцкай бібліятэцы. Зверху над полем карты карта мае дату 1812. У картушы таксама выразана дата ўнесеных выпраўленяў: "Emendat 1812" і нанесены абазначэнні межаў Віленскага, Віцебскага, Мінскага, Магілёўскага і Слонімскага ўрадаў (gouvernement). Карта выдадзена ў тым жа выдавецтве, заснаваным Ёганам Бапцістам Гоманам (Johann Baptist Homann, 1664-1724), якое дзейнічала да 1848 года. Абставіны выдання пакуль не знойдзены, але магчыма яно не было выпадковым. Верагодна карта, як адна з найбольш актуальных, была запатрабавана для вайсковага ўжытку.
Узгадаем, што напярэдадні і падчас вайны 1812 года былі спробы ўвасобіць мару адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, яшчэ да пачатку вайны Міхал Клеафас Агінскі, славуты кампазітар і дзяржаўны дзяяч, на пасадзе расійскага сенатара неаднойчы падаваў імператару Аляксандру І план аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі. А ўжо падчас вайны 1 ліпеня 1812 года па загадзе Напалеона быў ўтвораны Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага. У такіх варунках асобны выпуск карты ВКЛ у 1812 годзе быў запатрабаваны і грамадствам краю.
< Папярэдні | Наступны > |
---|