Нікалас дэ Клерк, "Сцэна імператараў і каралёў"
У 1615 годзе свет пабачыла кніга "Сцэна імператараў і каралёў" (TOONEEL Der, Keyseren en Cinigen...) галандскага гравёра і выдаўца Нікаласа дэ Клерка (Nicolaes de Clerck), ілюстраваная партрэтамі тагачасных манархаў. Некаторыя з медзярытаў падпісаныя Н. дэ Клеркам (N. de Clerck), але не ўсе. Асабістых звестак пра выдаўца амаль не захавалася; вядома, што ён працаваў у Дэлфце з 1599 па 1621. Па сабе дэ Клерк пакінуў вялікую серыю партрэтаў, гравіраваліся яны пераважна з твораў іншых мастакоў. Дыяпазон коштаў на графічныя аркушы з гэтага выдання досыць шырокі: 50–250 еўра за аркуш. У 1617 годзе дэ Клеркам была выдадзена другая ілюстраваная кніга "Сцэна знакамітых князёў" (TOONEEL Der Beroemder Hertogen Princen...). У адзін шэраг з самымі ўплывовымі палітычнымі дзеячамі аўтар паставіў Хрыстафора Калумба і Амерыга Веспучы, а з дзеячоў Рэчы Паспалітай прысутнічае канцлер польскага каралеўства Ян Замойскі (1542–1605). Каля васьмідзесяці партрэтаў ілюструюць кнігу "Сусветнае Люстра" (Wereld Spiegel, waer in vertoontword de Beschryvinge der Rijken Staten, ende vorstendommen des gantsen Aerdbodems...) 1621 года выдання. Кніга выйшла ў выдавецтве Яна Эверца Клопенбурга (Jean Evertsz Cloppenburg, 17 ст.) у Амстэрдаме. Што тычыцца партрэтаў, большасць з іх надрукавана з тых жа плыт, што і выданне Нікаласа дэ Клерка, але некаторыя былі выразаны наноў іншым гравёрам, прычым наноў створаныя партрэты горшай якасці і адлюстраваны ад арыгіналаў. Таксама "Сусветнае Люстра" праілюстравана картамі (у выданнях дэ Клерка іх не было). Аўтарам карт з'яўляецца Ёдакус Гондзі (Jodocus Hondius). Акрамя іншых прысутнічаюць карты "Polonia" і "Russia".
|