Падобныя матэрыялы
Марка Беневентана 1507 год. TABVLA MODERNA POLONIE
TABVLA MODERNA POLONIE VNGRIE BOEMIE GERMANIE RVSSIE LITHVANIE
Тэхніка: медзярыт
Картограф: Мікалай Кузанскі, Бернард Вапоўскі
Выдавец: Марка Беневентана
Год выдання: 1507, Рым
Памер карты: 51 х 38 см
Карта падрыхтавана Марка Беневентана (Beneventano Marco) для рымскага выдання "Геаграфіі" Пталемея (1507, 1508 гады). У выданні 1507 года было 27 класічных і 6 новых карт. Асноўнай крыніцай для карты сталася этапная карта нямецкага мысляра і тэолага Мікалая Кузанскага (Nicolaus Cusanus, 1401–1464), якая абапіралася на новыя веды, а не на "Геаграфію" Пталемея. Як ужо згадвалася ў папярэднім артыкуле, арыгінал карты Кузанскага не захаваўся. Вядома, што з друкаваных карт найбольш набліжанымі да карты Кузанскага з'яўляецца Айхштэцкая карта 1491 года і карта Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, выдадзеная Гартманам Шэдэлем у 1493 годзе (спрошчаная, у верхнем правым куце RVSSIA).
Даследчыкі высветлілі, што ў стварэнні прыведзенай карты былі выкарыстаны напрацоўкі польскага картографа Бернарда Вапоўскага (Bernard Wapowski, каля 1450–1535), які ў 1505 годзе знаходзіўся ў Рыме. Удзел Вапоўскага ў падрыхтоўцы карты пашырыў веды заходніх картографаў аб усходзе Літвы. Да выхаду яго ўласнае карты ў 1526 годзе рымскае выданне служыла асноўнай крыніцай для вывучэння і кампіляцый наступнымі картографамі.
На карце ўсходнія ад Дняпра землі аднесены да RVSSIA ALBA SIVE MOSCOVIA (Русь Белая альбо Масковія). Гэты надпіс мае не геаграфічны сэнс, а хутчэй тлумачыць пераважаючую канфесійную прыналежнасць гэтай тэрыторыі – "грэчаскае праваслаўе"*. Пры параўнанні Айхштэцкай карты і карты Шэдэля з дрэварытам Марка Беневентана бачым, што дадаліся наступныя месцы: Барысаў (BORISOVO), Гродна (GRODNO), Крэва (KRZYEWO), Ліда (LYDA), Меднікі (MYEDNYKY) і Полацак (POLOCZKO).
< Папярэдні | Наступны > |
---|