Язэп Драздовіч (1888–1954). Нябесныя бегі
Язэп Драздовіч – беларускі мастак, а таксама скульптар, паэт, пісьменнік, фалькларыст і педагог. Нарадзіўся ў засценку Пунькі (цяпер в. Пунькі ў Глыбоцкім раёне). Скончыў Віленскую школу малявання (1908) і фельчарскія курсы. Галоўным жыццёвым заняткам Язэпа Драздовіча было мастацтва: ён працаваў у графіцы, жывапісе, скульптуры, выкладаў маляванне ў школах і гімназіях, арганізоўваў выставы, афармляў кнігі і выступаў як дэкаратар памяшканняў і імпрэз. Значны ўнёсак мастак зрабіў у этнаграфію, сабраўшы вялікую колькасць запісаў фальклору і замалёвак людзей, мясцін і збудаванняў. Прага да пазнання ў цэлым і да разважанняў аб космасе бярэ пачатак з сям’і мастака, жаданне пазнаць светабудову было ад маленства. І калі ў 1930-м годзе мастак перабіраецца ў Вільню, найперш ён вывучае матэрыялы па астраноміі ў Віленскай публічнай бібліятэцы і выдае кнігу ўласных разваг пра космас “Нябесныя бегі”, аздобленую аўтарскімі лінарытамі. Да канца 1930-х мастак створыць цэлую серыю малюнкаў і карцін, прысвечаных жыццю на Месяцы, Марсе і Сатурне, а таксама корпус тэкставых матэрыялаў (дзённік “Жыццё на Месяцы”, манаграфія “Тэорыя рухаў у касмалагічным значэнні”). Напрыканцы жыцця Язэп Драздовіч вярнуўся да тэорыі светабудовы, былі напісаны манаграфіі і чарнавікі для манаграфій па тэме, аднак мастак за час вайны і безграшовых блуканняў па Беларусі безнадзейна спазніўся ў сваіх высновах. Кніга “Нябесныя бегі” сёння – ўнікальны графічны аб’ект, у якім творчы складнік мае і тэкст, і ілюстрацыі. Спампаваць "Нябесныя бегі" у фармаце .pdf >> Нябесныя бегі (выбраныя лінарыты)
|