Конрад Свэнхэйм, Арнольд Букінк 1478 год. OCTAVA EVROPĘ TABULA
OCTAVA EVROPĘ TABULA
Тэхніка: медзярыт
Картограф: Клаўдзій Пталамей
Выдаўцы: Конрад Свэнхэйм, Арнольд Букінк
Тэкст: Domitius Calderinus, Jacobus Angelus
Год выдання: 1478, Рым
Памер аркуша: 56 х 41 см
Адна з першых друкаваных карт Еўрапейскай Сарматыі Пталемея паходзіць з выдання "Claudii Ptolemaei Alexandrini philosophi Geographiam Arnoldus Buckinck e Germania Romae tabulis aeneis in picturis formatam impressit...", падрыхтаванага Конрадам Свэнхэймам (Conrad Swenheym, ? − 1477). Была апублікавана пасля яго смерці Арнольдам Букінкам (Arnold Buckinck) у 1478 годзе ў Рыме. Перавыдавалася ў 1490, 1507 і 1508 гадах. Адзначым, што друкаваныя кнігі да 1501 года класіфікуюцца як інкунабулы (з лац. − калыска, пачатак). Даследчыкі вылучаюць унікальны элемент тэхналогіі друку: онімы не гравіраваліся на меднай плыце, а былі выбіты металічнымі штампамі. Пазней друкаваныя плыты былі набытыя Петрусам дэ Турам (Petrus de Turre), які здзейсніў другое выданне ў 1490 годзе.
На карце адлюстраваны Балтыйскае мора (OCEANVS SARMATICVS), Чорнае мора (PONTVS EVXINVS) і Азоўскае мора (PALVS MĘOTIS). Таксама бачым Еўрапейскую Сарматыю (SARMATIA EVROPAE) і частку Азіацкай (SARMATIĘ ASIATICĘ PARS), раздзеленыя няіснымі Рыфейскімі гарамі (RIPHEI MONTES). Прыблізна лакалізаваць беларускія землі можна ў межах Дняпра (BORYSTHENES FLVVIVS), Заходняй Дзвіны (RVBON FLV.) і Нёмана (CHRONES FLV.). Палескія балоты, магчыма, выяўлены возерам AMODOGA PALVS. Вызначэнне іншых надпісаў у межах Беларусі можа быць не менш займальным, чымсьці пошук гор Venedici Montes, Bodinus Mons.
Наступны > |
---|