Беларусь на Эбсторфскай карце ХІІІ ст.


Беларусь на Эбсторфскай карце ХІІІ ст.

Да сярэдзіны XV ст. нават найлепшыя еўрапейскія карты давалі вельмі прыблізную карціну свету. Гэта былі хутчэй умоўныя «дыяграмы свету», чым сапраўдныя карты. Cярэднявечны чалавек адчуваў прастору спецыфічна: ён не бачыў розніцы паміж аб’ектамі рэальнымі і фантастычнымі. Свядомасць сярэднявечнага чалавека лёгка фабрыкавала як бясконцыя «святыя» рэліквіі, так і рознага кшталту монстраў, прывідаў, міфічных жывёл і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны. Як заўважыў вядомы французскі медыявіст Ж. Лё Гоф, «людзі Сярэднявечча ўваходзілі ў кантакт з фізічнай рэальнасцю праз пасярэдніцтва містычных і псеўданавуковых абстракцый»1. Аднак наўрад ці справядліва будзе так казаць толькі пра чалавека Сярэднявечча. «Чалавек не ў стане зразумець нічога без дапамогі вобразаў (phantasmata); вобраз ёсць падабенства цялеснай рэчы; інтэлект стасуецца з усеагульным, якое здабываецца з адзінкавых рэчаў», – гэтае выказванне Тамаша Аквінскага трэба прызнаць універсальным. Яно пра свядомасць чалавека ўвогуле, незалежна ад таго, да якіх эпохі і культуры ён належыць.

Пачаткі геаграфічных ведаў для сярэднявечных вучоных-схаластаў былі толькі элементам хрысціянскага касмалагічнага міфа, дапаўненнем, і не самым важным, да містычна-рэлігійнай карціны сусвету. Геаграфія, як і кожная іншая навуковая дысцыпліна, лічылася служкаю тэалогіі. Заснаваная не столькі на досведзе, колькі на літаральна-наіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, схаластычная карціна свету карэнным чынам адрознівалася ад сучаснай. Ці не найбольшы ўплыў на фармаванне сістэмы геаграфічных уяўленняў Сярэднявечча – «хрысціянскай тапаграфіі» – зрабіў твор хрысціянскага вучонага-энцыклапедыста Ісідора Севільскага (560/70 – 636) «Этымалогіі». Менавіта Ісідор каля 600 г. увёў у еўрапейскую навуковую традыцыю характэрныя для Сярэднявечча карты айкумены (вядомага тагачасным еўрапейцам свету) – гэтак званыя mappae mundi, або карты тыпу «О–Т»2.

O-T map

Гэтыя карты, зарыентаваныя, у адрозненне ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавядання аб рассяленні сыноў Ноя пасля патопу (Кніга Роду, 10). Яны мелі выгляд круга, у які ўпісвалася літара «Т», утвараючы манаграму «О–Т», што расшыфроўвалася як Orbіs Terrarum (круг зямны). Зверху змяшчалася выява Хрыста, сімвалізуючы Ягоную ўладу над светам. Верхні сектар круга адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні – Еўропе (нашчадкі Яфета); правы ніжні – Афрыцы (нашчадкі Хама). Вертыкальнай рысай літары «Т» служыла Міжземнае мора, гарызантальнай – Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае моры і Ніл (або Чырвонае мора). У цэнтры такіх карт змяшчалі Ерусалім – месца Хрыстовых пакут і Гроба Панскага, даслоўна ўспрымаючы старазапаветнага прарока Езэкііля: «Так кажа Пан Бог: гэта – Іерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго – землі» (Ез., 5, 5). «Падгонка» рэальнай геаграфіі пад такую карціну свету вымагала значнага скажэння контураў і памераў мацерыкоў і асобных краін, але гэта не ўспрымалася як фальсіфікацыя. Сярэднявечная свядомасць лёгка засяляла зямную прастору рознымі цудамі і пачварамі, якія мелі невялікае дачыненне да Бібліі – драконамі, грыфонамі, амазонкамі, людзьмі без галоў, але з тварам на грудзях, людзьмі з адной гіганцкай нагой, якой яны ў спёку нібыта карысталіся як парасонам, і г.д. Аднак падаваць сярэднявечных схаластаў суцэльнымі невукамі і цемрашаламі было б зусім недарэчна – яны жылі і мыслілі ў сістэме каардынат сваёй эпохі. У той жа час, насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, большасці схаластаў, у тым ліку і складальнікам разгляданай тут карты, была вядомая распаўсюджаная ў антычных аўтараў тэорыя аб сферычнай форме Зямлі. Невядомы аўтар геаграфічнага трактата XIІІ ст. «Пачатак апісання зямель», першага геаграфічнага твора, у якім згадвалася назва Белая Русь, апісаў становішча і ўзаемную арыентацыю розных абласцей і краін Усходняй Еўропы з усёй магчымай дакладнасцю, амаль цалкам апусціўшы традыцыйныя для той эпохі фантастычныя дэталі.

