Вільям Янсон Блаў 1606 год. NOVA TOTIUS TERRARUM ORBIS GEOGRAPHICA
NOVA TOTIUS TERRARUM ORBIS GEOGRAPHICA AC HYDROGRAPHICA TABULA
auct: Gul: Jansonio.
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Willem Janszoon Blaeu
Год выдання: 1606, Амстэрдам
Памер аркуша: 54.5 х 42 см
Спасылка: SHIRLEY: 255
Прыклад ранняй карты, выкананай у меркатараўскай праекцыі і падзеленай на чатыры кліматычныя зоны (падпісаны з правага боку). Выдавалася з 1606 года знакамітым галандскім картографам Вільямам Янсонам Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638) і яго сынам Янам Блаў (Johannes Blaeu, 1596–1673). Адна з лепшых і вядомых карт свету, што з'явілася ў Залатое стагоддзе галандскай картаграфіі. Багата аздоблена выявамі караблёў, марскіх пачвараў, мае тры картушы і паказвае дзве зямныя паўкулі з палюсамі па цэнтрах. У верхняй частцы прадстаўлены ў алегарычнай форме месяц, сонца і пяць вядомых на той час планет: Меркурый, Венера, Марс, Юпітэр і Сатурн. Злева прадстаўлены чатыры базавыя элементы: агонь, паветра, вада і зямля, справа – поры года. Сем цудаў старажытнага свету адлюстраваны ў ніжняй панелі.
Карта з'яўляецца паменшаным варыянтам сценнай карты 1605 года і ўтрымлівае збольшага ідэнтычную геаграфічную інфармацыю. Больш распаўсюджаны недатаваныя выданні, зробленыя для атласаў, пачынаючы з 1630 года, арыенціровачны кошт прыведзены менавіта для іх.
На карце заўважаюцца некаторыя класічныя для пачатку 17 стагоддзя картаграфічныя памылкі, у тым ліку масіўная Terra Australis Incognita з вузкім пралівам паміж ёй і Паўднёвай Амерыкай, няпоўная Новая Гвінея, прымацаваная да вялікага паўднёвага кантынента, падоўжанае ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і г.д. Пазначаны Lituania, гарады Вільня (Vilna), Горадня (Grodno), Наваградак (Nowogrodeck), Пінск (Pynsko).
Такую самую карту выдаваў Ян Янсон (Johannes Janssonius, 1588–1664) з указаннем выканаўцы – Пітэра Кайрэўса (Peter Kaerius, 1571–1646) (Shirley: 264).
< Папярэдні | Наступны > |
---|