Битва при Сомо-Сиерре 1808 год
COMBAT DE SOMO-SIERRA (30 Novembre 1808)
Бітва пры Сама-Сьеры (Іспанія) 1808 год
1-шы ўланскі польскі полк, створаны ў 1807, адносіўся да Старой гвардыі, ён неаднаразова вылучаўся адвагай і бліскучымі подзвігамі. Славу яму прынесла Бітва пры Сама-Сьеры ў 1808 годзе – адна з самых бліскучых кавалерыйскіх атак у гісторыі!
Іспанцы не мелі колькаснай перавагі, але размяшчэнне на вышынях артылерыі, якая прастрэльвала вузкую дарогу, а таксама пяхота давалі добрыя шанцы на аслабленнне французскіх войскаў. Пасля некалькіх няўдалых спроб Напалеон даў распараджэнне атакаваць польскаму ўланскаму палку. Многія з яго акружэння выказалі меркаванне, што ён адпраўляе іх на верную пагібель.
Пашыхтаваны ў калону па чатыры (шырэй стаць не было магчымасці, бо занадта вузкая дарога), эскадрон па камандзе "Наперад трушком!" кінуўся ў неймаверную атаку: 150 чалавек (агульная колькасць эскадрону разам з узводам лейтэнанта Нігалеўскага, які быў у рэкагнасцыроўцы і дагнаў сваіх ужо падчас атакі) супраць цэлай арміі!
Наперадзе ішла трэцяя рота пад камандай Дзеваноўскага, за ёй - сёмая пад камандай Пётры Красінскага. Праз колькі імгненняў калона перайшла ў намёт. З гучным воклічам "Віват Імператар!", узняўшы ў паветра бліскучыя клінкі, эскадрон абрынуўся на першую батарэю. Жудасны залп сустрэў атрад, адначасова справа і злева затрашчэлі сотні стрэлаў. Пад гэтым смертаносным шквалам упалі на зямлю і прыдарожныя камяні дзясяткі людзей і коней, шэрагі шэваляжораў змяшаліся - здавалася, што атака захлынулася. Некаторыя з салдат, якія адсталі ад асноўнай групы і не бачылі праз дым і пыл, што дакладна адбывалася наперадзе, вырашылі, што на гэтым усё скончана. Яны з'ехалі з дарогі і паспрабавалі схавацца за камянямі. Але Казятульскі нечалавечымі высілкамі волі не даў асноўнай масе эскадрону павярнуць назад. Ён павёў за сабой людзей, імкнучыся прыспешыць атаку, бо ўбачыў, што іспанцы зараджаюць гарматы для новага смяротнага залпу. Шалёным намётам палякі даскакалі да батарэі, коні з ходу пераскочылі праз барыкаду, і шэваляжоры ўмомант засяклі ці кінулі на зямлю збянтэжаных іспанцаў. Але гэтым эпічная атака не скончылася, яна толькі пачыналася. Наперадзе былі яшчэ тры батарэі, і нельга было згубіць ні секунды. Усё тым жа імклівым намётам кавалерысты скіравалі да наступнай перашкоды. У гэты час іх дагнаў чацвёрты узвод пад камандай Нігалеўскага, аднавіўшы страты ў шэрагах.
Новы залп нанес шэваляжорам жудасныя страты. Загінуў паручык Кржыжаноўскі, пад капітанам Казятульскім забіты конь, і ён злёту ўпаў на камяні, атрымаўшы жорсткія траўмы. Цяпер атаку вёў капітан Дзеваноўскі, але, уласна, "эскадрон... ужо больш не чуў каманд... усе капітаны, лейтэнанты, шарагоўцы, натхнёныя адным і тым жа парывам, з адным і тым жа пераможным воклічам, не звяртаючы больш увагі ні на адсутнасць Казятульскага, ні на смерць сваіх таварышаў".
Рэшткі атраду наляцелі на другую батарэю і пасеклі абслугу. Асатанелыя ад дзікай скачкі, страшэнных стратаў, гістэрычных вопляў іспанцаў і шалёнага агню з усіх бакоў, уланы панесліся далей. Паручык Равіцкі крыкнуў свайму сябру: "Нігалеўскі, прытрымай майго каня, я не магу з ім зладзіць!" У гэты момант грымнуў страшны залп, і цела Равіцкага, якому адарвала галаву, пакацілася ў пыле. Упаў з каня зранены капітан Дзеваноўскі. Трэцяя рота была фактычна знішчана.
Але сёмая, пад камандаваннем Пётры Красінскага, уляцела на наступную батарэю, люта разрываючы на шматкі ўсё, што спатыкалася на шляху. Цяпер ад адважнага эскадрону засталося не больш за 40 чалавек. Але гэтая жменька смелых не жадала спыняцца. Клубок звар'яцелых ад адчайнага намёту людзей і коней скіраваўся да апошняй - чацвёртай батарэі. Да яе было яшчэ 600 метраў, і, хоць іспанскія артылерысты былі здзіўлены тым, што адбываецца на іх вачах, яны паспелі даць залп. Пётра Красінскі атрымаў раненне ў бок і ўпаў на зямлю. З ім упалі яшчэ паўтара дзясяткі коннікаў, але тыя, што яшчэ засталіся на конях, пераскочылі праз гарматы і ўрубіліся ў шэрагі ворагаў - апошняя батарэя была ўзята...
1 снежня Напалеон правёў агляд тых 40 палякаў, што выжылі і змаглі стаць у строй. Пад гукі аркестра яны пашыхтаваліся ў лінію, многія забінтаваныя. Большасць з іх не былі ў стане ехаць, і іх падтрымлівалі гвардзейцы Напалеона, які пачаў раздаваць узнагароды, у тым ліку 16 крыжоў Ганаровага Легіёну. Пасля цырымоніі імператар падышоў да палякаў, зняў капялюш і сказаў гучна, каб усе маглі чуць: "Вы вартыя маёй Старой гвардыі. Вы - лепшая кавалерыя". Пасля атакі са 150 чалавек у страі засталіся 15.
На баку Напалеона змагалася шмат жыхароў Рэчы Паспалітай, якія жадалі аднавіць незалежнасць сваёй краіны. І хоць гэты полк і звалі польскім, трэба меркаваць, што там былі не толькі палякі, але і нашыя зямлякі. Напрыклад, удзельнік гэтай бітвы Канопка пазней стаў генералам і ўзначальваў 3-ці ўланскі Літоўскі полк, сфарміраваны ў 1812 годзе.
У адрозненне ад большасці саюзнікаў Францыі, менавіта палякі і ліцвіны заставаліся да канца вернымі Напалеону - яны працягвалі змагацца ў шэрагах яго арміі нават у яго апошняй бітве пры Ватэрлоа.
Тэхніка: гравюра на метале
Гравёр: Ch.Lalaisse
Мастак: Th.Yung
Выдавец: Lemercier, Парыж
Год выдання: 1840-я
Памер аркуша: 43 х 30 см
Памер выявы: 24.5 х 17 см
Наступны > |
---|