Схаластычная картаграфічная традыцыя трывала да XIV ст., калі з развіццём мараплавання і назапашваннем геаграфічных ведаў сярэднявечныя карты пачалі выцясняцца парталанамі (італ. portolano, «лоцыя») – значна больш дакладнымі картамі, заснаваных на выкарыстанні компаса і астралябіі і пабудове берагавой лініі праз рэальныя вымярэнні і вылічэнні. У сярэдзіне XV ст. вынайшлі тэхналогію гравіравання на металічных і драўляных дошках, якая дазваляла атрымліваць колькі заўгодна адбіткаў, тэхналогія была дастасавана таксама і да вытворчасці карт. Няўхільна пашыраліся межы адлюстраванага на картах свету. Зямная прастора дэсакралізавалася і набывала ўсё больш рэальныя рысы. Круглыя mappae mundi, будаваныя паводле ранейшай схемы «О–Т», ствараліся яшчэ ў сярэдзіне XV ст., але непазбежна рабіліся ўсё большым анахранізмам. Росквіт іх прыпаў на ХІІІ стагодздзе, «самае сярэднявечнае» ці, прынамсі, «самае схаластычнае» ў Сярэднявеччы.

Найбольш славутымі mappae mundi, сапраўднымі шэдэўрамі не толькі картаграфіі, але і мастацтва сваёй эпохі з’яўляюцца Херэфордская, створаная паміж 1260 і 1300 гг. абатам Рычардам Хелдынгемам (яна дагэтуль знаходзіцца ў алтары кафедральнага сабора г. Херэфорда ў Англіі, прывабліваючы тысячы турыстаў), і страчаная ў арыгінале Эбсторфская карта. Яны вельмі падобныя сваёй «ідэалогіяй», абставінамі ўзнікнення і ўзроўнем інфармаванасці пра Стары Свет, але канкрэтныя звесткі пра геаграфію сучаснай Беларусі ёсць толькі на Эбсторфскай карце.

Hereford Mappa Mundi

Эбсторфская карта (Monialium Ebstorfensium Mappamundi) створана, як мяркуюць, каля 1284 г. (паводле іншых звестак, у 1230-х гг.). Гэта была амаль ідэальна круглая (3,58 х 3,56 м) каляровая карта ўсяго вядомага на той момант свету на 30 сшытых пергаментных аркушах агульнай плошчай амаль 13 м2. Яе аўтарства прыпісваюць то англійскаму схаласту Гервазію з Тыльберы († 1235), то Гервазію фон Тыльбурну – высокаадукаванаму для свайго часу нямецкаму рыцару, які шмат падарожнічаў па розных краінах, а ў канцы жыцця прыняў манаства і атрымаў у кіраванне бенедыктынскі кляштар у ніжнесаксонскім г. Эбсторфе (на поўдзень ад Гамбурга), пасярод славутай сваімі змрочнымі гатычнымі легендамі Люнебурскай пусткі, дзе з дапамогай манахаў нібыта і пачаў ствараць карту. Як і Херэфордская mappa mundi, Эбсторфская доўгі час знаходзілася ў алтары кляштарнай царквы. Нездарма карты такога тыпу называюць яшчэ «картамі-абразамі», бо для іх стваральнікаў і першых гледачоў сакральныя функцыі былі важнейшыя за інфармацыйныя. Але пасля ператварэння кляштара ў жаночы (1515 г.) і з пачаткам Рэфармацыі карта была закінутая. Яе знайшлі і ўвялі ў навуковы ўжытак толькі ў 1830-х гг. Пасля рэстаўрацыі яна захоўвалася ў Дзяржаўным архіве Гановера. У 1890 г. з яе зрабілі паменшаную каляровую копію памерам 1,18 х 1,06 м, а ў 1891 г. – аднаколерную копію ў памеры арыгінала. Чатыры расфарбаваныя ад рукі копіі карты знаходзяцца цяпер у розных еўрапейскіх гарадах, у тым ліку ў Эбсторфе, але сама гэтая каштоўная рэліквія загінула ў 1943 г. пад бомбамі саюзнай авіацыі. Тым не менш, яе копія ў сучасным Эбсторфскім кляштары застаецца адной з найбольшых турыстычных славутасцей Люнебургскай пусткі, а самую карту літаральна «расцягалі» на сувеніры – маркі, паштоўкі і г. д., якія паказваюць адпаведныя мясціны розных краін, але пакуль, на жаль, не Беларусі.

