Себасцьян Мюнстар 1540 год. LANDTAFEL des Ungerlands...
image from www.vkraina.com
LANDTAFEL des Ungerlands / Polands / Reussen / Littaw / Walachei / Balgarei.
Тэхніка: дрэварыт
Выдавец: Себасцьян Мюнстар
Гравёр: Hans Holbein
Год выдання: 1540 (з 1568 новая рэдакцыя), Базель
Памер карты: 34.5 х 25.7 см
Упершыню гэтая карта пад назвай "POLONIA ET VNGRIA. XV. NOVA TABVLA" выйшла ў "Геаграфіі" Пталемея ў рэдакцыі Себасцьяна Мюнстара ў 1540 годзе. Перавыдавалася ў 1542, 1545, 1551, 1552 гадах. Карты з гэтага выдання выкарыстоўваліся ў яго ж "Касмаграфіі" ("Апісанне свету"), што выходзіла з 1544 па 1650 год і вытрымала 46 перавыданняў на шасці мовах.
Аглядаецца карта 1550 года з нямецкамоўнага выдання "Касмаграфіі" пад назвай "LANDTAFEL..." над рамкай.
Крыніцай для стварэння карты сталася часткова захаваная да сёння карта Паўднёвай Сарматыі Бернарда Вапоўскага 1526 года. Каля 1568 года дошкі для гэтай карты былі перапрацаваны. У абедзвюх рэдакцыях карты прысутнічае назва RVSSIA ALBA, прычым у непасрэднай блізкасці да назвы MOSCOVIA. Гэта з'ява распаўсюджваецца ў 17 – першай палове 18 стагоддзя. Існуе некалькі заўважных карт Маскоўскай дзяржавы з назвай у картушы Русь Белая альбо Масковія (RVSSIE BLANCHE ou MOSCOVIE, Sanson 1667 год; RUSSIE BLANCHE ou MOSCOVIE, Bossuet 1722 год і інш.). Так склалася з-за прэтэнзій маскоўскіх князёў на Рускія землі і паслядоўнага іх заваявання. Звернем увагу на некаторую часавую затрымку ў адлюстраванні значных геапалітычных зрухаў на картах, напрыклад, для 17-18 стагоддзяў яе можна ацаніць у два-тры дзесяцігоддзі.
Адным з наймагутнейшых цэнтраў рускай культуры была Наўгародская рэспубліка, якая часта атаясамлівалася з Руссю Белай. Мы гэта бачым на некаторых картах 15 – пачатку 16 стагоддзя. У 1478 годзе Вялікі Ноўгарад быў заваяваны Масквою, наўгародскае баярства было жорстка ліквідавана. Фактычна, з гэтай заваёвы маскоўскага князя Івана ІІІ пачалося стварэнне Расійскай дзяржавы. У знешняй палітыцы тэрмін Белая Русь меў важнае значэнне фактычна да перайменавання расійскага царства ў імперыю ў 1721 годзе, па заканчэнні Паўночнай вайны. Толькі ў другой палове 18 стагоддзя з карт знікне назоў Русь Белая ў дачыненні да заходняй Расіі і ўсё часцей яго можна будзе пабачыць на "тутэйшых" паўночна-ўсходніх землях сучаснай Беларусі.
< Папярэдні | Наступны > |
---|