Горадня 1567 год. VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE
BY | RU
VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE
Тэхніка: медзярыт
Мастак: H.Adelhauser
Гравёр: M.Zündt
Год выдання: 1568, Нюрнберг (прадстаўлена копія 1886 г.)
Памер аркуша: 102 х 36 см
Кошт: >20000€
Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта была выдадзена ў 1568 годзе ў Нюрнбергу. На гравюры выяўлена падрабязная панарама Горадні, на фоне якой гарадзенскі маршалак Іван Валовіч сустракае маскоўскае, турэцкае, татарскае і валашскае пасольствы ў ліпені 1567 года. У левым верхнім картушы прысвячэнне Жыгімонту ІІ Аўгусту, у верхнім правым картушы апісанне адлюстраваных падзей, імёны мастака і гравёра, год і месца выдання. Тэкставыя блокі ў картушах дадрукоўваліся паверх панарамы на нямецкай і лацінскай мовах.
Было два наклады гравюры: другі наклад мае змены ў гербе Польскага каралеўства ў двух месцах (дададзена літара S), таксама для другога накладу была выкарыстана іншая папера. Першы наклад друкаваўся на нямецкай і лацінскай мовах, другі - толькі на нямецкай. На сённяшні дзень у бібліятэках і музеях выяўлена не менш за 10 арыгінальных гравюр.
Якасная геліяграфічная копія гравюры ў арыгінальны памер друкавалася ў 1882 годзе Дзмітрыем Равінскім. Негледзячы на адрознасць тэхнік друку (геліаграфічны друк - "высокі" і не патрабуе такога моцнага ціску, як для друку з медзі), копія добра перадае адбітак штрыха з металічнай плыты, а разам з ім дае магчымасць успрыняць рэнесансны характар гравюры. Копія была надрукавана ў складзе кнігі «Достоверные портреты московских государей Ивана III, Василия Ивановича, Ивана IV и посольства их времени».
Выкладзеная выява ёсць копіяй, выкананай у 1886 года ў зменшаным маштабе 2:3 у тэхніцы высокага друку. Выява для гэтай копіі была перамаляваная, а не перанесеная фатаграфічна.
Гравюра Горадні 1568 года месціцца ў пачатку сусветнага спісу найбольш буйных і ранніх медзярытаў з выявамі гарадоў. Самыя першыя выявы гарадоў друкаваліся ўжо з канца XV стагоддзя, да гэтага гарады можна было пабачыць на фрэсках і ў рукапісных кнігах, выяўленымі ў жывапісе і малюнку. Часцей за ўсё гэта былі Рым, Іерусалім, Канстанцінопаль, а таксама некаторыя буйныя полісы Заходняй Еўропы. Ёсць выявы, якія ўражваюць сваім каласальным памерам, напрыклад, від Венецыі 1500 года з вышыні птушынага палёту памерам 135 х 282 см. (Jacopo de Barbari, дрэварыт). Некаторая колькасць антычных і еўрапейскіх гарадоў у тэхніцы дрэварыту выяўлена ў выданнях Гартмана Шэдаля ("Нюрнбергская хроніка", 1493 год) і Себасцьяна Мюнстара ("Касмаграфія", з 1544 года), гэтыя выявы маглі быць дапоўнены фантастычнымі ўяўленнямі і не заўжды пазнавальныя.
Выяўленыя на гравюры дыпламатычныя сустрэчы не мелі значных вынікаў (маскоўскае пасольства, напрыклад, мела абмежаваныя паўнамоцтвы, а аб турэцкім і валашскім пасольствах не ўзгадваецца ні ў якіх іншых крыніцах, акрамя як на гравюры). Іншыя тагачасныя сюжэты, прысвечаныя прыёму паслоў альбо дзяржаўнага паседжання, вырашаліся мастакамі іначай. Таму можна казаць, што на гравюры прэзентаваны ў першую чаргу VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE, а дыпламатычныя сустрэчы высокага ўзроўню падкрэсліваюць значнасць горада.
З'яўленне такой незвычайнай ва ўсіх адносінах гравюры павінна было быць выклікана такой жа неардынарнай падзеяй, а менавіта Люблінскай уніяй, падрыхтоўка да якой ішла поўным ходам.
Выданне гравюры Горадні мела на мэце пазнаёміць палітычны бамонд з важным месцам у будучай Рэчы Паспалітай і ўмацаваць палітычную вагу Горадні. Мажліва, нават, у нейкай ступені праз такую раскошную прэзентацыю, пасунуць палітычны цэнтр Літвы з Вільні ў больш прыдатную ў многіх аспектах Горадню: геаграфічная зручнасць, большая нейтральнасць у адрозненні ад уплывовых месцічаў Вільні і інш. У наступныя часы Горадня неаднаразова падзяляла сталічны статус з Вільняй: перабудова гаспадарскага замку (1570-1580-я гады) і размяшчэнне каралеўскай рэзідэнцыі Стафана Баторыя ў Горадні; рашэнне 1673 года па правядзенні кожнага трэцяга чарговага сейму Рэчы Паспалітай у Горадні.
У нейкім сэнсе, гравюра, выкананая Маціасам Цюнтам, мела характар "палітычнай улёткі", як і іншыя шматлікія яго гравюры таго часу, але памерам сваім падкрэслівала значнасць Горадні і падзей, якія адбыліся (і надалей будуць адбывацца) у горадзе.
Зацікаўленым бокам у такім выданні мог выступіць нехта з атачэння Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Картаграфічная спадчына Маціаса Цюнта >>
Наступны > |
---|