Падпіска на навіны
Ноч музэяў у Віленскім беларускім музэі імя Івана Луцкевіча
З 12 на 13 траўня ў Вільні адбылася Ноч музэяў.
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча запрасіў на сваю пляцоўку ўдзельнікаў з розных творчых і адукацыйных кірункаў. У адной з заляў прайшло адкрыццё выставы графічныз прац Змітра Шапавалава і факсімільных гравюр і карт, створаных стыдыяй imago.bў. У першы вечар адбыўся друкарскі майстар-клас, усе ахвотныя маглі надрукаваць гравюру з панарамай Кракава 1493 года, а таксама даведаліся аб гісторыі друку. Выстава працуе да сярэдзіны чэрвеня.
На выставе можна ўбачыць гравюры, якія ілюструюць яскравыя моманты гiсторыi Вялікага Княства Літоўскага. Гэта перыяд з XV па XVII ст. — час росквiту i магутнасцi шматкультурнай сярэднявечнай дзяржавы. У той час ВКЛ мела цесныя сувязi з еўрапейскiмi i ўсходнiмi краiнамi, што таксама адлюстравана на выставе. Што могуць расказаць гэтыя старадаўнiя аркушы?
Партрэт выбiтнага палачанiна Францішка Скарыны вісіць побач з панарамай Кракава з "Нюрнбергскай хронiкі" Гартмана Шэдэля 1493 года, якая паказвае Кракаў напярэдадні тых часоў, як Скарына прыехаў туды вучыцца. З высокай верагоднасцю, Скарына чытаў гэтую кнiгу, i падобна, што нават пазычыў з яе iдэю для свайго ўласнага герба. Час Скарыны — гэта час вялiкiх геаграфiчных адкрыццяў. Карты, прадстаўленыя на выставе, паказваюць менавіта той перыяд, калi наш свет атрымаў новы кантынент — Амерыку, i "займеў форму шара": у 1519-1522 гг. экспедыцыя Магелана здзейсніла кругасветнае падарожжа. Такiмi не заўжды заўважнымі сувязямі напоўнена нашая гісторыя, толькі трэба ўважліва ўгледзецца ў яе праз тагачасныя кнігі і творы мастацтва.
Асобна варта адзначыць графiчныя працы найлепшага афартыста і сябра нашай студыі Зьмiтра Шапавалава, прысвечаныя ваеннай гiсторыi Вялікага Княства і слаўным асобам з нашай гiсторыi. Гэта найтанчэйшыя прыклады сучаснай мастацкай графiкi сусветнага ўзроўню, і асабліва цікава іх разглядаць побач з рэканструкцыямі арыгінальнай графікі 500-гадовай даўніны. Вы напэўна чулі, што жывапісцы з мэтай шкалення капіююць вядомыя карціны прызнаных майстроў. Зьміцер у гэтым сэнсе ўзяўся на больш складаную працу: ён шмат месяцаў прысвяціў стварэнню рэканструкцый страчаных або недаступных беларусам помнікаў старадаўняй графікі.
Запрашаем вас звярнуць увагу на рэканструяваную гравюру Горадні першага беларускага гравёра па медзі Тамаша Макоўскага. Арыгіналаў гэтай гравюры не захавалася, апошні вядомы быў страчаны падчас Другой усясветнай вайны, захавалася толькі няякасная фотакопія. Але прафесіянальны гравёр па медзі ўзроўню Зьмітра з найбольшай верагоднасцю можа паўтарыць (а там, дзе не бачна — угадаць) работу аўтара 1600 года. Цяпер Зьміцер працуе над рэканструкцыяй гравюры Вільні Тамаша Макоўскага, таксама страчанай.
Творчыя работы Зьмітра годна працягваюць традыцыю гістарычнай гравюры: апроч найтанчэйшага мастацкага выканання, якое патрабуе цвёрдай рукі, яны маюць значны тэарэтычны падмурак: мастак віртуозна валодае графічнымі тэхнікамі і шмат часу прысвячае вывучэнню асаблівасцяў касцюма, зброі, гістарычных рэалій. Ён літаральна выпрабоўвае эпоху на сабе, калі трэніруецца ў гістарычным фехтаванні. Графіка — гэта вельмі інтэлектуальны від мастацтва. Яна ўздзейнічае перадусім не на эмоцыі, а на ваша рацыа. Прыгледзьцеся да гравюр, паспрабуйце зразумець іх, дайце сабе час на разгляданне. Запрашаем.
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
© фота Ул. Шапавалаў