Рукапісная карта Літвы і Польшчы 1600 года з калекцыі ARSI
BY | RU
Рымскі архіў езуітаў (Archivum Romanum Societatis Jesu – ARSI) – гэта цэнтральны архіў Таварыства Іісуса, размешчаны ў Рыме ў Галоўнай курыі Ордэна (Рым, Borgo S. Spirito, 4).
Галоўныя мэты архіва – захаваць, прывесці ў парадак і зрабіць дасяжнымі для даследавання дакументы, звязаныя з Таварыствам Іісуса і яго дзейнасцю ад XVI стагоддзя (ад пачатку яго гісторыі) да нашых дзён. Фонды ARSI умоўна маюць чатыры раздзелы. Дакументаў так шмат, што іх колькасць вымяраюць метрамі паліц: усяго 1643 метры.
1. Дакументы так званага «старога» Таварыства (1540–1773) – 291 м.
2. Дакументы так званага «новага» Таварыства (пасля 1814) – 814 м.
3. Архіў генеральнага пракурора езуітаў (так званы Фонд Джэзуціка – FG) – 190 м.
4. Іншыя дакументы, якія наўпрост гісторыі Ордэна не тычацца – 348 м.
Архіў стаў фарміравацца амаль ад першых дзён утварэння Ордэна. Да канца XVIII стагоддзя з правінцый у Рым высылалі вялікую колькасць дакументаў: гадавыя і трохгадовыя каталогі, а таксама афіцыйныя ліставанні, пастановы судоў, друкаваныя творы аўтараў-езуітаў.
У 1773 годзе Ордэн быў распушчаны – і архіў спыніў сваё існаванне. Частка дакументаў была знішчана, частка – перададзена ў дзяржаўныя і прыватныя калекцыі. Толькі ў міжваенны час, калі італьянскі ўрад вярнуў дакументы з Фонда Джэзуціка, архіў быў адноўлены.
Інфармацыя пра Літоўскую правінцыю Ордэна Іісуса, якая ўключала практычна ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, Літвы, Латвіі і часткі Польшчы, захавалася даволі поўна. У 2003 годзе ў Кракаве быў выдадзены інвентар «Polonica w Archiwum Rzymskim Towarzystwa Jezusowego. Tom 2. Lituania», у якім пералічаны дакументы з фонда Літоўскай правінцыі. Сёння цікавасці да калекцыі ARSI маюць найперш польскія і латвійскія даследчыкі.
На матэрыялах гэтага архіва польскі даследчык Станіслаў Заленскі выдаў акадэмічную працу «Езуіты ў Польшчы» ў пяці тамах (Львоў–Кракаў, 1900–1906), у якой ахапіў усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У 1940–1941 гадах былі апублікаваны тэксты крыніц па гісторыі Латвіі (Kleijntjenns, J. Latvijas vēstures avoti jezuitu ordeņa archivos. Т.1–2. Riga, 1940–1941).
Беларускім даследчыкам належыць таксама прааналізаваць і апрацаваць фонды ARSI цалкам.
Не ўсе дакументы, што тычацца гісторыі Беларусі, трапілі ў фонд Літоўскай правінцыі. Важныя звесткі можна знайсці таксама ў Фондзе Джэзуціка. Менавіта ў ім захоўваецца вялікая колькасць дакументаў з былых архіваў генеральнага пракурора (скарбніка). У прыватнасці, там было знойдзена ліставанне, датычнае раздзялення Літоўскай і Польскай правінцыі, датаванае 1600 і 1603–1608 гадамі. Гэтая дыскусія скончылася вылучэннем Літоўскай правінцыі з Польскай правінцыі езуітаў у 1608 годзе. На той час у яе склад уваходзілі дом прафесаў і навіцыят у Вільні, 7 калегіумаў і рэзідэнцый, 3 місіі і 284 члены Таварыства.
Да ліставання была далучана рукапісная карта Літоўскай правінцыі. Гэта асобны аркуш памерам 470 мм x 285 мм, прыблізны маштаб 1:380 000. На карце адзначаны паселішчы, у якіх былі калегіумы езуітаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве: Derpatum, Polocia, Riga, Vilna, Nesvisia, Lublinum, Jaroslavia, Leopolis, Cracovia, Varsavia, Pultovia, Brunsberga, Torunium, Calissia, Posnania.
Карта не датаваная, але зыходзячы з таго, што на ёй выяўлены калегіумы ў Гданску і Торуні, заснаваныя ў 1592 і 1593 гадах, але адсутнічаюць калегіумы ў Сандаміры (1605), Луцку (1606) і Кражаях (1607), мы можам датаваць яе прамежкам 1593–1605 гадоў. Адпаведна, яна была створана ў час самой дыскусіі і, магчыма, менавіта для яе патрэб.
На карце пазначаны таксама адлегласці паміж гарадамі, на поўдні змешчана маштабная шкала. На шкале няма пазнакі, для якіх міляў яна створана, але пад надпісам «Поўнач» (Septentia) ёсць неахайная рэмарка, у канцы якой чытаецца: «65 нямецкіх міль». Такім чынам, можна дапусціць, што адлегласці на карце нанесены ў нямецкіх мілях. Усе астатнія надпісы даволі добра чытаюцца. Карта мае пашкоджанні па краях. На ўсходзе карты пад надпісам Oriens ёсць рэшткі адарванага тэксту. Відаць, адарваны і паўднёвы фрагмент карты, бо адсутнічае надпіс «Поўдзень». Паварот карты адносна праекцыі «поўнач–поўдзень» складае 35 градусаў.
Каб ацаніць дакладнасць карты, мы прааналізавалі яе з дапамогай праграмы MapAnalyst. Высветлілася, што сярэдняя пагрэшнасць размяшчэння паселішчаў складае 22,5 км. Нягледзячы на схематычны выгляд карты, скажэнне сеткі каардынат невысокае, з чаго можна зрабіць высновы, што карта перамалёўвалася па нейкай іншай дакладнай друкаванай або рукапіснай карце.
< Папярэдні | Наступны > |
---|