Падпіска на навіны

Прэзентацыя кнігі Аляксея Адамовіча "Ян Няпрэцкі і карта ВКЛ"
Прэзентацыя кнігі Аляксея Адамовіча "Ян Няпрэцкі і карта Вялікага Княства Літоўскага" адбылася ў Варшаве ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі.
Кніга прысвечана вучонаму-езуіту Яну Няпрэцкаму (1718–1750) і яго карце Вялікага Княства Літоўскага (1749), падрыхтаванай да выдання ў Нюрнбергскім выдавецтве «Спадкаемцы Гомана». Аналіз новых крыніц асвятляе развіццё картаграфічнай справы ў рэгіёне і ўзаемадзеянні з замежнымі картаграфічнымі асяродкамі. Кароткая гісторыя жыцця Няпрэцкага стала добрай нагодай разабрацца з рознымі варыянтамі гэтай карты, а таксама з картаграфаваннем нашых земляў таго часу. Адбітак аднаго з станаў карты Няпрэцкага Аляксей Адамовіч нават паказаў зацікаўленым нажыва.
Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “ПРАДМОВА” упершыню адбыўся ў 2018 годзе ў Менску. Асноўная ідэя фестывалю інтэлектуальнай кнігі палягае ў неабходнасці для Беларусі мець уласны фармат мерапрыемства, прысвечанага кнізе, “што вучыць думаць”, як сродку ўзмацнення і развіцця інтэлектуальнага асяроддзя краіны.
Фестываль "ПРАДМОВА" з’яўляецца своеасаблівай “прадмовай” да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: уводзінамі ў гэтую тэму і месцам сустрэчы з яе стваральнікамі і іх напрацоўкамі. Інтэлектуальную кнігу арганізатары мерапрыемства разумеюць дастаткова шырока: гэта літаратура non-fiction, інтэлектуальная проза, эсэістыка, філасофская і грамадская веда, навукова-папулярная літаратура, замежныя пераклады. Асноўная яе адметнасць – гэта беларускае паходжанне аўтараў кнігі ці факт яе вытворчасці беларускімі выдавецтвамі.