Падпіска на навіны

Радзівілаўская карта ў Нацыянальным мастацкім музэі
З 8 траўня па 26 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага”. На выставе прадстаўлены мала знаёмыя ў нас старадаўнія выявы выбітных дзяржаўных дзеячоў, якія непарыўна звязаны з Беларуссю і Літвой: Ягайла, Стафан Баторый, Станіслаў Панятоўскі, прадстаўнікі каралеўскай дынастыі Вазаў, Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Сангушкі і іншыя.
Выстава складаецца з твораў, прадстаўленых Львоўскім гістарычным музеем і Львоўскай Нацыянальнай галерэяй мастацтваў, а таксама Валынскім краязнаўчым музеем. Калекцыя з поспехам экспанавалася ў 2008 годзе ў Львове, у 2012 годзе ў Вільні.
Выставу ў Мінску наведалі князі Мацей і Мікалай Радзівілы.
Акрамя жывапісу прадстаўлены адметны графічны матэрыял. Вылучаецца каштоўная карта "MAGNI DVCATVS LITHVANIAE...", якая вызначыла вобраз Вялікага Княства Літоўскага да пачатку 18 стагоддзя ў шматлікіх перапрацоўках і варыянтах і прызнана вялікім дасягненнем у картаграфічнай справе свайго часу. Імя фундатара, чыім "стараннем і коштам" выйшла карта, – князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі (1549–1616) – упісана ў загалоўным картушы.
Упершыню Вялікае Княства Літоўскае і смежныя з ім землі былі нанесены з такой дакладнай дэталізацыяй.
Прадстаўлены асобнік адметны адсутнасцю каляровай расфарбоўкі. Карта склеена з чатырох аркушаў, цеча Дняпра таксама склеена з двух асобных аркушаў. Экспануемы асобнік карты быў уключаны ў зборнік "Nouvel Atlas", выданы ў Амстэрдаме ў 1643 годзе на французскай мове. Прыемна, што такая знакавая карта належыць да прыватнай калекцыі ў Беларусі.
Таксама на выставе можна пабачыць вядомыя выявы Вільні (Vilna Litvaniae Metropolis, 1572) і Гародні (Vera Designati O Urbis In Littavia Grodnae, каля 1568) з "Civitates Orbis Terrarum" Г.Брауна і Ф.Хогенберга.
Выстава працуе па 26 жніўня 2013 года.