Аблога Берасця 1657 год
Vrbs et Castellum Brestzie Litewski a S.R.M. Suecix die. II.
Тэхніка: медзярыт
Мастак: E.J.Dahlbergh
Выдавец: S.Pufendorf
Год выдання: 1696, Нюрнберг
Памер выявы: 47.8 х 26.2 см
Памер аркуша: каля 50 х 35 см
Кошт: >400€
Вядомая выява Берасця з кнігі "De REBUS A CAROLO GUSTAVO SVECIÆ REGE GESTIS", падрыхтаванай да выдання нямецкім юрыстам і гісторыкам Самуэлем Пуфендорфам (1632–1694). Выданне змяшчае 115 медзярытаў. Асноўная частка гравюр адносіцца да падзей, што адбыліся на землях кароннай Польшчы. Тэкст кнігі пададзены храналагічна і ахоплівае гістарычны перыяд 1654–1660 гадоў. Малюнкі для гравюр выкананы групай мастакоў і картографаў пад кіраўніцтвам выбітнага шведскага вайсковага інжынера і мастака Эрыка Ёнсана Дальберга (1625–1703).
Кніга прысвечана Другой паўночнай войне 1655–1660 гадоў і шведскаму каралю Карлу Х Густаву (1622–1660). У Рэчы Паспалітай гэтая вайна больш вядома пад назовам Шведскі патоп, для Вялікага Княства Літоўскага гэтыя падзеі былі часткай Невядомай вайны 1654–1667 гадоў. Аблога горада адбылася ў 1657 годзе кааліцыяй шведскіх, трансільванскіх і ўкраінскіх казацкіх войскаў з удзелам радзівілаўскага палка. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон выкінуў белы сцяг.
Выяў іншых населеных пунктаў Беларусі ў сучасных межах, акрамя Берасця, у кнізе больш няма. І ўсё ж, мабыць, шэраг выяў могуць быць цікавыя калекцыянерам і карысныя даследчыкам, таму што літоўскія вайсковыя аддзелы прымалі ўдзел у шматлікіх баталіях той драматычнай вайны і ім прысвечаны асобныя аркушы.
< Папярэдні | Наступны > |
---|