Ebstorfer World Map

Пасля карты славутага арабскага географа Ідрысі (1154 г.), Эбсторфская mappa mundi – наступная з вядомых еўрапейскіх картаў, на якой, хоць і са значнымі скажэннямі, адлюстраваная не нейкая абсалютна фантастычная краіна, а рэальная тэрыторыя, якая цяпер уваходзіць у склад Беларусі. З прыкладна 60 рэк айкумены, пазначаных на карце, паказаныя Нёман (Memela) і Дзвіна (Duna); над апошняй размешчаныя Смаленск (Smalentike) і Полацк (Plosceke civitas), прычым другі далей ад вусця Дзвіны, чым першы. Важны гандлёвы шлях па Дзвіне і Дняпру ўспрымаўся з Германіі як суцэльны, таму Смаленск на Эбсторфскай карце размешчаны над Дзвіной. А бліжэй за Полацк, магчыма, таму, што на працягу ХІІІ ст. Полацк часта бываў падначалены Смаленску, які вёў рэй у разнастайных сувязях паміж старажытнымі крывіцкімі гарадамі – Полацкам, Віцебскам, Смаленскам – і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готланда. Магчыма, таму важнейшы, з гледзішча аўтараў карты ды іхніх інфарматараў, Смаленск успрымаўся як бліжэйшы да вусця Дзвіны, а значыць, і да Германіі. Сярод іншых гарадоў Усходняй Еўропы паказаныя Кіеў і Ноўгарад. Усяго на Эбсторфскай карце пазначана 534 гарады Еўропы, Азіі і Афрыкі.

Ebstorf map, Polotsk, Smolensk, Kiev, Novgorod

Што мусілі ўяўляць сабе аўтары Эбсторфскай карты, адлюстроўваючы на ёй Полацк? Калыска беларускай дзяржаўнасці, сталіца магутнага княства, якое кансалідавала супраціў нямецкаму «засваенню» Інфлянтаў, Полацк успрымаўся тагачаснымі немцамі як надзвычай важны пункт. Стратэгічная ініцыятыва на абшары сучаснай Беларусі ў той час ужо пераходзіла да Вялікага Княства Літоўскага, але гэтага яшчэ не асэнсавалі складальнікі Эбсторфскай карты: з геаграфічных аб’ектаў, якія можна было б аднесці да тагачаснай Літвы, на карце пазначаны толькі Нёман, які «прадстаўляе» хутчэй Прусію, чым Літву.

Калі звязваць карту з Гервазіем фон Тыльбурнам і датаваць пазней, дык яна стваралася прыкладна падчас княжання полацкага князя Канстанціна († пасля 1292), які ў 1264 г., як вядома з булы Папы Урбана ІV, падараваў Інфлянцкаму ордэну нейкія землі свайго княства. Некаторыя гісторыкі нават трактуюць гэты дакумент такім чынам, што Канстанцін аддаў Полацкае княства пад уладу Ордэна ці рыжкага арцыбіскупа, і нібыта Віцень вярнуў княства толькі ў 1307 г.3,4 Але калі б Полацк сапраўды 40 з нечым гадоў знаходзіўся пад уладай крыжакоў, гэта непазбежна знайшло б адлюстраванне ў нямецкіх крыніцах, якія, аднак, маўчаць. Прынята лічыць, што Канстанцін падараваў Ордэну толькі некаторыя землі сучаснай усходняй Латгаліі. Нават такі падарунак мог быць, гіпатэтычна, звязаны і са стратай Канстанцінам рэальнай улады ў Полацку, бо ў 1264 г. у якасці вярхоўнага правіцеля Полацка згадваецца Гердзень5. Магчыма, ужо каля 1267–1268 гг. Канстанцін (пасля Гердзеня або Ізяслава) ізноў заняў полацкі пасад6  (увогуле гэты перыяд полацкай гісторыі дзеля браку надзейных крыніц вывучаны вельмі слаба; магчыма, што не было і выдалення Канстанціна з Полацка, а Гердзень быу старэйшым князем, не адхіляючы Канстанціна ад пасада). Няма ніякіх падстаў казаць пра рэальную належнасць Полацка Ордэну, але цалкам верагодна, што празмерна шырока трактаваны «Канстанцінаў падарунак» і некаторыя іншыя акалічнасці маглі даць немцам падставу лічыць сябе яго «законнымі ўладарамі», або, хутчэй, пераконваць у гэтым іншых.

