Тобіас Конрад Лотар 1759 год. MAPPA GEOGRAPHICA... REGNUM POLONIAE...
MAPPA GEOGRAPHICA, ex novissimis observationibus repraesentans
REGNUM POLONIAE
et MAGNUM DUCATUM LITHUANIAE.
Cura et Sumptibus TOBIAE CONRADI LOTTER. Geogr. Aug:Vindel.
Тэхніка: медзярыт
Картограф: Тобіас Конрад Лотар
Гравёр: Тобіас Конрад Лотар
Год выдання: 1770-я, Аўгсбург
Памер аркуша: 69.7 х 54.4 см
Памер карты: 58.2 х 48.2 см
Маштаб: каля 1 : 2 500 000
Карта падрыхтавана нямецкім картографам Тобіасам Конрадам Лотарам (Tobias Conrad Lotter, 1717–1777) і выдавалася з 1759 года. Прыведзена выданне канца 1770-х гадоў з указаннем анексаваных тэрыторый Рэчы Паспалітай падчас першага падзелу 1772 года, у картушы можна разгледзець зрэзаную дату 1759. Даследчыкі вылучаюць сем варыянтаў карты з нязначнымі адрозненнямі. На апошнім варыянце, які ў 1793 годзе надрукавалі нашчадкі Т. К. Лотара, пазначаны дзяржаўныя межы пасля другога падзелу. Увогуле выданне мае кампілятыўны характар і не базуецца на новых даследаваннях і разліках, пры гэтым картограф шануецца як аўтар апошняй асобнай карты Вялікага Княства Літоўскага.
На карце прысутнічае вялікая колькасць населеных пунктаў, у тым ліку Вільня, Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, рэгіянальныя і адміністратыўныя назвы. Вялікае Княства Літоўскае (MAGNUS DUCATUS LITHUANIAE) пазначана ў межах Беларусі, назоў "RUSSIA ALBA" ахоплівае ўсходнюю частку Беларусі. У межах сучаснай Украіны прысутнічаюць адметныя назвы "RUSSIA RUBRA" і "UCRANIA". Картуш з маштабнай шкалой упрыгожаны гербам Рэчы Паспалітай часоў праўлення Станіслава Панятоўскага.
< Папярэдні | Наступны > |
---|