Merian, Theatrum Europaeum 1633–1738
Выдавец і гравёр Матэўс Мерыян (Matthäus Merian, 1593–1650) ствараў "Theatrum Europaeum" як працяг хронікі Ёгана Людвіга Готфрыда "Historische Chronica". Выданне было камерцыйна паспяховым, з 1633 па 1738 год быў апублікаваны 21 том, некаторыя тамы неаднойчы перавыдаваліся. Напрыклад, найбольш цікавы нам шосты том выходзіў тройчы: у 1652, 1663 і яшчэ раз пазней. Пасля смерці Матэўса Мерыяна справу працягвалі яго нашчадкі. Выданне ўтрымлівае каля 720 гравюр, у асноўным гэта партрэты прадстаўнікоў еўрапейскага палітычнага бамонду, але сустракаюцца выявы баталій і адметных з'яў, карты, планы і панарамы гарадоў (Каменец-Падольскі, Рыга, Нарва, Масква, Прага і інш.). Некаторыя гравюры сустракаюцца двойчы альбо нават тройчы ў розных тамах. Сярод карт ёсць карта Вялікага Княства Літоўскага, як бачым, гэта зменшаная копія карты Яна Блаў 1648 года. У раздзеле Баталія прысутнічаюць дзве прыгожыя гравюры з Theatrum Europaeum: Абоз Януша Радзівіла пад Рэчыцай і Бітва пад Лоевам. Таксама адзначым, што у перавыданнях сустракаюцца адрозныя партрэты адных і тых жа асоб; па два розныя партрэты былі выразаны для Яна ІІ Казіміра Вазы, Міхала Вішнявецкага, Януша Радзівіла, для Уладзіслава IV Вазы – тры. Аднолькавыя выявы з розных тамоў, альбо з наступных перавыданняў, адрозніваюцца дэкаратыўнымі элементамі і кампаноўкай тэксту. Звычайна кошт падобнага аркуша не перавышае 100 еўра. Неверагоднаму лёсу Крыштофа Арцішэўскага, партрэт якога таксама прысутнічае ў "Theatrum Europaeum", прысвечаны асобны артыкул.
|