Падрыхтавана копія гравюры Горадні Тамаша Макоўскага

Гравюра Горадні Тамаша Макоўскага "Civitatis GRODNAE Vera delenatio ere[cta] facta Anno 1600" надрукавана лімітаваным тыражом у графічнай майстэрні imago.by. Копію выканаў Зміцер Шапавалаў. Тыраж гравюры 50 асобнікаў (+14 пробных адбіткаў). Арыгінал гравюры не захаваўся і вядомы толькі па фотакопіях.

У самым пачатку 1600-х гадоў Тамаш Макоўскі выканаў серыю гравюр з відамі гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Вядомыя выявы — Вільня, Нясвіж, Горадня, Коўна, Біржы, Клецк. Гравюра "Civitatis GRODNAE Vera delenatio ere[cta] facta Anno 1600" адзіная з гэта серыі датаваная. Гэтыя гарадскія панарамы і відарысы (у паменшаным выглядзе) ўпрыгожвалі насценную карту Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваную ў Нясвіжы каля 1603 года. Верагодна ў тым або іншым выглядзе існавалі віды іншых гарадоў Кіева, Слуцка і іншых.

Копія выканана на меднай пласціне і выдатна перадае графічную манеру Тамаша Макоўскага. Тыраж надрукаваны ўручную на пракатным друкарскім прэсе. Пласціна перададзена на экспазыцыю ў Гарадзенскі замак.