Падпіска на навіны
Белавежская пушча Антона Каменскага
Алічбаваныя і рыхтуюцца да публікацыі малюнкі з альбома "SZKICE z Puszczy Bialowieskiej" Антона Каменскага, выдадзенага ў 1912 годзе ў Варшаве. Альбом уключае 14 лірычных малюнкаў, прысвечаных простаму селяніну і суіснаванню яго з прыродай. Некаторыя з іх досыць вядомыя і друкаваліся ў мастацкіх альбомах: гэта партрэт беларуса і ліцвіна, выява дзяўчынкі-белавяжаначкі і іншыя. У бліжэйшы час усе выявы будуць размешчаны ў асобным раздзеле.
Антон КАМЕНСКІ нарадзіўся ў 1860 альбо 1861 годзе ў Вільні або маёнтку Ярылаўка Гродзенскай губерні. Вучыўся ў Мастацкай акадэміі ў Пецярбургу, пазней працягваў адукацыю ў мастацкіх студыях Парыжа.
Ствараў ілюстрацыі для мясцовых і замежных часопісаў. З 1894 года жыў у Варшаве. У час Першай сусветнай вайны быў у эміграцыі ў Швейцарыі.
У 1919 годзе вярнуўся ў Варшаву. Некаторы час працаваў у тэхніцы афорта, але збольшага звычайнымі графічнымі матэрыяламі: тушшу, вугалем, алоўкам, пастэллю. Стварыў шэраг яркіх партрэтных вобразаў з прадстаўнікоў творчага асяродку Варшавы. Да яго спадчыны належаць графічныя серыі сацыяльнай і гістарычнай тэматыкі, ілюстрацыі да мастацкіх выданняў.
Выявы для альбома "Малюнкі з Белавежскай пушчы" былі надрукаваны ў літаграфічнай тэхніцы. Распачынаецца выданне сентыментальным нарысам польскага пісьменніка Жыгмунта Барткевіча "У пушчы".
A.Kamieński "SZKICE z Puszczy Bialowieskiej" >>