Сярэднявечным людзям (ды хіба толькі ім?) было ўласціва выдаваць пажаданае за сапраўднае. Так, у 1248 г. папа Інакентый ІV пераконваў Аляксандра Неўскага, спасылаючыся на прыклад ягонага бацькі Яраслава, змяніць веравызнанне і дазволіць будаўніцтва катэдральнага касцёлу ў Пскове. Некаторыя гісторыкі, памылкова прыпісваючы Аляксандру схільнасць да такіх крокаў, у сувязі з гэтым гавораць нават пра г.зв. «Суздальскую ўнію»7. Наўрад ці можна пагадзіцца з фактам існавання такой уніі, але ў тагачасным Рыме перспектывы яе заключэння мусілі ацэньваць досыць аптымістычна. Таму цалкам магчыма, што для невядомага нямецкага мастака ХІІІ ст., які маляваў на Эбсторфскай карце Полацк, гэты горад быў часткай «агульнагерманскай культурнай прасторы».

Plosceke civitas, паказаны на карце як мураваная зубчастая вежа, – магчыма, першая, няхай і ўмоўная, выява Полацка ў заходнееўрапейскай іканаграфіі, і ў гэтай якасці яна заслугоўвае асаблівай увагі. Хаця, безумоўна, трэба памятаць пра тое, што гэтая «піктаграма» на карце – праекцыя Полацка, уяўленага немцамі, а не ягонымі ўласнымі жыхарамі. Побач змешчаныя вялікія8 выявы лася і зубра, якія мусілі сімвалізаваць жывёльны свет нашай часткі Еўропы. Здаўна зубр успрымаўся на захадзе кантынента своеасаблівым сімвалам нашых краёў – Літвы і Русі.

Чарговы раз высвятляецца, што параўнальная беднасць айчыннай гістарычнай іканаграфіі на аўтэнтычныя ілюстрацыі сярэднявечнага перыяду можа быць часткова пераадоленая. Нам ужо даводзілася адзначаць, што адсутнасць зладжанай сістэмы ўласна беларускіх графічных вобразаў, асучасненых беларускіх phantasmata9 — адна з прыкметаў неразвітасці не толькі нашай гістарычнай навукі, але і нацыянальнай свядомасці ўвогуле. Неразвітасці, якую сёння можна тлумачыць ужо толькі суб’ектыўнымі прычынамі.

 

1. Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992. С. 130.
2. Дитмар А.Б. От Птолемея до Колумба. М., 1989. С. 56–58.
3. Сэларт А. Полацкі князь Канстанцін і гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці XIII ст. // Беларускі гістарычны агляд. 2004. Т. 11. Сш. 1–2. С.15.
4. Гл., напрыклад: Штыхов Г.В. Древний Полоцк. Мн., 1975. С. 14 і наступ.; Клюг Э. Княжество Тверское (1247–1485) / Пер. с нем. Тверь, 1994. С. 35–36.
5. Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв. Вып. 1. М., 1977. С. 35–36.
6. Кучкин В.А. Особая редакция “Наказания” Семеона Тверского // Изучение русского языка и источниковедение. М., 1969. С. 243–251.
7. Рамм Б.Я. Папство и Русь в X–XV вв. М.-Л., 1959. С. 165–166.
8. Каля 10 см у натуральную велічыню – пар. з выявамі Полацка і Смаленска (каля 3 см).
9. Phantasmata - з лац. ўяўленне.