Грунвальдская бітва 1410 год
Маргіналія: Bitwa znamienita
Тэхніка: дрэварыт
Аўтар: Marcin Bielski, Joachim Bielski
Выдавец: Jakub Sibeneycher
Год выдання: 1597, Кракаў
Дрэварыт паходзіць з кнігі "Kronika polska Marcina Bielskiego. Nowo przez Joach[ima] Bielskiego syna iego wydana". Аўтарамі лічацца польскі хранолаг Марцін Бельскі (Marcin Bielski, 1495–1575) і яго сын Яўхім Бельскі (Joachim Bielski, каля 1540–1599). Даследчыкі досыць стрымана ацэньваюць гэтую кампілятыўную працу. Несумніўнай каштоўнасцю прызнаецца тое, што Яўхім Бельскі абраў польскую мову для выдання кнігі, што адпавядала тагачаснай пратэстанцкай традыцыі. Пазней "Хроніка" перавыдавалася яшчэ некалькі разоў: у 1764, 1829, 1833 ды 1856 гадах. Такі самы дрэварыт выкарыстаны ў польскамоўным выданні "Хронікі Еўрапейскай Сарматыі" ("Kronika Sarmacyey Europskiej") Аляксандра Гваньіні, што выходзіла ў Кракаве з 1611 года.
Дрэварыт прысвечаны сапраўды знакамітай, як пазначана на маргіналіі каля гравюры, Грунвальдскай бітве, што адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж злучанымі польска-літоўскім і тэўтонскім войскамі. Перамога ў гэтай вырашальнай бітве Вялікай вайны 1409–1411 гадоў спыніла нямецкую экспансію на ўсход, Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі. Як сама кніга, так і ілюстрацыі не надаюць належнай павагі ўнёску Вялікага Княства Літоўскага ў палітычную магутнасць Рэчы Паспалітай. На гравюры мы бачым толькі тэўтонскі і польскі гербы. Такая палітыка ўсебаковага паслаблення свайго ўсходняга сатэліта прывяла да шэрагу трагічных падзей для Польшчы ў 18–19 стагоддзях.
Наступны > |
---|