Амбразская калекцыя [Armamentarium Heroicum]
У замку Амбраз у Тыролі аўстрыйскім эрцгерцагам Фердынандам II была сабраная багатая калекцыя рыцарскіх даспехаў і партрэтаў самых знакамітых людзей свайго часу. Мастак Джавані Батыста Фантана (Giovanni Battista Fontana, 1524 – 1587) і гравёр Дамінік Кусто (Dominic Custodis, Custos, 1560 – 1612) выканалі серыю прадстаўнічых партрэтаў у поўны рост. Разам у альбоме 124 такія медзярыты і тытульны аркуш з партрэтам самога эрцгерцага Фердынанда. У 1601 годзе было здзейснена выданне гэтага альбома з тэкстам на лацінскай мове, у 1603 годзе – на нямецкай. Гэтае рэдкае выданне вядома пад назвай Armamentarium Heroicum, альбо "Кніга знакамітых воінаў". Камплектны альбом ацэньваецца ў 7–8 тысяч еўра; асобны, не вельмі запатрабаваны на сёння аркуш можа каштаваць 100–150 еўра, але за некаторыя калекцыянеры плоцяць у разы болей. Сярод прадстаўленых постацей вылучаюцца кароль Стафан Баторый і князі Радзівілы: стрыечныя браты Мікалай Руды і Мікалай Чорны і сын апошняга непараўнальны Мікалай Крыштоф Сіротка. Вядома, што ў амбразскай калекцыі былі таксама даспехі Крыштофа Перуна, але яго партрэт па нейкай прычыне не быў уключаны ў альбом.
|