Герман Штрук. Замалёўкі з Літвы, Беларусі і Курляндыі
Герман Штрук (Hermann Struck, ад нараджэння Хаім Аарон бен Давід) нарадзіўся 6 сакавіка 1876 года ў Берліне ў забяспечанай сям'і. Бліскуча прайшоў навучанне ў берлінскай Акадэміі мастацтваў. На пачатку ХХ стагоддзя стаўся вядомым у Германіі мастаком-графікам, шматлікія прадстаўнікі інтэлектуальнага і творчага асяродку Берліна нярэдка наведвалі яго студыю для багемных размоў і для таго, каб пазіраваць мастаку. Падчас Першай сусветнай вайны Герман Штрук служыў у якасці дарадцы па габрэйскіх справах пры Обер-Ост. Ober Ost – гэта нямецкая вайсковая ўлада на Усходнім фронце і на акупаваных усходніх тэрыторыях, якія складаліся з сучасных Літвы, часткова Латвіі, Польшчы і Беларусі. Ваенная служба пазнаёміла яго з габрэйскімі абшчынамі ва Усходняй Еўропе і Польшчы. Пад уражаннем убачанага за часы вайны было створана больш за 400 работ, выдадзена некалькі кніг. У гэты час мастак працаваў у даступнай літаграфічнай тэхніцы, некаторыя работы ілюстравалі перыядычныя выданні Обер-Ост. У 1915 годзе ў супрацы з пісьменнікам Арнольдам Цвейгам Штрук стварае альбом "Das ostjüdische Antlitz" ("Абліччы ўсходнееўрапейскіх габрэяў"), выдадзены ў 1920 годзе накладам 250 асобнікаў. Альбом "Skizzen aus Litauen Weissrusland und Kurland" выйшаў у Берліне ў 1916 годзе і складаецца з 60 літаграфій, якія, як чорна-белыя кадры старога сінематографа, данеслі да нас амаль забытыя вобразы. Гэта каларытныя партрэты гарадскіх і местачковых абывацеляў; жывапісныя краявіды Коўна, Мемеля (Клайпеды), Вільні, Ліды, Гродна, Беластока, Мітавы (Елгавы), Лібавы (Ліепаі). Усе літаграфіі выкананы ў эскізнай манеры і да кожнай гучыць акампанементам літаратурная замалёўка нямецкага пісьменніка Герберта Ойленберга (1876–1949). Са збору Сяргея Пархомчыка
|