Еўрапейская Сарматыя на сярэднявечных картах
Да раздзелу належыць друкаваны картаграфічны матэрыял апошняй чвэрці 15 − 16 cтагоддзя, створаны паводле "Геаграфіі" Клаўдзія Пталемея. Ужо ў другой палове 16 стагоддзя пталемееўскія карты відавочна адрозніваліся ад больш дакладных новаствораных карт і паступова сталіся кшталту гістарычнага дадатку. З 17 стагоддзя з'яўляецца новая група рэтраспектыўных карт старажытнага свету, пабудаваных у дакладных геаграфічных контурах. Тапаніміка, племянныя назовы пазычаліся з гістарычных крыніц, часам вельмі сумніўных. Мы акцэнтуем увагу на Еўрапейскай Сарматыі (VIII табліца паводле Пталемея). Гэтая група карт звязана з міфічнай рэнесанснай канцэпцыяй паходжання шляхты Польшчы, Літвы, Русі і Украіны ад старадаўняга ваяўнічага народу − сарматаў. У 16−17 стагоддзях сарматызм з яго кодэксам паводзін, у якім гонар і Айчына былі асноўнымі каштоўнасцямі, значна паўплываў на палітыку, культуру і побытавыя з'явы.
|